Кіраўнік і педагог па прызванні

- 11:24Людзі адукацыі

Дырэктар сярэдняй школы № 1 Круглага Магілёўскай вобласці выдатнік адукацыі Аляксандр Міхайлавіч Бялянкін узначаліў установу 32 гады назад. Амаль усе бацькі цяперашніх вучняў школы з’яўляюцца яе выпускнікамі, як і 60% настаўнікаў і сам кіраўнік. За сваю дзейнасць Аляксандр Міхайлавіч атрымаў дзясяткі ўзнагарод, ганаровых грамат і падзяк, у тым ліку некалькі падзячных лістоў ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

— Аляксандр Міхайлавіч, цяжка ўявіць, колькі выпускнікоў сваёй школы вы памятаеце. Хто з родных і самых блізкіх вам людзей вучыўся ў ёй?

— У Круглянскай школе вучыўся я і мае дзеці, а зараз кожную раніцу іду туды пад руку з унучкай. Мой бацька Міхаіл Міхайлавіч, франтавік, усё жыццё прапрацаваў ва ўстанове настаўнікам фізікі. Па яго сцяжынах пайшоў і я. Пасля заканчэння фізфака БДУ вярнуўся ў родныя мясціны. Спачатку выкладаў у Круглянскай сярэдняй школе фізіку, затым два гады працаваў намеснікам старшыні райвыканкама па сацыяльных пытаннях. Калі прапанавалі ўзначаліць школу, вагаўся, ці атрымаецца, ці маё гэта. Не так проста падтрымліваць спрыяльны мікраклімат у асяроддзі настаўнікаў і адначасова вучыць дзяцей. Але на сямейным савеце вырашылі: трэба паспрабаваць. І зараз нават не магу ўявіць, што мог бы аказацца на нейкай іншай пасадзе. Даволі працяглы час выкладаў фізіку, зусім нядаўна вырашыў перадаць вучэбныя гадзіны па гэтым прадмеце маладым педагогам. Больш за 30 гадоў на Кругляншчыне мяне ведаюць як дэпутата раённага Савета дэпутатаў. З 2000 па 2016 год працаваў памочнікам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Круглянскім раёне. Спачатку супрацоўнічаў з Уладзімірам Канаплёвым, з 2008 года — з Валерыем Івановым, затым — з Аляксандрам Агеевым.

Да 2000 года Круглянская сярэдняя школа была адзінай у райцэнтры, і колькасць навучэнцаў у ёй дасягала да 1800 чалавек. Калі была пабудавана сярэдняя школа № 2, вучняў размеркавалі паміж дзвюма ўстановамі. З 2005 па 2007 год у нашай школе праводзіліся рэканструкцыя і капітальны рамонт. Стары будынак быў узведзены па няўдалым для нашых кліматычных умоў сімферопальскім праекце з вокнамі вышынёй 2 метра 20 сантыметраў. Пры рэканструкцыі шмат што памянялі, добраўпарадкавалі і прылеглую тэрыторыю. Установа змянілася да непазнавальнасці, карэнным чынам палепшылася яе матэрыяльна-тэхнічная база, з’явіліся камп’ютарныя класы з выхадам у інтэрнэт, класныя пакоі былі аснашчаны інтэрактыўнымі дошкамі. Пры спонсарскай падтрымцы абсталявалі сучасны кабінет па асновах бяспекі жыццядзейнасці.

— Як вы лічыце, у чым галоўная задача сучаснай школы? Якія шляхі вырашэння гэтай задачы?

— Асноўны крытэрый ацэнкі работы настаўнікаў — глыбокія і трывалыя веды вучняў, іх падрыхтаванасць да самастойнага жыцця. Але ажыццявіць гэта можна толькі пры ўмове фізічнага і псіхалагічнага здароўя дзяцей. Пытанні ўкаранення здароўезберагальных тэхналогій і фарміравання ў навучэнцаў навыкаў здаровага ладу жыцця, цікавасці да фізкультуры і спорту пастаянна знаходзяцца ў полі зроку адміністрацыі і педагогаў школы. У Магілёўскай вобласці ўстанова стала базавай па здароўезберажэнні, па выкананні санітарна-гігіенічных патрабаванняў. Мы распрацавалі адпаведную праграму, якая прапагандуе каштоўнасці здаровага ладу жыцця і заклікае да фарміравання жыццёвых навыкаў, што забяспечваюць фізічнае і псіхічнае здароўе. Да ўсіх мерапрыемстваў, якія ажыццяўляюцца ў рамках праграмы, мы падключаем бацькоў, спецыялістаў раённай бальніцы, урачоў-нарколагаў, псіхатэрапеўтаў. У школе ёсць свой медыцынскі, працэдурны і стаматалагічны кабінеты, дзе працуюць урачы. Яны рэгулярна праводзяць медагляды дзяцей. Адзначу, што ў асноўнай групе здароўя знаходзіцца каля 90% навучэнцаў установы. Алімпіяды і фестывалі па асновах ЗЛЖ, якія праводзяцца ў школе, з’яўляюцца добрым стымулам для фарміравання процідзеяння шкодным звычкам. А станоўчы прыклад нашым дзецям даём у першую чаргу мы, дарослыя. Уявіце: ні адзін са 100 работнікаў школы не курыць!

Што падтрымлівае добры фізічны стан людзей? Канечне, паўнацэннае харчаванне. Гарачым якасным харчаваннем забяспечаны 95% навучэнцаў школы. Сочым мы і за выкананнем норм асветленасці памяшканняў і падтрыманнем у іх належнага паветрана-цеплавога рэжыму. Школьная мэбля падбіраецца для кожнага дзіцяці ў залежнасці ад яго росту, што садзейнічае захаванню правільнай паставы. З мэтай папярэджання блізарукасці, стамлення органаў зроку выкарыстоўваем спецыяльныя трэнажоры. 2—3 разы ў год перасаджваем вучняў з мэтай карэкціроўкі зрокавага ўспрымання. Клапоцімся і пра тое, каб дзеці атрымлівалі дастатковую рухальную нагрузку, належным чынам чаргуем заняткі з прагулкамі на свежым паветры, каб вучні маглі пабегаць, даць волю сваім эмоцыям.

Ва ўстанове створаны ўсе ўмовы для заняткаў спортам. Ёсць вялікая і малая спартыўныя залы, клас рытмікі і танца, школьны стадыён з добрым футбольным полем, спартыўны гарадок. Настаўнікі фізічнай культуры і здароўя маюць вышэйшую кваліфікацыйную катэгорыю, у іх вялікі вопыт работы. У апошнія гады сярэдняя школа № 1 Круглага неаднаразова станавілася пераможцам раённай круглагадовай спартакіяды, а яе вучні — прызёрамі і пераможцамі раённых, абласных і рэспубліканскіх спаборніцтваў па розных відах спорту. Абсалютным чэмпіёнам — пераможцам рэспубліканскіх спаборніцтваў па біятлоне “Снежны снайпер” у асабістым першынстве ў 2015 годзе стаў навучэнец школы Глеб Блізнякоў, а ў 2016 годзе чэмпіёнкай Рэспублікі Беларусь па біятлоне сярод дзяўчынак стала вучаніца школы Аляксандра Голубева. З выдатнымі вынікамі ў гэтым відзе спорту выступілі нашы школьнікі і ў 2017 годзе ў складзе каманды Магілёўскай вобласці.

У студзені бягучага года ў абласных спаборніцтвах па зімовым мнагаборстве “Здароўе” сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі перамагла каманда Круглянскага раёна, якая была ўкамплектавана выключна вучнямі сярэдняй школы № 1 райцэнтра. Пераможцамі абласных спаборніцтваў па лыжных гонках, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, скачках у даўжыню з месца таксама сталі 14 навучэнцаў школы. Не было роўных у падцягванні на высокай перакладзіне хлопчыкам-круглянцам. Ніхто з удзельніц мерапрыемства не мог дастойна паспаборнічаць з нашымі дзяўчынкамі ў згінанні і выпростванні рук ва ўпоры лежачы. У Віцебску на рэспубліканскіх спаборніцтвах па зімовым мнагаборстве “Здароўе” ў лютым гэтага года каманда Магілёўскай вобласці, якая складалася пераважна з круглянскіх школьнікаў, стала ўладальніцай бронзавых медалёў.

Сярод выпускнікоў школы ёсць майстар спорту міжнароднага класа па грэка-рымскай барацьбе Раман Хайбараў. Званне майстроў спорту прысвоена і навучэнцам Ільі Коршунаву — па лыжных гонках, Настассі Кунец — па біятлоне. Нашы настаўнікі і трэнеры выхавалі 26 кандыдатаў у майстры спорту па розных відах спорту.

— Каля 10 гадоў назад мне пашчасціла пабываць у Круглым і запісаць інтэрв’ю з настаўнікам рускай мовы і літаратуры вашай школы Алегам Уладзіміравічам Галаўковым, які займаўся падрыхтоўкай алімпіяднікаў…

— Так, Алег Уладзіміравіч — рэдкі талент у педагогіцы. Ён выдатнік адукацыі, лаўрэат прэзідэнцкай прэміі. У 2014 годзе быў прызнаны ў Магілёўскай вобласці чалавекам года ў сацыяльнай сферы. У 2015 годзе ўзнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”. Педагагічную дзейнасць Алег Уладзіміравіч пачынаў у маленькай сельскай Загаранкаўскай школе. Аднойчы я трапіў да яго на ўрок, дзе настаўнік расказваў аб творы І.С.Тургенева “Муму”. У класе сядзеў… адзін вучань. Але які захапляльны быў урок! Я прапанаваў Алегу Уладзіміравічу работу ў нашай школе. І гэта стала знамянальнай падзеяй для ўстановы. Кожны год навучэнцы А.У.Галаўкова прымаюць удзел у алімпіядах і перамагаюць: Ганна Лабацкая была пераможцай Міжнароднай алімпіяды па рускай мове і літаратуры. Разам з Марыяй Мяцеліцай, пераможцай абласной і рэспубліканскай алімпіяды па гэтым жа прадмеце, Ганна Лабацкая ўзнагароджвалася прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Зараз дзяўчаты з’яўляюцца студэнткамі прэстыжных вышэйшых навучальных устаноў нашай краіны.

Дарэчы, лепшыя выпускнікі школы набіраюць падчас цэнтралізаванага тэсціравання па 360—380 балаў і паступаюць у вядучыя навучальныя ўстановы краіны. У мінулым годзе студэнтамі ўніверсітэтаў сталі 50 працэнтаў выпускнікоў, а ў пазамінулым — 72 працэнты.

Хочацца адзначыць добрымі словамі і моцнага педагога Наталлю Міхайлаўну Самалазаву, настаўніцу гісторыі і грамадазнаўства, пераможцу конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Кругляншчыны”. У мінулым годзе настаўніца падрыхтавала двух пераможцаў абласной алімпіяды па грамадазнаўстве, у гэтым — трох. Яе вучаніцы Дар’я Чарняева, Кацярына Мінчукова і Лізавета Шкіндзерава ў студзені 2017 года сталі дыпламанткамі трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды, а ў мінулым годзе Дар’я Мінчукова на цэнтралізаваным тэсціраванні па гісторыі Беларусі атрымала 100 балаў.

Адзначу, што на ўсіх этапах рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах школа з’яўляецца ў раёне бясспрэчным лідарам. Сёлета з васьмі перамог навучэнцаў школ Круглянскага раёна на абласной алімпіядзе шэсць — у нашых школьнікаў. Дар’я Афрэмава (матэматыка, настаўнік І.Д.Канькова), Ульяна Абаева (руская мова і літаратура, настаўнік А.У.Галаўкоў) і Дар’я Чарняева (грамадазнаўства, настаўніца Н.М.Самалазава) залічаны ў склад каманды Магілёўскай вобласці для ўдзелу ў заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. У мінулым годзе пераможцамі раённых, абласных і рэспубліканскіх конкурсаў сталі 37 чалавек, 27 навучэнцаў школы з’яўляюцца пераможцамі і прызёрамі прадметных конкурсаў.

— Як вы матэрыяльна заахвочваеце сваіх лепшых педагогаў? За кошт чаго падтрымліваеце і ўмацоўваеце матэрыяльную базу школы?

— Спачатку скажу пра адукацыйны ўзровень і ступень прафесійнага майстэрства настаўнікаў школы. У 95% з іх — вышэйшая педагагічная адукацыя, у 80% — вышэйшая і першая кваліфікацыйная катэгорыя, 79% з’яўляюцца сертыфікаванымі карыстальнікамі інфармацыйных тэхналогій. Чатыры педагогі ўзнагароджаны нагрудным знакам “Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.

За асаблівыя заслугі, напрыклад, за перамогу на конкурсе прафмайстэрства, настаўнікі могуць адзначацца прэміяй у памеры да 200% акладу. Ёсць і даплаты да 20% за розныя выслугі. Для педагогаў, чые вучні перамагаюць на абласных і рэспубліканскіх алімпіядах, прадугледжана пяцідзесяціпрацэнтная надбаўка. Таксама матэрыяльна заахвочваем педагогаў, якія аказваюць дадатковыя платныя паслугі.

Сёння кіраўнікі ўстаноў адукацыі імкнуцца развіваць пазабюджэтную дзейнасць, аказваць платныя адукацыйныя паслугі. За мінулы год чысты прыбытак школы склаў каля 40 тысяч рублёў, 30% з якіх — за платныя паслугі: камп’ютарныя заняткі, падрыхтоўку дзяцей дашкольнага ўзросту да навучання ў школе, дадатковыя заняткі па асобных прадметах. Акрамя таго, нашы педагогі афіцыйна маюць права займацца рэпетытарствам на базе школы (індывідуальныя заняткі з дзіцем каштуюць 4 рублі за гадзіну). Дзейнічае ва ўстанове і апякунскі савет, у які ўваходзяць 58 чалавек. У гэтым навучальным годзе ён прынёс у скарбонку школы 4,5 тысячы рублёў. За кошт атрыманых сродкаў мы ўмацоўваем матэрыяльную базу ўстановы, робім рамонт памяшканняў, заахвочваем педагогаў.

— Што цікавае прапаноўвае ваша школа навучэнцам у шосты школьны дзень?

— Па суботах праводзім пазакласную работу па прадметах, арганізоўваем аб’яднанні па інтарэсах, актыўна працуюць творчыя майстэрні. Заўсёды задзейнічаны ў гэты дзень работнікі СППС. Гутарым з бацькамі, якія прыходзяць у школу. Ладзім і спартыўныя спаборніцтвы, спартландыі, не забываемся на інтэлектуальныя гульні, турніры і фестывалі. Праводзяцца вучэбныя заняткі па падрыхтоўцы выпускнікоў дзіцячых дашкольных устаноў да паступлення ў школу, а таксама факультатывы па прадметах з вучнямі 9—11 класаў. Да таго ж на базе школы па суботах арганізоўваем міжшкольныя факультатыўныя заняткі па біялогіі і гісторыі Беларусі для вучняў 10-х і 11-х класаў школ раёна.

— Аляксандр Міхайлавіч, вы сталі ініцыятарам і арганізатарам стварэння школьнага гісторыка-краязнаўчага музея “Спадчына”, ваша школа першай у раёне далучылася да міжнароднай грамадскай акцыі “Бессмяротны полк”.

— Музей у школе быў створаны даўно, і ён шмат у чым дубліраваў экспазіцыі раённага гісторыка-краязнаўчага музея. Вырашылі ўнесці кардынальныя змены, узбагаціць школьны музей дакументальным матэрыялам і стварыць багаты летапіс Круглянскай сярэдняй школы. Навуковую канцэпцыю і абноўлены тэматычны план экспазіцый нам дапамаглі зрабіць у Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Е.Р.Раманава. Работа ажыццяўлялася без прыцягнення бюджэтных сродкаў. Дапамагалі выпускнікі школы. І сёння ў выніку мы маем сучасны ўзорны школьны музей. У ім шырока прадстаўлены матэрыялы па этнаграфіі і краязнаўстве, з’явілася багатая экспазіцыя “Летапіс Круглянскай сярэдняй школы. Пад кіраўніцтвам настаўніцы гісторыі Наталлі Віктараўны Сімаковай вучні рыхтуюць праекты на аснове дакументальных матэрыялаў музея і ўласных даследаванняў, выступаюць і перамагаюць з імі на конкурсах і канферэнцыях. Сярод іх — “За сямю пячаткамі”, “Рэха вайны”, “Настаўнікі ў маёй сям’і”, “Мой радавод”, “Удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны ў маёй сям’і”. Зараз ідзе работа над праектам “Прафесіі ў маёй сям’і”.

Што тычыцца ўдзелу школы ў грамадскай акцыі “Бессмяротны полк”, то магу сказаць, што 9 Мая мінулага года ва ўрачыстасцях, прысвечаных 71-й гадавіне Вялікай Перамогі, прынялі ўдзел усе навучэнцы і работнікі школы. Разам ішлі нашчадкі герояў — дзеці, унукі і праўнукі — з фотапартрэтамі сваіх дзядоў і прадзедаў. Да нас далучыліся многія жыхары Круглага.

Надзея ЦЕРАХАВА.