Класічныя веды і новыя тэхналогіі

- 10:33Якасць адукацыі

Аўтатрактарны факультэт — самы вялікі ў БНТУ. Ён рыхтуе інжынераў і эканамістаў па 15 спецыяльнасцях дзённай формы атрымання адукацыі і па 8 — завочнай. Навучанне тут праходзяць звыш 4 тысяч чалавек. Сёлета факультэт падрыхтаваў для абітурыентаў некалькі новых адукацыйных прапаноў.

— Аўтамабільная прамысло­васц­ь і рэальны сектар эканомікі дынамічна развіваюцца. Узнікае многа спецыяльнасцей “на грані”, утвараючы сімбіёз класічных напрамкаў і “сінтэтычных” ведаў, — гаворыць дэкан аўтатрактарнага факультэта доктар тэхнічных навук Дзяніс Капскі. — Толькі ў апошнія гады на факультэце былі адкрыты спецыяльнасці “Электрычны і аўтаномны транспарт”, “Эксплуатацыя інтэлектуальных транспарт­ных сістэм” (на першай ступені), “Бяспека дарожнага руху і аўдыт”, “Інжынерны бізнес” (у магістратуры).

Сёлета на першай ступені дзённай формы адукацыі адкрываецца яшчэ адна новая спецыяльнасць — “Прамысловы дызайн (транспартных сродкаў)”. Абітурыентам прапаноўваецца 10 бюджэтных і 10 платных месцаў. Акрамя ЦТ па адной з дзяржаўных моў і матэматыцы, прадугле­джаны ўступны экзамен “Творчасць (малюнак, кампазіцыя)”. Тэрмін навучання на згаданай спецыяльнасці — 4 гады. Выпускнікі атрымаюць кваліфікацыю “інжынер-дызайнер”.

Таксама на аўтатрактарным факультэце адкрыты набор на завочную скарочаную форму навучання па дзвюх спецыяльнасцях: “Транспартная лагістыка (аўтамабільны транспарт)” і “Арганізацыя перавозак і кіраванне на аўтамабільным і гарадскім транспарце”. На кожнай з іх бюджэтны набор складае 15 чалавек, платны — 5.

Абітурыенты, якія паступаюць на скарочаны тэрмін навучання пасля каледжаў, здаюць два профільныя выпрабаванні па спецыяльнасці (пісьмова). Так, на спецыяльнасць “Транспартная лагістыка (аўтамабільны транспарт)” трэба здаваць эканоміку арганізацыі і асновы менеджменту. Тэрмін навучання — 4 гады, кваліфікацыя будучых спецыялістаў — “інжынер-эканаміст, лагіст”. Абітурыенты спецыяльнасці “Арганізацыя перавозак і кіраванне на аўтамабільным і гарадскім транспарце” здаюць экзамены па прадметах “Транспартныя сродкі і іх эксплуатацыйныя якасці” і “Аўтамабільныя эксплуатацыйныя матэрыялы”. Тэрмін навучання — 4 гады, кваліфікацыя — “інжынер-менеджар”.

Навінкай гэтага года з’яўляецца прыём на завочную форму навучання на поўны тэрмін па спецыяльнасці “Тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў (аўтатранспарт агульнага і асабістага карыстання)”. Праз 5 гадоў выпускнікі атрымаюць кваліфікацыю “інжынер-механік”.

— Мы рыхтуем сучасных спецыялістаў, здольных дзейнічаць у новай рэальнасці, з улікам татальнага пранікнення IT-сістэм і IT-гаджэтаў у наша жыццё (будова аўтамабіля, інтэлектуальнае ўладкаванне аўтамабільных дарог і гарадской прасторы, стварэнне разумных дамоў, гарадоў і рэгіёнаў, інтэрнэт-рэчаў, дапоўненая рэальнасць і інш.), — ­адзначае Дзяніс Капскі.

Нагадваем: прыём дакументаў на бюджэтную форму (а таксама на платную, калі прадугледжаны ўнутраныя ўступныя выпрабаванні) доўжыцца да 26 ліпеня. Усе пісьмовыя экзамены здаюцца з 27 ліпеня па 4 жніўня.

Галіна СІДАРОВІЧ.