Мінскі політэхнічны каледж мае трывалыя гістарычныя карані, адукацыйныя традыцыі, але ўстанова не застаецца ў баку ад тых працэсаў, якія адбываюцца сёння ў нашай эканоміцы і сацыяльнай сферы. Пад кіраўніцтвам дырэктара Г.Д.Падгайскага ў каледжы ўзяты курс на ўвядзенне новых спецыяльнасцей, запатрабаваных інавацыйнай эканомікай. Сёння ў каледжы вядзецца падрыхтоўка кадраў па 8 спецыяльнасцях, сярод якіх зусім новая, уведзеная пару гадоў назад, “Электроніка механічных транспартных сродкаў”. Яе прадстаўляе нашым чытачам намеснік дырэктара філіяла БНТУ “Мінскі дзяржаўны політэхнічны каледж” А.М.Маслан, які стаяў у вытокаў.
— Мы адкрылі новую спецыяльнасць “Электроніка механічных транспартных сродкаў” у 2014 годзе. Перад гэтым правялі маркетынгавыя даследаванні, якія паказалі, што сёння спецыялістаў такога ўзроўню і напрамку ніхто не рыхтуе. Мы адзіныя ў краіне, хто рыхтуе сёння тэхніка-электроніка. Такім чынам, мы занялі сваю нішу ў гэтым працэсе. У першы год прыёму па новай спецыяльнасці мы паспрабавалі набраць адну групу на базе 9-х і адну — на базе 11-х класаў. Зрабілі гэта з лёгкасцю, таму што падлеткі мэтанакіравана ішлі на згаданую спецыяльнасць і ўжо ведалі, што яна сабой уяўляе. Для гэтага шмат увагі ўдзялілі прафарыентацыйнай рабоце і перш за ўсё традыцыйным дням адкрытых дзвярэй, дзе даведацца пра новую спецыяльнасць дапамагаў не толькі калектыў нашай установы, але і прадпрыемствы-заказчыкі кадраў. Ужо падчас прыёму падлеткаў першапачаткова мы адчулі іх матывацыю атрымаць менавіта гэтую спецыяльнасць, а што іх выбар быў невыпадковым, зразумелі ў працэсе вучобы. Калі праводзіўся набор, то прахадны бал склаў пасля 9 класаў — 7,3, а пасля 11 — 7,9.
У канцы бягучага навучальнага года мы выпусцім першую групу навучэнцаў, якія выбралі спецыяльнасць “Электроніка механічных транспартных сродкаў”, у колькасці 22 чалавек. Сёння ў працэсе навучання яшчэ некалькі груп, і адна з іх — на платнай аснове. Асаблівасцю гэтай спецыяльнасці аўтамабільнага кірунку з’яўляецца тое, што тэхнік-электронік павінен ведаць прамысловую электроніку, электронныя ўстройствы, якія прымяняюцца ў аўтамабілях, прынцыпы іх вытворчасці, абслугоўвання і дыягностыкі. Трэба адзначыць, што папярэдне мы вывучалі запатрабаванасць такіх кадраў на прадпрыемствах аўтамабільнай прамысловасці, а таксама ўзгаднялі падрыхтоўку тэхнікаў-электронікаў з Міністэрствам прамысловасці і Міністэрствам адукацыі. Прамысловай галіне неабходны такія спецыялісты, таму наша рашэнне было падтрымана буйнымі прадпрыемствамі. З БАТЭ, МАЗам, МТЗ і іншымі мы заключылі дагаворы аб праходжанні вытворчай практыкі нашымі навучэнцамі па гэтай спецыяльнасці і, што самае важнае, аб далейшым размеркаванні на згаданыя прадпрыемствы. Мы і раней працавалі менавіта з гэтымі прадпрыемствамі, а з увядзеннем спецыяльнасці “Электроніка механічных транспартных сродкаў” наша супрацоўніцтва стала яшчэ больш развівацца і набываць новыя грані. Мы ўзгаднілі з работадаўцамі не толькі патрэбнасць у кадрах, але і змест навучання па гэтай спецыяльнасці. Сумесна з работадаўцамі былі сфарміраваны вучэбныя планы і праграмы такім чынам, каб можна было атрымаць веды як у цэлым па прамысловай электроніцы, так і канкрэтна па аўтамабільнай.
За апошнія тры гады наш каледж для навучання па новай спецыяльнасці стварыў адпаведную вучэбна-матэрыяльную базу. Так, па-сучаснаму была абсталявана лабараторыя, для якой мы набылі ў НТП “Цэнтр” з Магілёва 5 новых стэндаў для правядзення лабараторна-практычных работ па аўтамабільнай тэме. Абсталяванне дазваляе праводзіць лабараторныя работы па зняцці асноўных характарыстык аўтамабільнай тэхнікі, праверцы сістэм сілкавання, запальвання, кандыцыяніравання, сістэмы ацяплення аўтамабіля, сігналізацыі і інш. У іншым кабінеце сабраны вучэбныя матэрыялы і вузлы для вывучэння ўстройства і асноў тэорыі аўтамабіляў. Частку стэндаў мы зрабілі разам з навучэнцамі ў рамках курсавога і дыпломнага праектавання.
Акрамя ўдасканальвання вучэбна-матэрыяльнай базы, мы імкнёмся забяспечыць нашых навучэнцаў па спецыяльнасці “Электроніка механічных транспартных сродкаў” дапаможнай літаратурай. Набыты адпаведныя падручнікі, аўтарамі якіх сталі нашы калегі з аўтатрактарнага факультэта БНТУ.
Цеснае супрацоўніцтва з універсітэтам мы бачым не толькі ў гэтым. Па ўзаемнай дамоўленасці мяркуем прадаставіць бесперапынную падрыхтоўку нашым выпускнікам у скарочаныя тэрміны ў БНТУ. Акрамя таго, выказаў такое жаданне і БДУІР. У гэтай установе ёсць спецыяльнасць “Прамысловая электроніка” са спецыялізацыяй “Электроніка аўтамабільнай тэхнікі”, і нашы выпускнікі могуць там працягнуць сваю вучобу на вышэйшай ступені ў скарочаныя тэміны.
Каб прафесійныя веды і ўменні цалкам адпавядалі запытам вытворцаў, мы ўзмацнілі ў навучанні практычную частку. На другім курсе прадугледжаны 3 практыкі: электрамантажная, вымяральная, па настройцы электронных блокаў. На іх навучэнцы замацоўваюць тыя веды, якія атрымалі падчас вывучэння тэорыі. На 3 курсе на працягу 12 тыдняў праходзіць вучэбная практыка на прадпрыемстве (з атрыманнем прафесіі рабочага), якая плаўна перацякае ў тэхналагічную практыку, дзе з дапамогай інструменту, абсталявання навучэнцы замацоўваюць вытворчыя навыкі.
На сёння назіраюцца некаторыя супярэчнасці адносна прафесіі рабочага, звязанай з аўтамабільнай электронікай: яе пакуль няма ў АТКД, але трэба ўнесці, каб мы маглі паўнавартасна рыхтаваць навучэнцаў па прафесіі рабочага з улікам змяненняў у змесце ў асноўным за кошт ведаў па электроніцы.
Што тычыцца педагогаў, якія вучаць спецыяльнасці “Электроніка механічных транспартных сродкаў”, то я выкладаю курс “Устройства і асновы тэорыі механічных транспартных сродкаў”. Акрамя таго, з гэтага навучальнага года да нас прыйшлі працаваць выпускніцы БНТУ, якія скончылі інжынерна-педагагічны факультэт па спецыялізацыі “Прафесійная дзейнасць (Аўтамабілебудаванне)”. Яны выкладаюць тры спецыяльныя дысцыпліны: “Дыягностыка і тэхнічнае абслугоўванне механічных транспартных сродкаў”, “Электронныя сістэмы МТС” і “Электраабсталяванне МТС”. Нягледзячы на тое, што ў групах будучых механікаў-электронікаў вучацца толькі хлопцы, маладыя педагогі наладзілі з імі кантакт і перадаюць свае веды выхаванцам.
Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.