Ім пакарыўся вучэбны алімп

- 7:36Адукацыйная прастора

Узнагароджанне пераможцаў трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Інфарматыка” і “Працоўнае навучанне” праходзіла ў зале Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну, дзе традыцыйна і праводзіцца алімпіяда. Такое сімвалічнае супадзенне паказвае, што навучэнцы Гродзеншчыны дасягаюць высокіх вынікаў у розных галінах дзейнасці, гэта таленавітыя дзеці, якія маюць светлы розум і залатыя рукі.

Старшыня журы алімпіяды па інфарматыцы старшы выкладчык кафедры матэматычнага і інфармацыйнага забеспячэння эканамічных сістэм Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Юрый Генрыхавіч Сцёпін адзначае, што заданні алімпіяды дазваляюць вылучыць творчых і таленавітых удзельнікаў, у гэтым годзе алімпіяднікі прапанавалі і аўтарскія рашэнні заданняў. Радуе, што высокія вынікі паказваюць школьнікі з розных раёнаў Гродзенскай вобласці, сярод якіх і навучэнцы сельскіх школ.

Настаўнік Клайшанскай базавай школы Воранаўскага раёна Ю.І.Вільчэўскі штогод рыхтуе пераможцаў і прызёраў алімпіяды. Юрый Іосіфавіч гаворыць, што сёння не мае значэння месца вучобы, галоўнае — працаздольнасць і зацікаўленасць навучэнцаў. А дыпламантка першай ступені навучэнка 11 класа сярэдняй школы № 3 Зэльвы Дар’я Несцяровіч дадае, што алімпіяда дае магчымасць не толькі набыць новыя веды, але і сустрэцца з сябрамі і знайсці новых, атрымаць парады ад вопытных выкладчыкаў. Галоўнай цяжкасцю для яе было не рашэнне задач, а хваляванне, але гэта не перашкодзіла Дар’і, а таксама Ільі Клімко з гімназіі № 1 Навагрудка, навучэнцам Іўеўскай сярэдняй школы дзесяцікласніку Юрыю Свістуну і яго сястры адзінаццацікласніцы Ганне Свістун паказаць лепшыя вынікі.

А найбольшую колькасць дыпломаў па інфарматыцы заваявалі вучні Лідскага раёна — 11, па сем дыпломаў — у вучняў Ленінскага раёна Гродна і Іўеўскага раёна.

Сапраўдным прарывам стаў удзел школьнікаў Бераставіцкага раёна ў алімпіядзе па працоўным навучанні: усе чатыры ўдзельнікі атрымалі дыпломы. Усяго ў алімпіядзе прынялі ўдзел 52 вучні. Як расказала старшыня аргкамітэта алімпіяды па працоўным навучанні метадыст Цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Вольга Мікалаеўна Максімец, у гэтым годзе былі зменены правілы і замест трох тураў праходзілі два — тэарэтычны і практычны. У тэарэтычным туры за тры гадзіны трэба было адказаць на 25 пытанняў і рашыць пяць задач. Заданне практычнай часткі ў дзяўчат — вышыванне сурвэткі, у хлопцаў — выраб забаўкі з дрэва і металу. На выдатна тут справіліся Павел Зубель з сярэдняй школы № 3 Свіслачы (дарэчы, Павел ужо трэці раз удзельнічаў у алімпіядзе), навучэнка сярэдняй школы № 28 Гродна Ксенія Гансёрак і навучэнкі Вялікабераставіцкай сярэдняй школы Настасся Бельская і Арына Яскевіч, якіх падрыхтавала настаўніца працоўнага навучання Таццяна Аляксандраўна Васіленка.

Словы ўдзячнасці прагучалі падчас узнагароджання пераможцаў алімпіяды па вучэбных прадметах “Руская мова” і “Руская літаратура” не толькі ў адрас таленавітых вучняў, але і іх настаўнікаў і бацькоў. Прызёраў алімпіяды павіншаваў начальнік упраўлення адукацыі, спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Генрыхавіч Сонгін. У школьнікаў Гродзеншчыны стабільна высокія вынікі па гэтых прадметах і на рэспубліканскім этапе алімпіяды. Тры гады запар пераможцаў абласнога і рэспубліканскага этапаў алімпіяды па рускай мове і літаратуры рыхтуюць педагогі Таццяна Міхайлаўна Глыздова з гімназіі № 1 Ліды, Таццяна Іванаўна Садовая з гімназіі № 10 Гродна, Анжэла Эдуардаўна Анішчык з сярэдняй школы № 3 Слоніма.

Каб стаць пераможцам алімпіяды па рускай мове і літаратуры трэба было прайсці выпрабаванні трох тураў. Старшыня прадметнага аргкамітэта алімпіяды метадыст Цэнтра дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі ГрАІРА Людміла Мікалаеўна Чабоцька гаворыць, што заданні гэтага года насілі пазнавальны характар і былі складзены такім чынам, што дазвалялі праверыць не толькі тэарэтычныя веды па ўсіх раздзелах праграмы па мове і літаратуры, але і ўбачыць творчы патэнцыял, кругагляд удзельнікаў. Напрыклад, у трэцім туры навучэнцы рыхтавалі вуснае выказванне і адказвалі на пытанні членаў журы, якімі традыцыйна з’яўляюцца як выкладчыкі гродзенскіх універсітэтаў, так і школьныя настаўнікі.

У алімпіядзе па рускай мове і літаратуры прынялі ўдзел 69 навучэнцаў з усіх раёнаў вобласці і Гродна. Дыпломамі I ступені былі адзначаны Ірына Новыш (сярэдняя школа № 3 Зэльвы), Ганна Кузьміч (сярэдняя школа № 6 Гродна), Дар’я Мельнікава (гімназія № 1 Ліды), Юлія Раманчук (Гродзенская гарадская гімназія), Ганна Дудкоўская (гімназія № 2 Гродна) і Ганна Сурмач (гімназія № 3 Гродна).

Трэці раз праводзілася ў Гродзенскай вобласці алімпіяда па кітайскай мове, удзел у якой прынялі шэсць чалавек. Дарэчы, першы раз было ўсяго два ўдзельнікі.

У трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды прыняло ўдзел 830 навучэнцаў Гродзеншчыны. Як паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Ларыса Пятроўна Губіч, дыпломамі былі адзначаны 378 удзельнікаў. Найбольш выніковым стала выступленне на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды навучэнцаў Ленінскага раёна Гродна, якія заваявалі 88 дыпломаў. Другі вынік — 82 дыпломы — у навучэнцаў Кастрычніцкага раёна абласнога цэнтра. 66 дыпломаў — у навучэнцаў Лідскага раёна. Сярод навучальных устаноў вылучыліся гродзенская гімназія № 1 імя акадэміка Я.Ф.Карскага — 35 дыпломаў, Гродзенская гарадская гімназія — 31, гімназія № 1 Ліды — 27. У параўнанні з мінулым годам палепшыліся вынікі навучэнцаў з Іўеўскага, Гродзенскага і Бераставіцкага раёнаў.

Для ўдзельнікаў алімпіяды былі створаны неабходныя ўмовы для падрыхтоўкі да алімпіяды і арганізаваны адпачынак. Па традыцыі школьнікі наведалі спектакль Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра.

У канцы сакавіка Гродна будзе прымаць удзельнікаў заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы, астраноміі і інфарматыцы. Алімпіяда па матэматыцы пройдзе ў Лідзе.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.