Агульнаўніверсітэцкую Купалаўскую дыктоўку разам са студэнтамі і выкладчыкамі ГрДУ імя Янкі Купалы ў Гродне напісалі ўдзельнікі з Кітая, Расіі і Польшчы.
Купалаўская дыктоўка ўжо стала добрай традыцыяй ва ўніверсітэце. Яна праводзіцца з нагоды Дня роднай мовы і сёлета аб’яднала каля тысячы ўдзельнікаў. Напісаўшы дыктоўку, яны змаглі праверыць сваё веданне беларускай мовы.
— Для кожнага народа яго мова — гэта спадчына і скарб. І мы, беларусы, завём сваю мову матчынай. Удзелам у гэтым мерапрыемстве мы маем магчымасць яшчэ раз выказаць падзяку і пашану да роднай мовы, усвядоміць сваю адказнасць за тое, каб зберагчы яе для наступных пакаленняў, — адзначыла рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.
Дыктоўка пачалася адначасова ва ўсіх карпусах універсітэта, яе агучвалі выкладчыкі філалагічнага факультэта. Па відэасувязі да напісання далучыліся і супрацоўнікі Пасольства Рэспублікі Беларусь у Кітайскай Народнай Рэспубліцы, студэнты з універсітэтаў Кітая, якія вывучаюць беларускую мову, прадстаўнікі Варшаўскага ўніверсітэта і Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В.Ламаносава.
— Мы яшчэ раз пераканаліся ў тым, што меж не існуе, — падкрэсліла Ірына Кітурка. — Разам з намі выдатную традыцыю падтрымалі студэнты і супрацоўнікі Маскоўскага і Варшаўскага ўніверсітэтаў. Што вельмі прыемна, наш знакаміты выпускнік Юрый Сянько, пасол Беларусі ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы, прыклаў намаганні, каб да нас далучыліся прадстаўнікі не толькі Пасольства Беларусі ў Кітаі, але і трох цэнтраў па вывучэнні беларускай мовы з розных гарадоў гэтай краіны. Такім чынам мы заклалі яшчэ адну традыцыю, значна пашырыўшы межы нашай Купалаўскай дыктоўкі.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ГрДУ імя Янкі Купалы.