“Юні-XXI”: у трэндзе інтэлектуальнага руху

- 10:40Якасць адукацыі

Нацыянальны інтэлектуальны рух пад знакам “Юні-XXI” у нашай краіне стварае багатыя магчымасці для дадатковай адукацыі школьнікаў і студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў і педагогаў у галіне матэматыкі, інфарматыкі і прыродазнаўчых навук. Удзельнікі інтэлектуальных мерапрыемстваў, арганізаваных у рамках гэтага руху, паспяхова выступаюць на алімпіядах і конкурсах як рэспубліканскага, так і міжнароднага ўзроўню. Наша размова аб развіцці сучасных форм работы з моладдзю з Барысам Валянцінавічам ЗАДВОРНЫМ — намеснікам дэкана факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, кандыдатам фізіка-матэматычных навук, дацэнтам, начальнікам навукова-даследчага і вучэбна-метадычнага цэнтра выкладчыкаў і навучэнцаў “ЮНІ-цэнтр-ХХІ”.

— З чаго пачынаўся рух “Юні-ХХІ”? Якія напрамкі ён уключае? Раскажыце аб вашым асабістым удзеле ў яго станаўленні.

— У гэтым навучальным годзе навукова-даследчаму і вучэбна-метадычнаму цэнтру выкладчыкаў і навучэнцаў “Юні-цэнтр-XXI”, які функ­цыянуе на базе ФПМІ і Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі ў галіне тэхналогій інфарматызацыі і кіравання БДУ, спаўняецца 25 гадоў. У развіцці гэтага руху прымалі ўдзел цэлыя каманды выкладчыкаў вядучых ВНУ краіны, якія працавалі са школьнікамі, а таксама настаўнікі-энтузіясты. Мне пашчасціла стаць часткай гэтага працэсу. На ФПМІ прайшло ўсё маё жыццё (паступіў сюды ў 1979 годзе). У пэўны момант мне даручылі пашыраць работу са школьнікамі ў рамках ужо існуючай на факультэце школы юных, весці гурткі для студэнтаў-алімпіяднікаў. Па аналогіі з навуковым семінарам, які праходзіў на факультэце, са школамі маладых навукоўцаў, я прапанаваў праводзіць падобныя мерапрыемствы для школьнікаў, дзе разбіраць з імі алімпіядныя і даследчыя творчыя задачы. Першыя навуковыя семінары прайшлі ў Ліцэі БДУ (тады МССШ пры БДУ) у 1992—1993 гадах, пасля — на нашым факультэце для навучэнцаў Мінска. Наступны этап — стварэнне ў 1995 годзе першай летняй навуковай школы ў Лужасна Віцебскага раёна, якая ў далейшым стала Рэспубліканскай летняй навукова-даследчай школай навучэнцаў і настаўнікаў, якая базіруецца ў САК “Брыганціна” БДУ. У гэты ж час (сярэдзіна 90-х) па ініцыятыве выкладчыкаў БДУ пачаў праводзіцца Рэспубліканскі конкурс работ даследчага характару (канферэнцыя) навучэнцаў па прадметах прыродазнаўчага цыкла і рэспубліканскі, а затым міжнародны турнір юных матэматыкаў — калектыўныя (камандныя) спаборніцтвы ва ўменні рашаць складаныя матэматычныя задачы. Сярод заснавальнікаў і арганізатараў турніраў — супрацоўнікі і выпускнікі ФПМІ БДУ. Аб’яднаць новы магутны інтэлектуальны рух моладзі краіны ўдалося ў рамках “ЮНІ-цэнтра-XXI”.

— У чым асаблівасці інтэлектуальных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў цэнтры?

— Свае мерапрыемствы мы праводзім у цесным супрацоўніцтве з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама, упраўленнямі адукацыі і ІРА розных рэгіёнаў. Спалучаем розныя формы навучання: дыстанцыйныя і інтэрактыўныя, вочныя і вочна-завочныя, інтэнсіўныя кароткатэрміновыя і працяглыя і інш. Стварылі разгалінаваную круглагадовую сістэму інтэлектуальных мерапрыемстваў па матэматыцы і інфарматыцы для дзяцей і дарослых: алімпіяды, конкурсы, турніры, семінары, канферэнцыі, зборы, летнія школы, школы юных, гурткі і інш. Сваёй дзейнасцю мы ахопліваем навучэнцаў, студэнтаў, а таксама магістрантаў, аспірантаў і настаўнікаў. Арганізуем мерапрыемствы як школьнага і раённага ўзроўню, так і міжнароднага, забаўляльныя і культурныя, а таксама складаныя і сур’ёзныя, у тым ліку ў рамках навукова-адукацыйных праграм. “Юні-цэнтрам-XXI” падпісана больш за 60 дагавораў аб супрацоўніцтве з установамі адукацыі, вучэбнымі цэнтрамі, упраўленнямі адукацыі. Больш за 1000 навучэнцаў сёння ўдзельнічаюць у розных формах навучання, прапанаваных цэнтрам. Штогод 3—5 тысяч і больш навучэнцаў удзельнічаюць у інтэлектуальных спаборніцкіх мера­прыемствах. Найбольш масавымі з’яўляюцца Міжнародны матэматычны турнір гарадоў і Міжрэгіянальная шматпрофільная алімпіяда. У той жа час мы займаемся мэтанакіраванай падрыхтоўкай каманд і асобных вучняў да ўдзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных мерапрыемствах.

Заняткі матэматыкай і інфарматыкай у вочна-завочнай і вочнай школах юных арганізуюцца сёння для вучняў пачатковых класаў і старэйшых на базе ФПМІ БДУ, а таксама гімназій і школ Мінска і іншых гарадоў па праграмах і дапаможніках, распрацаваных нашымі выкладчыкамі. Да дадатковага навучання дзяцей прыцягваем як выкладчыкаў універсітэта, так і зацікаўленых настаўнікаў на месцах, з якімі наладжана пастаяннае ўзаемадзеянне і ажыццяўляецца неабходнае павышэнне кваліфікацыі на метадычных семінарах і кансультацыях. Забяспечваем педагогаў спецыяльнай літаратурай, распрацаванай для такіх заняткаў, запрашаем іх у журы конкурсаў. Мэта заняткаў са школьнікамі — сфарміраваць у іх нестандартнае мысленне, уменне рашаць займальныя, развіццёвыя, лагічныя, алгарытмічныя, гульнявыя, дэтэктыўныя задачы, падрыхтоўка да алімпіяд. Пачынаем з простых задач, паступова павялічваючы ўзро­вень складанасці. Ствараем, у добрым сэнсе, псіхалагічны дыскамфорт, пераадольваючы які вучні павольна пагружаюцца ў працэс рашэння задач. Нашы выкладчыкі выкарыстоўваюць сучасныя і класічныя методыкі, метадалогіі і тэхналогіі навучання, прывучаюць дзяцей да сапраўднай інтэлектуальнай працы. Уменне вучыцца не менш важнае, чым наяўнасць здольнасцей да прадмета. Сучасным вучням часам бывае цяжка прачытаць і зразумець умовы задачы, удумліва і няспешна рашыць яе і правільна аформіць рашэнне.

— Якіх поспехаў вы дасягнулі ў рабоце з адоранымі вучнямі?

— Наш цэнтр унёс сур’ёзны ўклад у вынікі нашых вучняў на ўсіх узроўнях, у прыватнасці, пры падрыхтоўцы каманд для ў­дзелу ў міжнародных інтэлектуальных мерапрыемствах. Штогод навучэнцы школы юных выйграюць не менш за 30—35% дып­ломаў па матэматыцы на трэцім этапе Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы ў Мінску і ўдзельнічаюць у заключным этапе. Выкладчыкі “Юні-цэнтра-XXI” з’яўляюцца кіраўнікамі зборных каманд Беларусі на міжнародных турнірах юных матэматыкаў. Каманды Беларусі ва ўсіх міжнародных турнірах атрымалі 16 медалёў: 7 залатых, 4 сярэбраныя і 5 бронзавых. Гэта лепшы вынік сярод усіх краін — удзельніц міжнародных турніраў юных матэматыкаў за 12 гадоў яго існавання. Заўсёды высокі конкурс на ўдзел у адным з найважнейшых мерапрыемстваў “Юні-цэнтра-XXI” — Рэспубліканскай летняй навукова-даследчай школе (не менш за 400—450 заявак на 300 месцаў пры тым, што школа вядома сваёй вучэбна-навуковай загружанасцю і з­аяўкі падаюць у асноўным зацікаўленыя дзеці і іх бацькі). На адну змену ў летнюю школу маглі прыехаць па 10—20 пераможцаў самых прэстыжных міжнародных спаборніцтваў. За ўвесь час тут прайшлі навучанне або павысілі сваю кваліфікацыю больш за 4200 здольных навучэнцаў і больш за 390 настаўнікаў з Беларусі, а таксама Расіі, Францыі, Балгарыі, Літвы.

Адсочваем публікацыі сваіх выпускнікоў у навуковых і навукова-папулярных часопісах. Некаторыя маладыя людзі працягваюць даследаванні, пачатыя яшчэ ў школе, з якімі яны перамаглі на навуковых канферэнцыях. Адным з яркіх прыкладаў у гэтым сэнсе з’яўляюцца нашы магістранты Мікалай Прохараў і Мікіта Кандрацёнак. Даследаванні, якія яны вядуць, былі пачаты імі яшчэ ў школе з заданняў рэспубліканскіх турніраў юных матэматыкаў. Яшчэ адным прыемным фактам у гэтым навучальным годзе для нас сталі абароны дысертацый адразу траіх маладых навукоўцаў, непасрэдных удзельнікаў, а пасля і педагогаў у сістэме такой дадатковай адукацыі. Гэта Максім Міхайлавіч Васькоўскі, які стаў доктарам навук у 34 гады (ФПМІ БДУ), Яраслаў Задворны (кандыдацкая дысертацыя, ФПМІ БДУ), Вячаслаў Мурашка (кандыдацкая дысертацыя, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт).

— Як дапамагчы школьніку выбраць найбольш паспяховы для яго кірунак: удзел у турніры юных матэматыкаў, канферэнцыі або алімпіядзе?

— Усе гэтыя віды нестандартнай дзейнасці прадугледжваюц­ь неабходнасць развіваць у дзяцей матэматычнае мысленне. Я не падзяляю алімпіядную і даследчую дзейнасць, яны могуць ісці паралельна. Даследчая дзейнасць найбольш складаная, як любая творчая. Без базы, назапашанай у рамках дадатковай адукацыі пачынаючы з малодшых класаў, яна будзе развівацца горш. Першапачаткова не трэба рыхтаваць вучня да канкрэтнай формы спаборніцтваў. Варта фарміраваць у яго мысленне, логіку, алгарытміку. Затым пераходзіць да больш складаных мадэлей, прымяняць сучасныя матэматычныя метады. І выбар паміж турнірам, алімпіядай або канферэнцыяй адбудзецца ў вучня натуральным шляхам. Напрыклад, у 5—7 класах ён можа паўдзельнічаць у алімпіядах, а ў далейшым — пераключыцца на навуку. Ёсць дзеці, якія ўдзельнічаюць і перамагаюць усюды, прычым не толькі на рэспубліканскім, але і на міжнародным узроўні, як, напрыклад, навучэнец Ліцэя БДУ Дзмітрый Гаравы. Калі алімпіяда — гэта магчымасць праверыць спрынтарскія навыкі ў рашэнні задач, то пры падрыхтоўцы да навуковай канферэнцыі вучань у працэсе даследчай работы будзе ставіць перад сабой новыя навуковыя задачы і можа атрымаць часам нечаканыя вынікі. Інтэлектуальныя турніры вучаць працаваць у камандзе, дасведчана і пераканаўча прадстаўляць атрыманыя вынікі, аргументавана адстойваць свой пункт гледжання ў публічных дыскусіях, праяўляць павагу да саперніка.

— Ці ёсць праблемы або перашкоды ў развіцці дадатковай адукацыі школьнікаў?

— Сістэма класічнай дадатковай адукацыі ў краіне існуе і працуе. “ЮНІ-цэнтр-ХХІ” — гэта толькі адна са структур, якая па-свойму рэалізуе гэтую сістэму, перш за ўсё ў матэматыцы і інфарматыцы. Што перашкаджае яе развіццю? Наяўнасць вялізнага аб’ёму непатрэбнай, няякаснай, а часам шкоднай інфармацыі, якая распаўсюджваецца ў інтэрнэце і сацыяльных сетках. Пры гэтым масавае ўвядзенне электронных сістэм навучання і падручнікаў не выконвае сваёй місіі, бо для таго, каб у анлайн- або афлайн-рэжыме, праз лекцыі і вэбінары ў інтэрнэце атрымліваць глыбокую адукацыю, трэба ўмець самому вучыцца і працаваць, і галоўнае — разумець, навошта гэта трэба. Дыстанцыйныя метады і тэхналогіі пачынаюц­ь сур’ёзна працаваць тады, калі дзіця як унутрана, па матывацыі і ўменні працаваць, так і па ведах і навыках гатова да самастойнай работы. Сёння праводзіцца шмат мерапрыемстваў інтэлектуальнай накіраванасці ў спрошчанай папулярнай форме. Гэта добра для прыцягнення ўвагі і захаплення. Але не заўсёды падахвочвае думаць і аналізаваць глыбока і доўга. Адукацыйныя цэнтры часта валодаюць вялікімі і зручнымі плошчамі і выдатнымі тэхнічнымі магчымасцямі, але не заўсёды маюць глыбокія і змястоўныя праграмы і адпаведных спецыялістаў. Часта мы ловімся на эфект­нае, але не на эфектыўнае. Ёсць праблемы недастатковасці гадзін, абмежаванасці форм, метадаў і г.д. для развіцця здольных дзяцей у выбраным прадмеце ў рамках асноўнай (школьнай) адукацыі, перагрузкі вопытных настаўнікаў (энтузіястаў) і ў той жа час недахопу настаўнікаў-прадметнікаў высокага ўзроўню. Ёсць і іншыя тэндэнцыі, якія можна абмяркоўваць, ацэньваючы спосабы іх пераадолення.

— Якія вы бачыце перспектывы для ўдасканалення сістэмы дадатковай адукацыі ў вашым цэнтры?

— Не забываючы класічных прынцыпаў і метадаў навучання, будзем нарошчваць і ўкараняць у сістэму дадатковага навучання падыходы, заснаваныя на найноўшых тэхналогіях і інтэрактыўных сродках навучання (анлайн і афлайн), метадалагічных і псіхолага-педагагічных распрацоўках. Гэта дазволіць школьнікам з любых раёнаў краіны падключацца да заняткаў нашага цэнтра. Заняткі, якія праводзяцца ў вочным фармаце, можна запісваць і размяшчаць у інтэрнэце, падключаць розныя інтэрнэт-платформы і адначасова праводзіць заняткі ў анлайн-рэжыме. Лепшым варыянтам будзе, калі дзеці з розных рэгіёнаў змогуць сумяшчаць вочнае і дыстанцыйнае навучанне. Яшчэ адзін плюс такіх заняткаў — магчымасць далучэння да іх (або прагляду афлайн) настаўнікаў. Гэта стварае новыя магчымасці для ўмацавання і пашырэння супрацоўніцтва ўстаноў сярэдняй адукацыі краіны з установамі вышэйшай адукацыі, цэнтрамі дадатковай адукацыі, ІРА, а таксама ўстаноў вышэйшай адукацыі з органамі кіравання адукацыяй. Пашырыцца і міжнароднае супрацоўніцтва, і абмен вопытам у гэтай сферы. Плануем укараняць новыя методыкі і фармат правядзення заняткаў з навучэнцамі 1—4 класаў, заснаваныя не проста на гульнявым, займальным, “кемлівым” падыходзе або развіцці навыкаў зразумець, здагадацца, прыдумаць. Будзем абапірацца на ўвядзенне ў заняткі заданняў, для рашэння якіх трэба не проста здагадацца, а здагадацца, пераадолеўшы нейкія этапы роздуму, лагічных разваг і высноў. Гэта вельмі важна пры пераходзе вучняў з 4 у 5 клас і ў працэсе навучання дзяцей уменню працаваць у інтэлектуальным сэнсе!

Глабальна можна гаварыць пра стварэнне адзінай інфармацыйна-адукацыйнай прасторы ў галіне дадатковай адукацыі і сістэмы конкурсаў і спаборніцтваў на тэрыторыі Беларусі. Такі рэсурс (не проста інтэрнэт-партал, або іншае тэхналагічнае рашэнне) павінен уключаць і сеткавае ўзаемадзеянне пры правядзенні заняткаў, семінараў і канферэнцый, спаборніцтваў, і стварэнне адпаведных праграм і вучэбна-метадычнай і навукова-папулярнай базы, якая змяшчае метадычныя матэрыялы, артыкулы, дапаможнікі, зборнікі задач, відэалекцыі і інш. Такі рэсурс можна стварыць ва ўмовах доўгатэрміновага ўзаемавыгаднага партнёрства паміж рэгіёнамі краіны на аснове дагавораў і планаў супрацоўніцтва паміж органамі кіравання адукацыяй, установамі вышэйшай адукацыі і іншымі зацікаўленымі арганізацыямі.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара і з архіва Б.В.Задворнага.