Абяцаў вярнуцца

- 10:23Сацыяльны ракурс

Колькі дажджоў прайшло з таго часу — і цёплых, і шэрых. Разам з дажджамі ліліся слёзы маці Ядвігі Станіславаўны. Яна жыла ў вёсцы Кузьмічы (зараз Ядвіга Станіславаўна пражывае з дачкой у Геранёнах), цяпер у тым доме толькі цішыня. У цэнтры дома — фотаздымак салдата-дэсантніка, таго, які абяцаў вярнуцца.

Праводзілі ў армію весела. Бацькі блаславілі Станіслава, але тут маці заўважыла, што лаўка, дзе сядзеў сын, трэснула — дрэннае прадвесце. Гэтая расколіна ўтварылася і ў сэрцы маці. Сын, калі прыехаў у адпачынак, шмат сумаваў, аб нечым пастаянна думаў. Пасля прыйшоў ліст з Мар’інай Горкі, дзе служыў Станіслаў. У лісце ён прасіў, каб да яго прыехалі. Неўзабаве яго адправілі ў Афганістан. Адтуль прыслаў толькі адзін ліст, напісаны ў дзень свайго нараджэння, 11 красавіка. Пісаў, што вельмі горача, што ўвесь час хочацца піць. Усёй сям’ёй селі пісаць адказ, але гэты ліст сын ужо не атрымаў.

Ніхто не ведаў, не мог ведаць, што адбудзецца 23 красавіка 1985 года. Нішто, здавалася, не выдавала небяспекі. Вакол стаяла цішыня. Раніца ўступала ў свае правы. Хутка павінна было ўзысці сонца. Раптам аўтаматныя і кулямётныя чэргі раскалолі цішыню. Душманы! Яны разлічвалі на нечаканасць нападу, спадзеючыся застаць воінаў знянацку. Не атрымалася! Гвардзейцы падабраліся да агнявой кропкі душманаў. Агонь спыніўся, але бой яшчэ працягваўся, душманаў было шмат. Штурмавая група атрымала новы загад: знішчыць сховішча, у якім засеў вораг. Станіслаў з групай салдат непрыкметна зайшоў у тыл праціўніка. Загаварылі аўтаматы Калашнікава, загрымелі гранаты. Загад выкананы, можна, здаецца, вяртацца да сваіх. Але што гэта? Ворагі злева, ворагі справа, яны спераду і ззаду. Група трапіла ў акружэнне. Прарвацца, чаго б гэта ні каштавала! Душманы адкрылі шквальны агонь. Загінуў адзін таварыш, другі паранены. Раптам Станіслаў заўважыў варожага аўтаматчыка, які цэліўся ў камандзіра. Станіслаў кінуўся да таварыша…

У школе любілі Станіслава, хоць ён не быў узорна-паказальным вучнем. Усе, хто вучыў яго ці вучыўся з ім, добра памятаюць шчырага, дапытлівага хлопчыка, затым падлетка, потым юнака. Станіслаў Кульніс загінуў у няпоўныя 20 гадоў. Пра гібель Станіслава яшчэ звечара ведалі яго браты і сёстры, але не сказалі бацькам. Хацелі, каб тыя паспалі спакойна яшчэ адну ноч, пакуль прывязуць у дом цынкавую труну. Самастойнае жыццё толькі пачалося і так нечакана скончылася. Не збыліся мары маладога хлопца, чыстыя і ўзвышаныя. Не паспеў ён іх здзейсніць. Затое ён паспеў стаць салдатам, героем, паспеў пакінуць у сэрцах людзей светлую, удзячную памяць. Каб увекавечыць памяць пра адважнага земляка, 11 красавіка 1992 года была адкрыта мемарыяльная дошка, прысвечаная Станіславу Іосіфавічу Кульнісу, а з 13 верасня 1996 года піянерская дружына Геранёнскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна носіць імя ўмелага, мужнага воіна-дэсантніка, старшага сяржанта, узнагароджанага пасмяротна ордэнам Чырвонай Зоркі.

Людміла ШЛЕМПА,
педагог-арганізатар Геранёнскай сярэдняй школы Іўеўскага раёна.