Расправіць крылы для творчага палёту

- 11:23World Skills

Для фарміравання прафесійна значных якасцей будучага педагога існуе шэраг тэхналогій, у тым ліку выкарыстанне стандартаў WorldSkills у адукацыйным працэсе. Улічваючы значнасць гэтага руху, сёлета ў пералік кампетэнцый IV Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2020 уключаны дзве кампетэнцыі педагагічнага профілю. На папярэднім спаборніцтве канкурсанты ўдзельнічалі ў кампетэнцыі “Дашкольная адукацыя”, а ў новым чэмпіянаце — у кампетэнцыі “Пачатковая адукацыя”. Адным з ініцыятараў развіцця руху WorldSkills ва ўстановах адукацыі педагагічнага профілю выступіў Мінскі гарадскі педагагічны каледж на чале з яго дырэктарам, кандыдатам педагагічных навук, нацыянальным экспертам WorldSkills Кацярынай Аляксандраўнай Пятруцкай.

Марыя Антух.

Каб вызначыць лепшых навучэнцаў у прафесійнай кампетэнцыі “Пачатковая адукацыя” для ўдзелу ў спаборніцтве рэспубліканскага ўзроўню, нядаўна прайшоў гарадскі конкурс. У ім выступілі Хрысціна Саўкова, навучэнка 3 курса, Марыя Антух і Аляксандр Мыслівец, навучэнцы 4 курса.

Наталля Віктараўна Пралыгіна, загадчыца аддзялення Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа, паведаміла, што ў рамках конкурсу былі выкананы заданні модуля А “Агульнакультурнае развіццё”, дзе канкурсанты ў час самапрэзентацыі прадэманстравалі свае інтарэсы, захапленні, дасягненні, планы і перспектывы асобаснага і прафесійнага росту. Згодна з модулем В “Агульнапрафесійнае развіццё”, трэба было прадставіць распрацоўку і правесці фрагмент вучэбных заняткаў (этапы падрыхтоўкі і вывучэння новага матэрыялу) на I ступені агульнай сярэдняй адукацыі па вучэбным прадмеце “Чалавек і свет” (3 клас) з выкарыстаннем інтэрактыўнага абсталявання і арганізацыяй віртуальнай экскурсіі. Удзельнікі конкурсу прадэманстравалі ўменне распрацоўваць тэхналагічную карту фрагмента вучэбных заняткаў, праводзіць яго з выкарыстаннем сучасных адукацыйных ІКТ і віртуальнай экскурсіі.

Выкананне ўдзельнікамі спаборніцтва конкурсных заданняў ацэньвала кампетэнтнае журы пад старшынствам К.А.Пятруцкай. У яго склад увайшлі кіраўнікі навучальных устаноў А.М.Зяневіч, дырэктар гімназіі № 28 Мінска, А.Я.Дробат, намеснік дырэктара гімназіі № 7 Мінска, выкладчыкі калледжа. 1-е месца аднагалосна было прысуджана навучэнцы педагагічнага каледжа Марыі Антух.

— Я выбрала шлях педагога ўсвядомлена, марыла пра гэта з дзяцінства, а сёння з радасцю вучуся ў Мінскім гарадскім педагагічным каледжы, — расказала Марыя. — Навучальная ўстанова — гэта выдатная педагагічная пляцоўка, дзе створаны самыя спрыяльныя ўмовы для авалодання сучаснымі тэхналогіямі навучання: робататэхнікай, LEGO-канструяваннем, LEGO-праграмаваннем, вэб-тэхналогіямі і інш. Вопыт работы з дзецьмі падчас практыкі ў школе, у адукацыйна-аздараўленчых лагерах дапамог яшчэ раз усвядоміць, што я выбрала ўнікальную прафесію, якая дазваляе быць у свеце дзяцінства, вучыць і выхоўваць дзяцей. Гэтая прафесія распраўляе крылы для творчага палёту, што я і адчула ў час правядзення конкурсу.

Адным з актуальных напрамкаў дзейнасці Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа па павышэнні прафесійных кампетэнцый навучэнцаў з’яўляецца іх актыўны ўдзел у міжнародных конкурсах прафесійнага майстэрства, навукова-практычных канферэнцыях.

Нядаўна каманда педагогаў і навучэнцаў каледжа прыняла ўдзел у IV адкрытым Рэгіянальным чэмпіянаце Ленінградскай вобласці “Маладыя прафесіяналы” (WorldSkills Russia — 2020), які прайшоў у Гатчынскім педагагічным каледжы імя К.Д.Ушынскага. Выхаванцы Мінскага гарадскога педагагічнага каледжа выступілі ў дзвюх кампетэнцыях: “Дашкольнае выхаванне” і “Выкладанне ў пачатковых класах”. У кампетэнцыі “Дашкольнае выхаванне” ўдзельніца конкурсу Кацярына Стоцкая, навучэнка 4 курса мінскага каледжа, дэманстравала свае прафесійныя ўменні і навыкі ў распрацоўцы і правядзенні інтэграваных заняткаў па маўленчым развіцці (выразнае чытанне) з падгрупай дзяцей з уключэннем дыдактычнай гульні на ІКТ-абсталяванні, па пазнавальным развіцці і робататэхніцы, ва ўзаемадзеянні з бацькамі і супрацоўнікамі адукацыйнай установы. Таксама неабходна было распрацаваць сумесны праект выхавальніка, дзяцей і бацькоў з прымяненнем ІКТ для выступлення на бацькоўскім сходзе, арганізаваць мерапрыемствы, накіраваныя на ўмацаванне здароўя і фізічнае развіццё дзяцей дашкольнага ўзросту і інш.

У кампетэнцыі “Выкладанне ў пачатковых класах” навучэнец Аляксандр Мыслівец, згодна з конкурснымі заданнямі, рыхтаваў і праводзіў віртуальную экскурсію, фрагмент урока па адным з вучэбных прадметаў, пазаўрочныя заняткі з выкарыстаннем інтэрактыўнага абсталявання і інш.

З мэтай павышэння якасці педагагічнай адукацыі ў Мінскім гарадскім педагагічным каледжы прайшла II навукова-практычная канферэнцыя з удзелам калег з Расійскай Федэрацыі па тэме “Педагогіка ў асобах. Ш.А.Аманашвілі”, дзе былі разгледжаны напрамкі гуманнай адукацыі, перспектывы яе развіцця, методыкі, інавацыі, эфектыўныя практыкі ў педагогіцы. Было праведзена пленарнае пасяджэнне па праблемах розных выхаваўчых сістэм, тэарэтычных мадэлей, філасофскіх вучэнняў. Вялася работа ў секцыях, прайшоў майстар-клас. Усяго ў рабоце канферэнцыі прынялі ў­дзел больш за 100 чалавек.

— Навукова-практычныя канферэнцыі, конкурсы прафесійнага майстэрства, міні-чэмпіянаты, педагагічныя фестывалі, урокі на сцэне тэатраў Мінска ствараюць шырокае поле для раскрыцця прафесійных магчымасцей будучых педагогаў, каб яны маглі расправіць свае крылы, — адзначыла дырэктар каледжа К.А.Пятруцкая. — У далейшым мы плануем правесці шэраг мерапрыемстваў па выкарыстанні інфармацыйна-камунікацыйных і вэб-тэхналогій у рабоце з дзецьмі дашкольнага ўзросту і навучэнцамі пачатковых класаў. Будзем абагульняць педагагічны вопыт выкладчыкаў, якія працуюць у гэтым напрамку, і распаўсюджваць яго на гарадскім, рэспубліканскім і міжнародным узроўні. Безумоўна, усе гэтыя захады паспрыяюць далейшаму павышэнню якасці падрыхтоўкі педагагічных кадраў.

Падрыхтавала Ала КЛЮЙКО.