Ад дакладных рухаў да правільнага маўлення

- 10:40Рознае, Спецыяльная адукацыя

Працуючы з дзецьмі дашкольнага ўзросту, якія маюць маўленчыя парушэнні, адзначыла, што ў большасці дзяцей назіраюцца адхіленні ў фарміраванні тонкіх рухаў пальцаў (рухі недакладныя, нескаардынаваныя). Таму стала ўдзяляць вялікую ўвагу развіццю і ўдасканаленню дробнай маторыкі рук дзіцяці і каардынацыі рухаў пальцаў.

Фарміраванне слоўнага маўлення дзіцяці пачынаецца, калі рухі пальцаў рук дасягаюць дастатковай дакладнасці. Развіццё пальцавай маторыкі рыхтуе глебу для наступнага фарміравання маўлення. Паколькі існуе цесная ўзаемасувязь і ўзаемазалежнасць маўленчай і маторнай дзейнасці, то пры наяўнасці маўленчага дэфекту ў дзіцяці асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на трэніроўку яго пальцаў. Сістэматычныя практыкаванні па трэніроўцы рухаў пальцаў нараўне са стымулюючым уплывам на развіццё маўлення з’яўляюцца магутным сродкам павышэння працаздольнасці галаўнога мозга.

Для развіцця дробнай маторыкі я ўзбагаціла прадметна-развіццёвае асяроддзе сухімі басейнамі са зменнымі напаўняльнікамі, пластыкавымі кантэйнерамі з прыродным і непрыдатным матэрыялам, крупамі, мячыкамі з рознай паверхняй, шнуркамі з вузельчыкамі, матэрыялам для нанізвання, чароўнымі скрыначкамі, напоўненымі соллю, крупамі, дробнымі каменьчыкамі, шматграннымі алоўкамі, цацкамі-шнуроўкамі.

На лагапедычных занятках па развіцці гукавымаўлення і лексіка-граматычнага ладу маўлення выкарыстоўваю пальчыкавыя гульні як адзін з эфектыўных прыёмаў карэкцыі. Пальчыкавыя гульні спрыяюць удасканаленню лексічнай, граматычнай і звязнай мовы (уменне весці дыялог, расказваць, пераказваць).

Практыкаванні пальчыкавай гімнастыкі абавязкова суправаджаю чытаннем вершаў. Для дзяцей прагаворванне вершаў адначасова з рухамі пальцаў рук валодае шэрагам пераваг: маўленне быццам рытмізуецца рухамі, робіцца больш гучным, дакладным, выразным і эмацыянальным, а наяўнасць рыфмы станоўча ўплывае на слыхавое ўспрыманне.

Добрае ўздзеянне на развіццё рухаў усёй кісці і пальцаў рук таксама аказваюць гульні з прадметамі (пірамідкамі, укладышамі рознага тыпу, матрошкамі, мазаікай, канструктарам, алоўкамі). Вельмі эфектыўным відам работ з’яўляюцца гульнявыя практыкаванні з прыродным і падручным матэрыялам: выкладанне літар з круп, фасолі, лічыльных палачак, каляровых шнуркоў, стужак, каштанаў, маляванне ў ёмістасцях, напоўненых крупамі (грэчка, рыс, манныя крупы і г.д.), лепка з пластыліну, салёнага цеста. Гэтыя практыкаванні спрыяюць умацаванню пальцавай мускулатуры, развіццю гібкасці пальцаў і кісцей рук, а таксама з’яўляюцца базавай асновай фарміравання графаматорных навыкаў.

Пальчыкавыя гульні вельмі разнастайныя і цікавыя. На карэкцыйных занятках практыкую гульні з прышчэпкамі (прымацаванне прышчэпак па даўжыні, краі прадмета; развешванне рознакаляровых хустачак пасля мыцця); гульні з гузікамі (пераціранне гузікаў паміж далонямі, перасыпанне з далонькі ў далоньку, выкладванне выявы па контуры; перасыпанне гузікаў у проразь у слоіку, нанізванне гузікаў на шнуркі, нітку, лёску); гульні з пяском (апусканне рук у пясок, прасяванне паміж далонямі, пальцамі, маляванне па пяску); гульні з коркамі (выкладванне коркамі выявы па контуры; перамяшчэнне пальчыкаў на корках, як на лыжах; выбудоўванне вежы); гульні-шнуроўкі; гульні з крупамі выкарыстоўваю для самамасажу кісцей рук у дзяцей (хаваем ручкі ў крупе, шукаем сюрпрызы, перабіраем, перасыпаем).

У працэсе сістэматычнай работы па развіцці дробнай маторыкі і карэкцыі маўлення дзіця ўдасканальвае артыкуляцыйны апарат, маўленчае дыханне, асвойвае інтанацыю і рытм маўлення. У дзяцей адбываюцца станоўчыя змены ў зносінах з равеснікамі і дарослымі, удасканальваецца памяць, увага, уменне ўзгадняць рухі і маўленне, паляпшаецца каардынацыя рухаў кісці. Кісці рук набываюць добрую рухаваць, гібкасць, знікае скаванасць рухаў, а гэта ў далейшым таксама аблягчае набыццё навыкаў малявання і пісьма.

Вольга ГРУДЗІНАВА,
настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада № 1 Краснаполля.