Ад “Алімпа” школьнага да Алімпа спартыўнага

- 10:50Людзі адукацыі

На працягу многіх гадоў у нашай школе працуе адзін з лепшых у раёне настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя — Часлаў Аляксандравіч Унукевіч. Гэта педагог творчага пошуку, чалавек з высокаразвітым пачуццём абавязку, адказнасці. Дэвізам настаўніка з’яўляюцца словы Канфуцыя: “Будзьце добрымі, калі захочаце, будзьце мудрымі, калі зможаце, але здаровымі вы павінны быць заўсёды”. Педагог сваім уласным прыкладам прапагандуе спорт пры правядзенні заняткаў і пазакласных мерапрыемстваў, паколькі асноўнай задачай школы з’яўляецца стварэнне ўмоў для захавання фізічнага і псіхічнага здароўя вучняў.

Па словах Ч.А.Унукевіча, фізічная культура — гэта не толькі ўрок у школьным раскладзе, а найперш прафілактыка захворванняў і ўмацаванне здароўя. Сёння модна быць здаровым і весці актыўны лад жыцця. Настаўнік удзяляе вялікую ўвагу захаванню і ўмацаванню фізічнага і псіхалагічнага здароўя вучняў, выхоўвае ў іх беражлівыя і адказныя адносіны да ўласнага здароўя, фарміруе гігіенічныя навыкі. Гэтага можна дасягнуць толькі пры якаснай арганізацыі ўрокаў фізкультуры і падчас спартыўна-аздараўленчай работы ў школе. Для вучняў штодзень перад урокамі праводзіцца гімнастыка, а раз у месяц у школе праводзіцца Дзень здароўя. Вучні з нецярпеннем чакаюць Тыдзень спорту і здароўя, шашачныя турніры, спартыўныя эстафеты, спартландыю “Тата, мама, я — спартыўная сям’я”, лыжныя прагулкі, катанне на каньках. Традыцыйна на базе школы праводзяцца раённыя спаборніцтвы па лёгкаатлетычным кросе сярод юнакоў і дзяўчат.

Прапагандаваць здаровы лад жыцця, садзейнічаць далучэнню сям’і да заняткаў фізічнай культурай і спортам, развіваць фізічныя якасці работнікаў школы і дзяцей — асноўныя задачы штогадовага спартыўнага свята сярод сем’яў работнікаў школы “Спартыўная сям’я”, у рамках бацькоўскай суботы, што праходзіць раз у месяц. Штогод у маі праводзіцца свята, прысвечанае Міжнароднаму дню сям’і. З 1 верасня 2016 года ў школе адкрыты спартыўны клас па лёгкай атлетыцы, функцыянуе школьны спартыўны клуб “Алімп”.

Дзякуючы творчай ініцыятыве Часлава Аляксандравіча, пастаяннаму метадычнаму пошуку, яго вучні праяўляюць вялікую цікавасць да прадмета, з’яўляюцца пераможцамі раённых спартыўных спаборніцтваў: асенняга першынства раёна па лёгкай атлетыцы, асенняга лёгкаатлетычнага кросу, асенняга мнагаборства “Абаронца Айчыны”, зімняга мнагаборства “Здароўе”, зімняга мнагаборства “Абаронца Айчыны”, спаборніцтваў “Снежны снайпер”, першынства гарадскіх школ па баскетболе, вясенняга лёгкаатлетычны кросу, летняга мнагаборства “Здароўе”.

Вучні Часлава Аляксандравіча прымаюць удзел у абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах і атрымліваюць перамогу. Усе ўзнагароды беражліва захоўваюцца ў музеі спорту, які працуе ва ўстанове адукацыі. Спартыўныя зоркі школы — Карына Барадулька (8 клас), Яраслаў Андрыеўскі (10 клас), Алёна Цярэшка, Алексей Тарашкевіч, Аляксандр Картановіч (вучні 11 класа). Штогод навучэнцы за высокія паказчыкі ў спорце ўзнагароджваюцца раённай прэміяй “Надзеі Ашмяншчыны”. Другі год нашы вучні паказваюць добрыя вынікі ў фінале Рэспубліканскага дзіцячага лёгкаатлетычнага праекта “300 талентаў для Каралевы”. За 30 гадоў работы Часлаў Аляксандравіч выгадаваў нямала прызёраў Еўропы, свету і Алімпійскіх гульняў.

Па меркаванні Часлава Аляксандравіча, спорт высокіх дасягненняў выхоўвае адказнасць і мэтанакіраванасць, прывучае працавітасці і ўменню спраўляцца з эмоцыямі. Раўненне на майстроў спорту, а тым больш, алімпійскіх чэмпіёнаў, дапамагае вучням адчуць гонар за сваю школу, сям’ю, горад і Радзіму. Дабівацца добрых вынікаў настаўніку дапамагае матэрыяльна-тэхнічная база школы для правядзення ўрокаў фізічнай культуры і здароўя і пазакласнай работы.

Вопыт работы нашай установы адукацыі і Ч.А.Унукевіча па прапагандзе здаровага ладу жыцця абагульняецца на раённых метадычных аб’яднаннях класных кіраўнікоў, сацыяльных педагогаў, педагогаў-псіхолагаў, на раённым Каардынацыйным савеце для намеснікаў дырэктара і дырэктараў школ. У снежні 2016 года на базе школы адбыўся абласны семінар па тэме “Развіццё фізічнай культуры, спорту і турызму ў Ашмянскім раёне”. У 2015/2016 навучальным годзе мы занялі 1-е месца сярод устаноў адукацыі раёна ў конкурсе “Самая спартыўная школа”.

Алена КУМПІЦКАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 3 Ашмян.