Аб’яднаныя Дняпром

- 11:11Родная земля

Для многіх з нас Магілёў — гэта паэма Янкі Купалы “Магіла льва”, славутая ратуша, гераічнае мінулае, прамысловыя прадпрыемствы. Для ўраджэнцаў Магілёва горад на Дняпры — гэта яшчэ і ўтульныя вуліцы, паркі, шырокія праспекты, з якімі звязаны сотні цёплых успамінаў бесклапотнага дзяцінства і летуценнай маладосці. Прагуляемся па гэтых вуліцах, парках, праспектах, тым больш нагода самая што ні ёсць выдатная: Магілёў адзначае 750-годдзе.

Фотагенічны горад

Калі вы жадаеце адчуць асаблівую атмасферу Магілёва, забудзьце пра экскурсійны аўтобус, аўтамабіль, грамадскі транспарт, забудзьце пра жыццёвыя праблемы, і, не спяшаючыся, прагуляйцеся па праспекце Міра, вуліцах Першамайскай, Ленінскай, праспекце Пушкіна, ад гасцініцы “Магілёў” да гасцініцы “Турыст”. Магілёў старажытны, Магілёў сучасны, Магілёў прамысловы, Магілёў мітуслівы, Магілёў рамантычны, Магілёў гераічны — такім паўстане перад вамі горад на Дняпры.

Абавязкова затрымайцеся на плошчы Славы. Тут вы не толькі палюбуецеся ратушай, зможаце ушанаваць памяць абаронцаў Магілёва ў гады Вялікай Айчыннай вайны, але і палюбавацца шырокай, маляўнічай панарамай Дняпра з відам на сучасныя жылыя мікрараёны. А калі пяройдзеце праз нядаўна рэканструяваны Пушкінскі мост на супрацьлеглы бераг, то зможаце палюбавацца ўсё той жа шырокай маляўнічай панарамай поймы Дняпра, але з відам ужо на гістарычную частку горада. Не забудзьце пра фотаапарат. Магілёў здзівіць сваімі ракурсамі, сваёй фотагенічнасцю.

Магілёў гераічны

Два берагі злучаюць два раёны: Ленінскі (гістарычная частка горада) і Кастрычніцкі (сучасныя жылыя мікрараёны, прамысловыя прадпрыемствы). Пра асаблівасці кожнага раёна можна расказваць вельмі доўга. Найбольш захапляльна гэта зробяць настаўнікі і вучні, тым больш што сёлета ў рамках юбілейных мерапрыемстваў у кожнай установе адукацыі вучні даследавалі мінулае горада, раёна, канкрэтных вуліц, знакамітых землякоў. У выніку папаўняліся экспазіцыі школьных музеяў, у прыватнасці музеяў сярэдняй школы № 11 і сярэдняй школы № 37. Гэтыя ўстановы адукацыі, як няцяжка здагадацца, знаходзяцца на супрацьлеглых берагах Дняпра, у Ленінскім і Кастрычніцкім раёнах.

Музей абароны Магілёва дзейнічае ў 11-й школе з 27 чэрвеня 1964 года і з’яўляецца адным з найстарэйшых у сістэме адукацыі горада. Адкрываўся да 20-годдзя вызвалення Магілёва ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў на аснове сабраных музейных прадметаў, экспанатаў, шматгадовай перапіскі настаўнікаў і вучняў з воінамі 172-й стралковай дывізіі. З 1964 па 2007 год кіраўніком музея была Марыя Іванаўна Базылева — асоба легендарная, таму пра яе лёс мы абавязкова раскажам больш падрабязна.

З дазволу Марыі Іванаўны музей быў закрыты на рэканструкцыю, і 11 ліпеня 2011 года напярэдадні 70-годдзя гераічнай абароны Магілёва абноўленая экспазіцыя прыняла першых наведвальнікаў. Навуковую канцэпцыю экспазіцыі складалі супрацоўнікі Магілёўскага абласнога краязнаўчага музея імя Я.Р.Раманава, актыўную фінансавую дапамогу ў пачэснай справе аказаў Беларускі фонд міру. Абноўлены музей было вырашана перайменаваць. Калі раней ён называўся Музей баявой славы, то цяпер стаў Музеем абароны Магілёва ў ліпені 1941 года. Такое рашэнне было невыпадкова прынята дырэктарам школы Мікалаем Дзмітрыевічам Тычко і калектывам настаўнікаў. Экспазіцыя размешчана ў гістарычным будынку. У перыяд абароны горада ў 1941 годзе ў падвале школы знаходзіўся штаб 172-й стралковай дывізіі пад камандаваннем генерал-маёра Міхаіла Цімафеевіча Раманава.

“Пачатковы этап абароны Магілёва. Узвядзенне абарончых рубяжоў. Стварэнне атрадаў народнага апалчэння. Баі на далёкіх подступах да горада” і “Баі за Магілёў у поўным акружэнні. Абарона Дняпроўскага рубяжа. Гераізм і мужнасць абаронцаў горада” — так называюцца два асноўныя раздзелы экспазіцыі. Кожны складаецца з шасці падраздзелаў: “Магілёў даваенны”, “Падрыхтоўка горада да абароны”, “Пачатак баявых дзеянняў. Баі на далёкіх подступах да горада”, “Участак абароны № 1: Мінская і Шклоўская шаша”, “Участак абароны № 2: Бабруйская шаша”, “Участак абароны № 3: Задняпроўе”. У другім раздзеле наведвальнікам прапануецца азнаёміцца з роляй народнага апалчэння ў баях за Магілёў, баямі ў поўным акружэнні, апошняй нарадай у штабе дывізіі і выхадам з акружэння, увекавечаннем памяці абаронцаў Магілёва, М.І.Базылевай як арганізатарам і кіраўніком школьнага музея, Магілёўскім аддзяленнем Беларускага фонду міру.

З названымі тэмамі знаёмяць лісты з фронту, фотаздымкі, лісты ўдзельнікаў абароны Магілёва, іх успаміны, арыгіналы і копіі дакументаў ваеннага часу. Асабліва каштоўнымі для педагогаў і вучняў 11-й школы з’яўляюцца прадметы, якія захоўваюцца ў раздзеле, прысвечаным стваральніку музея яго шматгадоваму кіраўніку Марыі Іванаўне Базылевай. Самы галоўны экспанат — сукенка педагога з яе медалямі і ордэнамі. Менавіта ў гэтай сукенцы можна ўбачыць Марыю Іванаўну на большасці старых чорна-белых фотаздымках з адпапалчанамі, воінамі 172-й стралковай дывізіі, і, канечне, з вучнямі і калегамі. Адзін з такіх здымкаў, зроблены ў 90-я гады, асабліва цікавы. Паспрабуем спраецыраваць яго на сучаснае пакаленне юных даследчыкаў і педагогаў. Што з гэтага атрымалася, глядзіце на фота.

Жыццёвая адвага

Для Марыі Іванаўны музей быў сэнсам жыцця, каштоўным з’яўляўся кожны экспанат. Нарадзілася Марыя Іванаўна 20 студзеня 1920 года. У першыя дні Вялікай Айчыннай вайны дзяўчына стала на абарону Радзімы. Яна ўдзельнічала ў баях на магілёўскім рубяжы ў ліпені 1941 года, падпольным і партызанскім руху, у вызваленні Магілёва ў чэрвені 1944 года. За адвагу і мужнасць узнагароджана ордэнам Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені, медалямі “За адвагу”, “За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне”, “Партызан Вялікай Айчыннай вайны” І ступені, медалём Жукава. Пасля вайны працавала настаўніцай геаграфіі, завучам, дырэктарам, кіраўніком музея сярэдняй школы № 11. Акрамя патрыятычнага выхавання моладзі, на працягу многіх гадоў узначальвала пярвічную ветэранскую арганізацыю, двойчы выбіралася дэпутатам раённага савета, пяць разоў дэпутатам гарадскога савета. Сваёй энергіяй, прагай да краязнаўчай дзейнасці захапляла кожнага, з кім зводзіў яе прафесійны і жыццёвы лёс.

“На працягу 59 гадоў, якія Марыя Іванаўна прысвяціла нашай школе, вялася асабліва актыўная краязнаўчая работа. Пад яе кіраўніцтвам навучэнцы сабралі ўнікальны матэрыял. За гэты час чырвоныя следапыты, узначаленыя Марыяй Іванаўнай, папоўнілі музей сотнямі экспанатаў. Сярод гасцей музея былі не толькі навучэнцы са школ Масквы, Тулы, Ніжняга Ноўгарада, але і такія знакамітыя людзі, як пісьменнік Канстанцін Сіманаў, Маршал Савецкага Саюза, двойчы Герой Савецкага Саюза, наш зямляк Іван Якубоўскі, сын Міхаіла Цімафеевіча Раманава, Герой Савецкага Саюза С.І.Шутаў і многія іншыя.

Тытанічная праца і актыўная грамадская дзейнасць Марыі Іванаўны не заставаліся незаўважанымі. У прафесійнай скарбонцы настаўніцы 87 ганаровых грамат, нагрудны значок “Выдатнік асветы БССР”, малы і вялікі сярэбраныя медалі ВДНГ СССР за творчую працу педагагічнага калектыву школы пад яе кіраўніцтвам, ганаровае званне “Заслужаны настаўнік школ Беларусі”, медалі “За доблесную працу”, “Ветэран працы” і многія іншыя. Спакойная, мудрая, сардэчная, узор культуры і дысцыпліны, яна выхавала сотні цудоўных вучняў, многім дала дарогу ў жыццё”, — паведаміла кіраўнік музея Аксана Віктараўна Сламянец.

Справа Марыі Іванаўны працягваецца. Сённяшнія вучні-экскурсаводы і настаўнікі, як і іх папярэднікі, папаўняюць экспазіцыю, вывучаюць малавядомыя старонкі Вялікай Айчыннай вайны, асабліва перыяду абароны Магілёва, гісторыю школы і музея. Сабраныя матэрыялы выкарыстоўваюцца для правядзення ўрокаў мужнасці, напісання навучэнцамі творчых і навукова-даследчых работ, арганізацыі ўрачыстых лінеек і літаратурна-музычных вечароў, класных гадзін, сустрэч з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, Узброеных Сіл, ветэранамі працы, воінамі-інтэрнацыяналістамі, выпускнікамі, завочных падарожжаў па месцах салдацкай славы, канферэнцый. А колькі экскурсій распрацавана! Усё гэта — вынік работы гуртка “Музеязнаўства”.

Асабліва быў насычаным 2017-ы, юбілейны для Магілёва год. На базе музея прайшоў шэраг тэматычных мерапрыемстваў, складзены краязнаўчы маршрут для навучэнцаў 9—11 класаў. Адным з пунктаў маршруту стаў школьны музей. У гонар 750-годдзя горада ў рамках конкурсу “ТэхнаІнтэлект” вучнямі 11-й школы пад кіраўніцтвам Аксаны Віктараўны і настаўніцы інфарматыкі Алены Уладзіміраўны Прохаравай створаны вэб-рэсурс “Помнім, ганарымся, шануем”, які змешчаны на сайце школы асобным банерам. Тут і гісторыя школы, і аповед пра настаўнікаў і выпускнікоў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, пра Марыю Іванаўну Базылеву і завочная экскурсія па музеі. На абласным этапе конкурсу праект атрымаў дыплом ІІ ступені. Кожны год у рабоце гуртка “Музеязнаўства” з’яўляюцца новыя кірункі. Так пачынаецца актыўная праца над праграмай супрацоўніцтва з горадам Яфрэмавам і Тулай, дзе быў сфарміраваны 388-ы стралковы полк пад камандаваннем Сямёна Фёдаравіча Куцепава (знакамітыя “яфрэмаўцы”). За 53 гады дзейнасці музея праведзена вялікая пошукавая работа. Шмат працы яшчэ наперадзе.

Магілёў сучасны

Калі музей сярэдняй школы № 11 Магілёва, што знаходзіцца ў гістарычнай частцы горада, адзін з найстарэйшых, то музей гісторыі Кастрычніцкага раёна сярэдняй школы № 37, якая знаходзіцца на супрацьлеглым беразе Дняпра сярод панэльных шматпавярховікаў, адзін з самых маладых, сучасных і прыгожых. Як паведаміў кіраўнік музея Сяргей Іванавіч Жураўкоў, экспазіцыя была адкрыта ў 2003 годзе пасля папярэдне праведзенай актыўнай працы педагагічнага калектыву. Складаецца экспазіцыя з васьмі раздзелаў: “Гісторыя Лупалаўскага прадмесця”, “Вялікая Айчынная вайна”, “Нашы землякі — воіны-інтэрнацыяналісты”, “Карта Кастрычніцкага раёна”, “Кіраўнікі Кастрычніцкага раёна”, “Культурнае жыццё”, “Эканамічны патэнцыял”, “Гіганты індустрыі”.

Кастрычніцкі раён цалкам справядліва мог бы насіць і назву кшталту “Лупалаўскі” або “Лупалаўскае прадмесце”, бо ўзнік на месцы, дзе жылі рамеснікі. Па адной з версій, галоўным іх заняткам было гарбарства, яны лупілі скуру, адсюль і назва — Лупалава. Па іншай версіі, назва Лупалава пайшла ад імя разбойніка Лупа або ад слова “луп”, што значыць рабаванне. На Дняпры на купцоў нападалі разбойнікі і забіралі “мякіну”, што значыць палову іх тавару. Магчыма, легендарны Машэка якраз і жыў у лясах на месцы сучаснага Кастрычніцкага раёна. А, можа, нават Луп — гэта і ёсць герой знакамітай паэмы Янкі Купалы.

Цяпер на тэрыторыі Кастрычніцкага раёна лясоў няма, затое тут суцэльны “лес” панэльных дамоў. Аднак гэта не дрымучы, цёмны, непрывабны лес, а, вобразна кажучы, малады сасновы бор, светлы, радасны, у якім прыемна жыць, прыемна гуляць. Кастрычніцкі раён — гэта гісторыя і сучаснасць, культурнае, эканамічнае і прамысловае жыццё горада. Менавіта тут 28 чэрвеня 1941 года на камандным пункце, абсталяваным у лесе за тэрыторыяй завода імя Кірава, адбылася нарада штаба Заходняга фронту з удзелам Варашылава, Шапашнікава і Панамарэнкі, на якой быў распрацаваны план абароны горада. Сёння на гэтым месцы знаходзіцца мемарыяльны комплекс “Зямлянка”. Яшчэ на тэрыторыі сучаснага Кастрычніцкага раёна калісьці знаходзіўся аэрадром, які ў гады вайны быў перабудаваны акупантамі ў канцлагер. За два гады было знішчана больш за 40 тысяч чалавек. Пра гэтае месца таксама нагадвае мемарыяльны комплекс. Дапаможа здзейсніць падарожжа па мясцінах левабярэжнага Магілёва карта Кастрычніцкага раёна. Гледзячы на яе, можна завочна прагуляцца па вуліцах раёна, у тым ліку такіх асноўных магістралях, як праспекты Пушкіна, Шміта, Дзімітрава, Віцебскі, бульвар Нескароных, вуліца Астроўскага.

“Гісторыя нашага раёна цесна звязана са многімі вядомымі асобамі. Так, невыпадкова на тэрыторыі раёна пастаўлены помнік Аляксандру Сяргеевічу Пушкіну. Двойчы ён ішоў па вуліцы, якая цяпер носіць імя беларускага пісьменніка Івана Чыгрынава. У гонар Пушкіна названы праспект. Не менш знакамітая і вуліца Гагарына, названая ў гонар першага касманаўта. У раздзеле “Культурнае жыццё” можна даведацца пра культурнае жыццё раёна, установы адукацыі і спорту, помнікі гісторыі і архітэктуры. У раздзелах “Эканамічны патэнцыял” і “Гіганты індустрыі” расказваецца пра гісторыю стварэння прадпрыемстваў раёна, сабраны дакументы і ўзнагароды перадавікоў вытворчасці, інфармацыя пра “Магілёўхімвалакно” і Магілёўскі аўтамабільны завод імя С.М.Кірава, “Магілёўжалезабетон”, “Магілёўскі хімкамбінат “Зара”, “Чырвоны металіст” і, канечне, “Бабушкину крынку”, — паведаміў кіраўнік музея.

Як і любы музей, музей сярэдняй школы № 37 — гэта не проста экскурсіі, аповед пра экспанаты, гэта цэнтр выхаваўчай работы. У музеі праводзяцца ўрокі мужнасці, урокі міру і класныя гадзіны, тэматычныя вечары з нагоды Дня абаронцы Айчыны, Дня Перамогі, Дня Незалежнасці, урачыстыя лінейкі, прысвечаныя прыёму ў піянеры, конкурсы патрыятычнай песні, сустрэчы з ветэранамі, малалетнімі вязнямі канцлагераў, а сёлета і ўрачыстасці з нагоды 750-годдзя Магілёва. Музей — цэнтр выхаваўчай работы не толькі школы, але і ўсяго Кастрычніцкага раёна, якому, дарэчы, сёлета 55 гадоў.

Бераг левы, бераг правы

Шырокі Дняпро з яго амаль бясконцай маляўнічай поймай раздзяліў Магілёў на дзве часткі: бераг правы (гістарычная, з яе звілістымі вулачкамі і будынкамі канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя) і бераг левы (сучасная індустрыяльная частка). Магутны Дняпро раздзяляе горад і ў той жа час, нібыта клапатлівы бацька, трымае на сваіх плячах двух сыноў — два супрацьлеглыя берагі, звязвае лёсы людзей, якія жывуць на гэтых берагах, звязвае мінулае і сучаснае. Прыедзьце ў Магілёў, палюбуйцеся яго даляглядамі, звяжыце з горадам на Дняпры хаця б маленькую часцінку свайго жыцця!

Ігар ГРЭЧКА.
Фота аўтара.