Па заканчэнні кожнага навучальнага года сонечнымі майскімі днямі ў Ліцэі Беларуска-Расійскага ўніверсітэта ўжо традыцыйна праходзіць конкурс “Агляд строю і песні”. Спаборніцтва праводзіцца на галоўнай пешаходнай вуліцы Магілёва і збірае мноства гледачоў і ганаровых гасцей. Класы-ўзводы ліцэя дэманструюць ім свае ўменні ў выкананні страявых прыёмаў і элементаў у адпаведнасці са Страявым статутам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.
—Ідэя правядзення конкурсу ўзнікла даўно. Сярод яго мэт — не толькі фізічная, дапрызыўная падрыхтоўка навучэнцаў, але і патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Вельмі важна выхоўваць дастойных грамадзян, патрыётаў сваёй Радзімы, гатовых яе абараняць, калі спатрэбіцца, — адзначыў настаўнік фізічнай культуры і дапрызыўнай падрыхтоўкі Ліцэя БРУ А.В.Бязлепкін.
Андрэй Віктаравіч сам у свой час адслужыў у войску. Ён — малодшы сяржант разведкі спецназа, уладальнік знака адрознення гэтых войскаў — крапавага берэта. Быць сапраўднымі мужчынамі, патрыётамі, гатовымі, калі трэба, абараняць краіну ён вучыць і сваіх навучэнцаў. Конкурс “Агляд строю і песні” з’яўляецца своеасаблівым вынікам гэтай работы, дэманстрацыяй навучэнцамі тых уменняў і навыкаў, якія яны набылі на занятках па дапрызыўнай падрыхтоўцы.
Сёлета, улічваючы эпідэміялагічную сітуацыю, традыцыйны конкурс не праводзіўся. Аднак навучэнцы ўсё роўна збіраліся малымі групамі і рэпеціравалі.
— Мы даўно ведаем пра гэты ліцэйскі конкурс і ўжо ўдзельнічалі ў ім у мінулым годзе. На ўдзел падштурхнуў прыклад настаўніка, натхнялі выступленні старэйшых ліцэістаў. Прызавое месца нашаму класу заняць тады не ўдалося. Сёлета старанна рыхтаваліся, рэпеціравалі. Адточвалі і страявую падрыхтоўку, і вакальнае выступленне. У нас філалагічны клас, таму мы планавалі праспяваць песню групы The Beatles — Yellow Submarine на англійскай мове. Такія агляды вельмі патрэбныя. Яны дазваляюць падрыхтавацца да будучай службы ў войску, умацоўваюць наш патрыятызм, — расказалі навучэнцы 11 “Д” класа Аляксандр Козікаў і Данііл Драбуцько.
Зараз хлопцы з усіх класаў Ліцэя БРУ актыўна запісваюць відэаролікі падрыхтаваных страявых праграм. Яны не проста ідуць строем, але і спяваюць патрыятычныя песні. Прычым як добра вядомыя, так і сучасныя, адаптаваныя кампазіцыі. Азнаёміцца з гэтымі яскравымі выступленнямі можна на афіцыйным сайце навучальнай установы.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва А.В. Бязлепкіна.