У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы адкрылі новыя праграмы магістратуры для студэнтаў з Кітая.
Днямі рады Купалаўскага ўніверсітэта папоўнілі сто магістрантаў, якія будуць вучыцца па спецыяльнасцях “Адукацыйны менеджмент”, “Эканоміка” і “Фінансы”. Рэалізаваны праект дзякуючы дагавору аб супрацоўніцтве паміж ГрДУ імя Янкі Купалы і Фондам падтрымкі навучання і развіцця таленавітых студэнтаў Кітайскай Народнай Рэспублікі. Падчас відэаканферэнцыі бакі абвясцілі аб пачатку адукацыйнай праграмы.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў відэаканферэнцыі звярнулася рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, падкрэсліўшы, што дасягнутыя дамоўленасці падчас візіту ў Гродна прадстаўнікоў Фонду па падтрымцы таленавітай моладзі КНР далі значныя вынікі.
На сённяшні дзень у ГрДУ імя Янкі Купалы вучыцца больш за 900 студэнтаў з 28 краін свету, з іх да гэтага часу з Кітая было 112, з адкрыццём новай адукацыйнай праграмы — больш за 200.
— Яшчэ некалькі гадоў назад у нас было 20 кітайскіх студэнтаў, а пачыналі ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя з аднаго, — расказала Ірына Кітурка. — Сёння дзейнічае 7 дагавораў паміж нашым універсітэтам і кітайскімі ўстановамі вышэйшай адукацыі. Мы ганарымся тым, што за апошнія гады наша супрацоўніцтва з Кітаем стала рознабаковым, мае шмат кірункаў. Акрамя праграм акадэмічнай мабільнасці, рэалізуюцца і праграмы сумеснага навучання, выпускнікі атрымліваюць дыпломы адразу дзвюх устаноў адукацыі.
Навучанне магістрантаў прадугледжвае вочную форму. Аднак улічваючы эпідэмічную сітуацыю ў свеце, прынята рашэнне часова праводзіць заняткі ў анлайн-рэжыме. ГрДУ для гэтага мае і магчымасці, і вопыт правядзення такіх лекцый. Яшчэ вясной пераканаліся, што ва ўстанове адукацыі ёсць усе тэхнічныя сродкі і вучэбна-метадычныя магчымасці. Таму ўпэўнены, што старт у анлайн-рэжыме апраўданы і дасць свае вынікі. Як толькі стане магчыма, купалаўцы чакаюць кітайскіх магістрантаў у сценах свайго ўніверсітэта.
— Мы да гэтага ішлі мэтанакіравана і разумеем, што з кожным годам растуць экспарт адукацыйных паслуг, прывабнасць нацыянальнай беларускай адукацыі, увогуле ў краіне павялічваецца колькасць замежных студэнтаў, — падкрэсліла рэктар ГрДУ. — Мы першымі ў Беларусі сярод устаноў вышэйшай адукацыі прынялі стратэгію інтэрнацыяналізацыі. Працуем над фарміраваннем канкурэнтных пераваг нашага ўніверсітэта. Некалькі гадоў назад заявілі праект “Англамоўны ўніверсітэт” і працуем над тым, каб павышаць узровень кампетэнтнасці нашых выкладчыкаў у валоданні замежнымі мовамі. Пачыналі з выкладання адной спецыяльнасці на англійскай мове, цяпер іх 16. Стварылі адукацыйны партал на англійскай мове.
Навучанне магістрантаў таксама будзе весціся на англійскай мове. А да трох новых спецыяльнасцей у хуткім часе дабавяцца яшчэ тры. Ужо ў гэтым месяцы кітайскія магістранты пачнуць займацца па такіх спецыяльнасцях, як “Псіхалогія”, “Правазнаўства” і “Літаратуразнаўства”.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.