Кацярына Карстэн: “Жаданне веславаць яшчэ не прапала…”

- 12:05Моя школа

Сёння госць праекта “Мая школа” — заслужаны майстар спорту, двухразовая алімпійская чэмпіёнка, шасціразовая чэмпіёнка свету па акадэмічным веславанні, шматразовая пераможца кубкаў свету і чэмпіянатаў Еўропы, першы ў Беларусі поўны
кавалер ордэна Айчыны Кацярына Анатольеўна Карстэн.

“Серабро” Афінскай алімпіяды.

— Кацярына, раскажыце, калі ласка, пра ваша дзяцінства.

— Я нарадзілася ў вёсцы Асечына Крупскага раёна Мінскай вобласці, на мяжы з Віцебшчынай. У нашай сям’і было шасцёра дзяцей: акрамя мяне, тры старэйшыя браты і дзве сястры. Я была самай малодшай, але вырасла самай высокай — нават вышэйшай за братоў.

Мой бацька Анатоль Міхайлавіч Хадатовіч працаваў ветэрынарным урачом і меў свой “транспарт”: для паездак па рабоце яму выдзялялі каня. Ён працаваў у дзвюх вёсках: адна была за пяць, а другая — за восем кіламетраў ад нашай.

Маці Еўдакія Гаўрылаўна ўсё жыццё працавала ў мясцовым калгасе — спачатку паляводам, а потым на ферме цялятніцай. Пад яе наглядам было каля 100 галоў. Работа была даволі цяжкай, і мы, дзеці, заўсёды дапамагалі ёй: улетку пасвілі калгасных цялят, узімку дапамагалі даставаць сілас з сіласных ям.

Па тых часах з кармамі для свойскай жывёлы было складана. А ўлічваючы, што ў нас гаспадарка была вялікая — конь, якога давалі ў калгасе і якога фактычна бацька выгадаваў, карова, 30 авечак, свінні, гусі і куры, то на зіму трэба было нарыхтаваць шмат. Памятаю, як у дзяцінстве ледзь не ўсёй сям’ёй палолі буракі. Але для мяне самай цяжкай працай было рукамі рваць лён. За гэта можна было атрымаць магчымасць набыць камбікорм, які тады не быў у свабодным доступе. Часам мне было незразумела, чаму лён, які з такой цяжкасцю мы рвалі, слалі і потым ставілі ў бабкі, нават не вывозілі з поля, і ён ішоў пад снег.

Даглядаць авечак было маім абавязкам. Раніцай маці выганяла пасвіцца карову і авечак, а ўжо ў абед, на самую гарачыню, гнала іх дадому, а потым гадзіны ў чатыры зноў выганяла на поле. Вясковы статак пасвілі па чарзе: з-за таго, што ў нас было шмат авечак, наш двор пасвіў вясковы статак тры дні. Прачынацца ў 5 гадзін раніцы было вельмі цяжка, асабліва калі ўлетку мы паўночы недзе гулялі.

Яшчэ адным клопатам было сена. Гэта зараз усюды мора сенакосаў, а раней калгас выдзяляў нейкую палоску, якой, вядома, было недастаткова на наш статак. Ратавала тое, што бацьку ад работы таксама выдзялялі нейкую дзялянку, ну і была магчымасць падкошваць на розных няўдобіцах: каля рэчкі ці каля лесу — на “нічыйнай” зямлі, а потым на кані прывезці сена дадому.

Яго нарыхтоўвалі ўсёй сям’ёй. Многія нават не ведаюць, якая гэта цяжкая праца. Дарэчы, я ўмею рабіць усю вясковую работу, але вось касіць так і не навучылася (смяецца). Было мала накасіць сена. Яго трэба было паварочаць, потым сабраць, перавезці і скласці. Падчас сенакосу пастаянна сачылі за надвор’ем: з’явіцца хмарка на небе — ляціш на сенакос складаць сена, каб яно не намокла пад дажджом. Зграбеш сваё — бяжыш суседзям дапамагчы, калі тыя не паспяваюць. А потым жа яго зноў раскідаць трэба, каб сушылася.

З трэнерам Анатолем Квяткоўскім.

— Як прайшлі вашы школьныя гады, што ў іх было цікавага?

— Самы старэйшы брат быў старэйшы за мяне амаль на 11 гадоў — між намі ўсімі розніца каля двух гадоў. Так што калі я пайшла ў школу, старэйшы брат яе ўжо скончыў. І атрымлівалася, што ўсе вучыліся праз два класы.

Мы ўсе напачатку вучыліся ў Асечынскай пачатковай школе, а потым пераходзілі ў суседнюю Абчугскую сярэднюю. Атрымалася так, што мае старэйшыя браты і сёстры ў мясцовай школе вучыліся 3 гады, а я скончыла толькі першы клас, таму што школу закрылі як малакамплектную. Ды і ў аграгарадку Абчуга таксама, відаць, школу мо­гуць закрыць, бо дзяцей становіцца ўсё менш.

Наколькі ведаю, сёння дзяцей з суседніх вёсак у школу прывозіць школьны аўтобус, а ў тыя часы школьных аўтобусаў не было і мы ў школу ездзілі на звычайным маршрутным транспарце. Часам здаралася так, што аўтобус не прыходзіў, таму ў школу мы не ішлі — школа была за 14 кіламетраў ад нашай вёскі. Але дакладна ведаю, што некаторыя з маіх аднакласнікаў вясной і ўвосень пехатой ха­дзілі ў школу па 8 кіламетраў у адзін бок (зімой, праўда, працаваў інтэрнат).

Бывала, што зімой (а зімы тады былі снежныя) дарогу да нашай вёскі не паспявалі пачысціць і нам трэба было ісці па снегавой цаліне 2 кіламетры да шашы, што ішла на Новалукомль. Нават калі шанцавала пад’ехаць, ад шашы да школы потым таксама прыходзілася ісці 2 кіламетры. Шчыра кажучы, калі можна было з-за надвор’я ў школу не ісці, мы з радасцю яе прагульвалі. Часцей вось так на перакладных і галасуючы на шашы дабіраліся са школы дадому.

— Хто была ваша першая настаўніца? Каго з настаўнікаў памятаеце?

— Мая першая настаўніца была не з мясцовых: працавала ў нас па размеркаванні, мы за адзі­н год вучобы і не паспелі як след пазнаёміцца.

З 5 класа класным кіраўніком у Абчуг­скай школе ў нас быў Канстанцін Фёдаравіч. І калі ў 4 класе англійскую мову мы вучылі даволі добра (была цікавая маладая настаўніца), то наступныя два гады ўрокі англій­скай былі больш як класная гадзіна: мы займаліся ўсім, акрамя англійскай мовы. І калі пасля нам далі новую настаўніцу, то ўсім было вельмі цяжка нагнаць тое, што не вывучылі за гэтыя два гады.

Фізкультуру выкладаў Леанід Яраслававіч Сяліцкі, з лёгкай рукі якога я пайшла ў спорт. Ужо потым я даведалася, што па адукацыі ён матэматык. Яго жонка прыехала да нас па размеркаванні і выкладала беларускую і рускую мову і літаратуру, а з-за таго, што гадзін матэматыкі не было, ён стаў выкладаць фізкультуру. Леа­нід Яраслававіч пэўны час меў дачыненне да веславання: хадзіў на яле — ваеннай шасцівёсельнай лодцы — і ўвогуле любіў спорт. І калі ў нашу школу прыйшоў ліст з вучылішча з просьбай парэкамендаваць высокіх дзяўчат 1972/73 года нараджэння, ён звярнуўся да мяне і маіх бацькоў з прапановай адправіць мяне ў спорт.

— А што за гісторыя, калі вам прыйшлося выбіраць паміж веславаннем і лёгкай атлетыкай?

— Мне была цікавая прапанова, і я, пагаварыўшы з бацькамі, пагадзілася, а ў спартшколу адправілі адказ, што патрэбная дзяўчынка — я — ёсць. Неўзабаве пасля гэтых падзей у нашу школу прыехаў трэнер па лёгкай атлетыцы, які таксама шукаў здольных да спорту дзяцей. Было лета, і я жыла ў бабулі ў той жа вёсцы праз некалькі дамоў. Аднойчы прыбег брат і сказаў, што мяне шукае нейкая жанчына. Так я сустрэлася з трэнерам, пакідала каменьчыкі, паказаўшы свае здольнасці, і спадабалася ёй. Мне прапанавалі прыехаць у верасні на экзамены.

Але ж мяне чакалі на акадэмічным веславанні. 8 чэрвеня я здала апошні экзамен, а ўжо 10-га разам з трэнерам ехала ў Мінск. Там прайшла медагляд, пасля якога ўрачы прызналі мяне прыдатнай да спорту, і мяне завезлі дадому.

Што рабіць? Трэба было прыдумаць такі ход, каб нікога не пакрыўдзіць. І Анатоль Фёдаравіч прапанаваў на экзамен па лёгкай атлетыцы паехаць, але асабліва на ім не выкладвацца, каб не ўзялі. Так яно і здарылася: на экзамене моцна не напружвалася, і ў выніку мне сказалі, што я ім не падыходжу. Так я выбрала акадэмічнае веславанне.

— Ці прыязджаеце ў сваю школу?

— Зараз, калі ў мяне няма такога шчыльнага графіка трэніровак і спаборніцтваў, ёсць час прыехаць, але няма куды: Асечынскай школы ўжо няма, а да Абчугскай школы даехаць — цэлая праблема (нягледзячы на тое што ў мяне ёсць і машына, і вадзіцельскае пасведчанне, за рулём я не езджу). Акрамя таго, я, магчыма, не настолькі цесна звязана са сваёй школай. Пасля 8 класа я паступіла ў школу-інтэрнат спартыўнага профілю, якая потым стала вучылішчам алімпійскага рэзерву. Два гады, пакуль мае аднакласнікі яшчэ вучыліся, у школу прыязджала, а потым проста не было часу.

— Хто быў вашым першым трэнерам?

— У школу за мной прыязджаў Анатоль Фёдаравіч Санько, які працаваў з малодшымі групамі юных спартсменаў. А Анатоль Іванавіч Квяткоўскі ў той час працаваў са старэйшымі.

На жаль, з Анатолем Фёдаравічам мы трэніраваліся нядоўга. Падчас збораў у Та­джыкістане здарылася бяда. Тады я трэніравалася ў складзе васьмёркі з рулявым. Мы ішлі па горнай рацэ з вірамі і цячэннем. На месцы рулявога сядзеў Анатоль Фёдаравіч. Раптам пад мостам нас панесла на палі і лодка разбілася. Чатыры чалавекі затрымаліся за палі, а нас чацвярых і трэнера панесла па цячэнні ўніз. Вада была вельмі халодная, а цячэнне настолькі хуткае, што як бы я ні старалася плыць у бок берага, мяне несла далей. Адна з сябровак — Ірына — зачапілася за асколак лодкі і, заўважыўшы мяне, пракрычала: “Каця, не кідай мяне, я не ўмею плаваць”. Я не магла кінуць яе, адной рукой узялася за гэты кавалак лодкі, а другой з усіх сіл плыла да берага. Неяк выбраліся. Калі прыехалі на базу, даведаліся, што патанула дзяўчынка, якая плавала лепш за нас усіх (запанікаваўшы, яна не справілася з ракой). Патануўшай спачатку лічылі і тую сяброўку, якую я выратавала, бо ведалі, што яна не ўмела плаваць. Пасля гэтага выпадку А.Ф.Санько звольнілі з трэнерскай работы, і далей мы працавалі з Анатолем Іванавічам.

І працавалі даволі доўга. Менавіта ён падвёў мяне да алімпійскай “бронзы” ў 1992 годзе ў Барселоне ў складзе парнай чацвёркі і залатых медалёў у адзіночцы ў 1996 годзе ў Атланце і ў 2000 годзе ў Сіднеі. Як трэнер ён сам вучыўся разам са мной.

Ён выступаў разам з намі ў якасці рулявога на васьмёрцы. Для гэтага патрэбны асаблівыя здольнасці — кіраваць васьмю магутнымі веслярамі, прытым што сам рулявы маленькі, да 55 кілаграмаў вагой (каму захочацца везці дадатковы груз). Рулявы на дыстанцыі сочыць за тэхнікай і, вядома, кіруе напрамкам руху лодкі.

Першыя зборы адразу пасля паступлення былі ў Вілейцы разам з Анатолем Фёдаравічам. Тады я трэніравалася ў васьмёрцы. Анатоль Іванавіч вазіў жаночую васьмёрку на спаборніцтвы і нашы зборы прапусціў. Ён прывёз нас на Чыжоўскае вадасховішча, пасадзіў у лодкі-адзіночкі, а потым, ездзячы на трэнерскім катары, назіраў за кожным з нас. Пад’ехалі і да мяне: я цялёпкалася і неяк спрабавала грэбці, і мяне нават пахвалілі. І толькі яны ад мяне ад’ехалі — я не ўтрымала раўнавагу і перавярнулася (смяецца).

— Ці часта даводзілася ісці пад ваду?

— На васьмёрцы ў прынцыпе перавярнуцца амаль немагчыма. Аднак калі лодка пашкоджана ці незагерметызавана, яна можа проста набраць вады і затануць. Такое, бывала, здаралася, калі я толькі пачынала. Лодак было мала, і былі яны пераважна старыя, драўляныя (гэта зараз іх вырабляюць з пластыку).

З дачкой Аляксандрай.

— Першая перамога. Якой яна была?

— Самы першы медаль я заваявала ў складзе васьмёркі на чэмпіянаце Беларусі. Мы былі самыя малодшыя сярод спартсменаў і змаглі заваяваць брозавы медаль — і гэта пасля двух-трох месяцаў трэніровак.

— Значны прагрэс за невялікі тэрмін — гэта талент трэнерскага штаба ці больш весляроў?

— Калі я ў 1987 годзе прыйшла ў спартшколу, я нават не ведала, што такое акадэмічнае веславанне, як і большасць тых, хто сядзеў тады са мной у лодцы. (Дарэчы, гэта, магчыма, адзіны від спорту, у якім спартсмены фінішуюць спінай наперад.) Таму, безумоўна, галоўнае тут талент трэнера.

У адзіночцы мая першая перамога была ў 1989 годзе на юнацкіх спаборніцтвах. Потым быў чэмпіянат свету, на якім я ўзяла “золата” на адзіночцы — і гэта быў мой першы залаты медаль.

— Алімпійскае “золата” і “золата” чэмпіянату свету па адчуваннях розныя?

— На ўсіх афіцыйных спаборніцтвах дыстанцыя аднолькавая — 2000 метраў. Ды і сама гонка нічым не адрозніваецца. Адрозніваецца ўзровень адказнасці. На чэмпіянаце свету выступаеш больш за самога сябе, а на Алімпійскіх гульнях — найперш за гонар сваёй краіны. І гэтая надзвычайная адказнасць цісне. Асабліва тады, калі ты паказаў ужо добры вынік.

Дарэчы, перамогі ў Атланце ад мяне не чакалі. Я разлічвала трапіць у фінальную шасцёрку, спадзявалася на медаль, але на “золата” ні я, ні трэнеры не разлічвалі. А вось калі паехалі ў Сідней, груз адказнасці крыху ціснуў (смяецца), бо за плячамі было алімпійскае “золата” і першыя месцы на су­светных спаборніцтвах. Трэба было трымаць планку, і ў мяне гэта атрымалася.

— Двойчы за вашу кар’еру ўзнікала пытанне змены грамадзянства. Што было вырашальным у тым, што вы ўсё роўна працягвалі выступаць за Беларусь?

— Прапаноў было шмат, бо паспяховы спартсмен можа прынесці карысць любой краіне. Калі б мне ніхто не перашкаджаў, я ўвогуле б ніколі нават не задумвалася пра іншыя краіны.

Першы раз праблемы ўзніклі з-за канфлікту А.І.Квяткоўскага з галоўным трэнерам беларускай зборнай Уладзімірам Сінельшчыкавым. І мне сталі перашкаджаць трэніравацца. У юрысдыкцыі галоўнага трэнера былі ўсе рэсурсы: ён размяркоўваў лодкі, планаваў зборы, нават бензін на трэнерскі катар выдзяляў ён. Па толькі яму вядомых прычынах ён перашкаджаў нам трэніравацца. Від спорту мне падабаўся, і тут усё кідаць з-за нейкіх непаразуменняў, тым больш я была на піку формы і адчувала, што магу паказваць добрыя вынікі. Анатоль Іванавіч прапанаваў часова паехаць трэніравацца ў Расію, але я не хацела выступаць за чужую краіну. Аднак мы паехалі.

Пра канфлікт даведаўся тагачасны міністр спорту Уладзімір Рыжанкоў. Ён паабяцаў, што мне купяць лодку і Анатоль Іванавіч і далей будзе мяне трэніраваць, а Сінельшчыкаў не будзе мець ніякага дачынення да нашага трэніровачнага працэсу. Я з радасцю вярнулася са збораў з Расіі і стала трэніравацца з хлопцамі і далей выступаць за Беларусь, нягледзячы на тое што расіяне настойліва прапаноўвалі памяняць грамадзянства і выступаць пад расійскім сцягам.

Другі выпадак быў тады, калі я стала трэніравацца ў Германіі. Але галоўнай прычынай было іншае. Сям’я для мяне была на першым месцы, але і спорт я кідаць не збіралася, менш часу аддаваць яму не стала і працягвала трэніравацца. Нават чакаючы дзіця, я не спыніла трэніроўкі, і калі не магла садзіцца ў лодку, працягвала падтрымлі­ваць форму ў спартыўнай зале. Немцы паабяцалі мне ўсё, што трэба для трэніровак: і кватэру, і настаўніка нямецкай мовы, і трэнера (база па парным вясле знаходзілася ў Патсдаме). Умовай была змена грамадзянства, каб я магла выступаць на спаборніцтвах пад сцягам Германіі.

У адзін з візітаў на радзіму ў Міністэрстве спорту я даведалася, што магу трэніравацца ў Германіі і выступаць за Беларусь. Я была ўзрадавана і адмовілася ад таго, што напачатку мне прапаноўвалі немцы.

— З 2003 года вас трэніруе Норберт Ладэрман. У чым адрозненне нямецкага падыходу да работы са спартсменамі? Як удалося не трапіць у мельдоніевы скандал?

— У мінулым мілдранат (мельдоній) прымалі ледзь не ўсе спартсмены краін СНД, бо ён дзейнічае як кардыяпратэктар. І ў юнацтве я яго таксама піла. Я перастала прымаць гэты прэпарат задоўга да вядомага мельдоніевага скандалу. Пасля Алімпіяды ў Афінах (2004) Ладэрман, які на той час быў маім трэнерам, забараніў мне выкарыстоўваць любыя медыкаменты, запэўніўшы, што мой арганізм можа аднаўляцца за кошт збалансаванага і правільнага харчавання. У аптэцы я брала спецыяльныя энергетычныя напіткі і прэпараты магнію. З таго часу ніякіх парашкоў і капельніц не выкарыстоўвала. Калі была на абследаванні ў нашым спартыўным дыспансеры, урачы проста не верылі, што я дасягаю такіх вынікаў у спорце без выкарыстання медыкаментаў. Можа, і да гэтага часу не ве­раць, але гэта іх справа (смяецца).

У Германіі я трэніравалася ў Кёльне. А менавіта там знаходзіцца адна з лабараторый антыдопінгавага агенцтва (WADA), і таму яны часта да мяне наведваліся. Даходзіла да таго, што на ўсіх спартыўных спаборніцтвах я была ў ліку першых, каго выклікалі на допінг-кантроль. Часам было проста смешна. Звычайна на допінг правяраюць прызёраў, але пасля фінальнага заезду на Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанэйра, дзе я была пятай, мяне таксама выклікалі на паўторны аналіз. Але я заўсёды была ўпэўнена, што ў гэтым плане я абсалютна чыстая.

Безумоўна, важна мець і пастаянны кантроль за ўсім. На любых спаборніцтвах ежу спартсмены бяруць самі і ваду п’юць толькі з неадкрытых бутэлек. Нават на трэніроўках пітво, якое звычайна бярэш з сабой, аддаеш толькі трэнеру: ён пільнуе яго, пакуль я ў лодцы.

У мяне былі выпадкі, калі нядобразычліўцы спрабавалі сарваць выступленне. На адным з кубкаў свету, калі стала на старт, заўважыла, што нешта не так з лодкай, і спыніла заезд. Аказалася, што была адкручана адна гайка на вёсельным адводзе і вясло не грэбла так, як трэба. Калі б я гэтага не заўважыла на першых метрах заезду, добра б не выступіла. Зараз пасля таго, як прадстаўнік каманды праверыў лодку перад заездам, ён ад яе ўжо не адыходзіць ні на крок.

Першае алімпійскае “золата” суверэннай Беларусі (Атланта 1996 г.).

— У вас свая лодка ці, магчыма, іх некалькі?

— Пасля развалу СССР лодак у Беларусі амаль не было. У 1996 годзе Міністэрства спорту купіла мне адзіночку, але яна ж не вечная (смяецца). Калі спаборніцтвы праходзяць далёка, лодкі адпраўляюць раней і трэніравацца трэба на такой самай, каб яе адчуваць падчас заезду, таму часцей куплялі дзве аднолькавыя лодкі. Калі ў краіне былі праблемы з валютай, я нават звярталася да прэзідэнта і ён даваў указанне купіць мне лодку.

Таксама дапамагала фірма “Эмпахер” — адзін з найбуйнейшых вытворцаў лодак, пастаянна мяняючы мадэлі. Таксама прадстаўнікі фірмы “Філіпі” “вербавалі”, каб я трэніравалася і выступала на лодцы канкурэнта: для вытворцаў важна, каб лепшыя спартсмены выступалі менавіта на іх лодках.

— Як вы пазнаёміліся са сваім будучым мужам?

— З Вільфрыдам мы пазнаёміліся ў Брэсце падчас чарговых збораў. Там Уладзімір Паўлавіч Лакіза рыхтаваў да Алімпіяды мужчынскую чацвёрку і запрасіў свайго сябра Вільфрыда Карстэна пагасцяваць падчас збораў у Брэсце. Іх сяброўства пачалося з таго, што Вільфрыд дапамог нашым веслярам даставіць лодкі на спаборніцтвы ў Люцэрн (Швейцарыя): на тэрыторыі Германіі зламалася канструкцыя, на якой везлі лодкі, і Вільфрыд дапамог з транспартам і рамонтам.

Я была адзіная дзяўчына сярод хлопцаў і пасля трэніровак амаль заўсёды была адна. Вільфрыд прапанаваў сваю кампанію, стаў весяліць мяне. Ён тады па-руску ведаў усяго некалькі слоў, і нам напачатку прыхо­дзілася размаўляць праз слоўнік. З Анатолем Іванавічам мы навучылі Вільфрыда гуляць у дурня — гэтаму можна было навучыць і не ведаючы мовы (смяецца).

— А зараз муж рускую мову вывучыў?

— Ён вывучыў рускую раней, чым я нямецкую, нягледзячы на тое, што мы жылі ў Германіі. Нават калі нарадзілася дачка, мы да трох гадоў размаўлялі з ёй па-руску, а потым апомніліся, што дачцэ трэба будзе ісці вучыцца ў нямецкую школу, а нямецкай мовы яна не ведае. І з таго часу вершыкі і казкі я ёй чытала толькі па-нямецку. Сёння Аляксандра гаворыць і чытае па-руску, але нямецкая мова ў яе асноўная. Наша памылка ў тым, што з ранняга дзяцінства не выкарыстоўвалі ў зносінах абедзве мовы.

— Вільфрыд прасіў благаславення на шлюб не ў вашых бацькоў, а ў трэнера. Гэта праўда?

— Гэта так. Вільфрыд сапраўды прасіў благаславення ў Анатоля Іванавіча. Трэнер быў для мяне другім бацькам. А як інакш? Я паехала з дому 15-гадовай дзяўчынкай. І хаця ў Мінску на той момант у мяне жыла цётка, браты і сёстры, з інтэрната нас нікуды не адпускалі, таму трэнер стаў і татам, і мамай, выхоўваў нас і сачыў за намі, як за сваімі дзецьмі (смяецца).

Браты і сёстры былі супраць нашага шлюбу, бо ў нас з мужам вельмі вялікая розніца ва ўзросце — амаль 20 гадоў. Але апошняе слова было за бацькамі, і яны не былі супраць. Калі я паехала ў Германію, мне было 25.

У 1997 годзе, ужо носячы Аляксандру, выйграла чэмпіянат свету ў Савоі (Францыя). Родныя перажывалі, як я адна спраўлюся з дзіцем, але ўсё адужала, бо вельмі дапамагаў муж. У маі 1998 года нарадзіла дачку, а ў 1999 годзе выйграла чэмпіянат свету ў Канадзе. У гэты час вельмі дапамагала падтрымка з Беларусі: на працягу больш як трох гадоў на ўсе зборы і спаборніцтвы мы ездзілі ўсёй сям’ёй.

— Ваша дачка Аляксандра, таксама як і вы, хацела звязаць свой лёс з веславаннем. Чым яна займаецца зараз?

— Аляксандра спачатку займалася гандболам, таму што Вільфрыд і яго сястра займаліся гэтым відам спорту, пасля гуляла ў валейбол, а калі падрасла, пайшла на веславанне. У Германіі прынята так, што на спартыўныя спаборніцтвы дзяцей павінны вазіць менавіта бацькі, а спартыўны сезон у мяне і Аляксандры, вядома, супадаў. А паколькі Вільфрыд па ўсіх спаборніцтвах у Еўропе вазіў мяне на сваёй машыне, дачку не было каму вывозіць на трэніроўкі і спаборніцтвы. А што за спартсмен, калі ён не паказвае сябе на спаборніцтвах. Па гэтай прычыне і прый­шлося кінуць веславанне.

Зараз яна заканчвае вучыцца на медыя­дызайнера і працуе па будучай спецыяльнасці ў адным з вядомых футбольных клубаў Германіі.

— Любы спорт звязаны з траўмамі, не абышлі яны і вас.

— Спіна балела яшчэ з юнацтва — думала, што нават кіну займацца веславаннем, але Анатоль Іванавіч знайшоў добрага мануальнага тэрапеўта — Эдуарда Рагібавіча, які агледзеў мяне і забараніў выконваць практыкаванні са штангай, каб не нагру­жаць пазваночнік. Трэнер спачатку пагадзіўся з рэкамендацыяй, а потым усімі праўдамі і няпраўдамі прымушаў мяне выконваць практыкаванні на максімальную сілу. Я тады ўжо была замужам, і муж мяне падтрымліваў. Так стала больш працаваць на трэнажорах, але выключыла з трэніровак штангу. Дарэчы, калі стала трэніравацца ў Ладэрмана, адзначыла, што ў германскай школе рабоце са штангай таксама не ўдзяляецца столькі ўвагі, як у нас.

Так што гэта мяне ўратавала ад сур’ёзных траўм спіны, але былі іншыя траўмы, звязаныя з вялікімі нагрузкамі. Калі я ўпершыню зламала рабро, ніхто нават не мог пра гэта падумаць. Ну баліць спіна і баліць, але не настолькі, каб не даваць мне трэніравацца. Пасля Кубка Беларусі боль стаў больш моцным. Я вярнулася ў Германію (я жыла і зімой трэніравалася ў Германіі, а на зборы і перад спаборніцтвамі прыязджала ў Беларусь). Мяне адправілі на здымак, і там убачылі, што ў мяне зламана рабро каля самага пазваночніка (таму спіна і балела). Пры гэтым ніякіх механічных па­шкоджанняў не было: рабро зламалася ад нагрузак.

Гэта быў 2012 год — алімпійскі год, і мы не маглі дазволіць сабе яго прапусціць. Нашаму Міністэрству спорту нічога не сказалі — сталі даваць ашчадныя нагрузкі і паціху аднаўляцца. Прыйшлося прапусціць некаторыя спаборніцтвы, але на трэці этап Кубка свету я паехала і выйграла яго. Наперадзе быў алімпійскі Лондан.

На Алімпіяду, як і звычайна, мы прыехалі раней, каб можна было патрэніравацца на канале, дзе будуць праходзіць спаборніцтвы. Трэніруючыся, заўважыла, што на вяслярным канале вельмі моцныя бакавыя вятры, што ўскладняла выступленне. Яшчэ падчас трэніровак на вадзе паламанае рабро “разгулялася”. Боль стаў яшчэ большым. Мы спачатку звярнуліся да медыкаў у Ітане (весляры жылі там, бо спаборніцтвы па веславанні праходзілі ў вяслярным цэнтры Ітанскага каледжа), бо ніякіх медыкаментаў без дазволу выкарыстоўваць нельга. Мне зрабілі здымак і паведамілі, што ў мяне паламана 9-е рабро і трэснула 10-е. Дазволілі абязбольвальныя прэпараты, якія калолі мясцовыя ўрачы, а легендарны спартыўны ўрач нашай зборнай Валерый Іванавіч Бялан тэйпіраваў мяне ад пяткі да шыі. Але ў выніку выйшла ў фінальны заезд і ў фінале прыйшла пятай.

— Вы двойчы аб’яўлялі аб завяршэнні спартыўнай кар’еры. Чаму тады, у 2017 годзе, вярнуліся ў спорт?

— Паля Алімпійскіх гульняў у Рыа-дэ-Жанэйра (2016) з Ладэрманам не падпісалі далейшы кантракт, бо ў мяне там быў толькі восьмы вынік. Ды і я вырашыла, што займацца не буду. Але прайшоў адпачынак, і захацелася трэніравацца зноў. Ладэрман пагадзіўся распісаць мне план трэніровак, і я зімой трэніравалася самастойна. Было складана, бо ў маім узросце без масажыста ўжо ніяк. Але, прыехаўшы ў Брэст, выйграла Кубак Беларусі. Далей быў чэмпіянат Еўропы, дзе я была другой. Потым перыядычна выязджала на спаборніцтвы, рыхтавалася да алімпійскай кваліфікацыі ў адзіночцы, і тут — бац! — зноў забалела спіна. Урачы сказалі, што зноў паламана рабро. Далей трэніравацца ўжо было нельга. Так мая кар’ера скончылася за некалькі тыдняў да чэмпіянату свету. Да канца збораў я дабыла, але на вадзе ўжо не трэніравалася. Усе ў лодкі, а я ў трэнажорную залу. Іду па дарожцы і плачу: што рабіць далей і як жыць без спорту… Але аказалася, што і за межамі спорту таксама ёсць жыццё.

— У вас шмат хобі. Раскажыце пра іх, калі ласка.

— Калі я пачынала ў вялікім спорце, у нас пасля юніёраў мы адразу траплялі ў дарослую зборную — “маладзёжкі” да 23 гадоў не было. У зборнай СССР я была самая малая: усе былі старэйшыя за мяне амаль на 10 гадоў, і я не ведала, як да іх звяртацца — на ты ці на вы. І вось тады мяне навучылі вя­заць (тады я яшчэ паспрачалася са сваімі сёстрамі, што навучуся вязаць, а яны не верылі). Вязала ў час абавязковага адпачынку ці ўвечары (памятаю, як Анатоль Іванавіч падчас збораў у Азербайджане сядзеў у калідоры і пільнаваў, каб мы нікуды са сваіх пакояў не выходзілі).

Калі пазнаёмілася з мужам, спадабалася яго хобі — складваць пазлы. Так і сама стала збіраць іх. Самы вялікі пазл, які я сабрала, быў на 5 тысяч элементаў. Кветкамі таксама зацікавілася ў Германіі, але кожны год яны ў мяне гінулі, бо Аляксандра была яшчэ маленькай, а з маімі раз’ездамі паліваць іх не было каму.

— Чым займаецеся зараз?

— Сёння я працую ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскага рэзерву па веславанні старшым трэнерам па моладзі і юніёрах. Я не змаг­ла б працаваць трэнерам на катары, а тут у мяне крыху іншая работа. Вяду дакументацыю, выязджаю да дзяцей на наш вяслярны канал, каб нешта падказаць. Нядаўна разам з адной дзяўчынкай садзілася ў лодку, каб яна магла павучыцца правільнай тэхніцы.

— Якія адчуванні былі, калі зноў селі ў лодку?

— Прайшоў год, як я не сядзела ў лодцы. Адчуванні перадаць немагчыма. Было вельмі хвалююча зноў адчуць ход лодкі. Жаданне веславаць яшчэ не прапала…

Уладзімір ФАЛАЛЕЕЎ.
Фота з архіва Кацярыны Карстэн.