Беларусь зацікаўлена ў выбудоўванні добрасуседскіх адносін з Еўрапейскім саюзам. Аб гэтым заявіў першы намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Васіль Мацюшэўскі на сустрэчы з міністрам знешняга гандлю і развіцця Фінляндыі Каем Мюкяненам.
“У бягучым годзе Беларусь і Фінляндыя адзначаюць 25-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін. Безумоўна, за гэты перыяд удалося дасягнуць пэўных станоўчых вынікаў. Мы шчыра ўдзячны фінляндскаму боку за паслядоўную пазіцыю ў Еўрасаюзе і пытанні нармалізацыі адносін ЕС з Беларуссю. Хацелася б яшчэ раз пацвердзіць зацікаўленасць у выбудоўванні стабільных добрасуседскіх адносін з Еўрапейскім саюзам”, — адзначыў Васіль Мацюшэўскі.
Паводле яго слоў, рэалізацыя існуючага гандлёва-эканамічнага патэнцыялу мае вялікае значэнне для Беларусі ў плане прыцягнення інвестыцый і пашырэння выкарыстання сучасных фінскіх тэхналогій. “На жаль, цяпер аб’ём узаемнага гандлю паміж Беларуссю і Фінляндыяй невялікі. У 2016 годзе тавараабарот склаў каля $101 млн у эквіваленце. Як нам здаецца, гэтая сітуацыя не можа задавольваць ні беларускі, ні фінляндскі бок. Сёння існуюць усе ўмовы для выхаду як мінімум на ўзровень нашага ўзаемнага тавараабароту 2012 года. Мы робім усё магчымае для гэтага”, — дадаў першы віцэ-прэм’ер.
Беларусь зацікаўлена ў развіцці супрацоўніцтва з фінляндскім бокам па шэрагу напрамкаў. У іх ліку біятэхналогіі, лесакарыстанне, дрэваапрацоўка, вытворчасць біяпаліва, сельская гаспадарка, навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва, ахова навакольнага асяроддзя і іншыя напрамкі. “Мы гатовы прадаставіць усе неабходныя ўмовы для паспяховай рэалізацыі ў Беларусі буйных бізнес-праектаў з удзелам фінляндскіх кампаній”, — падкрэсліў Васіль Мацюшэўскі.
Адным з ключавых напрамкаў супрацоўніцтва можа стаць энергетыка. “З улікам запланаванага запуску першага блока Беларускай АЭС супрацоўніцтва ў гэтай галіне ўяўляецца перспектыўным для абодвух бакоў”, — лічыць першы віцэ-прэм’ер. У якасці прыкладу ён прывёў магчымасць будаўніцтва пікава-рэзервовых энергакрыніц на базе газатурбінных установак, што можа быць цікавым для фінляндскага боку.
“З задавальненнем гатовы абмяняцца меркаваннямі па магчымых напрамках як эканамічнага, так і знешнепалітычнага супрацоўніцтва”, — рэзюмаваў Васіль Мацюшэўскі.