Школьная медыяцыя з’явілася ў краіне 6 гадоў назад і вельмі хутка заваявала прыхільнасць не толькі навучэнцаў, але і бацькоў, настаўнікаў. Урэгуляванне і вырашэнне спрэчак мірным шляхам — вельмі важны крок для падтрымання бесканфліктнага асяроддзя ў навучальнай установе. Прыкметна, што стварэнне школьнай сеткі медыятараў дапамагае дзецям не толькі мірна вырашаць канфлікт, але і бачыць яго перадумову, а значыць, фарміруе ў навучэнцаў адэкватнае разуменне праблемы і тое, што яе можна “вылечыць” спакойна, без крыўды і абраз.
Пацвярджэннем таго, што школьнай медыяцыі неабходна развівацца і далей, а колькасць навучальных устаноў, якія падтрымліваюць гэты метад у рабоце з дзецьмі, пашыраць, стала правядзенне круглага стала па тэме “Комплекснае міждысцыплінарнае ўзаемадзеянне дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў у фарміраванні бесканфліктнага адукацыйнага асяроддзя і грамадства”.
На пачатку мерапрыемства міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка і намеснік Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу старшыня Беларускага саюза юрыстаў Валерый Вацлававіч Міцкевіч падпісалі пагадненне аб узаемадзеянні ў сферы развіцця школьнай медыяцыі. Асноўная мэта пагаднення — умацаванне і развіццё супрацоўніцтва ў сферы прафілактыкі злачынстваў і правапарушэнняў сярод непаўналетніх, стварэнне бесканфліктнага адукацыйнага асяроддзя.
Пасля падпісання пагаднення ўдзельнікі круглага стала абмеркавалі далейшыя магчымасці развіцця школьнай медыяцыі, падзяліліся сваім вопытам і прапановамі па ўдасканаленні сістэмы мірнага вырашэння канфліктаў.
Больш за ўсё запытаў ад устаноў адукацыі і бацькоў паступае па магчымасці правядзення медыяцыі па індывідуальных і групавых школьных канфліктах, у тым ліку з удзелам тых дзяцей, якія знаходзяцца ў канфлікце з законам.
“Цэнтр “Медыяцыя і права” на працягу 6 гадоў рэалізуе праект школьнай медыяцыі. У краіне сабраны ўнікальны нацыянальны вопыт па аказанні медыятыўнай дапамогі дзецям, іх бацькам і ўстановам адукацыі.
Мы адразу былі матываваны на стварэнне і развіццё ва ўстановах адукацыі школьных службаў медыяцыі, якія б маглі прымяняць медыяцыю і яе падыходы ў рэгуляванні школьных канфліктаў”, — паведаміў пасля падпісання пагаднення з Міністэрствам адукацыі В.В.Міцкевіч.
Перавагай школьнай медыяцыі з’яўляецца тое, што ў вырашэнні спрэчных сітуацый прымаюць удзел дзеці, юныя медыятары. Практыка паказвае, што часам навучэнцы могуць самі больш эфектыўна вырашыць канфлікт, чым калі ў сітуацыю ўмешваюцца дарослыя.
Прадстаўнік саюза юрыстаў адзначыў, што паступова праект школьнай медыяцыі паказаў неабходнасць супрацоўніцтва з камісіяй па справах непаўналетніх і з сацыяльна-педагагічнымі цэнтрамі і ў выніку прывёў да развіцця аднаўленчых практык у адносінах да непаўналетніх.
У кастрычніку мінулага года Саветам па пытаннях прававой судовай дзейнасці пры прэзідэнце была адобрана канцэпцыя ўдасканалення юстыцыі для непаўналетніх, якая разглядае развіццё аднаўленчага падыходу ў правапарушэннях непаўналетніх, у тым ліку на стадыі выканання пакарання.
“Школа выконвае важную ролю ў развіцці дзяцей, іх сацыялізацыі і рэалізацыі ў грамадстве. Канфлікты, якія не знаходзяць канструктыўнага вырашэння ў школе, уплываюць на будучае жыццё дзіцяці. Практычны вопыт паказвае: чым раней пачынаецца работа з канфліктам, тым менш траўматычныя яго наступствы для дзіцяці. Прафілактыку правапарушэнняў трэба пачынаць раней, не даводзячы канфлікт да прыняцця прававых мер крымінальнага ці адміністратыўнага характару. Безумоўна, асноўны прафілактычны эфект дае работа з канфліктам у школе”, — выказаў меркаванне В.В.Міцкевіч.
Бяспечнае асяроддзе ў школе
У тым, што Міністэрства адукацыі таксама падтрымлівае ідэі мірнага ўрэгулявання спрэчак ва ўстановах адукацыі, а медыяцыя з’яўляецца адным з самых эфектыўных метадаў канструктыўнага вырашэння канфліктаў, запэўніў міністр адукацыі.
І.В.Карпенка лічыць, што ўдасканаленне нацыянальнай сістэмы адукацыі патрабуе новых падыходаў не толькі ў выкладанні пэўных дысцыплін, але і ва ўдасканаленні працэсу ўзаемадзеяння паміж педагогамі, навучэнцамі і бацькамі. “Сёння, калі стандарты навучання ў школе пабудаваны на прынцыпах дэмакратычных гуманных адносін, мы сустракаемся і з фактамі аўтарытарнага падыходу ў выхаванні і канфліктных сітуацыях, якія актыўна абмяркоўваюцца не толькі ў прафесійнай супольнасці, але і ў грамадстве ў цэлым. З мэтай умацавання супрацоўніцтва ў стварэнні бесканфліктнага адукацыйнага асяроддзя, укаранення новых форм і метадаў медыяцыі, аднаўленчых падыходаў у рабоце спецыялістаў устаноў адукацыі Міністэрства адукацыі прымае пэўныя меры. Год назад пачаў працаваць Рэспубліканскі цэнтр псіхалагічнай дапамогі, таксама былі сфарміраваны рэгіянальныя сеткі крызісных псіхолагаў, распрацаваны праект прыкладных этычных правіл педагога, які сёння знаходзіцца ў стадыі грамадскага абмеркавання. У Мінску і Гродзенскай вобласці праходзіць апрабацыю ініцыятыва па адаптацыі і ўкараненні ва ўстановы адукацыі харвацкай мадэлі “Бяспечнае падтрымліваючае асяроддзе ў школах”.
Школьная медыяцыя, са слоў міністра, павінна стаць новай формай сацыяльна-псіхалагічнай дапамогі для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу ў канфліктах ці крызісных сітуацыях.
“Спадзяюся, што медыяцыя пры падтрымцы Міністэрства юстыцыі і саюза юрыстаў стане эфектыўнай тэхналогіяй вырашэння спрэчак ва ўстановах адукацыі з удзелам дзяцей-медыятараў і педагогаў-медыятараў. На жаль, сёння мы бачым не зусім эфектыўную работу псіхолагаў у школе, часцей захапляемся масавасцю даследаванняў і зусім не ўмеем працаваць з дэвіяцыяй, з суіцыдальнымі, проціпраўнымі паводзінамі, гвалтам.
У мінулым годзе ў краіне на базе 58 устаноў адукацыі рэалізаваны праекты па стварэнні школьных службаў медыяцыі, якія дазволілі навучыць дзяцей і дарослых тым стратэгіям, якія дапамагаюць пераадольваць канфліктныя сітуацыі, знізіць колькасць школьных канфліктаў, сфарміраваць раўнапраўныя партнёрскія сувязі паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу ў вырашэнні пытанняў выхавання. Лічу, што нам трэба прааналізаваць той вопыт, які ўжо ёсць, і пры неабходнасці падрыхтаваць адпаведную нарматыўную прававую базу, якая дазволіць больш шырока прымяняць формы і метады медыяцыі ў адукацыйным працэсе”, — рэзюмаваў Ігар Карпенка.
Ігнараванне канфлікту — гэта злачынства
Алег Леанідавіч Сліжэўскі, міністр юстыцыі, справядліва заўважыў, што, на жаль, спрэчкі і канфлікты з’яўляюцца тым кампанентам грамадскага развіцця, ад якога нельга поўнасцю пазбавіцца. Але ігнараваць наяўнасць канфлікту таксама непрадукцыйна, і часта гэта нават з’яўляецца злачынствам, асабліва калі канфлікт адбываецца ў адукацыйным асяроддзі, бо яно фарміруе будучыню нашай краіны.
“Міністэрства юстыцыі праводзіць значную работу па ўдасканаленні прававога інстытута медыяцыі. З 1 ліпеня ўступіць у сілу закон, які пашырыць законы медыяцыі ў сямейных адносінах, эканамічных спрэчках, — паведаміў міністр юстыцыі. — Што тычыцца канфліктаў з удзелам дзяцей: іх трэба вырашаць хутка і эфектыўна, каб пазбегнуць негатыўнага ўплыву на адносіны як у сям’і, так і ў грамадстве. Прафілактыка распаду сям’і дазволіць дзяржаве ў далейшым скараціць расходы на грашовую дапамогу, матэрыяльную падтрымку маламаёмным, няпоўным сем’ям, на работу з цяжкімі дзецьмі, аднаўленне псіхалагічнага здароўя. Гэтыя сродкі будуць накіраваны на эканамічнае развіццё краіны. Думаю, што на школьную медыяцыю зможам паглядзець пад розным вуглом, як на міждысцыплінарны падыход і ў пытаннях захавання сям’і, і ў развіцці аднаўленчага правасуддзя ў адносінах да непаўналетніх”.
Пра ролю школы і сям’і, а таксама пра тое, што менавіта бацькі, а не настаўнікі павінны выхоўваць дзіця і вучыць яго ўзаемадзеянню з грамадствам, у тым ліку дасведчана вырашаць канфлікты, нагадаў старшыня камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігар Аляксандравіч Марзалюк. Дэпутат прывёў цікавы прыклад: “У школах Аўстраліі вісіць незвычайны і правільны плакат, на якім дакладна размежавана роля школы і сям’і. На ім напісана, што настаўнікі могуць навучыць дзіця чытаць, пісаць, лічыць. А паводзіць сябе годна і культурна — гэтаму павінна вучыць сям’я”. Разумны падыход, ці не так?
Наталля САХНО.
Фота аўтара.