Ад моладзі залежыць, як будзе развівацца Беларусь

- 10:02Інфармацыйная гадзіна

З 12 па 15 сакавіка ва ўсіх рэгіёнах краіны праходзілі мерапрыемствы Усебеларускай акцыі “Мы — грамадзяне Беларусі!”, прысвечанай Дню Канстытуцыі. Ва ўрачыстай абстаноўцы прадстаўнікі заканадаўчай і выканаўчай улады, ганаровыя людзі Беларусі ўручалі 14-гадовым юнакам і дзяўчатам важны дакумент у жыцці кожнага беларуса — пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь.

Праект рэалізуецца з 2004 года па ініцыятыве БРСМ і за гэты час заняў дастойнае месца ў гісторыі маладой беларускай дзяржавы.

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава ўручыла 15 сакавіка пашпарты 14-гадовым юнакам і дзяўчатам. Урачыстая цырымонія прайшла ў Савеце Рэспублікі.

Мерапрыемства аб’яднала 20 маладых людзей з усёй Беларусі. Гэта выдатнікі вучобы, удзельнікі навукова-практычных канферэнцый, пераможцы і прызёры прадметных алімпіяд, рэспубліканскіх спаборніцтваў, фестываляў, конкурсаў, актывісты БРПА і БРСМ.

“Я шчыра рада вітаць вас у Савеце Рэспублікі і з гордасцю хачу сёння ўручыць вам пашпарты грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Стала добрай традыцыяй у Дзень Канстытуцыі ўручаць пашпарты лепшым прадстаўнікам моладзі. Спадзяюся, што гэтая падзея застанецца яркім уражаннем у вашым жыцці”, — сказала Наталля Качанава.

Спікер адзначыла, што за гады незалежнасці Беларуссю пройдзены вялікі шлях і шмат чаго ўдалося дасягнуць. Але менавіта ад моладзі залежыць, як краіна будзе развівацца ў далейшым. “Для нас важна захаваць суверэнную і незалежную краіну. І вы — будучыня нашай краіны — павінны гэта ўсведамляць. Вы патрэбны сваёй краіне — там, дзе вы нарадзіліся і выраслі. І дзяржава сёння робіць усё, каб вы маглі развівацца, гэтак жа, як вашы бацькі клапоцяцца пра ваш дабрабыт, — падкрэсліла яна. — Няхай здзейсняцца вашы мары. Таму што я ўпэўнена, што вы людзі мэтанакіраваныя. Чалавек павінен любіць сваю краіну, тую справу, якой ён займаецца. Інакш нічога не будзе”.

Вучаніца сярэдняй школы № 11 Жлобіна Настасся Жданкіна ўпэўнена, што гэта асаблівы дзень у яе жыцці. “Гэта вельмі ўрачыста, хвалююча і ганарова. Я вельмі рада, што мне выдалася магчымасць наведаць Савет Рэспублікі і атрымаць тут пашпарт. Гэта вялікі гонар для мяне. Цяпер я грамадзянка Беларусі. Цяпер я адказная за свае ўчынкі і павінна думаць пра будучыню сваёй краіны, пра яе працвітанне”, — расказала яна.

Настасся — актывістка. “Я стараюся ўдзельнічаць у школьных мерапрыемствах. Езджу на спартыўныя конкурсы, хаджу на танцы, удзельнічаю ў алімпіядах. Займаю прызавыя месцы. Калі вярнуся дадому, раскажу пра ўсё бацькам, аднакласнікам. Думаю, што мой класны кіраўнік таксама будзе мной ганарыцца”, — адзначыла вучаніца.

Перапаўняюць эмоцыі і вучня Опальскай сярэдняй школы Сяргея Гарошку. “Гэта вельмі значна для мяне. У Савет Рэспублікі не кожны можа трапіць. Гэта вялікі гонар, што мяне выбралі, паколькі з вобласці толькі трое чалавек трапілі сюды”, — з гордасцю адзначыў малады чалавек.

Алена Кухарэнка вучыцца ў сярэдняй школе № 2 Слаўгарада. Яна выдатніца. “Сёння я атрымала пашпарт і стала паўна­цэнным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. Для мяне гэта вельмі ганарова. Думаю, што гэты дзень запомніцца мне. Абавязкова ўсім буду расказваць, як тут усё праходзіла”, — дадала яна.

Пасля ўрачыстай цырымоніі ў юнакоў і дзяўчат была магчымасць паразмаўляць з Наталляй Качанавай. Як і заўсёды, дыя­лог атрымаўся шчырым і адкрытым. “Сёння вельмі цікавыя і дарослыя пытанні былі ў 14-гадовых хлопчыкаў і дзяўчынак: палітыка, далейшае развіццё нашай краіны. І я чарговы раз зразумела, што чым больш у нас будзе такіх сустрэч з моладдзю, тым больш эфектыўнай будзе і наша работа ў тым ліку, — падкрэсліла спікер. — Вядома, я ўспамінала сябе. Цяпер моладзь хвалююць крыху іншыя пытанні. Напрыклад, інфармацыйныя тэхналогіі. Але разам з тым я ўбачыла, што гэта такія ж хлопцы і дзяўчаты, якімі калісьці былі і мы. Яны вучацца, займаюцца спортам, танцамі, спевамі. Я шчыра парадавалася за іх. У свае 14 гадоў гэта ўжо сфарміраваныя асобы, якія думаюць пра будучыню сваёй краіны”.