У фармаце адкрытага дыялогу прайшла сустрэча старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзіміра Караніка са студэнтамі ГрДУ імя Янкі Купалы. Кожны малады чалавек мог падысці да мікрафона і задаць пытанне кіраўніку вобласці.
Гэта ўжо не першая сустрэча старшыні аблвыканкама са студэнцкай моладдзю.
— Вялікая частка дыялогавых пляцовак ладзілася ў Гродне на базе ўстаноў вышэйшай адукацыі. Была выказана просьба зрабіць дыялогавыя пляцоўкі пастаянна дзеючымі, і мы паабяцалі, што так яно і будзе, таму такія сустрэчы будуць рэгулярнымі, — расказаў Уладзімір Каранік. — Хацелася б зразумець настрой у студэнцкім асяроддзі, адказаць на пытанні, якія хвалююць нашых маладых людзей. Таму што мы ўсе як бацькі разумеем, што калі дзіця ці малады чалавек не атрымлівае адказы на свае пытанні ад бацькоў, ён знаходзіць іх на вуліцы, і не заўсёды гэтыя адказы аб’ектыўныя і правільныя. А ўлічваючы тое, што сёння ў аўдыторыі будучыя кіраўнікі, педагогі, якія будуць вучыць дзяцей, мы павінны вельмі шмат увагі ўдзяляць іх развіццю і выхаванню. І галоўнае — шчыра і адкрыта адказваць на пытанні, якія хвалююць наша студэнцтва. Без адкрытага дыялогу вельмі складана будзе забяспечыць пераемнасць пакаленняў.
Без доўгіх уступаў і дакладаў размова адразу набыла фармат дыялогу. Студэнты падыходзілі да мікрафона, задавалі свае пытанні і атрымлівалі шчырыя і разгорнутыя адказы ад кіраўніка вобласці. Дарэчы, Уладзімір Каранік адзначыў, што забароненых тэм няма, таму пытацца можна пра ўсё. І моладзь выкарыстала такую магчымасць, звярнуўшыся да яго не толькі з пытаннямі, але і з прапановамі і нават просьбамі.
Студэнтаў цікавіла ўсё, пачынаючы ад развіцця эканомікі рэгіёна і стварэння новых працоўных месцаў да будаўніцтва студэнцкіх інтэрнатаў і падтрымкі маладзёжных ініцыятыў.
У прыватнасці, размова ішла пра магчымасці фінансавання маладзёжных праектаў. У адказе прагучала, што адным з кірункаў рэалізацыі маладзёжных ініцыятыў павінна стаць пляцоўка навуковатэхналагічнага парка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Прыярытэт будзе за пазабюджэтным фінансаваннем даследчых або вытворчых праектаў. З боку прадпрыемстваў ёсць зацікаўленасць у тым, каб падтрымаць перспектыўныя праекты, якія могуць выліцца ў вытворчасць.
— На адной з дыялогавых пляцовак была выказана ідэя стварэння фонду падтрымкі грамадскіх ініцыятыў. Думаю, гэтая ідэя будзе рэалізавана ўжо сёлета, але яна тычыцца не камерцыйных праектаў, а рэалізацыі грамадскіх ініцыятыў, у тым ліку добраўпарадкавання прыдамавых тэрыторый, рэалізацыі турыстычных і іншых праектаў сацыяльнай накіраванасці, калі ёсць ідэя, але не хапае фінансавання на яе рэалізацыю. У такіх выпадках органы ўлады гатовы далучыцца да фінансавання, — адзначыў Уладзімір Каранік.
Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка дадала, што ва ўніверсітэце ўжо створаны Фонд інавацыйнага развіцця для падтрымкі стартапаў.
Прагучала і пытанне, кім лягчэй быць — міністрам аховы здароўя ці старшынёй аблвыканкама. Уладзімір Каранік адказаў, што цяжка параўноўваць, і дадаў: “На самай справе, як кажуць, выйграе каманда, прайграе трэнер. Мне пашчасціла: у міністэрстве была прафесійная каманда, з якой можна было вырашаць сур’ёзныя задачы, і такая ж каманда сфарміравана ў Гродзенскім аблвыканкаме. Я рады, што і там, і тут ёсць на каго абаперціся”.
Некаторыя пытанні насілі асабісты характар. Моладзь цікавіла, якімі былі студэнцкія гады кіраўніка вобласці, як ён адпачывае і ці карыстаецца сацыяльнымі сеткамі. Што тычыцца апошніх пытанняў, то старшыня аблвыканкама прызнаўся, што на сваю старонку ў “Фэйсбуку” даўно не заходзіў, аднак паабяцаў яе “ажывіць”, а таксама ўзмацніць прысутнасць органаў улады на гэтых інфармацыйных пляцоўках, якія сёння сталі сродкам зносін паміж людзьмі.
— З майго пункта гледжання, адказы на многія пытанні нескладана знайсці ў інтэрнэце, але, калі чалавек задае іх, значыць, гэта яго хвалюе. Таму ў дыялогу я стараюся не дзяліць пытанні на важныя і не важныя і адказаць на ўсе, — падвёў вынік Уладзімір Каранік і дадаў: — Хоць мы і розныя пакаленні, аднак можам размаўляць на адной мове. Студэнтам Купалаўскага ўніверсітэта ён пажадаў паспяховай вучобы і запэўніў, што іх чакаюць на першых працоўных месцах.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.