ААН за свет, спрыяльны для сям’і

- 12:03Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Дэкларацыя ў абарону сям’і, якая была агучана ў ААН намеснікам міністра замежных спраў Беларусі Валянцінам Рыбаковым, у найбліжэйшы час будзе выдадзена ў якасці афіцыйнага дакумента Генасамблеі ААН, паведаміў начальнік упраўлення інфармацыі прэс-сакратар МЗС Беларусі Дзмітрый Мірончык.

“Ініцыятыва падрыхтоўкі такога дакумента па тэме падтрымкі сям’і была вылучана ўпершыню. У найбліжэйшыя дні дэкларацыя будзе выдадзена ў якасці афіцыйнага дакумента Генасамблеі ААН”, — сказаў Дзмітрый Мірончык. Дэкларацыя была адобрана краінамі — членамі Групы сяброў сям’і. Прэс-сакратар МЗС растлумачыў, што гэты дакумент быў прадстаўлены 16 мая на спецыяльным пасяджэнні высокага ўзроўню ў адной з найбольш вядомых зал штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку — зале пасяджэнняў эканамічнага і сацыяльнага савета.

“З нагоды Міжнароднага дня сям’і — 15 мая — Беларусь ініцыіравала пры падтрымцы Групы сяброў сям’і і шэрага вядомых амерыканскіх недзяржаўных арганізацый серыю мерапрыемстваў пад дэвізам “ААН за свет, спрыяльны для сям’і”, — таксама расказаў Дзмітрый Мірончык. Галоўным элементам у гэтай серыі мерапрыемстваў якраз і стала згаданае пасяджэнне.

У Групу сяброў сям’і, якая створана на базе ААН па ініцыятыве Беларусі, Егіпта і Катара, уключаны цяпер 25 дзяржаў. Гэта неафіцыйнае добраахвотнае аб’яднанне краін-аднадумцаў, што выступаюць за падтрымку сям’і ў якасці натуральнай і базавай ячэйкі грамадства, якая мае права на абарону з боку грамадства і дзяржавы.