Вынікі мінулага навучальнага года і задачы на новы. У Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі прайшло ўрачыстае пашыранае пасяджэнне савета інстытута.
З 2020 года, працуючы ў рамках рэалізацыі мадэлі “Інстытут 4.0”, ГрАІРА арганізоўвае адукацыйную, метадычную, навуковую і інавацыйную дзейнасць з улікам патрэб рэальнага сектара эканомікі і сацыяльнай сферы рэгіёна. Інстытут павышае кваліфікацыю спецыялістаў розных катэгорый з мэтай іх самарэалізацыі ў прафесійнай сферы.
— На першае месца наш інстытут сёння ставіць распрацоўку форм і метадаў для выхаваўчай работы ў сістэме адукацыі рэгіёна, што дазволіць больш прадукцыйна працаваць з сучаснымі дзецьмі, — адзначыла рэктар Гродзенскага інстытута развіцця адукацыі Святлана Сяргейка. — Плануем стварыць унікальны для краіны праект “Цэнтр маральнасці і патрыятызму”. Якаснае выхаванне немагчыма, калі ў гэтым не зацікаўлены педагог. Таму мы ставім перад сабой задачу, каб кожны педагог рэгіёна меў магчымасць павысіць кваліфікацыю, прыняць удзел у розных адукацыйных мерапрыемствах, такіх як майстар-класы, семінары-практыкумы, фестывалі, конкурсы, у эксперыментальным руху, што дазволіць яму рэалізаваць задачу выхавання сапраўднага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Задумаліся і над тым, каб арганізаваць работу па прысваенні нашаму інстытуту імя Алаізы Пашкевіч (Цёткі).
У 2020/2021 навучальным годзе Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі ўкараніў 11 навінак, якія падхапіла ўся краіна. Ад зін з такіх праектаў — віртуальная школа. Гэта электронны адукацыйны рэсурс для навучэнцаў, іх бацькоў і педагогаў, дзе размешчаны відэаўрокі, тэсты для самаправеркі па тэмах асноўных вучэбных прадметаў, які быў распрацаваны менавіта Гродзенскай вобласцю для чацвёртай чвэрці мінулага навучальнага года, а затым ужо ідэя была рэалізавана ў рэспубліцы. Таксама сярод праектаў — арганізацыя павышэння кваліфікацыі спецыялістаў на працягу тыдня ў дыстанцыйным рэжыме без адрыву ад работы. Вопыт выкарыстання гэтай формы пераняты ўсімі інстытутамі развіцця адукацыі краіны. Упершыню ў краіне падрыхтаваны зборнік рашэнняў кейсаў для педагогаў-псіхолагаў.
Вырасла колькасць устаноў адукацыі, якія прымаюць удзел у рэалізацыі экспрыментальных і інавацыйных праектаў рэспубліканскага ўзроўню. Вынікі рэалізацыі інавацыйных праектаў установамі адукацыі Гродзенскай вобласці прызнаны Міністэрствам адукацыі лепшымі і рэкамендаваны для выкарыстання ў адукацыйнай практыцы.
Мінулы навучальны год быў выніковым у пытаннях выхаваўчай работы. Распрацаваны і рэалізаваны новыя праекты: інтэрнэт-праект #Моладзь#Памяць#Будучыня. bу, прысвечаны Вялікай Айчыннай вайне, Instagram-праект @my_ediny_by. На сайце інстытута арганізавана работа пастаянна дзеючай абласной віртуальнай школы для бацькоў “Паспяховае бацькоўства”. За першае паўгоддзе 2021 года гэты электронны рэсурс наведала амаль 7 тысяч карыстальнікаў з Беларусі, Расіі, Польшчы, Эстоніі, Грузіі, Арменіі, Украіны і іншых краін.
Эфектыўнасць метадычнага суправаджэння выхаваўчай работы пацвярджаюць вынікі выступлення Гродзенскай вобласці на XIX Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі. Было атрымана 97 дыпломаў Міністэрства адукацыі. Дыпломам I ступені ўзнагароджаны навукова-метадычны часопіс “Веснік адукацыі. Гродзенскі рэгіён”.
Інстытут праводзіць навуковыя даследаванні ў галіне гуманітарных навук, распрацоўвае і выкарыстоўвае інавацыйныя метады адукацыі. У мінулым годзе працягнута рэалізацыя эксперыментальнага праекта па апрабацыі мадэлі развіцця гатоўнасці педагогаў да фарміравання нацыянальнай ідэнтычнасці навучэнцаў у міжкультурным адукацыйным асяроддзі на базе 15 устаноў адукацыі вобласці.
ГрАІРА стварае ўмовы для развіцця міжнароднага супрацоўніцтва па дадатковай адукацыі дарослых. Падпісаны дагаворы і праграмы супрацоўніцтва з вядучымі ўстановамі адукацыі Расіі, Казахстана, Украіны, Польшчы, Літвы, Малдовы, Ізраіля і іншых краін.
Поспехі і дасягненні Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі атрымалі высокую ацэнку з боку кіраўніцтва Гродзенскага аблвыканкама. За дасягненні высокіх паказчыкаў, прафесіяналізм і значны ўклад у развіццё адукацыі рэгіёна інстытут занесены на абласную Дошку гонару па выніках 2020 года.
Традыцыйна напярэдадні новага навучальнага года былі адзначаны педагогі, якія ўнеслі значны ўклад у разіццё сістэмы адукацыі не толькі Гродзенскага рэгіёна, але і ўсёй краіны, займаліся распрацоўкай электронных адукацыйных рэсурсаў. На пасяджэнні савета інстытута ім былі ўручаны граматы Міністэрства адукацыі, абласнога прафсаюза работнікаў адукацыі і грамадскай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын”.
— Бываюць горадаўтваральныя прадпрыемствы, а ваш калектыў можна назваць сістэмафарміруючым у сферы адукацыі, таму што вы вызначаеце перспектывы развіцця, зыходзячы з пастаўленых дзяржавай задач, фарміруеце прафесійную кампетэнтнасць нашых педагогаў. Вы ўмееце вызначаць задачы, і, самае галоўнае, усе яны рэалізоўваюцца, — адзначыла, звяртаючыся да супрацоўнікаў інстытута, старшыня абласнога прафсаюза работнікаў адукацыі Вера Грышэчка.
Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама старшыня абласной арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Ірына Сцепаненка падзякавала за метадычную дапамогу ў рэалізацыі сацыялагічнага праекта, за адкрыццё курсаў павышэння кваліфікацыі для ідэалагічных работнікаў, удзел у форуме ідэалагічнага актыву.
На сённяшні дзень у ГрАІРА працуе больш як 140 чалавек. У яго структуры — факультэт прафесійнай самарэалізацыі, цэнтр дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі і цэнтр ідэалагічнай, выхаваўчай і сацыяльнай работы і інш.
Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.