Строем і з песняй

- 9:59Навіны рэгіёнаў

Па заканчэнні кожнага навучальнага года сонечнымі майскімі днямі ў Ліцэі Беларуска-Расійскага ўніверсітэта ўжо традыцыйна праходзіць конкурс “Агляд строю і песні”. Спаборніцтва праводзіцца на галоўнай пешаходнай вуліцы Магілёва і збірае мноства гледачоў і ганаровых гасцей. Класы-ўзводы ліцэя дэманструюць ім свае ўменні ў выкананні страявых прыёмаў і элементаў у адпаведнасці са Страявым статутам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

—Ідэя правядзення конкурсу ўзнікла даўно. Сярод яго мэт — не толькі фізічная, дапрызыўная падрыхтоўка навучэнцаў, але і патрыятычнае выхаванне падрастаючага пакалення. Вельмі важна выхоўваць дастойных грамадзян, патрыётаў сваёй Радзімы, гатовых яе абара­няць, калі спатрэбіцца, — адзначыў настаўнік фізічнай культуры і дапрызыўнай падрыхтоўкі Ліцэя БРУ А.В.Бязлепкін.

Андрэй Віктаравіч сам у свой час адслужыў у войску. Ён — малодшы сяржант разведкі спецназа, уладальнік знака адрознення гэтых войскаў — крапавага берэта. Быць сапраўднымі мужчынамі, патрыётамі, гатовымі, калі трэба, абараняць краіну ён вучыць і сваіх навучэнцаў. Конкурс “Агляд строю і песні” з’яўляецца своеасаблівым вынікам гэтай работы, дэманстрацыяй навучэнцамі тых уменняў і навыкаў, якія яны набылі на занятках па  дапрызыўнай падрыхтоўцы.

Сёлета, улічваючы эпідэміялагічную сітуацыю, традыцыйны конкурс не праводзіўся. Аднак навучэнцы ўсё роўна збіраліся малымі групамі і рэпеціравалі.

— Мы даўно ведаем пра гэты ліцэйскі конкурс і ўжо ўдзельнічалі ў ім у мінулым годзе. На ўдзел падштур­хнуў прыклад настаўніка, натхнялі выступленні старэйшых ліцэістаў. Прызавое месца нашаму класу заняць тады не ўдалося. Сёлета старанна рыхтаваліся, рэпеціравалі. Адточвалі і страявую падрыхтоўку, і вакальнае выступленне. У нас філалагічны клас, таму мы планавалі праспяваць песню групы The Beatles — Yellow Submarine на англійскай мове. Такія агляды вельмі патрэбныя. Яны дазваляюць падрыхтавацца да будучай службы ў войску, умацоўваюць наш патрыятызм, — расказалі навучэнцы 11 “Д” класа Аляксандр Козікаў і Данііл Драбуцько.

Зараз хлопцы з усіх класаў Ліцэя БРУ актыўна запісваюць відэаролікі падрыхтаваных страявых праграм. Яны не проста ідуць строем, але і спяваюць патрыятычныя песні. Прычым як добра вядомыя, так і сучасныя, адаптаваныя кампазіцыі. Азнаёміцца з гэтымі яскравымі выступленнямі можна на афіцыйным сайце навучальнай установы.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва А.В. Бязлепкіна.