З энтузіязмам і творчасцю

- 10:00Планёрка ў рэгіёне

Здаецца, толькі нядаўна завяршыўся навучальны год, прагучаў апошні званок, прайшлі школьныя экзамены і выпускныя вечары, а ўжо поўным ходам ідзе падрыхтоўка да новага навучальнага года. Усе ўстановы адукацыі Ашмяншчыны сустрэнуць сваіх вучняў абноўленымі. Запланавана правядзенне бягучага рамонту ва ўсіх вучэбных кабінетах, спартыўных залах, будзе абноўлена абсталяванне харчаблокаў, мэблі ў кабінетах. Пра гэта расказала госць нашай сённяшняй “Суботняй планёркі” начальнік упраўлення адукацыі Ашмянскага райвыканкама Гродзенскай вобласці Святлана БАРКОЎСКАЯ.

— Святлана Мікалаеўна, чым мінулы навучальны год быў адметны для сістэмы адукацыі раёна? 

— Вучні нашых устаноў адукацыі паспяхова здалі экзамены. Штогод не менш за 70% выпускнікоў паступаюць ва ўстановы вышэйшай адукацыі, ад 2 да 4 выпускнікоў паказваюць 100-бальныя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні. Спадзяюся, што гэты год не стане выключэннем.

Кожны навучальны год адметны для сістэмы адукацыі. Вось і ў мінулым годзе вучні ўстаноў адукацыі Ашмяншчыны заваявалі 85 прызавых месцаў на абласных і 113 на рэспубліканскіх конкурсах і спаборніцтвах. Адкрыты 2 музеі — у гімназіі № 1 Ашмян і Мураванаашмянкоўскім яслях-садзе  — сярэдняй школе.

На працягу мінулага года мэтанакіравана вялася работа па экалагічным выхаванні навучэнцаў. У 4 установах адукацыі рэалізуецца адукацыйная праграма “Назіранне за рэкамі”. Гальшанская сярэдняя школа стала ўдзельніцай сумеснага нямецка-беларускага праекта “Стварэнне і функцыянаванне інфармацыйнага рэсурсу экалагічнай асветы “Сеткавая Экалабараторыя”.  Жупранская сярэдняя школа прымае актыўны ўдзел у інфармацыйнай кампаніі “Здаровыя рэкі — здаровыя мы — здаровае мора”, якая праводзіцца ў рамках міжнароднага праекта “Прадухіленне забруджвання прыродных вадаёмаў праз асвету грамадскасці”.

Завяршылася рэалізацыя праекта “Укараненне мерапрыемстваў па энергаэфектыўнасці з мэтай устойлівага энергетычнага развіцця Ашмянскага раёна Беларусі”, у межах якога ў комплексе ўкаранёны энергаэфектыўныя мерапрыемствы ў яслях-садзе № 3 Ашмян. Акрамя гэтага, за кошт абласнога бюджэту ўдалося правесці капітальны рамонт установы, і сёння яна мае сучасны выгляд. Выкананы работы па ўцяпленні фасадаў сярэдняй школы № 1 Ашмян і Мураванаашмянкоўскага ясляў-сада — сярэдняй школы за сродкі Міжнароднага банка рэканструкцыі і развіцця.

— Ва ўстановах адукацыі раёна інавацыйная работа вядзецца даўно і да­статкова эфектыўна. Якія цікавыя праекты завершаны сёлета? Работа над якімі працягнецца?

— Інавацыйная работа — гэта штуршок да развіцця ўстановы адукацыі. Штогод рэалізуецца не менш за 6 інавацыйных праектаў. Завяршылася работа ў межах праектаў па патрыятычным выхаванні дашкольнікаў, па фарміраванні культуры карыстальніка інтэрнэт-рэсурсаў для этычных зносін падлеткаў у сацыяльных сетках.

Паспяховая рэалізацыя праектаў у папярэднія гады дазволіла арганізаваць работу 4 абласных і 12 раённых рэсурсных цэнтраў. У статусе абласных працуюць рэсурсныя цэнтры сярэдняй школы № 1 Ашмян імя М.М.Гружэўскага, ЦКРНіР, Жупранскай сярэдняй школы імя Ф.К.Багушэвіча.

Плануем уключыцца ў інавацыйную дзейнасць па развіцці даследчыцкай кампетэнтнасці выхавальнікаў дашкольнай адукацыі ў працэсе бесперапыннай адукацыі, па ўкараненні тэхналогіі шматмернага чытання для фарміравання функцыянальнай пісьменнасці малодшых школьнікаў.

— Як арганізавана ў раёне профільнае навучанне і прафесійная падрыхтоўка навучэнцаў у межах працоўнага навучання?

— Сёлета была працягнута работа па профільным навучанні на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі. У 2020 годзе профільныя класы  былі адкрыты ў 7 установах адукацыі: у сярэдніх школах №№ 1 — 3 і гімназіі Ашмян, Гальшанскай і Кальчунскай сярэдніх школах і Дакурнішскім яслях-садзе — сярэдняй школах. Вучэбныя прадметы на павышаным узроў­ні вывучалі 84 навучэнцы (56,7%) 10-х класаў і 100 (64,1%) адзінаццацікласнікаў.

У 2020/2021 навучальным годзе ва ўстановах адукацыі былі адкрыты 5 груп педагагічнай накіраванасці (у 2019/2020 навучальным го­дзе — 3 групы; 35 навучэнцаў 10—11 класаў), профільная група аграрнай накіраванасці, 3 класы спартыўнай накіраванасці, класы з вывучэннем англійскай мовы і біялогіі на павышаным узроў­ні на II ступені агульнай сярэдняй адукацыі.

У раёне пабудавана мадэль прафесійнага навучання з улікам запытаў навучэнцаў, спецыфікі рэгіёна, наяўнасці матэрыяльна-тэхнічнай базы і кадравых рэсурсаў. Прафесійная падрыхтоўка ў рамках прадмета “Працоўнае навучанне” арганізавана па пяці прафесіях для 120 навучэнцаў 10—11 класаў. Паспяхова асвоілі праграму прафесійнай падрыхтоўкі па спецыяльнасцях “Швачка”, “Прадавец”, “Слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання” 67 выпускнікоў 11-х класаў. Па выніках навучання ім выдадзены пасведчанні ўстаноўленага ўзору.

— Святлана Мікалаеўна, ці забяспечаны ўстановы адукацыі раёна педагогамі? Якім чынам арганізавана работа з кадрамі?

— Радуе, што мы забяспечаны мясцовымі кадрамі. Штогод актыўна заключаем мэтавыя дагаворы. У 2020 годзе заключаны 21 мэтавы дагавор на падрыхтоўку спецыялістаў: 16 — з уста­новамі вышэйшай  адукацыі, 5 — з установамі сярэдняй спецыяльнай адукацыі (у 2019-м — 15 і 12, у 2018-м — 13 і 1 адпаведна). Не менш за 20 дагавораў плануецца заключыць і сёлета.

У мінулым годзе 24 маладыя спецыялісты пачалі работу ва ўстановах адукацыі (у 2019 го­дзе — 22), з іх 10 вучыліся па мэтавых дагаворах (у 2019-м — 16). 100% маладых спецыялістаў — ураджэнцы Ашмянскага раёна. Стабільным з’яўляецца працэнт замацавання маладых спецыялістаў у сістэме адукацыі раёна — за апошнія 3 гады ён складае ў сярэднім 80% (у 2019 годзе — 79,5; у 2018-м — 81,5%).

Пастаянна працуем над павышэннем прафесіяналізму педагогаў, развіццём іх творчага патэнцыялу, удасканаленнем кампетэнцый, накіраваных на павышэнне якасці адукацыі, праз рэалізацыю кампетэнтнаснага падыходу. У раёне 2 настаўнікі-метадысты. Адзначу, што мы актыўна працуем над павышэннем прэ­стыжу настаўніцкай прафесіі.

— Як арганізаваны летні адпачынак дзяцей?

— Летнія месяцы настаўнікі называюць пятай, найбольш складанай, чвэрцю. І гэта са­праўды так. Распрацавана сетка аздараўленчых летнікаў, а гэта чатыры змены ў летніку з кругласутачным знаходжаннем “Дружба”, 5 кругласутачных летнікаў на базах школ, 15 летнікаў з дзённым знаходжаннем. Усяго плануецца аздаравіць 1100 вучняў. Акрамя гэтага, прадугле­джаны гульнявыя пляцоўкі па месцы жыхарства ў мікрараёнах горада “Шакалапка” і “Гармідар”, работа стадыёнаў і спартыўных залаў, правя­дзенне мерапрыемстваў на базах школ, Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.

— Святлана Мікалаеўна, што вас сёння найбольш хвалюе як кіраўніка? Якія планы па развіцці сістэмы адукацыі раёна?

— Перш за ўсё хвалююць пытанні стварэння бяспечных умоў для знаходжання нашых навучэнцаў. Работа ў гэтым кірунку спланавана ў цэлым у раёне і ў кожнай установе адукацыі ў прыватнасці.

Плануем на найбліжэйшую перспектыву будаўніцтва новай установы дашкольнай адукацыі, правядзенне рамонтных работ у 2-х сельскіх установах адукацыі.

Самае галоўнае, каб нашы выпускнікі былі адукаванымі, высокамаральнымі, мабільнымі, здольнымі самастойна прымаць рашэнні, адказнымі за свой лёс і будучыню нашай краіны.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.