Рэспубліканскі семінар па падрыхтоўцы і правядзенні Міжнароднага анлайн-конкурсу па інфарматыцы і вылічальнай логіцы Bebras прайшоў днямі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. У ім прынялі ўдзел першы прарэктар універсітэта Максім Давыдаў, прарэктар па вучэбнай рабоце Віктар Рыбак і іншыя. Каардынатар семінара — кафедра інжынернай псіхалогіі і эрганомікі ФКП.
На мерапрыемства былі запрошаны спецыялісты з усіх рэгіёнаў Беларусі: настаўнікі сярэдніх школ, ліцэяў і гімназій, метадысты раённых вучэбна-метадычных кабінетаў, спецыялісты рэгіянальных інстытутаў развіцця адукацыі, адным словам, усе тыя, хто зрабіў значны ўклад у развіццё гэтага інтэлектуальнага руху ў нашай краіне. Сярод удзельнікаў семінара — педагогі з глыбінкі: настаўніца інфарматыкі Дараганаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Галіна Кірылюк, настаўніца фізікі і інфарматыкі Александрыйскай сярэдняй школы Шклоўскага раёна Жанна Карпіна, настаўніца інфарматыкі і матэматыкі Баранькоўскага дзіцячага сада — базавай школы Касцюковіцкага раёна Людміла Банная, настаўнік інфарматыкі Столінскай дзяржаўнай гімназіі Васіль Палхоўскі і іншыя. Дарэчы, усе запрошаныя госці былі ўзнагароджаны граматамі БДУІР і падарункамі.
Міжнароднаму конкурсу Bebras у Беларусі споўнілася 5 гадоў. Гэта яго першы юбілей. Пачынаючы з 2015 года і да цяперашняга часу конкурс з’яўляецца маштабным і папулярным інтэлектуальным анлайн-спаборніцтвам у нашай краіне. Ён праводзіцца з мэтай стварэння ўмоў для развіцця інтэлектуальных здольнасцей дзяцей і навучэнскай моладзі, іх самавыяўлення і самарэалізацыі, папулярызацыі інфарматыкі, вывучэння асноў алгарытмізацыі, логікі, камп’ютарнай тэхнікі і літаратуры па гэтых напрамках, павышэння інфармацыйнай культуры навучэнцаў, укаранення адукацыйных інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.
У 2017 годзе БДУІР быў прызнаны нацыянальным каардынатарам Міжнароднага анлайн-конкурсу па інфарматыцы і вылічальнай логіцы Bebras у Беларусі. Спаборніцтвы лічацца цалкам камп’ютарызаванымі, арганізуюцца і праводзяцца кожнай краінай асобна праз інтэрнэт у рэжыме анлайн. Арганізацыя конкурсу ў рэгіёнах ажыццяўляецца як праз рэгіянальных прадстаўнікоў, так і напрамую праз сувязь школьных арганізатараў з аргкамітэтам конкурсу.
Па словах нацыянальнага каардынатара праекта, дацэнта кафедры інжынернай псіхалогіі і эрганомікі БДУІР Ірыны Кірыновіч, разам з рэгіёнамі краіны ўніверсітэт робіць вельмі важную і патрэбную справу. “Мы з’яўляемся прапагандыстамі інфарматыкі. Конкурс дазваляе выклікаць у навучэнцаў цікавасць да інфарматыкі і інфармацыйных тэхналогій, развіваць у іх алгарытмічнае, лагічнае і працэдурнае мысленне”, — падкрэсліла Ірына Фёдараўна. — Конкурс з’яўляецца складаным як арганізацыйна, так і тэхнічна. Таму педагогі, якія прыцягваюць да гэтых спаборніцтваў як мага больш навучэнцаў, з’яўляюцца сапраўднымі энтузіястамі сваёй справы і выклікаюць павагу. У мінулым годзе шмат школьнікаў з сельскіх школ былі адзначаны дыпломамі Bebras. Гэта выклікае радасць і гордасць за дзяцей. Міжнародны анлайн-конкурс дазваляе стварыць роўныя магчымасці для развіцця, самарэалізацыі кожнага навучэнца без папярэдняга і наступнага адбору”.
Міжнародная сетка конкурсу налічвае каля 70 дзяржаў. Беларусь па колькасці ўдзельнікаў займае лідзіруючыя пазіцыі. За пяць гадоў іх колькасць вырасла больш чым у 3,5 разу. У мінулым годзе ў гэтых спаборніцтвах прынялі ўдзел 176 492 удзельнікі, што сведчыць пра тое, што конкурс карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод навучэнцаў і цікавасць да яго з кожным годам узрастае. Дарэчы, нашы вучні выступаюць даволі паспяхова. На сусветнай арэне ў Беларусі пяты вынік пасля Індыі, Англіі, Германіі і Францыі.
На семінары адзначалася, што ўніверсітэт не спыніўся на дасягнутым і ў 2020 годзе заснаваў адкрыты анлайн-конкурс БДУІР па інфарматыцы і вылічальнай логіцы HotCode (гарачы код) для выпускнікоў 11 класаў, якія перамаглі ў конкурсе Bebras і ўдастоены дыпломаў І і II ступені.
Конкурс HotCode праводзіўся ў два этапы: першы — завочны (адборачны) — у сакавіку, другі — вочны (заключны) — у маі. У бягучым годзе з-за пандэміі (у парадку выключэння) вочны этап конкурсу быў праведзены завочна. 39 удзельнікаў сталі пераможцамі і ўдастоены дыпломаў (6 чалавек — I ступені, 10 — II ступені і 23 — ІІІ ступені). Так, уладальнікамі дыпломаў І ступені сталі навучэнец Мазырскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Кірыл Шылянок (настаўнік Сяргей Дамасевіч), навучэнка Брэсцкага абласнога ліцэя імя Пятра Машэрава Кацярына Казінская (настаўнік Марына Садзілава), навучэнец сярэдняй школы № 16 Ліды Даніла Беражной (настаўніца Людміла Шалявер), навучэнец гімназіі Асіповіч Іван Бобр (настаўніца Наталля Громава), навучэнец сярэдняй школы № 12 Наваполацка Максім Бераснеў (настаўніца Людміла Медзель) і навучэнец сярэдняй школы № 31 Гомеля Сямён Кушнарэнка (настаўнік Ігар Пешкун). 30% пераможцаў паступілі на розныя факультэты БДУІР, у тым ліку ФКП, ФІТК, КСіС і інш. Гэта вельмі здольная моладзь, гатовая вырашаць самыя складаныя і нестандартныя задачы.
Удзельнікі мерапрыемства абмеркавалі і асаблівасці правядзення конкурсу Bebras сёлета. Ён пройдзе з 9 па 21 лістапада. У гэтых спаборніцтвах могуць прыняць удзел усе жадаючыя навучэнцы сярэдніх школ з 1 па 11 класы, навучэнцы I і II курсаў прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі, якія паступілі на базе базавай адукацыі. Пачалася анлайн-рэгістрацыя.
Спаборніцтвы будуць праводзіцца для пяці ўзроставых груп навучэнцаў: 1—3, 4—5, 6—7, 8—9 і 10—11 класы. Удзельнікам конкурсу будуць прапанаваныя заданні, складзеныя на аснове міжнароднага банка задач, зацверджаных на штогадовай міжнароднай канферэнцыі супольнасці BEBRAS. Працягласць раўнда спаборніцтваў складае 40 мінут. Вынікі конкурсу будуць падведзены не пазней чым 20 снежня. Яго пераможцаў чакаюць дыпломы.
Наталля КАЛЯДЗІЧ.