Супрацоўніцтва з універсітэтам: пазіцыя каледжа

- 14:11Сацыяльны ракурс
Навучэнцы каледжа падчас заняткаў

Штогод прыкладна 100 выпускнікоў Мінскага дзяржаўнага каледжа электронікі паступаюць у Інстытут інфармацыйных тэхналогій БДУІР на навучанне ў скарочаныя тэрміны.

Расказвае загадчык аддзялення сярэдняй спецыяльнай адукацыі каледжа Аляксандр Іванавіч ПУГАЧ:
— Каледж мае даўнія ўзаемаадносіны з Інстытутам інфармацыйных тэхналогій БДУІР. Каля 50% нашых выпускнікоў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй паступаюць у інстытут на скарочанае навучанне па трох спецыяльнасцях: “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”, “Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей”, “Мікраэлектроніка”. Адпаведныя спецыяльнасці ёсць у ІІТ БДУІР, і выпускнікі каледжа паступаюць адразу на трэці курс інстытута. Дзякуючы інтэграваным вучэбным планам, у іх ёсць магчымасць не паўтараць тыя прадметы, якія яны вывучалі ў ССНУ.

А.І. ПугачПераважна нашы выпускнікі вучацца ў вышэйшай школе на завочнай форме, частка з іх — на вячэрняй, і толькі за кошт уласных сродкаў. Усе яны працуюць, таму для іх больш камфортна атрымліваць вышэйшую адукацыю платна ў сціслы тэрмін, чым за бюджэтныя сродкі ў поўны тэрмін.
Мінскі дзяржаўны каледж электронікі навучае маладых людзей з парушэннямі слыху. Да апошняга часу ў іх не было магчымасці працягваць адукацыю на ўзроўні вышэйшай адукацыі. Мы абмеркавалі гэтую праблему з Інстытутам інфармацыйных тэхналогій, і ён пайшоў насустрач: у 2012 годзе прыняў на навучанне чатырох такіх нашых выпускнікоў. Дарэчы, у лістападзе мінулага года на базе БДУІР праходзіла міжнародная навукова-метадычная канферэнцыя “Бесперапынная прафесійная адукацыя асоб з абмежаванымі магчымасцямі”, дзе каледж электронікі прадстаўляў свой даклад.
Увогуле, наша супрацоўніцтва з Інстытутам інфармацыйных тэхналогій БДУІР даволі шматбаковае: ад падрыхтоўкі інтэграваных вучэбных планаў да ўдзелу ў вось такіх міжнародных канферэнцыях.
Каледж супрацоўнічае і з іншымі ўстановамі вышэйшай адукацыі — Белдзяржуніверсітэтам, Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам, Міжнародным універсітэтам “МІТСО”. У цэлым каля 80% нашых выпускнікоў працягваюць навучанне ў вышэйшай школе па інтэграваных праграмах.
Я лічу вельмі эфектыўнай схему навучання “прафесійна-тэхнічная адукацыя — сярэдняя спецыяльная — вышэйшая”. Акрамя іншых пераваг, яна мінімізуе наступствы ад памылак, зробленых абітурыентамі пры выбары прафесіі, а таксама пашырае іх магчымасці пры працаўладкаванні. Пасля кожнага ўзроўню адукацыі малады чалавек можа пайсці альбо працаваць, альбо вучыцца на наступны ўзровень, альбо радыкальна змяніць прафесію.
Ёсць маладыя людзі, якія праходзяць праз тры гэтыя этапы: спачатку паступаюць на ўзровень ПТА пасля 9 класаў, потым — на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі, а затым ідуць ва ўніверсітэты на скарочанае навучанне. Заканамерна, што ўнутры каледжа з аднаго ўзроўню на другі перамяшчаюцца толькі лепшыя навучэнцы — праз унутраны комплексны экзамен. Тое ж датычыцца і пераходу далей, на ўзровень вышэйшай адукацыі: праз унутраны ўніверсітэцкі іспыт і цэнтралізаванае тэсціраванне УВА адбіраюць найбольш здольных абітурыентаў.

Навучэнцы каледжа падчас заняткаўАкрамя таго, такая сістэма падрыхтоўкі вельмі важная для інжынераў, бо забяспечвае сур’ёзную практычную базу. Сярэдняя спецыяльная, а тым больш прафесійна-тэхнічная адукацыя даюць магчымасць адчуць прафесію, “памацаць рукамі” дзякуючы вялікаму аб’ёму практык і вытворчага навучання. Да таго ж у нас урочная сістэма заняткаў, а не паточная, як у вышэйшай школе, таму кожны навучэнец пад наглядам. Тым, хто прайшоў каледж, лягчэй вучыцца ва ўніверсітэце, бо яны навучыліся працаваць.
Чаму мы зацікаўлены ў інтэграцыі з установамі вышэйшай адукацыі? Ды дзеля таго, каб адораныя дзеці маглі працягнуць навучанне. Навучэнцы каледжа рэгулярна самі ставяць пытанне аб паступленні, напрыклад у БДУІР. Частка абітурыентаў выбірае каледж менавіта з такім прыцэлам: у далейшым атрымаць вышэйшую адукацыю па скарочанай праграме. Таму для нас гэта ў тым ліку і пытанне прэстыжу.
Дарэчы, літаральна днямі каледж наведваў дэкан факультэта камп’ютарных тэхналогій ІІТ БДУІР Рыгор Міхайлавіч Шахлевіч. Яго візіт выклікаў асаблівы інтарэс у выпускнога курса. Літаральна ў студзені каледж заканчваюць 3 групы навучэнцаў, якія ў свой час паступалі на базе 9 класаў, у тым ліку і група навучэнцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. А ў чэрвені мы выпускаем яшчэ каля 25 чалавек, якія паступалі на аснове 11 класаў.
Праблема, з якой могуць сутыкнуцца юнакі, — гэта вясенні прызыў у армію. Тут ім ужо ні мы, ні ўніверсітэт дапамагчы не зможам. Адну адтэрміноўку ад службы ва Узброеных Сілах яны атрымалі падчас вучобы ў каледжы, і другая, на жаль, не прадугледжваецца. А вось тыя, хто будзе выпускацца ў чэрвені, такой небяспекі пазбаўлены, прынамсі, у 2013 годзе.
Ва ўніверсітэтах ідзе скарачэнне тэрмінаў навучання, і відавочна, што гэта адаб’ецца і на інтэграцыі з каледжамі. Зараз абмяркоўваецца ідэя, каб скарачэнне часу навучання паміж узроўнямі адукацыі было больш істотным. Для гэтага трэба аптымізаваць вучэбныя планы. Рэзервы для скарачэння вучэбнага часу ёсць. Мяркую, што да гэтага мы і ідзём.

Запісала Іна НІКІЦЕНКА.
nikitsenka@ng-press.by
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.