У скарбонцы беларусаў — “золата” iGeo

- 9:20Якасць адукацыі

Навучэнец гімназіі № 1 Брэста Дзяніс Рабчук удастоены медаля вышэйшага гатунку на XVII Міжнароднай алімпіядзе па геаграфіі (iGeo-2021). Гэта другое “золата” беларускіх школьнікаў у гісторыі ўдзелу нацыянальнай зборнай у гэтых інтэлектуальных спаборніцтвах.

Нашу краіну на алімпіядзе таксама прадставілі навучэнец гімназіі № 1 Баранавіч Ілья Туча, навучэнец Магілёўскага дзяржаўнага абласнога ліцэя № 3 Леанід Палхоўскі і навучэнец гімназіі № 2 Віцебска Дзмітрый Міхасько. Удзел юных знаўцаў геаграфіі ў міжнародных спаборніцтвах стаў магчымым дзякуючы іх па­спяховаму выступленню сёлета на Еўрапейскай міжнароднай алімпіядзе па геаграфіі. На ёй школьнікі заваявалі два сярэбраныя і шэсць бронзавых медалёў.

Кіраўнікамі каманды выступілі дэкан факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі БДУ Дзмітрый Курловіч і дацэнт кафедры эканамічнай і сацыяльнай геаграфіі названага факультэта Ілья Запрудскі.

Сёлета геаграфічныя інтэ­лектуальныя спаборніцтвы прайшлі з 10 па 16 жніўня ў анлайн-фармаце. У іх прынялі ўдзе­л 200 школьнікаў з 46 краін свету. Арганізатарам алімпіяды выступіла Турцыя (Стамбул).

Заданні на алімпіядзе былі дастаткова складанымі: удзельнікам прапаноўвалася рашыць мультымедыйны тэст, выка­наць тэарэтычныя заданні і прадэманстраваць навыкі аналітычнай работы з палявымі геаграфічнымі і геалагічнымі матэрыяламі. Асаблівасць такіх спаборніцтваў — усе заданні для хлопцаў і дзяўчат былі прадастаўлены і выконваліся на англійскай мове. Дарэчы, геаграфічныя міжнародныя алімпіяды з’яўляюцца адзінымі сярод прадметных, дзе матэрыялы для ўдзельнікаў не перакладаюцца на рускую мову.

Дзякуючы эрудзіраванасці, ведам і вопыту ўдзелу ў спаборніцтвах міжнароднага ўзроўню, Дзянісу Рабчуку ўдалося па­спяхова справіцца з заданнямі алімпіяды. Захапленне геаграфіяй у хлопца пачалося яшчэ ў дзяцінстве — размовы аб тэктоніцы і дэмаграфіі з бацькам, у якога геаграфічная адукацыя, сталі для хлопца звычайнай справай. Яркія дзіцячыя ўспаміны — вялізная карта свету, якая вісела на кухні і вабіла ў захапляльныя падарожжы.

Цікавасць да геа­графіі ў гімназіі падтрымала і развіла настаўніца Алена Арнольдаўна Сакалоўская. Яна і прапанавала дапытліваму хлопцу прыняць удзел у прадметнай алімпіядзе. У 6 класе Дзяніс паказаў выключны вынік: на раённай алімпія­дзе па геаграфіі сярод сямікласнікаў стаў абсалютным пераможцам. З гэтага і пачаўся ўдзел у алімпіядным руху. Першай міжнароднай узнагародай Дзяніса было “серабро” Балтыйскай алімпіяды, у якой удзельнічала 40 школьнікаў з 6 краін. Гэтыя спаборніцтвы і сталі добрым стымулам для далейшага развіцця.

— Для мяне галоўнае — зразумелая матывацыя: не нейкія абстрактныя мэты, а канкрэтнае ўзнагароджанне — тое, што рэальна цэніш і хочаш дасяг­нуць. І абавязкова — натхненне, — адзначае Дзяніс.

Дзяніс Рабчук — асоба мнагагранная. Не толькі геаграфія з’яўляецца яго захапленнем. Хлопца цікавіць мастацтва, архітэктура, спорт, спартыўныя інтэлектуальныя гульні накшталт “Што? Дзе? Калі?”, “Свая гульня”. А летась з ідэяй азнаёміць брэстаўчан з беларускай паэзіяй праз стрыт-арт Дзяніс стаў фіналістам конкурсу “Першыя”. Жаданне супала з магчымасцямі, калі школьнік выйграў конкурс міні-грантаў і атрымаў сродкі, каб пачаць п­раект #vershybrest. У выніку ў цэнтры Брэста з’явіліся паэтычныя муралы з творамі Максіма Багдановіча, Ніны Мацяш і Генадзя Бураўкіна.

Віншуем Дзяніса з перамогай!


Міжнародная геаграфічная алімпіяда (iGeo) праводзіцца з 1996 года пад эгідай Міжнароднага геаграфічнага Саюза (IGU). Упершыню яна стартавала ў Гаазе. З тых часоў месца правя­дзення інтэлектуальных спаборніцтваў кожны раз мяняецца, але нязменным застаецца адно — імкненне юнакоў і дзяўчат, якія цікавяцца навукай, прадэман­страваць веды і пашырыць кругагляд, дасягнуць по­спехаў у сваёй сферы.

У алімпіядзе ўдзельнічаюць навучэнцы ва ўзросце ад 16 да 19 гадоў — пераможцы нацыя­нальных спаборніцтваў юных географаў. Галоўныя задачы спаборніцтваў — стымуляванне цікавасці да геаграфіі і іншых навук аб навакольным асяроддзі, развіццё міжнароднага ўзае­мадзеяння.

З 2012 года алімпіяда стала штогадовай, да гэтага яна праводзілася раз на два гады. За перыяд правядзення гэтых міжнародных спаборніцтваў геаграфія краін-удзельніц пашырылася ад 5 да 46 краін. Алімпіяда праходзіла ў многіх краінах свету, уключаючы Нідэрланды, Партугалію, Карэю, Аўстралію, Туніс, Кітай, Германію, Японію, Польшчу. У 2022 годзе арганізатарам iGeo стане Францыя.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.