У фармаце адкрытага дыялогу прайшла сустрэча старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Караніка з маладымі спецыялістамі вобласці.
Магчымасць прыняць удзел у сустрэчы і задаць пытанні кіраўніку вобласці атрымалі 25 юнакоў і дзяўчат, якія працуюць у розных галінах гаспадаркі і сацыяльнай сферы рэгіёна, ужо паспелі праявіць сябе ў прафесіі і грамадскім жыцці. Актыўнай, накіраванай на поспех у рабоце, гатовай і надалей папаўняць свае веды, удзельнічаць у жыцці сваіх калектываў і краіны — менавіта такой моладзі будаваць будучыню нашай рэспублікі.
Старшыня аблвыканкама заўважыў, што заўсёды з задавальненнем сустракаецца з маладымі людзьмі, зараджаецца ад іх энергіяй, гатовы адказаць на любыя пытанні, выслухаць прапановы і пажаданні.
— Мы не атрымалі гэтую зямлю ў спадчыну ад нашых бацькоў, мы ўзялі яе ў пазыку ва ўнукаў. І наша задача — перадаць будучым пакаленням квітнеючую краіну. Вы толькі ўступаеце ў дарослае жыццё, пачынаеце будаваць сваю кар’еру, таму вельмі важна спадзявацца на старэйшых таварышаў, не баяцца пераймаць вопыт у калег, задаваць пытанні, праяўляць ініцыятыву, — адзначыў Уладзімір Каранік.
Кожны малады чалавек марыць знайсці сваё месца ў жыцці, жадае, каб заўважылі яго здольнасці, талент і дапамаглі рэалізаваць планы і задумы.
— Гэтую энергію ідэй неабходна накіраваць у правільнае, стваральнае рэчышча, — упэўнены кіраўнік вобласці. — У першую чаргу гэта неабходна для таго, каб захаваць пераемнасць пакаленняў. Наша задача — зрабіць так, каб моладзь не знаходзілася ў палоне ілюзій і не адчувала сябе страчанай або не пачутай.
Маладых спецыялістаў цікавілі самыя розныя пытанні — ад стварэння ўмоў для замацавання маладых кадраў у невялікіх гарадах і сельскай мясцовасці да вакцынацыі супраць каранавіруснай інфекцыі. Адказваючы на пытанне, якія дадатковыя меры будуць прымацца для таго, каб моладзь замацоўвалася на сяле, старшыня аблвыканкама адзначыў, што працэс адтоку кадраў сапраўды ідзе, але ў нашых сілах зрабіць так, каб новыя сучасныя тэхналогіі актыўна ўкараняліся ў сельскую гаспадарку, для таго каб меншымі працоўнымі рэсурсамі забяспечыць большы аб’ём работ. А гэта прадугледжвае і іншыя ўмовы працы, паляпшэнне якасці жыцця. Гэта дазволіць тым, хто сапраўды хоча працаваць у сельскай гаспадарцы, застацца і рэалізаваць свае магчымасці на малой радзіме. Ёсць прыклады гаспадарак, дзе створаны спрыяльныя ўмовы для працы і жыцця, і там няма праблем з кадрамі.
Два гады назад пасля заканчэння ГрДУ імя Янкі Купалы настаўнікам хіміі і біялогіі прыйшла ў адну з невялікіх сельскіх школ Ашмянскага раёна Ірына Шчурко. Малады спецыяліст прызналася, што збіраецца прадоўжыць працаваць тут.
— Мне падабаецца прафесія настаўніка, гэта маё. У дзяцінстве я гуляла ў школу, і мара стаць настаўнікам спраўдзілася, — расказала Ірына Шчурко. — Мне падабаецца працаваць з дзецьмі, а ў невялікай школе ёсць магчымасць падчас урока выслухаць кожнага. Да таго ж, у нас цудоўны калектыў, дзе табе заўсёды дапамогуць і падтрымаюць.
Адзін з маладых спецыялістаў пацікавіўся меркаваннем губернатара наконт таго, якімі якасцямі трэба валодаць, каб дасягнуць поспеху ў жыцці.
— Ніколі не спыняцца працаваць над сабой, не здраджваць сваім каштоўнасцям, не стаяць на месцы і рухацца толькі наперад, любіць сваю работу і выконваць яе якасна. Не трэба баяцца праяўляць ініцыятыву і прыслухоўвацца да вопытных прафесіяналаў. І тады ўсё атрымаецца, — адказаў Уладзімір Каранік.
У той жа дзень маладыя спецыялісты абмеркавалі пытанні рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі, сустрэўшыся з намеснікам старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктарам Пранюком, начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Ігарам Булаўкам і першым сакратаром абласнога камітэта БРСМ Андрэем Есіным.
— Асноўны пасыл для моладзі — не быць пасіўнымі, прыкласці максімум намаганняў для таго, каб разнастаіць сваё ўласнае жыццё і жыццё калектыву, каб праца была накіравана на стварэнне. Сёння моладзь уносіць шмат цікавых прапаноў, і пры дапамозе органаў дзяржаўнай улады многія з іх будуць рэалізаваны, — адзначыў Віктар Пранюк.
Падчас наведвання аблвыканкама ў маладых людзей была магчымасць пазнаёміцца з разгорнутым там выставачным праектам, прысвечаным наступальнай аперацыі “Баграціён”, выставай у памяць Героя Савецкага Саюза Івана Данілавіча Лебедзева, а таксама з галерэяй “Гродзенскія губернатары”.
На памяць кожны малады спецыяліст атрымаў сувеніры ад старшыні аблвыканкама і абласнога камітэта БРСМ. Плануецца, што такія сустрэчы стануць традыцыйнымі.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.