Каля 980 юных талентаў — такая колькасць адораных навучэнцаў з усёй вобласці сабралася на гэтым тыдні ў Магілёве. У горадзе на Дняпры, як і ў шэрагу іншых рэгіёнаў краіны, праходзіў трэці этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Сёлета ўдзельнікі спаборнічалі за званне лепшага па васямнаццаці вучэбных дысцыплінах.
Дастаткова вялікую колькасць удзельнікаў сабралі абласныя алімпіяды па фізіцы і астраноміі. Каб прадэманстраваць свае веды, у Магілёў прыехалі 73 аматары фізікі і 24 прыхільнікі астраноміі. Для іх былі падрыхтаваны разнастайныя заданні. Як высветлілася, яны былі не з лёгкіх. Тым не менш юныя інтэлектуалы паказалі нядрэнныя вынікі.
Паводле слоў старшыні журы абласной алімпіяды па фізіцы, дацэнта кафедры педагогікі і псіхалогіі Магілёўскага дзяржаўнага абласнога інстытута развіцця адукацыі, кандыдата фізіка-матэматычных навук Л.Я.Старавойтава, тэматыка заданняў не выходзіла за межы школьнай праграмы, але структура іх была іншай.
— Гэта былі задачы больш складанага зместу, чым тыя, якія даюцца на ўроках. Для іх рашэння трэба было паразважаць. Нягледзячы на тое, што ўсе заданні — гэта нестандартныя задачы школьнага курса фізікі, не ўсе ўдзельнікі змаглі з імі справіцца. Наогул, тэорыя сёлета далася ўдзельнікам лепш, чым практычны тур. Гэта гаворыць аб тым, што сёння на школьных уроках не заўсёды хапае эксперыментальнай практыкі. А без эксперыментаў няма творчасці, гэта аснова творчага мыслення. Лепшыя веды зараз прадэманстравалі навучэнцы ліцэяў і гімназій. Але гэта не паказчык. Бо, напрыклад, сярод адзінаццацікласнікаў выдатна праявіў сябе прадстаўнік сельскай Ціманаўскай сярэдняй школы з Клімавіцкага раёна. Адметна таксама, што ў абсалютных лідарах сёлета апынуліся дзяўчаты, — паведаміў Леанід Яўгенавіч.
Заданні на Абласной алімпіядзе па фізіцы не былі стандартнымі, але рашаць іх удзельнікам было вельмі цікава.
— Для мяне заданні не былі вельмі складанымі. Напэўна таму, што фізікай я захапляюся даволі даўно. Цікавасць да гэтай дакладнай навукі прывілі бацькі. Тата ў мяне — фізік, мама — інфарматык. У алімпіядным руху я не пачатковец. Лічу, што падчас алімпіяды ўсё залежыць ад самога вучня. Нават складаная на першы погляд задача можа аказацца простай, калі разабрацца ў яе сутнасці. Спадзяюся, што мне ўдалося паспяхова справіцца з заданнямі. Я імкнулася выйсці ў лідары, бо з фізікай планую звязаць будучую прафесійную дзейнасць, — расказала навучэнка Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Аліна Радзюкевіч.
Не менш цікавыя заданні чакалі ўдзельнікаў абласной алімпіяды па астраноміі. На тэарэтычным туры навучэнцы рашалі задачы па вельмі шырокім коле ведаў па гэтай навуцы. Заданні былі звязаны з усімі раздзеламі астраноміі: сузор’і, рух планет і іншых касмічных цел, будова сусвету. На практычным туры ўдзельнікам было прапанавана заданне, звязанае са сляпой картай зорнага неба. Былі задачы пра жыццё зорак, на вымярэнне рэліктавага выпраменьвання пры нараджэнні сусвету і інш.
— Заданні былі даступныя. Але для паспяховага выступлення ўдзельнікам неабходна было не баяцца свабодна думаць, умець аналізаваць, прымяняць творчы падыход. Нямала залежала і ад трываласці ведаў. У некаторых задачах ведання толькі школьнага курса астраноміі было недастаткова, — адзначыў старшыня журы Абласной алімпіяды па астраноміі настаўнік фізікі і астраноміі сярэдняй школы № 8 Крычава А.В.Краўчанка.
У навучэнца ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Аляксея Баярава заданні не выклікалі складанасцей. На яго думку, алімпіядныя задачы не цяжкія, а хутчэй нетыповыя.
— Я з 6 класа захапіўся астраноміяй. Гэтую цікавасць заўважыў мой настаўнік Аляксандр Георгіевіч Сугакевіч. Дзякуючы яму, я і стаў удзельнічаць у алімпіядах. Сёлета дбайна рыхтаваўся. Рэгулярна сустракаўся са сваім педагогам, шмат займаўся самастойна. Мяркую, што з заданнямі справіўся добра. Хоць і былі ў іх нечаканасці. Напрыклад, элементы фізікі. Прычым тыя, якія па школьнай праграме мы яшчэ не праходзілі. Але ў такія моманты галоўнае — не разгубіцца. У мяне гэта атрымалася і як вынік — я першы ў рэйтынгу па колькасці набраных балаў, — падзяліўся сваёй радасцю Аляксей.
Добрая падрыхтоўка і трывалыя веды ўдзельнікаў абласных алімпіяд па фізіцы і астраноміі былі ў поўнай меры адзначаны. Пераможнымі дыпломамі ўзнагародзілі 44 навучэнцаў.
Уладальнікамі дыпломаў І ступені па астраноміі сталі навучэнцы ліцэя Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Аляксей Баяраў і Ганна Сцяпанчыкава. А ў веданні фізікі не было роўных вучню Ціманаўскай сярэдняй школы Клімавіцкага раёна Сцяпану Бульбянкову, навучэнцам Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 1 Валянціну Красоўскаму і Аліне Шаршнёвай, вучням сярэдняй школы № 21 Магілёва Івану Новікаву і Лізавеце Кардымон, навучэнцу Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Даніілу Радамовічу.
Трэці этап рэспубліканскай алімпіяды на Магілёўшчыне завяршыўся. Усяго па васямнаццаці вучэбных прадметах прызавыя дыпломы атрымалі звыш чатырохсот адораных навучэнцаў.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота аўтара.






