У дзяцінстве Юлія Навашынская спрабавала займацца плаваннем, дзюдо, танцамі, але застацца там надоўга перашкаджалі розныя акалічнасці. З шатакан каратэ-до саюз атрымаўся трывалым. Аднакласніца Оля Вількіна заўважыла Юлю на школьных спаборніцтвах і паклікала на трэніроўкі. З часам каратэ стала для дзяўчынкі большым, чым проста заняткамі ў аб’яднанні па інтарэсах.
Барацьба за “Снікерс”
“На спаборніцтвах у школе па падцягванні жаночым спосабам я заняла 1-е месца — падцягнулася 74 разы. Настаўнік сказаў: “Больш не трэба, ніхто столькі не зробіць”, хоць я магла яшчэ. 2-е месца заняла Оля Вількіна. Якраз тады яна мяне заўважыла і запрасіла займацца каратэ ў секцыю, дзе трэніравалі яе бацькі — Андрэй Якаўлевіч Вількін і Святлана Барысаўна Вількіна. Я пагадзілася, і, як аказалася, надоўга”, — расказвае педагог Палаца дзяцей і моладзі “Золак” Мінска Юлія Навашынская.
Атмасфера на занятках была прыязная, добразычлівая, што асабліва прыцягвала пяцікласніцу. Яна пагружалася ў іншы свет, дзе атрымлівала асалоду ад усяго, нават ад цяжкіх фізічных нагрузак.
У каратэ існуюць чатыры стылі: шатакан, годзю-ру, шата-ру і вада-ру. Яны падобныя кумітэ — спарынгам, калі два чалавекі спаборнічаюць паміж сабой. А адрозніваюцца ката. Ката — гэта зашыфраваныя прыёмы каратэ, якія ты робіш адзін. Іх трэба выконваць максімальна хутка, рэзка, з сілай, з канцэнтрацыяй увагі. У шатакан каратэ-до ката адрозніваецца пазіцыямі: яны больш магутныя і нізкія. Каб іх выконваць, трэба мець моцныя ногі.
Першымі спаборніцтвамі для Юліі сталі ўнутраныя, у групе. Яна запомніла іх, па-першае, таму што выйграла нават у хлопчыкаў. А па-другое, таму што ў якасці прыза атрымала “Снікерс”. Гэта замежная шакаладка тады па каштоўнасці магла параўнацца з медалём на чэмпіянаце краіны — усе дзеці за яе змагаліся.
Бывалі і горкія моманты ў кар’еры дзяўчыны. Аднойчы Юлія кінула каратэ: стала складана і неяк ахапіла лянота. “Я адразу знайшла ў сябе мноства захворванняў, сто прычын, чаму не магу займацца. Паўгода сядзела дома, зразумела, што па вучобе не падцягваюся, проста больш часу праводжу каля тэлевізара. Здаецца, ты перастанеш займацца — з’явіцца столькі часу, станеш выдатнікам. Але нічога не адбываецца, гэты час хутка запаўняецца іншым, не вельмі карысным, таму я вярнулася. Зноў прачнулася цікавасць, і думкі сысці ўжо не ўзнікалі”.
Токіа — горад будучыні
Пасля школы Юлія паступіла ў БНТУ. У многім на выбар паўплывалі магчымасці, якія прапаноўваў універсітэт. Спартсменцы дапамагалі фінансава, спансіравалі яе на спаборніцтвах. Дзякуючы гэтай падтрымцы, Юлія пабывала ў мностве краін і гарадоў. Больш за ўсё ёй запомніўся Токіа, які яна наведала ў 1999 годзе. “Трэнер заўсёды стараўся арганізаваць нам экскурсію, каб ва ўспамінах засталіся не толькі спаборніцтвы. У Токіа мяне ўразіў узровень развіцця. Тады ў нас толькі з’явіліся вялізныя трубкі, першыя мабільныя тэлефоны, а там у кожнага дзіцяці была каляровая “раскладушка”. У Токіа ўсё вельмі пунктуальна. Напісана на станцыі, што цягнік прыязджае ў 12:31, значыць, так і будзе. Людзі вельмі выхаваныя. Дзверы цягніка адчыняюцца — ніхто не штурхаецца, усе заходзяць па чарзе, у якой стаялі. Калі не змясціўся, чакаеш наступнага транспарту. Мы папрасілі дапамогі, не ведалі, куды ісці, дык чалавек прапусціў свой цягнік (а ў яго разбежка паўгадзіны — гадзіна), каб адвесці нас да патрэбнага месца”.
Ва ўніверсітэце Юлія займалася 6 разоў на тыдзень, прычым у дзень магло быць па 2—3 трэніроўкі. Гэта 3—4,5 гадзіны работы. Такія ўкладанні прынеслі вынікі: 4 перамогі на чэмпіянатах свету, 5 перамог на чэмпіянатах Еўропы, званне майстра спорту Рэспублікі Беларусь. Практычна ўсе гэтыя высокія ўзнагароды спартсменка заваявала, выступаючы ў камандным ката, калі тры чалавекі сінхронна выконваюць комплекс рухаў. У юніёрскай камандзе партнёрамі Юліі былі Вольга Вількіна і Таццяна Сіняўская, у дарослым — Вольга і Святлана Вількіны. “У камандзе рыхтавацца складана, таму што табе трэба не толькі зрабіць комплекс, але і выпрацаваць пачуццё партнёраў, каб выступаць сінхронна. І адказнасць трайная. Калі ты памыліўся, гэта паўплывае на вынік усіх. У асабістым ката лягчэй выступаць псіхалагічна, але дасягнуць выніку складаней, таму што канкурэнцыя там большая”.
Пасля БНТУ спартсменка паступіла ў БДПУ імя Максіма Танка на педагога-псіхолага і атрымала другую вышэйшую адукацыю. Яшчэ ў школе Юлія дапамагала праводзіць заняткі сваім настаўнікам па каратэ і бачыла, што ў яе атрымліваецца данесці людзям інфармацыю. Да таго ж ёй падабалася прыдумваць новыя практыкаванні. Усё разам вылілася ў жаданне стаць трэнерам. Для гэтага трэба было атрымаць або спартыўную, або педагагічную адукацыю.
“Заходзьце, вас бяруць”
“Я скончыла ўніверсітэт і адразу ж уладкавалася ў “Золак”. Людзі, якія са мной вучыліся, былі ўжо даволі дарослымі і параілі падысці ў Палац дзяцей і моладзі свайго раёна, каб даведацца наконт работы. Так атрымалася, што я пайшла ў свой дзень нараджэння, 18 сакавіка. Пакуль чакала дырэктара, разгаварылася з жанчынай у калідоры, але не ведала, хто гэта. Расказала ёй пра сябе, свае дасягненні і адукацыю. Яна зайшла ў кабінет дырэктара, выйшла і гаворыць: “Заходзьце, вас бяруць”. Аказалася, гэта была Марына Мікалаеўна Касцюкевіч, у той час — старшыня прафкама палаца”.
У Юліі Аляксандраўны свой клуб “Айсберг” па шатакан каратэ-до на базе “Золака”. У ім займаюцца дзеці ад 4 да 17 гадоў. Дарэчы, выхаванка педагога з першага набору Настасся Ждановіч зараз таксама трэніруе дзяцей у палацы.
Заняткі праходзяць 3 разы на тыдзень па 2 гадзіны, у самых маленькіх — па гадзіне. У малодшай групе галоўнае — развіць увагу, каб дзеці слухалі педагога, таму што іх канцэнтрацыі хапае на 5—7 мінут. Выхаванцы атрымліваюць агульнафізічную падрыхтоўку, выконваюць спецыяльныя фізічныя практыкаванні, акрабатычныя элементы, займаюцца каратэ і гуляюць у рухавыя гульні. Спецыяльныя практыкаванні — гэта практыкаванні на развіццё хуткасных якасцей (бег з рознымі заданнямі), манеўранасці (пераскочыць прадмет, пераскочыць з аднаго на іншы), рэакцыі (выхапіць прадмет) і інш. Акрабатычныя элементы — стандартны набор, каб развіць каардынацыю рухаў: групоўка, кулёк, масток, кошык і г.д. Каратэ — навучанне комплексам ката. “Каратэ даступна для ўсіх. Няхай чалавек не будзе паказваць высокіх вынікаў, але на занятках ён разняволіцца, раскрыецца, яму стане камфортна. Мы адно аднаго не крыўдзім, не абражаем, мы — сям’я. На маіх дзіцячых трэніроўках было менавіта так. Хочацца стварыць падобную атмасферу, каб выхаванцы адчувалі сябе, як я калісьці”, — гаворыць Юлія Аляксандраўна.
Дзеці правяраюць свой узровень на ўнутраных спаборніцтвах для самых маленькіх, адкрытых першынствах, рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах. Яны выступаюць і па шатакан каратэ-до, і па ўсестылевым каратэ. На апошнім відзе спаборніцтваў збіраюцца прадстаўнікі ўсіх стыляў і змагаюцца адно з адным. Ацэньваецца не паслядоўнасць рухаў, а атлетызм і тэхнічныя кандыцыі.
“У кожнага віду спорту ёсць, так бы мовіць, свае хранічныя захворванні. У каратэ гэта больш тычыцца суставаў, таму што вялікая нагрузка на ногі. Гэта калі займацца прафесійна. Калі трэніравацца тры разы на тыдзень, то ўсё будзе нармальна”.
Гадзіна гімнастыкі і зносін
Юлія Навашынская прывыкла падтрымліваць сябе ў форме, але ўзмоцнена трэніравацца менавіта каратэ не можа: праблемы з суставамі. Альтэрнатывай стала гімнастыка і дыхальныя практыкаванні. Педагог сабрала некалькі дыхальных комплексаў і вырашыла праводзіць заняткі для бацькоў. Гэта быў пачатак сямейна-спартыўнага клуба “Айсберг+”. Бацькі бясплатна прыходзяць на гадзінныя трэніроўкі 3 разы на тыдзень. Заняткі пачынаюцца і заканчваюцца дыхальнай гімнастыкай, у сярэдзіне — агульнафізічная падрыхтоўка плюс каланетык і практыкаванні на развіццё гнуткасці.
“Бывае, прыходзіць 15 чалавек, бывае, два. Як у каго атрымліваецца. Але я ім заўсёды кажу: нават калі хтосьці адзін прыйдзе, мы будзем займацца. На трэніроўках у асноўным бачу мам, затое таты часам займаюцца з дзецьмі каратэ. Яны разам выступаюць, разам растуць, разам развіваюцца. Так бацькі лепш разумеюць сваіх дзяцей. Раней яны дзівіліся: “Чаму ты не можаш гэта выканаць?”, потым самі паспрабавалі і зразумелі, што ўсё не так лёгка”.
Юліі Аляксандраўне падабаецца займацца і з дзецьмі, і з дарослымі. Розніца заключаецца ў самой мэце трэніроўкі. Дзеці працуюць на вынік, а дарослыя разнявольваюцца і ўмацоўваюць цела. Галоўнае і ў тым, і ў іншым выпадку — быць зацікаўленым і давяраць свайму трэнеру.
Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.