Абласная школа педагагічнага лідара сабрала ў аўдыторыях ГрАІРА актыўных педагогаў, якія ўключаны ў рэзерв кіруючых кадраў сістэмы адукацыі Гродзенскай вобласці.
Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі з’яўляецца ініцыятарам стварэння школы і забяспечвае арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне яе работы. Да правядзення заняткаў прыцягваюцца самыя вопытныя і кампетэнтныя кіраўнікі сістэмы адукацыі вобласці.
Гэта ўжо трэці склад. За два гады ў абласной школе педагагічнага лідара атрымалі веды 72 педагогі. З іх 20 працэнтаў сталі кіраўнікамі і яшчэ 40 працэнтаў атрымалі прапановы заняць кіруючыя пасады ва ўстановах адукацыі Гродзеншчыны.
Сёлета было залічана 39 слухачоў, чвэрць з іх ужо маюць вопыт работы на пасадзе намесніка кіраўніка. Сярод слухачоў таксама метадысты, настаўнікі, выкладчыкі, выхавальнікі, педагогі-арганізатары, сацыяльныя педагогі, настаўнікі-дэфектолагі, майстры, якія працуюць у школах і дзіцячых садках, установах прафтэхадукацыі, раённых вучэбна-метадычных кабінетах, цэнтрах творчасці дзяцей і моладзі і цэнтрах карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. Усе яны актыўныя, крэатыўныя, з устойлівай лідарскай пазіцыяй і жаданнем працягнуць кар’ерны рост у сферы адукацыі.
Адкрываючы першую сесію школы педагагічнага лідара, да яе слухачоў звярнуўся начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык:
— Усе вы прыйшлі ў прафесію ўсур’ёз і надоўга, разумееце, што яна складаная, таму гатовы вучыцца. Для таго каб стаць кіраўніком, неабходна быць максімальна блізкім да кіраўніцкай работы, а ў ідэале толькі пасля таго, як зоймеш такую пасаду, зразумееш ва ўсім аб’ёме пералік работ, якія неабходна выконваць. Таму чым больш будзе практыкі ў маладых людзей, чым больш мы будзем прыцягваць іх да прыняцця адказных рашэнняў, прапаноўваць ім выказаць сваё меркаванне аб развіцці сістэмы адукацыі, тым большая верагоднасць, што атрымаем падрыхтаваных кіраўнікоў.
Сістэма падрыхтоўкі такіх кадраў створана на ўзроўні вобласці. Маніторынг паспяховасці маладых спецыялістаў, будучых кіраўнікоў праводзіцца ўжо на раённым узроўні.
— Наша задача — выкарыстаўшы рэсурсы, што ёсць у метадычнай, кадравай службаў вобласці, магчымасці розных устаноў адукацыі, падрыхтаваць маладых людзей да работы кіраўнікамі. Гэта ўжо трэці склад школы педагагічнага лідара, слухачы першых двух атрымліваюць прапановы заняць кіруючыя пасады. Яшчэ рана гаварыць пра нейкія доўгатэрміновыя вынікі, разам з тым мы разумеем, што чым больш сустрэч з кіраўнікамі, тым меншая верагоднасць здзяйснення памылак. А далей усё будзе залежаць і ад педагогаў, і ад саміх маладых людзей, — адзначыў Руслан Абрамчык.
Як дадала метадыст ГрАІРА Наталля Сачэўка, маладыя людзі імкнуцца набыць патрэбныя веды, гатовы да кар’ернага росту ў сістэме адукацыі і ахвотна зоймуць кіруючыя пасады. Інстытут развіцця адукацыі ім у гэтым дапаможа. Адбор у школу ажыццяўляўся на аснове дыягностыкі кіраўніцкіх, лідарскіх якасцей. У гэтым годзе таксама было прапанавана раёнам накіраваць самых перспектыўных спецыялістаў, для таго каб яны маглі атрымаць прафесійныя тэарэтычныя веды і практычныя навыкі.
На працягу трох дзён слухачы школы працавалі ў групах з вопытнымі педагогамі. Яны абмеркавалі кіраўніцтва і лідарства з пункта гледжання дзейнаснага падыходу, уплыў іміджу кіраўніка на працэс фарміравання станоўчага іміджу ўстановы адукацыі і іншыя пытанні, а таксама прынялі ўдзел у трэнінгах, майстар-класах, семінарах, дыскусіях, лекцыях, круглых сталах, семінарах-практыкумах, дзелавых гульнях.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.