Абаронца — гэта назаўсёды

- 9:20Выбар прафесіі

Хоць факультэт і размяшчаецца ў адным будынку з грамадзянскімі ўстановамі, але прайсці сюды можа не кожны: тут пануе жалезная дысцыпліна. На ўваходзе наведвальніка сустракае пост з дзяжурнымі, якія папярэджваюць пра тое, што ў гэтым падраздзяленні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта не прынята карыстацца мабільнымі тэлефонамі. Усё гэта — пра ваенны факультэт, знаходжанне на якім — час развейвання недарэчных міфаў у тых, хто зусім не знаёмы з арміяй.

Першы з іх — пра тое, што ваенныя няветлівыя, — знікае, як толькі заходзіш у кабінет намесніка начальніка факультэта па ідэалагічнай рабоце, ваеннага ў трэцім пакаленні, падпалкоўніка Алега Горгуля. Увагу прыцягвае стрыманасць, але, разам з тым, утульнасць абстаноўкі. На паліцах — шмат літаратуры, прысвечанай Узброеным Сілам, Кодэкс гонару курсанта, разнастайныя студэнцкія ўзнагароды.

На факультэце адчуваецца няспынны рух. Не праходзіць і 15 хвілін, каб у кабінет Алега Валер’евіча нехта не завітаў. Адным з першых наведвальнікаў стаў сабраны, падцягнуты і стрыманы хлопец — малодшы сяржант Мікіта Пятруша. Ён, па словах камандзіра, нягледзячы на пачатак вучобы, ужо дасягнуў добрых поспехаў у вучобе. Мікіта — прадстаўнік ваеннай дынастыі. Усе мужчыны ў яго сям’і ваенныя: тата, дзядуля, прадзядуля і прапрадзядуля.

— Маё паступленне на факультэт — гэта абавязак як перад Радзімай, так і перад самім сабой, планка, якую хацелася пераадолець і адчуць тое ж, што адчувалі мае продкі, — дзеліцца курсант. — Факультэт у гэтым плане дае вельмі многа: тут армія з хлопчыка робіць мужчыну. Яна дае той стрыжань і апору, якія ў будучыні могуць спатрэбіцца для абароны родных і блізкіх, любімай дзяўчыны і дзяцей, калі гэта будзе трэба. Мой тата прайшоў доўгі шлях — ад курсанта да палкоўніка. Дзядуля служыў пагранічнікам — у ім і да гэтага часу бачна моцная загартоўка. З дзяцінства я глядзеў на іх і браў прыклад. У мяне і зараз дзядуля выклікае захапленне: ён стрыманы, што б ні здарылася, ніколі не просіць дапамогі, усё робіць сам. Гэта валявы чалавек.

Прапрадзед Мікіты быў узорам мужчыны для яго дзядулі, які ў дзяцінстве часта прымяраў узнагароды свайго бацькі. З цягам часу яго дзіцячая гордасць перарасла ў дарослыя мужчынскія дасягненні — на яго форме з’яўляліся ўласныя медалі. Усё, што дала прадзеду армія, — мужнасць, адвагу, клопат пра сям’ю і дзяржаву, перайшло да дзядулі Мікіты, ад дзядулі — да бацькі, ад бацькі — Мікіту. А хлопец хацеў бы перадаць нешта сваім дзецям.

— Бацька ведае толк у арміі, я давяраю яму і свайму выбару, — адзначае курсант. — Ён заўсёды гаварыў, што, калі я хачу стаць сапраўдным мужчынам, як мінімум павінен паспрабаваць сябе ў гэтай сферы. Я выбраў гэтую дарогу, таму што БДУ — лепшая ўстанова адукацыі ў краіне, а ваенны факультэт — гэта твар універсітэта, яго стрыжань.

Добрую вучобу хлопец сціпла не лічыць уласным дасягненнем — перш за ўсё ён адносіць гэта да жадання вучыцца. Мікіта добра ўсведамляе, кім ён хоча быць у будучыні, разумее, што высакакласныя спецыялісты цэняцца ўсюды. Тым, хто хоча звязаць жыццё з арміяй, курсант раіць падумаць, чаго чалавек сапраўды хоча ад прафесіі, развіваць маральна-валявыя якасці, падтрымліваць добрую фізічную форму і рэальна ацэньваць уласныя магчымасці.

— На ваенным факультэце шмат часу для самападрыхтоўкі. У нас ёсць усё, каб выкладвацца поўнасцю: дысцыпліна, стрыманасць, самаразвіццё, цудоўныя выкладчыкі. Большую частку ведаў нам даюць менавіта тут, а базавыя факультэты даюць кампетэнцыі па канкрэтнай спецыяльнасці. На ваенным факультэце мы праходзім вялікую школу жыцця, у той жа час у нас ёсць магчымасць атрымаць адукацыю, — падкрэслівае курсант.

У 2019 годзе на пяць спецыяльнасцей факультэта плануецца набраць каля 40 чалавек. Абітурыентам з ліку грамадзянскай моладзі трэба да 1 красавіка падаць заяву ў ваенкамат па месцы прапіскі. Пасля маладыя людзі павінны будуць прайсці прафесійнае тэсціраванне з псіхолагам і медыцынскае абследаванне. Прафесійны адбор будзе праводзіцца ў два этапы: папярэдні і канчатковы. А ў чэрвені юнакоў будуць чакаюць іспыты па фізічнай падрыхтоўцы (бег на 100 і 1500 м, а таксама падцягванні) і цэнтралізаванае тэсціраванне па прадметах у адпаведнасці з выбранымі спецыяльнасцямі.

Па словах Алега Горгуля, спецыяльнасцей ваеннага факультэта БДУ больш нідзе ў краіне няма. Ваенная акадэмія масава рыхтуе спецыялістаў для Узброеных Сіл па ўсіх напрамках, спецыялістаў-выпускнікоў ваенфака — адзінкі. Усе яны — высакакласныя, запатрабаваныя спецыялісты, якія працуюць і ва Унутраных войсках, і ў Дзяржаўным пагранічным камітэце, і ў сферы дзяржаўнай бяспекі.

Алег Валер’евіч расказвае, што ваенфак дае курсантам толькі ваенны складнік, а спецыяльнасць яны асвойваюць на базавых факультэтах (геаграфічным, хімічным, юрыдычным, факультэце прыкладной матэматыкі, механіка-матэматычным факультэце і факультэце міжнародных адносін) разам з грамадзянскімі студэнтамі, атрымліваючы раўназначны аб’ём патрэбнай інфармацыі.

— Удумайцеся ў тое, якія перавагі ёсць у курсантаў, — раіць Алег Валер’евіч. — Па-першае, моладзь паступае ў БДУ і знаходзіцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні. Па-другое, стыпендыя курсанта зайздросна адрозніваецца ад сярэдняй стыпендыі звычайнага студэнта. Чаму ў нас няма конкурсаў — гэта вялікае пытанне.

Дзяўчат на ваенным факультэце не вучаць. Раней, калі тут існавала спецыяльнасць “Журналістыка”, такая магчымасць была. Зараз жа прадстаўніц чароўнага полу рыхтуюць толькі ў Ваеннай акадэміі.

Алег Валер’евіч расказвае,што работа з абітурыентамі — гэта палова яго прафесійнай дзейнасці. Сюды ўваходзіць работа з сувораўскімі і кадэцкімі вучылішчамі, цэнтрамі дапрызыўнай падрыхтоўкі, школамі. Таварыш падпалкоўнік расказвае, што часам у яго складваецца ўражанне, быццам дзецям не даводзіцца большасць інфармацыі пра факультэт або яна скажаецца.

— Чаму хлопцы не імкнуцца ў гэтую прафесію, цяжка сказаць. Можа, баяцца, можа, думаюць, што на “грамадзянцы” ў іх больш магчымасцей. Пачуццё патрыятызму, жаданне абараняць Радзіму не культывуецца ў многіх з дзяцінства. Хіба зараз моладзь задумваецца над гэтымі словамі? Усе шукаюць лёгкіх дарог, зацікаўлены тым, як пабольш зарабіць. У абітурыентаў няма разумення таго, што значыць абараніць дом, блізкіх, і не проста абараніць, а не даць зрабіць у дачыненні да іх нечага дрэннага, абразлівага. Нам прыходзіцца выхоўваць ужо сфарміраваных дзяцей. Здавалася б, застаецца навучыць іх толькі абараняць Радзіму, але не — прыходзіцца вучыць яе яшчэ і любіць. Тут вялікая роля адводзіцца сем’ям, школам і дзіцячым садкам, дзе будучыя курсанты выхоўваліся, — разважае Алег Горгуль.

Падмацоўваючы свае словы, спецыяліст тлумачыць розніцу паміж салдатам і курсантам: першы прыходзіць на службу па загадзе, другі — па ўласным жаданні. На яго думку, курсант павінен разумець, што прафесія ваеннага выбіраецца на ўсё жыццё.

— Нельга быць афіцэрам з 9 да 18 гадзін. Гэта назаўсёды, 24 гадзіны ў суткі, — перакананы намеснік начальніка факультэта па ідэалагічнай рабоце. — Афіцэр павінен быць гатовы выканаць пастаўленую задачу без замаруджвання. Гэта пастаянная сканцэнтраванасць. І калі знімаеш форму, служба не заканчваецца. Людзей, якія разумеюць гэта на пачатковым этапе, на жаль, вельмі мала. Таму ўхіл ідзе пераважна на сувораўскія і кадэцкія вучылішчы, цэнтры дапрызыўнай падрыхтоўкі і класы патрыятычнага выхавання.

Дзецьмі Алег Валер’евіч называе не толькі абітурыентаў. Так па-бацькоўску таварыш падпалкоўнік называе сваіх курсантаў: гаворыць “дзеці” — і ўсміхаецца. Кожнага з падцягнутых прыгажуноў ён лічыць родным.

— Курсанты служаць у асяроддзі, якое не абмяжоўваецца формай, яны ведаюць, чым жывуць іх аднагодкі, — гаворыць Алег Горгуль. — Дзеці не адарваны ад свету, але форма іх дысцыплінуе. Калі мы разам прыходзім на нейкае мерапрыемства, часта даводзіцца чуць аб тым, што на нашых хлопцаў прыемна глядзець.

На ваенным факультэце выкладаецца тое, што можа спатрэбіцца ў баявых умовах, ва ўсіх педагогаў ёсць вайсковы вопыт. І роля выкладчыкаў у пагонах у выхаванні маладога пакалення вельмі высокая. На думку Алега Валер’евіча, прафесіяналы, якія прыходзяць да курсантаў, не могуць выкладаць тое, у што не вераць. Напрыклад, яны не могуць прыйсці да выхаванцаў няголенымі, у пакамечаных штанах і расказваць пра знешні выгляд.

— Гэтая вера павінна быць усвядомленай з двух бакоў. Педагог — прафесіянал, які вучыць хлопцаў любіць Радзіму. Можна навучыць курсантаў валодаць тэхнікай, кіраваць танкам, але, калі яны не будуць разумець, з якой мэтай гэта робіцца, што перш за ўсё гэтыя меры — абарона, карысці не будзе. Мы атрымаем навучаных робатаў, а не ваенных прафесіяналаў. Патрыятызм, гатоўнасць абараняць Радзіму і сваіх родных — гэта не проста словы, гэта тое, без чаго ўвогуле нельга надзяваць пагоны, — перакананы спецыяліст.

Пасля больш дэталёвага знаёмства з гэтым падраздзяленнем БДУ знікае і другі міф — аб тым, што ваенныя негаваркія і сумныя. Добры прыклад гэтага — шэраг відэа ад курсантаў, першае з якіх было створана ў 2017 годзе як рэмейк на папулярную тады песню. Хутка яно назбірала больш за 70 тысяч праглядаў. Пасля свет убачылі другое і трэцяе відэа. Такія відэакліпы — своеасаблівая візітоўка факультэта. Па словах Алега Валер’евіча, курсанты “трапілі ў яблычак” і на гэтым не збіраюцца спыняцца. “Нам няма чаго баяцца, бо мы моцныя”, “Сябры заўсёды дапамогуць — паміж намі растопіцца лёд”, — спяваюць хлопцы, а глядач разумее, што з такімі спецыялістамі за будучыню краіны можна не хвалявацца, бо падтрымка таварыша, сяброўства і нават братэрства для іх не проста пачуцці, а трывалы светапогляд.

— Мы, афіцэры, можам даць дзецям толькі ідэю, а яны прапаноўваюць свае варыянты. Прытым адразу ж. Ім цікава, бо ўсё робіцца на прафесійным узроўні, пачынаючы з запісу песень або напісання тэкстаў да іх і заканчваючы мантажом відэа. У такой дзейнасці галоўнае тое, што няма ніякага негатыву, усё па-добраму. Калі падабаецца і нашым курсантам, і іх сябрам-студэнтам, гэта сведчыць пра тое, што мы выбралі правільны кірунак, — дзеліцца суразмоўца.

Курсанты ваеннага факультэта ўдзельнічаюць у многіх мерапрыемствах як універсітэта, так і горада. Гэтае сведчанне — канец існавання трэцяга міфа пра закрытасць ваенных. Так, напрыклад, з кастрычніка хлопцы пачалі рыхтавацца да балю праваслаўнай моладзі, які адбудзецца ў студзені. Юнакі разам з прыгажунямі дзяўчатамі з іншых устаноў адукацыі (а там не толькі БДУ) рэпеціруюць на базе факультэта двойчы на тыдзень.

Сярод дасягненняў ваеннага факультэта БДУ — перамога ў аглядзе-конкурсе сярод ваенных факультэтаў краіны ў 2016 і 2018 гадах (мерапрыемства ладзіцца раз у два гады).

— Здаецца, што прафарыентацыйную работу трэба праводзіць не з дзецьмі, а з іх бацькамі. Часта дарослыя пытаюцца, як часта іх дзеці будуць хадзіць у звальненні, ці не зможа нехта пакрыўдзіць іх дзяцей. І гэта пра тых, каго адпраўляюць абараняць Радзіму, хто будзе трымаць у руках аўтамат. Трэба памятаць, што абарона — гэта не адпачынак, таму дзеці павінны прыходзіць на факультэт усвядомлена. Кожны абітурыент мусіць ведаць, што Айчына — гэта дом бацькоў, сям’я, любімая дзяўчына, і, калі спатрэбіцца, ён не ўцячэ, а стане на абарону гэтых вечных каштоўнасцей. Я не думаю, што так павінна быць, я перакананы ў гэтым, — рэзюмаваў Алег Горгуль.

“Прафесіяналізм, падмацаваны высокім пачуццём адказнасці, можа даваць неверагодныя вынікі”, — лічаць на факультэце. І, назіраючы за падцягнутымі і стрыманымі хлопцамі-ваеннымі, цяжка сцвярджаць адваротнае.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва факультэта.