Выдатны вынік, карысны вопыт

- 11:39Навіны рэгіёнаў

Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства педагогаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2020”, які доўжыўся амаль год і, нарэшце, падвёў вынікі, для Гомельшчыны надзвычай плённы. Прарэктар па вучэбнай рабоце Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Блажко адзначае, што для Гомельшчыны два пераможцы ў фінале і тры лаўрэаты прэстыжнага конкурсу — лепшы вынік за ўсю гісторыю правядзення гэтага спаборніцтва педагогаў.

— У нашу каманду ўваходзіла восем чалавек. Двое з іх сталі пераможцамі фіналу: Вадзім Лосеў, настаўнік геаграфіі сярэдняй школы № 19 Гомеля — у намінацыі “Геаграфія, гісторыя, грамадазнаўства” і Марына Капцэвіч, настаўніца біялогіі гомельскай сярэдняй школы № 8 — у намінацыі “Хімія, біялогія”. Ксенія Носка з ясляў-сада № 1 Ельска стала лаўрэатам І ступені ў намінацыі “Выхавальнік дашкольнай адукацыі”, а Наталля Смарцэлава — у намінацыі “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура”. Дыплом лаўрэата ІІ ступені — у настаўніка працоўнага навучання з Рагачоўскага раёна Аляксандра Атрохава, — адзначыла В.Блажко.

Фіналісы на працягу 10 дзён праходзілі выпрабаванні. У сценах сталічных устаноў адукацыі праводзіліся конкурсныя ўрокі, у Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце — майстар-класы і ў Акадэміі паслядыпломнай адукацыі — псіхалагічнае і педагагічнае тэсціраванне.

— З самага першага конкурсу нашу дружную каманду актыўна падтрымліваў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Руслан Смірноў, — адзначае Вольга Аляксандраўна. — Ён разам з кіраўнікамі раённых аддзелаў адукацыі, чые прадстаўнікі выйшлі ў фінал, хварэлі за нашых настаўнікаў і ў Мінску падчас суперфіналу.

Удзельнікі суперфіналу выкарыстоўвалі актыўныя метады і формы навучання, інфармацыйныя тэхналогіі, гаджэты, інтэрактыў. Адным словам, было на што паглядзець. Усе конкурсныя ўрокі фіналістаў былі зняты на відэа, як і іх майстар-класы. Пасля апрацоўкі яны будуць даступныя для ўсіх педагогаў, у тым ліку і для студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей.

Такім чынам калегі змогуць на свае вочы ўбачыць і ацаніць напрацоўкі маладога гомельскага географа Вадзіма Лосева, які стаў пераможцам конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года — 2020”.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.