Ад ідэі да бізнесу

- 12:11Сацыяльны ракурс

Шлях ад цікавай ідэі да паспяховага бізнесу не заўсёды бывае кароткім. А калі такая ідэя нараджаецца ў зусім яшчэ маладога чалавека, студэнта, які пакуль не валодае неабходным аб’ёмам ведаў — як спецыяльных, прафесійных, так і фінансавых, эканамічных, юрыдычных, — гэты шлях можа наогул стаць празмерна складаным. “Цэнтр прафесійнага развіцця — Бізнес-інкубатар БДУІР” дапамагае студэнтам давесці да розуму свае ідэі, а ў многіх выпадках папросту падштурхоўвае маладых людзей да інтэлектуальнай дзейнасці, што з цягам часу можа перайсці ў выгадную камерцыйную справу. Прычым дапамога абсалютна бясплатная.

—Бізнес-інкубатар у Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі створаны прыкладна шэсць гадоў назад, — расказвае кіраўнік цэнтра намеснік дэкана факультэта камп’ютарных сістэм і сетак Аляксей Яўгенавіч Ляшчоў. — Яго асноўнай задачай якраз і з’яўляецца падтрымка тых студэнтаў, якія жадаюць, акрамя навучання, удасканальвацца ў тым ліку ў развіцці прадпрымальніцкіх якасцей і генерацыі, а потым рэалізацыі праектаў.
Перш за ўсё гаворка ідзе, відавочна, аб праектах у сферы інфармацыйных тэхналогій. Як вы разумееце, у БДУІР ёсць нядрэнная база для тэхнічнай экспертызы, тут працуе нямала навукоўцаў, чыя кваліфікацыя ў поўнай меры дазваляе ацэньваць і падтрымліваць ідэі маладых талентаў. Акрамя таго, інкубатар супрацоўнічае з многімі ІТ-кампаніямі, у тым ліку з тымі, што дзейнічаюць у Парку высокіх тэхналогій (у першую чаргу з кампаніяй “Сістэмныя тэхналогіі”, сумесна з якой і быў заснаваны бізнес-інкубатар).— Калі прааналізаваць, якія праекты ў сферы інфармацыйных тэхналогій атрымліваюць далейшае жыццё, то магу сказаць, што для гэтага, па-першае, важная сама ідэя, па-другое, мэтавы рынак, па-трэцяе, валоданне пэўнымі тэхналогіямі, уменне аператыўна паставіць спажыўцу новы прадукт, — заўважае Аляксей Яўгенавіч.
Цэнтр прафесійнага развіцця суправаджае галоўным чынам першы з гэтых этапаў. Прычым дапамагаюць пачаткоўцам не толькі выкладчыкі, але і студэнты старшых курсаў, якія самі раней паспелі распрацаваць, а хтосьці і ўвасобіць у жыццё цікавыя ідэі. Кампаніі-партнёры таксама не адмаўляюць студэнтам у кансультацыях. І асобна мой суразмовец вылучае такую катэгорыю кансультантаў бізнес-інкубатара, як былыя выпускнікі ўніверсітэта, якія ўжо маюць вопыт прадпрымальніцкай дзейнасці або вопыт работы ў ІТ-кампаніях, у тым ліку за мяжой.
— Цудоўна, што зараз у Беларусі праводзіцца шмат дадатковых мерапрыемстваў, стартап-конкурсаў, у якіх могуць удзельнічаць студэнты, апрабоўваючы свае ідэі, сустракаючыся з прадстаўнікамі бізнес-структур, з патэнцыяльнымі інвестарамі, — адзначае кіраўнік Цэнтра прафесійнага развіцця БДУІР.
Хлопцы і дзяўчаты ахвотна ў такіх мерапрыемствах удзельнічаюць, паказваюць добрыя вынікі, перамагаюць у конкурсах рознага ўзроўню. Так, у мінулым снежні ў Маскве каманда магістрантаў універсітэта на міжнародным конкурсе, які праводзіла кампанія ІВМ, увайшла ў тройку лепшых, атрымала вельмі высокую ацэнку спецыялістаў ІВМ.
— Усё гэта мае адносіны да распрацоўкі пэўнай ідэі, у чым мы заўсёды падтрымліваем сваіх студэнтаў, — працягвае А.Я.Ляшчоў.— Ці атрымае пэўны праект камерцыйную рэалізацыю, сказаць адразу цяжка. Як установа адукацыі мы бачым сваю ролю ў наступным: дапамагчы маладым людзям так пашырыць сваю свядомасць, каб у будучыні яны маглі стаць паспяховымі уладальнікамі і кіраўнікамі камерцыйных кампаній. Наша работа — работа на будучыню, бізнес-інкубатар — гэта цэнтр прыцягнення для студэнтаў, якія жадаюць нешта ствараць.Жыццё пацвярджае эфектыўнасць такой работы. Шэраг выпускнікоў БДУІР засноўвае свае кампаніі як у Беларусі, так і за мяжой. Так, адзін з паспяхова рэалізаваных праектаў — гэта ByCard (рэалізацыя білетаў у кінатэатры анлайн). Ядро гэтай кампаніі складаюць менавіта выпускнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі. А некаторыя выпускнікі ўніверсітэта стварылі кампаніі, якія паспяхова дзейнічаюць у сферы высокіх тэхналогій, нярэдка — у ПВТ.
— Самыя распаўсюджаныя зараз у асяроддзі студэнтаў бізнес-ідэі — гэта новыя камп’ютарныя гульні, а таксама праекты, накіраваныя на фінансавае кансультаванне, — гаворыць Аляксей Ляшчоў. — Чаму так, зразумець няцяжка: гэта камерцыйна выгадна, а яшчэ з-за ўзросту вельмі цікава самім студэнтам.
Так, у конкурсе “StartUp-кааперацыя”, што праводзіўся ў Гомелі напрыканцы лістапада 2015 года, універсітэт прадстаўляла каманда факультэта камп’ютарных сістэм і сетак з праектам “Альта — персанальны фінансавы памочнік”. Каманда складалася з трох хлопцаў: чацвёртакурсніка Паўла Літвінкі, трэцякурснікаў Мікіты Курловіча і Аляксея Лапоткі. Каманда заняла 1 месца па выніках конкурсу і атрымала дыпломы “Лепшы стартап-праект у галіне ІТ-тэхналогій” і “Самы камерцыйна перспектыўны стартап”. Канкурэнцыя пры гэтым склалася сур’ёзная: у конкурсе было прадстаўлена больш за 20 праектаў з Беларусі, Расіі, Украіны ў розных сферах. Зрэшты, праект БДУІР быў адзначаны і на іншых конкурсах.
А Павел Літвінка, яго заснавальнік, — лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, арганізатар студэнцкай стартап-суполкі TeamsPark у БДУІР. Праект “Альта” ён называе віртуальным сябрам, якому чалавек можа задаваць пытанні на натуральнай мове і атрымліваць адказы, парады або гатовыя рашэнні ў фінансавай сферы.
— У нашага мабільнага дадатку можна спытаць, напрыклад, пра тое, як лепш зберагчы грошы. Дадатак спытае, колькі грошай вы можаце адкладваць кожны месяц, падбярэ найлепшую для вас прапанову, — тлумачыць Павел. — Ён таксама зробіць разлік даходу ад укладу і дасць неабходныя кантакты або спасылку на банк.
Дадатак ужо можна адшукаць на прасторы інтэрнэту, яго падтрымаў Нацыянальны банк, а нядаўна праектам зацікавіўся адзін з буйных расійскіх банкаў. Хлопцы разам з яшчэ адным членам сваёй каманды распрацоўшчыкаў — студэнтам Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Васілём Шынкарэнкам нават ездзілі ў сталіцу суседняй краіны прэзентаваць свой праект па фінансавай дасведчанасці.
Да ўдзелу ў конкурсах, якія прыносяць потым такія нядрэнныя вынікі, як здарылася з гэтымі хлопцамі, студэнтаў БДУІР падштурхоўвае ў тым ліку і бізнес-інкубатар. Імпульс дае і конкурс Цэнтра прафесійнага развіцця CourseButtle (“Бітва курсавых”). Задача конкурсу — матываваць студэнтаў на стварэнне цікавых курсавых праектаў, творчых і нестандартных. Яны часта тычацца не толькі праграмнай, але і праграмна-апаратнай часткі, калі маладыя людзі нешта вырабляюць, напрыклад, робатаў. Работа інкубатара пры гэтым — падтрымаць такія ідэі, каб у далейшым іх аўтары маглі выходзіць на рынак з бізнес-ініцыятывамі, заснаванымі на ўласных ідэях. Напрыканцы мінулага года ў CourseButtle перамог ужо вядомы нам Аляксей Лапотка, адзін з членаў каманды праекта “Альта”.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота з архіва ўніверсітэта.