Дзеці і дарослыя: на хвалі агульных інтарэсаў

- 17:31Рознае, Сацыяльны ракурс

Амаль 900 гарадоў розных краін свету падхапілі ініцыятыву ЮНІСЕФ “Горад, дружалюбны да дзяцей” і прызналі за сваімі юнымі жыхарамі права быць паўнапраўнымі ўдзельнікамі вырашэння пытанняў горадскога маштабу.
У Беларусі да гэтай ініцыятывы далучыліся ўжо 22 гарады. Каб ацаніць праведзеную работу і намеціць шляхі далейшага ўзаемадзеяння, у Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі прайшла навукова-практычная канферэнцыя “Дзеці і дарослыя: партнёрства ў інтарэсах асобы, грамадства, дзяржавы”. У канферэнцыі прынялі ўдзел дэпутаты ППНС Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы, прадстаўнікі Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Рэспубліцы Беларусь, супрацоўнікі міністэрстваў і ведамстваў, а таксама намеснікі старшынь, начальнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму гарадскіх і раённых выканкамаў, кіраўнікі і лідары дзіцячых і маладзёжных парламентаў (саветаў) дваццаці двух гарадоў — удзельнікаў ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей”.

Стракатая мазаіка маладзёжных ініцыятыў

Агляд той дзейнасці, якая праводзіцца ў краіне ў рамках міжнароднай ініцыятывы, прадставіла дырэктар НЦМТДіМ Н.В.Васільчанка. “У нашай краіне склаўся новы фармат арганізацыі дзяцей і дарослых, — адзначыла Надзея Васільеўна. — Гэта важная і высокая прыступка ўзаемадзеяння і сацыяльнага партнёрства дарослых і дзяцей, дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў і дзяржаўных органаў, якія актыўна прымаюць удзел у прадстаўленні інтарэсаў дзяцей”.
Так, члены дзіцячых і маладзёжных парламентаў удзельнічаюць у пасяджэннях выканкамаў, сесій гарадскіх Саветаў дэпутатаў, прэс-канферэнцыях з удзелам адмі-ністрацый гарадоў. Юныя парламентарыі вучацца быць карыснымі грамадству, бачыць праблемы людзей, знаходзіць магчымасці для іх вырашэння. Вось толькі некалькі прыкладаў. У Пінску (Брэсцкая вобласць) дзеці і моладзь працуюць па добраўпарадкаванні горада, адкрылася дзіцячае кафэ “Верона”, стартаваў маладзёжны хакейны турнір “Кубак Пінска”. У Полацку (Віцебская вобласць) моладзь прымае ўдзел у фестывалі дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў “За намі будучыня”. Заслугоўвае вялікай увагі праект “Мы разам”, які ўключае сацыяльна-творчыя мерапрыемствы для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Цікавыя праекты навапалачан “Хачу ў армію!”, “Вясенні тыдзень дабра”, “Бяспечнае дзяцінства”, “55 добрых спраў да юбілею роднага горада” і многія іншыя. У Барысаве (Мінская вобласць) арганізаваны 44 рамонтна-будаўнічыя школьныя брыгады, 379 працоўных атрадаў, якія працуюць на карысць горада. Эколага-валанцёрскія атрады правялі акцыю “Чысты бераг на рацэ Беразіна”, дзейнічае маладзёжная біржа працы “Маладзёжны вольны час”. У Пружанах (Брэсцкая вобласць) рэалізуецца праект “Зона адпачынку” па добраўпарадкаванні гарадскога парку, створана Алея Памяці, арганізаваны фестываль дзіцячай творчасці “Лесвіца поспеху”. У Мінску праходзяць акцыі “Наша перамога”, “Маладзёжная ініцыятыва”, “Зрабі горад -ярчэйшым”. І гэта толькі кропля таго, што робяць дзеці ў рамках ініцыятывы “Горад, дружалюбны да дзяцей”.
Дарэчы, Надзея Васільеўна адзначыла, што накіраванасць дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў сёння стала пераходзіць ад мерапрыемстваў па арганізацыі вольнага часу да сацыяльна значнай дзейнасці, накіраванай на паляпшэнне жыцця ў горадзе.

Наш клопат — кожнаму

Праўду кажуць, самае галоўнае шчасце — мець магчымасць дапамагчы таму, каму гэта неабходна. І маладыя людзі з задавальненнем дораць свой клопат тым, хто аказаўся ў складанай жыццёвай сітуацыі.
“У кожным горадзе, кожным раёне, кожным куточку нашай краіны дарослыя клапоцяцца пра дзяцей, — зазначыла член Пастаяннай камісіі ППНС Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Ала Мікалаеўна Сопікава. — Але сутнасць міжнароднай ініцыятывы “Гарады, дружалюбныя да дзяцей” не толькі ў тым, каб дарослыя садзейнічалі вырашэнню праблем дзяцінства, але і ў тым, каб наша моладзь праяўляла актыўную жыццёвую пазіцыю і вучылася быць карыснай нашай краіне. Прывяду прыклад. Мне днямі пашчасціла прыняць удзел у акцыі “Ад сэрца да сэрца”, якая праходзіла ў Лідзе Гродзенскай вобласці. У ходзе гэтай акцыі збіраліся грошы для хлопчыка Арсенія, якому неабходна дарагая аперацыя за мяжой. Сума была сабрана вельмі вялікая, але справа нават не ў гэтым. Прыемна, што вельмі многія не засталіся ўбаку. Напрыклад, дзеці 6-7-гадовага ўзросту нароўні з кіраўнікамі прадпрыемстваў горада выйшлі на сцэну з канвертам, каб зрабіць свой уклад і дапамагчы вылечыцца хлопчыку. Яны самі правялі дабрачынны канцэрт і сваімі творчымі талентамі зарабілі гэтыя грошы”.
У Навагрудку (Гродзенская вобласць) праект “Валанцёрскі цэнтр “Надзея” прапанавалі і распрацавалі члены камісіі па ўзаемадзеянні з грамадскімі арганізацыямі і развіцці валанцёрскага руху маладзёжнага парламента. Праект рэалізуецца па кірунках: “Навучыся сам — навучы іншага”, “Сонца схавана ў кожным”, “Хто, калі не я” — і ўключае мерапрыемствы па падрыхтоўцы і арганізацыі работы валанцёрскіх груп, каардынацыі іх дзейнасці, аказанні канкрэтнай дапамогі дзецям з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дзецям-інвалідам, дзецям, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, у прытулку.

Беражы здароўе, пакуль малады

Безумоўна, ахова здароўя дзяцей для любога дарослага — прыярытэтная. Калі Каардынацыйны савет абмяркоўвае пытанне аб далучэнні горада да ініцыятывы, разгля-даецца, наколькі дзеці маюць магчымасць захоўваць у горадзе сваё здароўе. Гэта і магчымасць атрымаць медыцынскую дапамогу, займацца спортам, атрымаць адпачынак і аздараўленне і інш. Напрыклад, у Наваполацку (Віцебская вобласць), які ў нашай краіне першым атрымаў званне дружалюбнага да дзяцей горада, да паслуг дзяцей — 6 басейнаў, стадыён на 4,5 тысячы месцаў, Палац спорту і культуры, 3 спарткомплексы, 7 спецыялізаваных дзіцяча-юнацкіх школ алімпійскага рэзерву, вучылішча алімпійскага рэзерву, фізкультурна-спартыўны цэнтр. У горадзе стала традыцыйным правядзенне гарадскога конкурсу на прысваенне звання “Прадпрыемства, дружалюбнае да дзяцей”. У мінулым годзе ў ім прынялі ўдзел ажно 60 устаноў, прадпрыемстваў, арганізацый горада, якія спаборнічалі ў забеспячэнні дастойных умоў быту, адпачынку, заняткаў фізкультурай і спортам, правядзення культурна-масавых мерапрыемстваў. Большасць з іх у той ці іншай ступені функцыянуюць для дзяцей ці карыстаюцца ў іх вялікай папулярнасцю.
Вялікая ўвага ў гарадах удзяляецца і падтрыманню псіхалагічнага камфорту дзяцей і падлеткаў. Загадчыца лабараторыі праблем дзяцей і падлеткаў РНПЦ “Маці і дзіця” Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь М.Г.Дзевялтоўская падзялілася з удзельнікамі канферэнцыі вопытам работы цэнтраў дружалюбных адносін да падлеткаў. Яны сталі адным са структурных падраздзяленняў Службы дружалюбных адносін да падлеткаў, якая была створана ў Мінску яшчэ ў 2003 годзе пры ўдзеле камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама пры падтрымцы Дзіцячага Фонду ЮНІСЕФ. На тэрыторыі Беларусі працуюць 48 такіх цэнтраў. Асноўныя прынцыпы іх работы: ананімнасць, канфідэнцыяльнасць і дружалюбныя адносіны да падлеткаў.
“Спецыялісты цэнтраў аказваюць кансультацыйную дапамогу па тых пытаннях, якія найбольш турбуюць падлеткаў, часцей сексуальнага і рэпрадуктыўнага здароўя, кантрацэпцыі, — тлумачыць М.Г.Дзевялтоўская. — Акрамя педыятраў, псіхолагаў, акушэраў-гінеколагаў, якія прайшлі спецыяльныя семінары па рабоце з падлеткамі, па неабходнасці запрашаюцца і іншыя вузкія спецыялісты. У прыватнасці, апошнім часам патрэбна дапамога нарколагаў. Бо сёння актуальная праблема залежнасці ад псіхаактыўных рэчываў, ужывання спайсаў, марак і ін’екцыйных форм наркотыкаў”.
Па гэтай вострай тэме выступіў намеснік начальніка аддзела ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлем людзьмі крымінальный міліцыі МУС А.М.Юніцкі. Ён адзначыў: “Нягледзячы на сур’ёзнасць праблемы, сітуацыя ў краіне знаходзіцца пад поўным кантролем праваахоўных органаў, а меры, якія мы прымаем, дазваляюць кантраляваць рост наркаўжывання ў краіне і падтрымліваць сітуацыю на ўзроўні, ніжэйшым чым у суседніх дзяржавах. Так, узровень наркатызацыі насельніцтва ў нас складае 154 чалавекі на 100 тысяч. Для параўнання: у Расіі гэты паказчык складае 360 чалавек, ва Украіне — 260, у еўрапейскіх дзяржавах — 300”.
За апошні час толькі ў цэнтральны апарат МУС паступіла мноства зваротаў з устаноў адукацыі з просьбамі аб правядзенні з педагогамі лекцый і вучэбных семінараў па прафілактыцы наркаманіі. Гэта сведчыць пра карэнныя змены ўзроўню ўзаемадзеяння, дадатковым доказам якога з’яўляецца планаванне сумесных акцый “Стоп-спайс!”.
Мерапрыемствы па здаровым ладзе жыцця — адзін з галоўных кірункаў і маладзёжных праектаў літаральна ўсіх маладзёжных парламентаў. Прычым яны ўсё часцей становяцца не разавымі акцыямі, а дзейнічаюць пастаянна.

Мы прапанавалі — нас падтрымалі

Усе ўдзельнікі маладзёжных парламентаў адзначаюць, што кіраўніцтвы іх гарадоў стараюцца падтрымаць як мага больш іх ініцыятыў. У кожным горадзе праводзяцца форумы дзіцячых і маладзёжных ініцыятыў, наладжана анлайн-галасаванне гараджан, а па выніках рэалізуюцца самыя прыярытэтныя праекты.
Так, у Мазыры Гомельскай вобласці перамаглі праект “Добры дзень, доктар Айбаліт” і праект пераўтварэння кінатэатра “Мір”. Абодва яны былі рэалізаваны. Першы праект — гэта праект па роспісе агароджы дзіцячай бальніцы. Галоўным героем усіх малюнкаў стаў доктар Айбаліт. Цяпер гэтае месца стала славутасцю горада, куды прагуляцца і палюбавацца малюнкамі прыходзяць і дарослыя, і дзеці. У мінулым годзе быў адрамантаваны кінатэатр “Мір”, яго хол атрымаў дызайнерскі выгляд, кіназал абсталяваны новымі зручнымі крэсламі, устаноўлена відэа 3D-фармату, узнавіла сваю работу кафэ.
У парку таксама адбыліся змены: з’явіліся новыя каруселі. У гэтым годзе гарадскі парк чакае рэканструкцыі дзіцячай пляцоўкі па дзіцячым праекце. Хутка на Замкавай гары будзе ўстаноўлены Драўляны арол — сімвал горада.
І ўвогуле ў планах юных жыхароў Мазыра, гэтак жа як і іншых гарадоў, цэлае мора ідэй і праектаў, якія, яны ўпэўнены, абавязкова будуць рэалізаваны ў іх гарадах. Акрамя практычнага прымянення гэтых ідэй, удзел у дзейнасці маладзёжных парламентаў і саветаў прыносіць маладым людзям шчодрыя плады: яны ўпэўніваюцца ва ўласных сілах, атрымліваюць навыкі кіраўніцкай і арганізатарскай работы, вопыт грамадска значнай дзейнасці і ўзаемаадносін з органамі ўлады і, нарэшце, сяброўскія і дзелавыя сувязі, неабходныя для будучай кар’еры ў дарослым жыцці.

 

Святлана НІКІФАРАВА.