Павышэнне кваліфікацыі маладых педагогаў арганізавана ў вобласці круглы год. Традыцыйна ў пачатку навучальнага года Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі адкрывае для іх дыстанцыйную школу, а затым прымае слухачоў падчас кожных школьных канікул. Гэтым разам павышэнне кваліфікацыі было арганізавана для настаўнікаў другой кваліфікацыйнай катэгорыі і тых, хто не мае катэгорыі, па тэме “Прафесійная самарэалізацыя маладога педагога: самапазнанне, самаідэнтыфікацыя, станаўленне”.
— Мы працягваем вучыць маладых педагогаў, як рэалізаваць сябе ў прафесіі, — падкрэсліла рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Сяргейка. — Разам мы разбіраем усе цяжкасці, з якімі сутыкаецца малады чалавек у першыя месяцы і нават год працы, паказваем, як абыходзіць вострыя вуглы, як годна выходзіць са складаных сітуацый, што часам узнікаюць на ўроках, мерапрыемствах або падчас грамадскай дзейнасці. І такім чынам дапамагаем ім рэалізаваць сябе ў прафесіі і застацца, а не сысці кудысьці ў іншае месца пасля двух гадоў адпрацоўкі.
На занятках маладых педагогаў вучаць, як матываваць дзяцей на ўроку, як адначасова працаваць з сарамлівымі, гіперактыўнымі, разумнымі, слабаматываванымі вучнямі, як рэалізаваць выхаваўчы патэнцыял урока. Усё гэта падаецца праз практычныя ўменні і навыкі. Прадугледжана толькі некалькі лекцый. У асноўным жа навучанне праходзіць у фармаце дзелавых гульняў, трэнінгаў, майстар-класаў і з выкарыстаннем іншых актыўных метадаў. Прычым у вочным рэжыме займаюцца некалькі груп, а дыстанцыйна — усе астатнія. Усё выкладваецца анлайн у выглядзе ролікаў, матэрыялаў або форуму, дзе маладыя спецыялісты могуць абмяркоўваць праблемы з выкладчыкам. Дзякуючы анлайн-трансляцыям заняткамі ахоплена вельмі вялікая аўдыторыя. Дарэчы, толькі ў гэтым навучальным годзе ў вобласці працаўладкавана 700 маладых педагогаў, столькі ж іх прыйшло і ў мінулым годзе.
Падчас сесіі моладзь не толькі вучыцца. Арганізуецца і цікавая культурная, экскурсійная праграма. Праходзяць сустрэчы з прадстаўнікамі грамадскіх аб’яднанняў, арганізавана работа творчых майстэрняў.
— Школе 5 гадоў. Сёння маладыя педагогі, якія ўжо былі яе слухачамі, выказваюць жаданне выкладаць, дзяліцца з іншымі сваімі прафесійнымі сакрэтамі, — дадала Святлана Сяргейка. — Мы сістэмна, мэтанакіравана працуем з маладымі спецыялістамі з першага дня, як толькі яны прыходзяць на працу ва ўстановы адукацыі. Магчыма, таму ў нашай вобласці моладзь застаецца ў сваёй прафесіі. Плануем у будучыні наладзіць такую сістэмную работу і з настаўнікамі моладзі.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.