Настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі Кобрына Брэсцкай вобласці Жанна Яўгенаўна Елізарава галоўнай задачай сваёй педагагічнай дзейнасці лічыць развіццё творчага патэнцыялу вучняў. Пераканана: менавіта пры такой умове яны паспяхова авалодваюць усімі неабходнымі ведамі і ўменнямі, уключаючы вядучую адукацыйную кампетэнцыю — уменне вучыцца.
Знайсці свой маршрут у акіяне ведаў
Ужо больш за чвэрць стагоддзя Жанна Яўгенаўна з задавальненнем вучыць дзяцей жывому слову, дапамагаючы ім авалодаць гэтай магутнай зброяй навучання і саманавучання, выхавання і самавыхавання. З дзяцінства марыла быць настаўніцай. За тое, што знайшла справу жыцця, удзячна сваім педагогам. Ефрасіння Парфёнаўна Усік у 7—8 класе ўлюбіла ў паэзію, дапамагла адчуць прыгажосць слова. На ўсё жыццё натхніла на тое, каб весці чытацкія дзённікі, і Ж.Я.Елізарава ўзяла за правіла рабіць гэта са сваімі пяці- і шасцікласнікамі. У выніку для некаторых вучняў вядзенне такіх дзённікаў становіцца патрэбай.
— У старшых класах была ўжо іншая настаўніца, Антаніна Уладзіміраўна Несцярук, яна аднойчы і назаўсёды захапіла рускай класікай, — расказвае Ж.Я.Елізарава. — Можна забыць імя педагога, але след, які ён пакінуў у тваім жыцці, застанецца назаўсёды. Менавіта такім чалавекам, які навучыў важным рэчам, я імкнуся быць у лёсе сваіх вучняў. Штогод расту разам з імі, спасцігаючы і ўдасканальваючы сакрэты педагагічнага майстэрства.
Змены ў адукацыі і грамадстве пастаянна патрабуюць ад педагога пошуку, новага падыходу да працэсу навучання. Жанна Яўгенаўна адносіцца да нястомных працаголікаў, захопленых справай свайго жыцця, якія ўвесь час імкнуцца знайсці чароўную палачку, каб зрабіць свае ўрокі прыгожымі, захапляльнымі і ў той жа час эфектыўнымі. Само жыццё паказвае настаўніцы: у складаных, зменлівых умовах сёння лепш арыентуецца, прымае рашэнні і вынікова працуе чалавек творчы, гібкі, крэатыўны, здольны да выкарыстання новых ідэй, задум і падыходаў. Таму з часам Ж.Я.Елізарава прыйшла да таго, што для яе галоўная задача — развіць творчы патэнцыял вучняў. Гэта дазволіць ім у выніку паспяхова вучыцца і з яе дапамогай, і самастойна.
Літаратуру і мастацтва — у сэрца кожнага
Настаўніца перажывае, што ў апошні час у цэнтры ўвагі — дакладныя навукі і замежныя мовы. Не варта забываць, што гуманітарная адукацыя, літаратура і мастацтва не могуць займаць другарадныя пазіцыі.
— Без гэтых прадметаў нельга гаварыць пра паўнацэннае развіццё асобы: яны дапамагаюць фарміраваць маральны стрыжань,— разважае настаўніца. — Безумоўна, важна навучыць дзіця правільна пісаць, гаварыць, але не менш важная задача — развіццё і выхаванне асобы. Гэта яшчэ адна з прычын, па якой я даўно раблю стаўку менавіта на развіццё творчага патэнцыялу.
Уласны вопыт таксама падказвае, што гэта правільны шлях. Настаўніца ўзгадвае: у свой час паспрабавала свае сілы ў творчасці толькі на першым курсе ўніверсітэта. Дамашняе заданне па ўводзінах у літаратуразнаўства — напісаць уласны верш — было для яе новым і абсалютна нечаканым. Аднак гэтая сітуацыя пакінула важны вывад: не варта баяцца спрабаваць сябе ў падобных справах. Безумоўна, паэтам ці мастаком стане не кожны, але радасць творчасці і лепшае, больш глыбокае ўяўленне аб яе відах, жаданне крэатывіць застанецца. Таму сваім вучням Жанна Яўгенаўна стараецца як мага часцей даць магчымасць адчуць сябе творцамі. Гэта цікава настаўніцы і знаходзіць водгук у гімназістаў розных класаў, дапамагае зацікавіць прадметамі, зрабіць урокі яркімі і эмацыянальнымі, а значыць, і лепш запамінаць інфармацыю.
На ўроках Жанна Яўгенаўна стараецца стварыць творчую сітуацыю, прапанаваць вучням нешта прыдумаць, скласці хаця б некалькі ўласных радкоў. Напрыклад, у 8 класе нядаўна праходзілі творчасць М.А.Някрасава. Напрыканцы было прапанавана новае для вучняў заданне — напісаць пра паэта некалькі радкоў у стылі японскага хоку. У новым жанры дзеці паспрабавалі сябе з цікавасцю. На этапе рэфлексіі дзяліліся сваімі пробамі пяра і абмяркоўвалі іх. Адзін з атрыманых варыянтаў хоку гучыць так:
Некрасов писал
О народе к народу.
Стихи глубоки.
Калі старшакласнікі знаёмяцца з творчасцю А.А.Блока, настаўніца абавязкова бярэ на ўрок вялікі чысты ліст і гуаш. Разам з Жаннай Яўгенаўнай вучні чытаюць і аналізуюць вершы. Гучаць і знакамітыя вершы аб Прыгожай Даме. Пасля свае ўражанні ад паэзіі вучні пераносяць на агульны малюнак: кожны бярэ ў рукі пэндзлік і пакідае нейкі свой элемент, лінію ці развод… Цікава, што, не згаворваючыся, як правіла, усе выбіраюць пастэльныя колеры. На наступным жа ўроку вывучаюцца ўжо абсалютна іншыя па настроі і гучанні вершы сацыяльнай накіраванасці. Напрыканцы зноў па тым жа прынцыпе вучні робяць агульны малюнак. Аднак ён ужо атрымліваецца абсалютна іншым: усе аддаюць перавагу цёмным, змрочным колерам. Пасля абавязкова вядзецца абмеркаванне: чаму карціна атрымалася менавіта такой, што ў ёй хацелася і ўдалося адлюстраваць… Дарэчы, сёлета не менш цікава было паспрабаваць зрабіць падобны малюнак на камп’ютары пры дапамозе праграмы Paint.
Жанна Яўгенаўна вучням у профільных класах любіць прапаноўваць тэмы для сачыненняў, якія нельга напісаць пры дапамозе інтэрнэту. Пасля таго, як пройдзена тэма “Назоўнік”, задае на дом заданне: пісьмова паразважаць на тэму “Хто я?”.
— Гэта зноў жа зварот да творчасці, падчас якой дзеці прымяняюць і дэманструюць набытыя веды, — расказвае Ж.Я.Елізарава. — Вучням падабаюцца такія сачыненні.
Закончыўшы вывучэнне тэмы “Прыметнік”, гімназісты пішуць работу на тэму “Які я?”, выкарыстоўваючы прыметнікі розных разрадаў. У настаўніцы назапасілася нямала падобных цікавых, на першы погляд простых тэм сачыненняў, падчас работы над якімі гімназісты разважаюць аб нечым асабістым.
Калі вывучаецца біяграфія аўтара, а таксама на этапах аналізу літаратурнага твора настаўніца прапануе вучням скласці біяграфічную паэму. Такая работа складаецца з шасці радкоў і займае няшмат часу, але паказвае глыбіню асэнсавання вобраза. Схема наступная:
1-ы радок — тры прыметнікі, якія характарызуюць героя ці гераіню;
2-і радок — адна важная адпаведнасць;
3-і радок — дзве рэчы, якія любіць гэтая асоба;
4-ы радок — тры пачуцці, якія перажывае асоба:
5-ы радок — тры страхі, якія мае асоба;
6-ы радок — дзве рэчы, якія асоба хацела б перажыць (мець, убачыць).
Чаму б ты ні вучыўся, ты вучышся для сябе
Зыходзячы з асноўнай задачы па развіцці творчага патэнцыялу, настаўніца выбрала два асноўныя кірункі работы. Адным з іх з’яўляецца фарміраванне крытычнага мыслення праз чытанне і пісьмо.
— Крытычнае мысленне даўно стала неабходнасцю не толькі для вучобы, але і для працы і жыцця. Уменне прымаць узважаныя рашэнні, працаваць з інфармацыяй, выдзяляць галоўнае і другараднае, аналізаваць розныя бакі з’яў — ці не гэтаму павінны вучыць урокі мовы і літаратуры? — разважае Жанна Яўгенаўна. — Правільна падабраны матэрыял дазваляе зрабіць заняткі практыка-арыентаванымі. А такія віды арганізацыі вучэбнай работы, як складанне кластара, чытанне са спыненнямі, запаўненне сістэмных маркіровачных табліц і бартавых журналаў, “тонкія” і “тоўстыя” пытанні, “Шэсць капелюшоў мыслення”, абуджаюць цікавасць да атрыманай інфармацыі, спрыяюць актуалізацыі жыццёвага вопыту, развіваюць аналітычны склад розуму. Мы вучымся не для школы, а для жыцця — такая ідэя прымянення элементаў крытычнага мыслення мне вельмі блізкая.
Другі асноўны складнік педагагічнага стылю Жанны Яўгенаўны — гэта актыўныя метады навучання. Яны выдатна стымулююць пазнавальную дзейнасць навучэнцаў, дазваляюць замяніць пасіўны маналог на актыўны абмен меркаваннямі ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу, ператвараючы іх у энергічных, матываваных, творчых гульцоў.
Што канкрэтна дапамагае так паўплываць на школьнікаў? У сваім арсенале настаўніца мае многа ўлюбёных, неаднаразова правераных прыёмаў. У іх ліку — рыфмаваны пачатак, яркі эпіграф да ўрока, загадкі, выказванні выбітных людзей, прыказкі і прымаўкі, якія тычацца тэмы, якая вывучаецца, а таксама праблемныя пытанні і сітуацыі… Усё гэта дапамагае дынамічна пачаць урок, адразу задаць яму патрэбны рытм, забяспечыць працоўны настрой і камфортную атмасферу ў класе.
Важным момантам з’яўляецца правільная пастаноўка мэт навучання, высвятленне чаканняў і асцярог, якія ёсць у дзяцей. Тут на дапамогу прыходзяць такія прыёмы, як “Спіс пакупак”, “Дрэва чаканняў”, “Ліцэнзія на набыццё ведаў”.
Метады арганізацыі самастойнай работы над тэмай дапамагаюць настаўніцы ўсебакова і глыбока прапрацаваць новы матэрыял, падтрымліваючы пазнавальную цікавасць гульнявой дзейнасцю. Дзецям падабаецца аб’ядноўвацца ў “вуллі”, рыхтаваць візітныя карткі, праводзіць “экспертызу”, складаць “карту групавой свядомасці”. Пры замацаванні новага матэрыялу дапамагаюць мазгавы штурм, прыёмы “Інфаўгадайка”, “Кластар”, “Аўкцыён”. Такім чынам у працэсе ўласнай вучнёўскай дзейнасці, накіраванай на адкрыццё новых ведаў, ажыццяўляецца яшчэ і фарміраванне асобы, і адбываюцца зрухі ў яе развіцці.
Актыўная ацэнка — яшчэ адна стратэгія, якую Жанна Яўгенаўна выкарыстоўвае ў працэсе выкладання. Толькі для яе гэта не метад выстаўлення адзнак, а ў першую чаргу методыка, якая складаецца з розных тэхнік, што дапамагаюць настаўніку вучыць, а вучню — вучыцца. Усё пачынаецца з фарміравання мэт на мове вучняў. У выніку гэта пабуджае дзіця больш сур’ёзна адносіцца да працы, пераносіць частку адказнасці за навучанне з настаўніка на сябе.
Метад непадымання рукі дапамагае ўтрымліваць увагу на ўроках мовы падчас апытання. Выбар вучняў, якія адказваюць, вызначаецца пры дапамозе набора палачак з прозвішчамі. Настаўніца па парадку дастае палачкі, і адказвае той вучань, чыё прозвішча напісана. Так апытанне ператвараецца ў гульню.
Інтрыгуючае НаШтоБуЗУ (На Што Будзем Звяртаць Увагу), ці крытэрыі поспеху, быццам маяк, указвае маршрут у акіяне ведаў. Пры вывучэнні тэмы “Лірыка А.Т.Твардоўскага” вынікам прагляду вучэбнага відэафільма аб творчасці паэта ў сшытках вучняў будуць:
1) запісаны назвы 5 найбольш упадабаных вершаў;
2) сфармулявана тэма кожнага з іх;
3) знойдзены адказ на пытанне аб асаблівасцях інтэрпрэтацыі твораў.
Падчас прагляду запаўняецца сістэмная табліца. Так прагляд відэароліка становіцца актыўным.
Назва | Тэма | Асаблівасці інтэрпрэтацыі |
Выбіраючы дзейнасны падыход, настаўніца на сваіх уроках выкарыстоўвае розныя сродкі зваротнай сувязі (сігнальныя карткі, “святлафор”, дыдактычныя і наглядныя матэрыялы, дадаткі, анлайн-тэстары). Дзякуючы такім прыёмам, вельмі хутка дзеці пачынаюць разумець: чаму б ты ні вучыўся, ты вучышся для сябе.
Каб захапіць вучобай дзяцей з нізкай матывацыяй, выдатна падыходзяць элементы сінгапурскай методыкі. Вучні аб’ядноўваюцца ў працоўныя чацвёркі. Вядзецца групавая работа, якая ажыццяўляецца пры дапамозе дыванка кіравання, каманды якога выконваюцца па чарзе. Парная работа ўнутры групы дазваляе нікога не пакінуць убаку. Карта групавой свядомасці, змест якой таксама абмяркоўваецца разам, патрабуе ад кожнага актывізавацца і ўнесці свой уклад у агульную справу. Такім чынам дзеці вучацца самастойна думаць, адказваць на пастаўленыя пытанні, дапаўняюць адно аднаго, абменьваюцца сваімі пунктамі гледжання.
— Карысць гэтай методыкі заключаецца ў тым, што ў навучэнцаў з часам усё больш развіваюцца камунікацыя, крытычнае, крэатыўнае мысленне. Яны могуць паспяхова вырашыць праблемныя пытанні, — робіць выснову Жанна Яўгенаўна.
Адбор менавіта гэтых форм работы невыпадковы. Настаўніца доўгі час правярала іх, каб знайсці і пакінуць у сваім арсенале тое, што найбольш падыходзіць ёй і яе вучням. У выніку, дзякуючы такому падыходу, так ці інакш дзеці заахвочваюцца да таго, каб звярнуцца да славеснай творчасці, бачаць, што слова можа стаць будаўнічым матэрыялам для стварэння нематэрыяльных каштоўнасцей. Настаўніцы хочацца, каб кожны яе вучань у той ці іншай меры змог адчуць правільнасць выказвання А.П.Чэхава: “Хто зведаў асалоду творчасці, для таго ўжо іншых асалод не існуе”.
Таццяна ШЫМКО.