Учора ў Маладзечне завяршылася рэспубліканская спартакіяда школьнікаў. Удзел у цырымоніі закрыцця прынялі намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Валянціна Віктараўна Баляба, намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Марыя Аляксандраўна Саротнік, чэмпіён свету, алімпійскі чэмпіён па скачках у вышыню Генадзь Валянцінавіч Аўдзеенка.
Нагадаем нашым чытачам, што сёлетняя спартакіяда з’яўляецца сёмай па ліку, у гэтым годзе месцам яе правядзення стала Мінская вобласць. У розных гарадах Міншчыны прайшлі спаборніцтвы па 26 відах спорту, 22 з якіх з’яўляюцца алімпійскімі. Спартакіяда сабрала разам больш за 3 тысячы школьнікаў.
“Кожны год спартакіяда набывае новыя рысы, і ніводная з іх не падобная на папярэднюю, — адзначыў, звяртаючыся да юных спартсменаў, намеснік міністра адукацыі В.В.Якжык. — Сёлета ў яе былі ўключаны новыя віды спорту, прычым тыя, якія цікавыя нашым дзецям і якія развіваюцца ў рэгіёнах краіны. І, канечне, рэзультаты нас не могуць не радаваць. На сёлетняй спартакіядзе атрымалі свае званні больш за 80 майстроў спорту, больш за 300 кандыдатаў у майстры спорту, вялікая колькасць спартсменаў-разраднікаў. Аб’екты, на якіх праходзілі спаборніцтвы, таксама выкарыстаны самыя лепшыя, яны рэспубліканскага і нават міжнароднага ўзроўню.
Зусім хутка пачнецца Алімпіяда ў Лондане, на якой мы будзем хварэць за Аляксандру Герасіменю, Любоў Чаркашыну. Гэта спартсменкі, якія ў свой час былі прызёрамі і пераможцамі рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў. Усім юным спартсменам нашай краіны я жадаю новых алімпаў”.
Трэба адзначыць, што спартакіяду школьнікаў абслугоўвалі 660 кваліфікаваных суддзяў, а ўзначаліла судзейскую калегію алімпійская чэмпіёнка па спартыўнай гімнастыцы Антаніна Уладзіміраўна Кошаль.
Хто ж стане пераможцам спартакіяды — вырашалася да апошніх хвілін спаборніцтваў. У выніку першае месца дасталася камандзе Мінска, на другім месцы каманда Гомельскай вобласці, замыкае тройку лідараў каманда Гродзенскай вобласці.
Абсалютным чэмпіёнам спартакіяды прызнана каманда Мінска.
Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.