Абласная мультстудыя і серыя з 27 мульцікаў створаны пры ўдзеле педагогаў і выхаванцаў дзіцячых садоў Гомельшчыны

- 9:00Главная, Образование, Портфолио

Абласная мультстудыя “МіМ” і серыя з 27 мульцікаў аб гістарычнай і культурнай спадчыне Беларусі створаны пры ўдзеле педагогаў і выхаванцаў дзіцячых садоў Гомельшчыны.

Адной з тэхналогій, якая аб’ядноўвае ў сабе навуку, інжынерыю, матэматыку, розныя віды мастацтваў і актыўнасцей, з’яўляецца STEAM-адукацыя. На пастаяннай аснове падчас павышэння кваліфікацыі і ў міжкурсавы перыяд у Гомельскім абласным ІРА ажыццяўляецца арганізацыйна-метадычнае суправаджэнне педагогаў па пытаннях выкарыстання прыёмаў STEAM-адукацыі. Сумесна з супрацоўнікамі Парка высокіх тэхналогій праведзены шэраг вучэбных семінараў па павышэнні прафесійнага ўзроўню работнікаў дашкольнай адукацыі ў сферы лічбавых тэхналогій, дзе прадэманстраваны сусветны і беларускі вопыт навучання дашкольнікаў, у тым ліку робататэхніцы. Удзельнікі семінараў азнаёміліся з тэхнічнымі сродкамі для арга­нізацыі заняткаў па безкамп’ютарным навучанні (наборы робататэхнікі Tale-Bot, Matatаlab і інш.). Акрамя гэтага, пры падтрымцы ПВТ з красавіка 2023 года ў інстытуце пры вучэбна-метадычным аддзеле дашкольнай і пачатковай адукацыі пачала працаваць перасовачная STEAM-лабараторыя. У міжкурсавы перыяд шматступеньчатае навучанне ў лабараторыі прайшлі больш як 80 педагогаў, на курсах павышэння кваліфікацыі практычна кожная група слухачоў мае магчымасць азнаёміцца з робататэхнічнымі наборамі на практычных занятках. З 2021 года ў вобласці стабільна павялічваецца колькасць дзіцячых садоў, якія ўдзельніча­юць у рэспубліканскім праекце “Інфарматыка без разеткі” (у 2023 годзе — 121, 2022-м — 73, 2021-м —14).

Вынікі ў гэтым напрамку ёсць. Прадстаўнікі сістэмы дашкольнай адукацыі прадэманстравалі выкарыстанне прыёмаў STEAM-­адукацыі на рэспубліканскім узроўні. Так, выхавальніца дашкольнай адукацыі дзіцячага сада № 40 Мазыра Любоў Мікалаеўна Палын стала пераможцай рэспуб­ліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года — 2024” у намінацыі “Выхавальнік да­школьнай адукацыі”. Загадчыца Літвінавіцкага дзіцячага сада Кармянскага раёна Лілія Андрэеўна Грышчанка адзначана дыпломам ІІ ступені на рэспубліканскім фестывалі “Педагагічны дэбют” у намінацыі “Малады кіраўнік”. У рэспубліканскім адкрытым конкурсе “Інфарматыка без разеткі” сярод устаноў дашкольнай адукацыі Рэспублікі Беларусь у 2024 годзе педагогі Гомельскай вобласці атрымалі найбольшую колькасць прызавых месцаў. Удзел у такіх мерапрыемствах садзейнічае павышэнню прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў, умацаванню вучэбнай базы для заняткаў з дзецьмі. З кожным годам павялічваецца колькасць маладых педагогаў, якія выказваюць жаданне выкарыстоўваць прыёмы STEAM-адукацыі ў сваёй прафе­сійнай дзейнасці.

***

Сёлета ў Гомельскім абласным ІРА працягваецца работа абласной інтэрактыўнай метадычнай стартап-пляцоўкі па фарміраванні асобы дзіцяці дашкольнага ўзросту ў працэсе яго далучэння да беларускай мовы і традыцый беларускага народа.

Увасоблена ў практыку чарговая ідэя стартапа: створана абласная мультстудыя “МіМ”, якая стала пляцоўкай для рэалізацыі творчых ідэй і ўзаемадзеяння дзяцей з адукацыйным кантэнтам.

У рабоце абласной мультстудыі прынялі ўдзел 34 установы дашкольнай адукацыі Брагінскага, Жыткавіцкага, Жлобінскага, Калінкавіцкага, Мазырскага, Акцябрскага, Рэчыцкага, Рагачоўскага, Светлагорскага, Чачэрскага раёнаў. Гэта больш за 100 педагагічных работнікаў і больш як 300 выхаванцаў старшых груп.

Працэс стварэння мультфільмаў уключаў не толькі маляванне і анімацыю. Выхаванцы ўдзельнічалі ў абмеркаванні сцэнарыяў, рабілі ўласныя ўкладкі ў сюжэце, абменьваліся ідэямі, шукалі кампрамісы і сумесна вырашалі задачы, што з’яўляецца важным навыкам у сучасным грамадстве. Стварэнне кожнага мультфільма ператварылася ў эксперымент, у ходзе якога можна было паспрабаваць розныя ідэі і падыходы.

Унікальным прадуктам мультстудыі “МіМ” стаў інтэрактыўны адукацыйны мультыплікацыйны серыял з 27 мультфільмаў, створаных выхаванцамі старшых груп сумесна з выхавальнікамі. Асноўная іх мэта — азнаёміць дзяцей з гістарычнымі падзеямі і культурнай спадчынай Беларусі ў займальнай форме, каб імі быў максімальна глыбока засвоены вучэбны матэрыял, развіваліся патрыятычныя пачуцці, паважлівае стаўленне да гісторыі сваёй краіны і беларускага народа.

Кожны выпуск анімацыйнага фільма прысвечаны пэўнай тэме. За аснову ўзяты прынцып “роўны вучыць роўнага”. Галоўнымі героямі мультфільмаў з’яўляецца брацік Міколка — школьнік, які шмат ведае і гатовы дзяліцца сваімі ведамі, і яго малодшая сястрычка Марылька, даволі цікаўная і актыўная дзяўчынка, якая хоча ўсё ведаць і пастаянна задае пытанні старэйшаму брату.

Выкарыстанне фармату мультсерыя­ла дазваляе задзейнічаць розныя кана­лы ўспрымання. Аўдыя­візуальныя элементы, гук і візуальныя эфекты дапамагаюць дзецям лепш запа­мінаць інфармацыю. Анімацыя і інтэрактыўныя элементы робяць навучанне займальным і даступным, дазваляюць успрымаць і разумець нават самыя складаныя паняцці і з’явы, адлюстраваныя ў сцэнарыях. Напрыклад, мультфільм “Мы розныя — гэта здорава!” дзіцячага сада № 3 Рэчыцы раскрывае паняцце “талерантнасць” у адносінах да людзей з інваліднасцю. Мультфільм “У пошуках першабытных цудаў” дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Калінкавіч знаё­міць са скульптурна-архітэктурнымі аб’ектамі роднага краю.

Работа мультстудыі “МіМ” натхняе дзяцей і педагогаў на вывучэнне навакольнага свету праз прызму мастацтва, адкрывае новыя гарызонты, дазваляючы разглядаць розныя пункты гледжання і падыходы да вырашэння актуальных праблем. Выкарыстанне інтэрактыўнага фармату падачы цікавых звестак аб падзеях і з’явах навакольнага свету дапамагае развіваць эмацыянальны інтэлект. Дзеці вучацца распазнаваць пачуцці персанажаў, праяўляць спачуванне, суперажываць. Выкарыстанне гульнявых элементаў садзейнічае ўмацаванню каманднага духу, што з’яўляецца важным крокам да паспяховай сацыялізацыі. Уменне ж узаемадзейнічаць з іншымі — адно з ключавых.

Стартап па стварэнні мультыплікацыйнага серыяла стаў платформай для абмену вопытам паміж установамі дашкольнай адукацыі як унутры асобных раёнаў, так і паміж раёнамі Гомельскай вобласці.

Прыклад рэалізацыі ідэі стартапа па стварэнні мультстудыі даказвае, што выкарыстанне ва ўстанове дашкольнай адукацыі прыёмаў STEAM-адукацыі — гэта патэнцыял, здольны павысіць яе якасць.

Ганна МЕЛЬНІКАВА,
начальнік вучэбна-метадычнага аддзела Гомельскага абласнога ІРА;
Таццяна УС,
метадыст вучэбна-метадычнага аддзела Гомельскага абласнога ІРА