Індывідуальны маршрут да перамогі

- 12:13Адукацыйная прастора

Настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 146 Мінска Ірына Сяргееўна Варакса, дзякуючы сваёй энергічнасці, паспявае шмат: у 5-х, 8-х і 11-х класах яна выкладае рускую мову і літаратуру, у 5—6 класах — “Мастацтва”, праводзіць факультатыўныя заняткі, рыхтуе алімпіяднікаў і ўзначальвае ў гімназіі работу метадычнага аб’яднання настаўнікаў мовазнаўства, гісторыі і грамадазнаўства, у інфармацыйна-адукацыйным цэнтры “Настаўнік” пры МГІРА рыхтуе школьнікаў да алімпіяд.

Як прызнаецца Ірына Сяргееўна, яна родам з конкурсу: была фіналісткай, а пасля неаднаразова і членам журы гарадскога конкурсу педагагічнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі”, пераможцай гарадскога конкурсу “Вопыт і ініцыятыва педагогаў — рэсурс адукацыі сталіцы” (2012 і 2016 гады). Акрамя гэтага, педагог з’яўляецца двухразовай уладальніцай прэміі Мінгарвыканкама, удзельнічае ў рабоце гарадскога клуба настаўнікаў “Вялікі перапынак”, выступае на міжнародных практычных канферэнцыях — усіх педагагічных дасягненняў і не пералічыць.

Педагог стараецца і сваіх навучэнцаў зацікавіць удзелам у разнастайных мовазнаўчых конкурсах і алімпіядах. На працягу многіх гадоў яе вучні становяцца пераможцамі розных этапаў Рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах “Руская мова” і “Руская літаратура”, гарадскіх і міжнародных інтэрнэт-алімпіяд. У 2013/2014 навучальным годзе восьмікласнікі Ірыны Сяргееўны былі першымі ўдзельнікамі I Мінскай алімпіяды па лінгвістыцы і сталі ўладальнікамі дыпломаў І, ІІ і ІІІ ступеняў.

Пазітыўныя адносіны да сябе

Падрыхтоўка да алімпіяд і конкурсаў — працяглы, напружаны і адказны працэс. Ён патрабуе ад настаўніка і вучняў высокага ўзроўню эрудыцыі, рознабаковых і трывалых ведаў, канцэнтрацыі і, што самае галоўнае, — узаемаразумення і эмацыянальнай устойлівасці.

“Псіхалагічная і фізічная нагрузка на вучняў, якія рыхтуюцца да алімпіяд і конкурсаў, велізарная, і пры гэтым гімназістам неабходна захаваць устойлівы эмацыянальны стан. Тым больш, сённяшнія дзеці і дарослыя абсалютна не ўстойлівыя да стрэсаў”, — лічыць настаўніца.

Шматгадовы вопыт падштурхнуў Ірыну Сяргееўну да пошуку ўмоў, якія спрыялі б рацыянальнай арганізацыі працэсу падрыхтоўкі і ўдзелу ў алімпіядным руху праз фарміраванне пазітыўных адносін да сябе як да асобы. Настаўніца праводзіць з вучнямі практыкаванні, накіраваныя на самапазнанне, самаактуалізацыю і фарміраванне пазітыўных самаадносін.

Аргументы і афарызмы

“Падрыхтоўка да алімпіяды для мяне і маіх вучняў — пастаянны і сістэматычны працэс. Работу з навучэнцамі пачынаю з 5 класа: праводжу з імі інтэлектуальныя конкурсы “У госці да мовазнаўцы”, “Лінгварыкі”. На ўроках тэму загадак, скорагаворак выкладаю не як звычайныя заняткі, а як конкурс з уручэннем дыпломаў і падзяк. Вучні 5 —11 класаў актыўна ўдзельнічаюць у конкурсе “Жураўлік”.

Ірына Сяргееўна прывучае дзяцей карыстацца слоўнікамі, якіх у кабінеце настаўніцы рускай мовы і літаратуры шмат: калі ёсць патрэба, накіроўвае вучняў да Сяргея Іванавіча або Уладзіміра Іванавіча. Выпадковыя госці гімназіі здзіўляюцца, а гімназісты даўно ўжо прывыклі, што так настаўніца называе слоўнікі Сяргея Іванавіча Ожагава і Уладзіміра Іванавіча Даля.

“Падрыхтоўка да алімпіяд і конкурсаў праходзіць і на звычайных уроках. Прыемна, што ў гэта ўцягваюцца нават тыя вучні, якія раней адседжваліся ці губляліся за актыўнасцю іншых. Спрабуюць свае сілы ў алімпіядным удзеле па мове і літаратуры нават заўзятыя “фізікі”. Ніколі не забываю хваліць, узнагароджваць і віншаваць сваіх вучняў не толькі за ўдзел у алімпіядах, але і за яркія выступленні на вучэбных занятках па рускай мове і літаратуры. У паралелі 8-х класаў, у якой я выкладаю рускую літаратуру, ёсць адзін эмацыянальна адкрыты клас, дзе пасля выразнага чытання вучнем твора на памяць астатнія ацэньваюць яго апладысментамі”.

Паглядзець на сябе вачыма іншых

“Пры падрыхтоўцы да аднаго з этапаў алімпіяды — вуснага выказвання — робім з дзецьмі практыкаванні на зняцце стрэсу, адсутнасць боязі публічных выступленняў, рэфлексуем, выступаем у розных ролях — слухача ці выступоўцы. Раю дзецям не крытыкаваць адно аднаго, а даваць толькі сяброўскія, станоўчыя парады, шукаць рацыянальнае зерне. Разам аналізуем, як будаваць выказванне (прыём “круга” — пачатак і канцоўка запамінаюцца лягчэй, а ў сярэдзіне, каб цябе пачулі, патрэбна яркае рытарычнае пытанне, незвычайны прыклад, выразныя маўленчыя сродкі прыцягнення ўвагі)”.

Час ад часу Ірына Сяргееўна выкарыстоўвае наступны псіхалагічны прыём: на лісце паперы піша імя выступоўцы, і кожны са слухачоў запісвае туды думкі і парады, якія паявіліся падчас праслухоўвання публічнага выказвання “калегі”. Адным аўтарам вучні жадаюць дадаць эмацыянальнасці, другім — лепш кантраляваць сваё маўленне, трэцім — адчуваць сябе больш упэўненым. Запісваючы сваю параду, дзеці загінаюць аркуш паперы. Часцей за ўсё вучні разгортваюць яго дома, дзе ў спакойнай атмасферы чытаюць і падводзяць вынікі. Многім гэта дапамагае ўбачыць сябе вачыма іншых і дае магчымасць аб’ектыўна ацаніць сваю працу.

“Адчуванне еднасці, падтрымкі дзецям вельмі патрэбна. Як пастаянны ўдзельнік шматлікіх конкурсаў, я добра разумею сваіх алімпіяднікаў”.

Сярод цікавых ідэй Ірыны Сяргееўны ёсць распрацоўкі, якія падказала глабальная сетка, — дзве энцыклапедыі (аргументаў і афарызмаў). Першая — гэта зборнік невялікіх гісторый і прыкладаў таго, як разважаць у той ці іншай сітуацыі (дзеці актыўна ёй карыстаюцца і спрабуюць складаць сваю). Другая — мноства яскравых цытат вялікіх людзей усіх часоў і народаў.

“Пры напісанні водгуку і на вусным выступленні заўсёды патрэбны яркія словы, моўныя звароты, якія вылучаць цябе сярод іншых выступоўцаў. Таму мы ствараем зборнікі выказванняў пісьменнікаў і дзеячаў навукі і мастацтва пра рускую мову і літаратуру — “Энцыклапедыю афарызмаў”. Шчыра кажучы, дзякуючы такому “збіральніцтву”, мае вучні пазнаюць шмат новага, разам з імі я таксама ўзбагачаюся новымі ведамі”.

Абмен ведамі

Каб работа была сістэмнай і мэтанакіраванай, настаўніца распрацавала індывідуальныя адукацыйныя маршруты, складзеныя з улікам дасягненняў кожнага навучэнца. “Запісваем туды тэмы і раздзелы, якія мы вывучылі, тое, што трэба паўтарыць з раней засвоенага, індывідуальныя заданні, праверку дамашніх работ і аналіз вынікаў работы. Гэта вельмі паказальна для настаўніка, таму што ў кожнага ёсць і індывідуальныя памылкі, але ёсць і тыя “граблі”, на якія наступаюць амаль усе вучні: правапіс “не” з рознымі часцінамі мовы, “н” і “нн” у суфіксах прыметнікаў і дзеепрыметнікаў, пастаноўка знакаў прыпынку ў бяззлучнікавых і складаназалежных сказах і г.д.

Ірына Сяргееўна актыўна карыстаецца і ўзаеманавучаннем, аб’ядноўваючы ў адну групу вучняў 11 і 8 класаў: “Гэта ідзе на карысць усім: малодшыя вучні дапамагаюць будучым выпускнікам успомніць некаторыя правілы, а старэйшыя ў сваю чаргу пашыраюць іх веды, паглыбляюць іх, садзейнічаюць апераджальнаму навучанню”.

Падчас падрыхтоўкі да алімпіяд мы з калегамі (настаўнікамі рускай мовы і літаратуры гімназіі) паспрабавалі ўзаемадзейнічаць, падхопліваючы адно аднаго. У кожнага настаўніка ёсць тэмы, дзе ён адчувае сябе асабліва моцным і падрыхтаваным. Такім чынам мы і займаліся з алімпіяднікамі: учора рыхтаваў адзін настаўнік, сёння наступную тэму прапрацоўвае з дзецьмі іншы, заўтра сваю лепту ўнясе трэці. Такая інтэграцыя дае добры вынік: як бы старанна ты ні рыхтаваў дзяцей і ні займаўся з імі, іншы настаўнік заўсёды можа дадаць нешта сваё.

Рознакаляровая мнемоніка

“Падчас заняткаў з вучнямі стараюся падключыць усе магчымыя віды памяці: візуальную, слыхавую, механічную, эмацыянальную. Шырока выкарыстоўваю дыскі з запісанымі матэрыяламі, якія могуць дапамагчы дзецям эфектыўна падрыхтавацца да алімпіяды: аўдыязапісы (аўдыятэка з нормамі арфаэпіі), відэаматэрыялы па літаратуры, адразу пасля прагляду якіх прапаную навучэнцам выканаць тэставыя заданні на праверку засвоенага матэрыялу. Ствараем слоўнікі лінгвістычных і літаратуразнаўчых тэрмінаў. Па сваім вопыце ведаю, што ў комплекснай рабоце на алімпіядзе часта бываюць заданні менавіта на веданне біяграфічных момантаў, таму складаем кароткія бібліяграфічныя карты навукоўцаў-лінгвістаў і літаратуразнаўцаў. Таксама слухаем аўдыякнігі, мастацкія тэксты ў выкананні аўтараў і майстроў мастацкага слова, выкарыстоўваем гатовыя і складаем індывідуальныя памяткі па вучэбных тэмах і раздзелах”.

Падчас тлумачэння цяжкіх тэм Ірына Сяргееўна заўсёды працуе з рознакаляровай крэйдай, вучні ў сшытках выдзяляюць колерам, падкрэсліваюць. Гэта канцэнтруе ўвагу ў велізарным патоку матэрыялаў, дапамагае зрокава хутка знайсці і вылучыць галоўнае.

Для настаўніцы важна, каб яе вучні запаміналі інфармацыю на эмацыянальным узроўні, таму на ўроках і пры падрыхтоўцы да алімпіяд яна часта звяртаецца да мнеманічных спосабаў запамінання.

“Неяк падчас разбору з дзецьмі прымет дзеепрыслоўя звярнула іх увагу на тое, што пастаянных прымет у гэтай формы дзеяслова ўсяго тры. Тлумачу інфармацыю заўсёды эмацыянальна, таму ўзяла і сказала: “Чаму ж яго не любіць? Я Лав дзеепрыслоўе”. І, вымавіўшы гэта, сама зразумела: толькі што прыдумала мнеманічны спосаб запамінання пытанняў да дзеепрыслоўя (Что делая? Что сделав?).

А на заканчэнне нашай размовы Ірына Сяргееўна сказала: “Я дарэмна не цешу сябе, што як настаўнік дапамагу кожнаму стаць пераможцам алімпіяд па рускай мове і літаратуры, а стараюся навучыць гімназістаў самастойна шукаць веды, умець аналізаваць інфармацыю і маленькімі крокамі ісці да сваёй мэты”.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.