Удзел у Карскіх чытаннях — гонар для лінгвістаў

- 10:56Адукацыйныя праекты

XV Міжнародныя Карскія чытанні “Славянскі свет і нацыянальная моўная культура ў сучаснай камунікацыі” прайшлі ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.

Міжнародны навуковы форум у анлайн-фармаце сабраў больш за 120 удзельнікаў з Беларусі, Польшчы, Расіі і Украіны. Сёлета ён быў прымеркаваны да 160-годдзя выдатнага вучонага-славіста, этнографа, даследчыка мовы, літаратуры і культуры беларускага народа, акадэміка Пецярбургскай акадэміі навук, аўтара працы “Беларусы” Яўхіма Фёдаравіча Карскага, а таксама да 80-годдзя ГрДУ імя Янкі Купалы і філалагічнага факультэта, які ў свой час выступіў ініцыятарам правядзення Карскіх чытанняў. З 2016 года арганізатарам навуковага форуму з’яўляецца калектыў кафедры журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Купалаўскага ўніверсітэта.

Напярэдадні правядзення XV Карскіх чытанняў быў выдадзены двухтомны зборнік навуковых прац, у які ўвайшоў нарыс ідэйнага натхняльніка форуму, прафесара Марыі Канюшкевіч “Карскія чытанні скрозь прызму часу і памяці”, а таксама “Поўная бібліяграфія работ пра акадэміка Я.Ф.Карскага”, падрыхтаваная яго праўнукам Аляксандрам Карскім. Акрамя таго, пры падтрымцы навуковай бібліятэкі УВА была створана база зборнікаў навуковых артыкулаў і зборнікаў матэрыялаў Карскіх чытанняў з 1991 года і да нашых дзён.

— Наша канферэнцыя ўнікальная, яна нас шмат чаму вучыць, у тым ліку дзякуючы генію Яўхіма Фёдаравіча Карскага, — адзначыла, звяртаючыся да ўдзельнікаў, дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму ГрДУ імя Янкі Купалы Тамара Піваварчык. — Карскія чытанні паклалі пачатак шматлікім навуковым праектам.

З прывітальным словам да ­ўдзельнікаў Карскіх чытанняў звярнуўся прарэктар па навуковай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі:

— Карскія чытанні ўжо сталі брэндам нашага ўніверсітэта. Вельмі прыемна, што сёння на анлайн-пляцоўцы разам з намі праўнук Я.Ф.Карскага — Аляксандр Аляксандравіч Карскі. У рабоце канферэнцыі прыма­юць удзел не толькі мэтры: актыўна далучаецца моладзь. Прыцягненне маладых даследчыкаў, навукоўцаў дае нам права гаварыць пра тое, што мы не спынімся на дасягнутым.

Дырэктар навуковай біблія­тэкі ГрДУ Мікалай Грынько падкрэсліў, што адна з задач, якія павінны стаяць перад беларускай навуковай грамадскасцю і гара­дзенцамі ў прыватнасці, — захаванне памяці аб нашым слаўным земляку.

 — Яркім прыкладам папулярызацыі спадчыны акадэміка Карскага з’яўляюцца Карскія чытанні, якія за трыццаць гадоў сталі адным з самых аўтарытэтных навуковых форумаў, што ладзяць купалаўцы. Прыняць удзел у Карскіх чытаннях — гонар для многіх лінгвістаў, літаратуразнаўцаў, гісторыкаў. Мець публікацыю ў зборніку навуковых артыкулаў па выніках канферэнцыі — адзнака якасці навуковага матэрыялу. Да зборнікаў актыўна звяртаюцца карыстальнікі навуковай бібліятэкі, што сведчыць аб актуальнасці матэрыялу. Менавіта таму і з’явілася ідэя стварыць электронную базу Карскіх чытанняў, з якой можа азнаёміцца кожны з удзельнікаў канферэнцыі, — расказаў Мікалай Грынько.

У сваім выступленні ініцыятар і стваральнік Карскіх чытанняў прафесар Марыя Канюшкевіч спынілася на іх значнасці для навукі і грамадства ўвогуле, выхаваўчым і ідэалагічным патэнцыяле.

— З 45 маіх гадоў у Гродзенскім універсітэце 30 былі звязаны з арганізацыяй і правя­дзеннем чытанняў. Гэта была не толькі арганізацыйная дзей­насць, а пастаянная сур’ёзная вучоба — у Я.Ф.Карскага, у навукоўцаў — ­удзельнікаў чытанняў, у маіх калег, кіраўніцтва ўніверсітэта. Гэта было набыццё вопыту і рост, — прызналася Марыя Канюшкевіч.

Як падкрэсліла прафесар, галоўнае дасягненне Карскіх чытанняў — узмацненне і пашырэнне ўвагі айчынных і замежных лінгвістаў да навуковай спадчыны і асобы акадэміка Я.Ф.Карскага, далучэнне да яго навуковай школы, запатрабаванасць яго прац, прачытанне іх з пазіцый сучаснай навуковай парадыгмы і перакананасць у актуальнасці многіх яго палажэнняў. З кожнай такой канферэнцыяй адкрывалася новая грань асобы Я.Ф.Карскага як вучонага з найшырэйшым дыяпазонам дзейнасці і як чалавека-па­дзвіжніка.

Так склалася, што кожныя Карскія чытанні мелі сваю адметнасць. Сёлета гэта прэзентацыя кнігі “Акадэмік Я.Ф.Карскі. Біяграфія”, напісанай праўнукам акадэміка, архівістам і пісьменнікам А.А.Карскім.

— Безумоўна, кніга б з’явілася і без Карскіх чытанняў, яна рыхтавалася не адзін год, але ўдзел А.А.Карскага ў чытаннях, яго прыезды ў Беларусь і ва Украіну, знаёмства з асвятленнем, ацэнкай і развіццём навуковай спадчыны Яўхіма Фёдаравіча ў дакладах удзельнікаў чытанняў, несумненна, былі карысныя яму ў рабоце над кнігай. Чытанні фактычна стварылі бібліяграфічную і навуковую карскіяну, — адзначыла Марыя Канюшкевіч.

Прафесар дала падрабязную рэцэнзію на кнігу. У прыватнасці, яна падкрэсліла: “Аўтар з-за сціпласці назваў сваё выданне навукова-папулярным, але гэта сапраўды навуковае выданне. Нам вядома навуковае крэда акадэміка Я.Ф.Карскага — “давяраць толькі фактам і даказваць толькі фактамі”. Такога ж прынцыпу прытрымліваецца і аўтар “Біяграфіі”: кожная падзея, кожны крок, дзеянне пацвярджаюцца спасылкай. Па доказнасці фактаў, па фундаментальнасці падыходаў у даследаванні, па навуковай сумленнасці праўнук — годны пераемнік Яўхіма Фёдаравіча. Не буду гаварыць аб выключнай каштоўнасці і навізне інфармацыі, не буду разглядаць дзіўную па дакладнасці, выразнасці і этычнасці мову, вы пераканаецеся ў гэтым самі, прачытаўшы кнігу. Хачу сказаць аб велізарным выхаваўчым патэнцыяле кнігі для сённяшніх чытачоў: даследчыкаў, настаўнікаў, студэнтаў”.

Спадчына вялікага сына беларускай зямлі будзе і далей даследавацца, вывучацца, пераймацца. Карскія чытанні і ў наступныя гады не страцяць цікавасць з боку навукоўцаў, даследчыкаў, студэнтаў.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара
.