У сярэдняй школе № 4 Салігорска Мінскай вобласці другі год рэалізуецца інавацыйны праект “Укараненне мадэлі фарміравання іншамоўнай камунікатыўнай кампетэнцыі ў навучэнцаў 9—11 класаў на аснове сацыяльна-каштоўнасных адносін да вывучэння замежнай мовы”. Сёлета адным з яркіх яго момантаў сталі анлайн-заняткі па англійскай мове.
Падобныя анлайн-заняткі па англійскай мове ў школе праводзяцца не ўпершыню. У мінулым і пазамінулым гадах Мінскім абласным інстытутам развіцця адукацыі ў рамках падрыхтоўкі да рэспубліканскай алімпіяды тут было арганізавана некалькі вочных заняткаў для старшакласнікаў розных школ Салігорска з выкладчыцай з ЗША Крысцін Хан. Увогуле, у школе стараюцца рэгулярна ладзіць такія сучасныя мерапрыемствы. Так, сюды не раз прыязджалі настаўнікі з моўнай школы Вялікабрытаніі English in Action, праводзіліся сеансы відэасувязі з Брытанскім Саветам і вучнямі з ЗША. Таксама дзеці прымалі ўдзел у міжнародных інтэрнэт-праектах iEARN і ePals. Усё гэта дапамагае вучням палепшыць сваё веданне англійскай мовы і павысіць кроскультурную дасведчанасць, фарміраваць навыкі міжкультурнай камунікацыі.
— Сёлета анлайн-заняткі па англійскай мове ўвайшлі ў праграму спецкурса для старшакласнікаў у рамках інавацыйнага праекта, што рэалізуецца ў нашай школе з мэтай асэнсавання вучнямі сацыяльнай і асабістай значнасці вывучэння замежнай мовы як сродку міжкультурнай камунікацыі, — расказала настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 4 Салігорска Вольга Мікалаеўна Круглова. — Так супала, што мне як удзельніку акадэмічнага абмену SUSI-2018 Інфармацыйны цэнтр Пасольства ЗША прапанаваў весці гэтыя заняткі сумесна з маладым педагогам Нэйтанам Шэрнам.
Анлайн-заняткі пачаліся ў сярэдзіне лютага і праходзяць раз на тыдзень. Настаўніца вырашыла прыцягнуць да іх не толькі сваіх вучняў, але і ўсіх жадаючых старшакласнікаў школы.
Нэйтан Шэрн аддалена працуе пры Пасольстве ЗША ў Мінску па праграме амерыканскага абмену для маладых настаўнікаў FulbrightETA. Сёлета ён планаваў прыехаць у Беларусь і некаторы час працаваць у Мінску ў Пасольстве ЗША. Аднак у сувязі з пандэміяй фармат яго работы змяніўся.
— З нашымі вучнямі 9—11 класаў будзе праведзена ўсяго 15 такіх анлайн-заняткаў у рэжыме відэаканферэнцыі Zoom, — патлумачыла В.М.Круглова. — Тэмы самыя розныя: культурныя традыцыі, святы, турызм, сучасная англійская мова… Было прыемна, што на першых жа занятках Нэйтан высока ацаніў узровень валодання англійскай мовай нашых навучэнцаў. Дзеці з задавальненнем маюць зносіны з маладым замежным настаўнікам. Такія заняткі асабліва карысныя тым, хто прымае ўдзел у алімпіядах па англійскай мове. Для ўсіх гэта цудоўная магчымасць папрактыкавацца і праверыць свае веды па англійскай мове, а таксама пераадолець псіхалагічны бар’ер падчас размовы.
Нэйтану 24 гады. Ён жыве ў горадзе Бафала, штат Нью-Ёрк, недалёка ад Ніягарскага вадаспада і мяжы з Канадай. У 2019 годзе скончыў Серакузскі ўніверсітэт па спецыяльнасці “Антрапалогія”, зараз рыхтуецца паступаць у магістратуру. Цікавіцца гісторыяй, мовамі, культурай розных краін. Адметна, што Нэйтан мае японскія і беларускія карані. Яго прадзядуля родам з Мінскага раёна. Таму малады чалавек асабліва цікавіцца гісторыяй Беларусі і менавіта нашу краіну выбраў для супрацоўніцтва. Восенню ён спадзяецца прыехаць у Беларусь і прыняць удзел у Мінскім паўмарафоне. Таксама мае намер наведаць Салігорск, каб асабіста пазнаёміцца з навучэнцамі, з якімі зараз займаецца анлайн.
Таццяна ШЫМКО.