Ад поспехаў вучняў і настаўнікаў — да поспеху ўстановы адукацыі

- 14:26Якасць адукацыі

У межах наведвання Мінска дэлегацыя дырэктараў устаноў адукацыі Волагды (Расійская Федэрацыя) прыняла ўдзел у круглым стале з запрашэннем кіраўнікоў сталічных устаноў адукацыі, членаў клуба “Дыялог”, які прайшоў на базе сярэдняй школы № 53 і на якім быў разгледжаны вопыт работы па стварэнні камфортнага псіхолага-педагагічнага асяроддзя ва ўстановах адукацыі і асаблівасці матывацыі дзейнасці ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу на дасягненні.

Чатыры падставы для адукацыі

Кіраўнікі ўстаноў адукацыі Волагды наведалі сталіцу ў межах дагавора аб супрацоўніцтве паміж Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі і Валагодскім інстытутам развіцця адукацыі, заключаным у 2012 годзе, з мэтай рэалізацыі адукацыйнай праграмы “Эфектыўныя кіраўніцкія практыкі кіраўнікоў устаноў адукацыі”. Дырэктары азнаёміліся з магчымасцямі рэгіёна ў фарміраванні інфармацыйна-адукацыйнай прасторы, з арганізацыяй сеткавага ўзаемадзеяння ўстаноў адукацыі і ўстаноў культуры, з дзейнасцю шматпрофільнага адукацыйнага сацыякультурнага цэнтра сярэдняй школы № 61. Панараму вопыту па фарміраванні каштоўнасцей грамадзяніна і патрыёта прадставілі гімназіі № 25 і № 14. Для гасцей на базе гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны быў арганізаваны круглы стол “Кіраўніцкія прыярытэты дырэктара ўстановы адукацыі”. Дырэктар гімназіі Н.У.Бушная падзялілася вопытам сваёй кіраўніцкай дзейнасці. Зацікаўленая размова ішла аб мэтах, місіі ўстановы адукацыі, прынцыпах кіравання, лідарстве, праектнай дзейнасці ў гімназіі. Тут жа адбыліся прэзентацыя сістэмы метадычнай работы ў горадзе, майстар-клас “Формула поспеху ці прафесійныя складнікі эфектыўнага метадычнага суправаджэння профільнага навучання”. Вопытам работы з маладымі педагогамі падзяліліся настаўнікі сярэдняй школы № 26 Мінска, аб фарміраванні і дзейнасці педагагічных класаў гасцям расказалі ў гімназіі № 20. З арганізацыяй адукацыйнага працэсу і дасягненнямі навучэнцаў і педагогаў азнаёмілі ў гімназіі-каледжы мастацтваў. Госці наведалі мастацкую галерэю М.Савіцкага.

У апошні дзень знаходжання расійскіх педагогаў у Мінску за круглым сталом дырэктар сярэдняй школы № 53 дэпутат Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Наталля Яўгенаўна Сляпян расказала аб умовах стварэння камфортнага псіхолага-педагагічнага асяроддзя ва ўстанове адукацыі.

— Выхаваць актыўную паспяховую асобу, чалавека, здольнага рэалізаваць сябе ў жыцці, магчыма толькі пры ўзгодненым узаемадзеянні ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу ў камфортным псіхолага-педагагічным асяроддзі ўстановы адукацыі. Патрэбна эфектыўна працуючая сістэма або ідэя, якая б аб’яднала ўсіх суб’ектаў адукацыйнага працэсу, — адзначыла Наталля Яўгенаўна. — Для стварэння эфектыўнай сістэмы работы нашай установы адукацыі неабходна было знайсці адказы на тры галоўныя пытанні: “Адкуль мы ідзём?”, “Куды ідзём?”, “Якім шляхам?” Адказ на першае пытанне прадугледжвае арганізацыю дзейнасці на дыягнастычнай аснове, якая дазваляе вызначыць узровень здольнасцей навучэнцаў, іх асобасныя і характаралагічныя здольнасці. Каб знайсці адказ на пытанне “Куды мы ідзём?”, у якасці напрамку руху было выбрана фарміраванне ключавых кампетэнцый навучэнцаў. Адказваючы на пытанне “Якім шляхам мы ідзём?”, мы разглядалі магчымасці выкарыстання сучасных адукацыйных тэхналогій у адукацыйнай практыцы. Пошук адказу на гэтыя пытанні дазволіў педагагічнаму калектыву распрацаваць праект “Мадэль арганізацыі работы “Школа поспеху” на аснове кампетэнтнаснага падыходу”, у якім арганічна спалучаюцца магчымасці навучання і выхавання для развіцця асобы навучэнца. У 2015 годзе гэты праект быў удастоены гранта Мінгарвыканкама.

У аснову мадэлі “Школа поспеху” быў пакладзены падыход, прапанаваны Еўрапейскай камісіяй (пад старшынствам Жана Дэлора), у якім вызначаюцца чатыры падставы для адукацыі чалавека на працягу ўсяго яго жыцця: вучыцца ведаць, вучыцца рабіць, вучыцца жыць разам і вучыцца быць, якія, у сваю чаргу, у якасці ключавых кампетэнтнасцей уяўляюць інфармацыйную і моўную (ведаць), прадметна-практычную (рабіць), сацыяльную (жыць разам), асобасную (быць). Фарміраванне гэтых ключавых кампетэнтнасцей дасягаецца праз арганізацыю работы з патокамі інфармацыі, развіццё мыслення школьнікаў, арганізацыю прадукцыйнай адукацыйнай дзейнасці, арганізацыю кругавога ўзаемадзеяння і развіццё суб’ектыўнасці і самакантролю ў адпаведнасці з названымі кампетэнтнасцямі.

— Фундаментам для паспяховай рэалізацыі праекта з’яўляецца камфортнае псіхолага-педагагічнае асяроддзе ў школе як умова эфектыўнасці навучання і выхавання, самаразвіцця і самарэалізацыі кожнага, хто пераступае парог установы адукацыі. Стварыць у школе атмасферу супрацоўніцтва, сутворчасці, выбудаваць асновы, неабходныя для садружнасці дарослых і дзяцей, — галоўная задача адміністрацыі і СППС школы, — падкрэсліла Н.Я.Сляпян.

У прыярытэце — работа з бацькамі

Псіхолага-педагагічная камфортнасць неабходна не толькі для развіцця і самаразвіцця ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу — ад гэтага залежыць фізічны стан дзяцей і дарослых, адаптацыя да канкрэтных умоў, канкрэтнага адукацыйнага і сацыяльнага асяроддзя. Стварэнне атмасферы добразычлівасці дазваляе зняць напружанасць, якая адмоўна ўплывае на здароўе. Калі разглядаць фактары, якія фарміруюць здароўе чалавека, то спадчыннасць вызначае ўсяго 15—20 працэнтаў; здароўе, медыцына, экалогія — 10—15 працэнтаў, а навакольнае асяроддзе — 50—55 працэнтаў. У школе дзеці і педагогі знаходзяцца з раніцы да вечара, а таму вельмі важна тое, наколькі ўрок і пазаўрочная дзейнасць забяспечвае дзіцяці і даросламу камфортны стан. Псіхолага-педагагічны камфорт у школе фарміруецца з трох складнікаў: камфорт навучэнцаў, камфорт педагогаў, камфорт бацькоў.

— Нельга дапусціць у дзяцей комплексаў і няўпэўненасці ў сабе, у класе не павінна быць падзелу на добрых і дрэнных, паслухмяных і не вельмі, — заўважыла Наталля Яўгенаўна. — Задача школы — распрацаваць пэўную сістэму мер па стварэнні сітуацыі, якая фарміруе ў дзіцяці веру ў сябе, вучыць пераадольваць цяжкасці, усвядоміць свой рух наперад на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці. Наша школа павінна па-сапраўднаму стаць не толькі месцам, дзе вучаць, але і прасторай паўнацэннага сталення, пажыўным асяроддзем станаўлення паспяховых, шчаслівых і здаровых людзей.

Натуральна, што існуюць розныя сітуацыі, якія перашкаджаюць псіхалагічнаму камфорту вучняў: няўпэўненасць у сабе, павышаная стамляльнасць, замаруджанасць тэмпу дзеяння, павышаная патрэба ва ўвазе, павышаная рухальная актыўнасць, цяжкасці пры пераключэнні з адной дзейнасці на іншую. Нівеліраванне ўздзеяння гэтых фактараў — асноўная задача школьнай сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай службы. У арсенале спецыялістаў службы — вялікая колькасць у тым ліку і інавацыйных метадаў: цікавыя семінары-практыкумы, флэш-трэнінгі, форум-тэатр, сацыяльна-псіхалагічная праблемная гасціная і інш. Вельмі цікава праходзіць форум-тэатр: прагназуецца сітуацыя па асацыяльных паводзінах, артысты (удзельнікі школьнага тэатра) разыгрываюць яе на сцэне, а тыя навучэнцы, якія сядзяць у зале, запрашаюцца для таго, каб разыграць гэтую сітуацыю так, як бы яны зрабілі. Канечне, яны паводзяць сябе так, як трэба сябе паводзіць. Гэта вельмі актыўная, цікавая і прыцягальная форма работы.

Камфортнае псіхолага-педагагічнае асяроддзе дазваляе кожнаму навучэнцу максімальна развіваць свае здольнасці. Так, для развіцця інтэлектуальных здольнасцей у школе адкрыты профільныя класы, дзе навучэнцы на павышаным узроўні вывучаюць матэматыку, фізіку, англійскую мову. Па ўсіх прадметах праводзяцца факультатыўныя заняткі, дадатковыя заняткі на платнай аснове, якія дазваляюць выходзіць за межы школьнай праграмы. Штогод навучэнцы школы з’яўляюцца пераможцамі спаборніцтваў рознага ўзроўню, стыпендыятамі спецфонду прэзідэнта. Развіццю творчых здольнасцей навучэнцаў садзейнічае шырокая сетка факультатыўных заняткаў тэатральнай накіраванасці, заняткі аб’яднанняў па інтарэсах.

— Разбіраючы патэнцыяльныя крытычныя кропкі, мы ўсвядомілі: каб дабіцца лепшых вынікаў у рабоце з дзецьмі, неабходна ў першую чаргу працаваць з бацькамі, бо праблема дзіцяці можа стварацца сям’ёй: бацькі часта ўспрымаюць няўдачы і няпоспехі дзіцяці як абвінавачванне ва ўласнай бацькоўскай некампетэнтнасці. З-за гэтага пры ўзнікненні праблем бацькі не заўсёды настроены на канструктыўную размову. У выніку традыцыйныя зносіны ў школе могуць не даць станоўчых вынікаў, — заўважыла Наталля Яўгенаўна.

У настаўнікаў, па даных статыстыкі, фактарамі ўзнікнення дыскамфорту выступаюць фізічная і псіхалагічная напружанасць, пастаяннае ацэньванне з боку членаў калектыву, бацькоў, высокі ўзровень адказнасці, тэндэнцыя да агрэсіўных адносін з боку бацькоў навучэнцаў, розныя стылі кіравання кадрамі. Служба СППС школы прапаноўвае шмат спосабаў для прафілактыкі і карэкцыі прафесійнага выгарання, развіцця эмацыянальнай устойлівасці педагога, павышэння псіхалагічнай культуры педагогаў і бацькоў. Узброіць неабходнымі ведамі тых, хто імкнецца да поспеху, — адна з прыярытэтных задач гэтай службы. Менавіта таму такія папулярныя сярод настаўнікаў і бацькоў педагагічныя практыкумы “9 правіл выхавання шчаслівага дзіцяці”, “Падлеткавы ўзрост: як недапусціць памылак”, “Трывожнасць і страхі малодшых школьнікаў”, “ Псіхалагічны камфорт у школе” і інш.

Для канкурэнтаздольнасці і развіцця

Пра матывацыю дзейнасці ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу на дасягненні расказала дырэктар сярэдняй школы № 34 Мінска Святлана Міхайлаўна Сацукевіч. Па яе словах, кіраванне сучаснай школай — адзін з самых складаных працэсаў, які асабліва давялося адчуць, калі яна была прызначана ў 2014 годзе дырэктарам школы.

— Я прыйшла ў зладжаны калектыў, у якім склаліся свае традыцыі, правілы і нормы,— падзялілася сваімі ўражаннямі Святлана Міхайлаўна.— Пачынаючы сваю дзейнасць у ролі дырэктара, разумела, што не варта разбураць гэтыя традыцыі і сістэму работы, якая функцыянавала на працягу многіх гадоў, трэба сфарміраваць тую педагагічную каманду, якая здольна вучыцца, вучыць і працаваць у рэжыме развіцця, стварыць сваю кіраўніцкую каманду, якая б стала для кожнага педагога каталізатарам да прафесійнага развіцця.

С.М.Сацукевіч пачынала сваю работу з глыбокай дыягностыкі стану агульных спраў у школе. Праведзены маніторынг вызначыў шэраг праблемных пытанняў, якія неабходна было вырашаць: нізкая напаўняльнасць класаў, невялікі набор дзяцей у першыя класы і інш. У першую чаргу гэта было звязана з геаграфічным размяшчэннем школы: у старым раёне, дзе практычна няма прытоку новых навучэнцаў па прычыне адсутнасці забудовы новых жылых дамоў, высокая канкурэнцыя сярод школ за навучэнцаў, за педагогаў (у квартале размешчаны 3 школы і адна гімназія), закансерваванасць педагагічнага калектыву, адсутнасць жадання развівацца і вучыцца.

— Як работадаўца я разумела, што адчуваю патрэбу ў высокім узроўні прафесіяналізму сваіх предагогаў. Як дырэктар была зацікаўлена ў якаснай падачы адукацыі для бацькоў, у матываванасці навучэнцаў і паспяховасці выпускнікоў, — падкрэсліла Святлана Міхайлаўна. — З гэтай мэтай неабходна было аптымізаваць усе кіраўніцкія механізмы ў школе: зацікавіць, матываваць настаўнікаў у прафесійным развіцці, пераканаць вучняў і бацькоў, што школа здольна функцыянаваць у рэжыме развіцця, а значыць, надоўга забяспечыць поспех установы.

У 2014 годзе школа стала працаваць над адукацыйным праектам “Фарміраванне PR-кампетэнтнасці педагогаў як сродак канкурэнтаздольнасці ўстановы адукацыі”, які быў адзначаны прэміяй Мінгарвыканкама. На першы план дзейнасці быў вылучаны функцыянальны падыход, у кіраванні прафесійным развіццём — матывацыйна-мэтавы. Рэалізацыя мадэлі праекта магла быць дасягнута толькі пры наяўнасці пэўных арганізацыйна-педагагічных умоў, якія забяспечваюць спрыяльнае матывацыйнае асяроддзе. Адміністрацыяй былі вызначаны гэтыя ўмовы. Па-першае, самаразвіццё лідарскай кампетэнцыі самога кіраўніка. У аснове яе рэалізацыі — матыў па стварэнні прафесійнага педагагічнага корпуса. Толькі кампетэнтны кіраўнік ведае і добра разумее стратэгію развіцця адукацыі, стылі, метады эфектыўнага кіраўніцтва калектывам, спосабы матэрыяльнага і маральнага стымулявання работнікаў і інш. Па-другое, фарміраванне прафесійнай кіраўніцкай каманды. Сёння кіраўніцкая каманда школы — калектыў з 5 чалавек, аб’яднаны сумеснай дзейнасцю, ідэямі, арыентаваны на агульны поспех. Галоўны матыў — быць канкурэнтаздольнымі, стабільна развівацца. Прафесійная кіраўніцкая каманда стварае станоўчую рэпутацыю ўстанове, а станоўчая рэпутацыя прыцягвае лепшых дзяцей і матываваных бацькоў. У сваю чаргу матываваныя бацькі прыцягваюць новых педагогаў ва ўстанову. Па-трэцяе, фарміраванне прафесійнай педагагічнай каманды. Рэалізацыя гэтай умовы магчыма пры ўзмацненні індывідуальнай і дыферэнцыраванай работы з педагогам, планаванні яго прафесійнай кар’еры. У аснове рэалізацыі гэтай умовы — матывы спаборнасці, стабільнасці, абароненасці, самасцвярджэння, дасягненне сацыяльнага поспеху. Сёння педагагічны калектыў сярэдняй школы № 34 — гэта ўладальнікі прэмій і грантаў Мінгарвыканкама, пераможцы рэспубліканскіх і гарадскіх конкурсаў і праектаў, аўтары вучэбных выданняў, навуковыя саіскальнікі. Па-чацвёртае, стварэнне матывацыйнага асяроддзя.

— Бізун і пернік, — лічыць С.М.Сацукевіч, — не адзіныя спосабы ўздзеяння. Задача дырэктара — прадугледзець гнуткую палітыку і распрацаваць дастатковую колькасць практычных варыянтаў заахвочвання супрацоўнікаў. У нас не толькі дакладна выпрацаваная сістэма матэрыяльнага стымулявання, але і маральнага задавальнення ад работы. І тут галоўны матыў — матыў самастойнасці і рэалізацыі сябе ў прафесійнай дзейнасці як творчай асобы.

Рэалізацыя праекта прывяла да таго, што сёння школа — гэта новая філасофія кіравання, прыярытэтам якой з’яўляецца чалавек з яго прафесійным талентам, каштоўнасцямі і магчымасцямі. “Ад садзейнічання поспеху кожнага настаўніка і вучня — да поспеху установы адукацыі” — вось дэвіз яе каманды.

***

Напрыканцы мерапрыемства начальнік аддзела па арганізацыі навучання менеджараў адукацыі і дзяржслужачых МГІРА Ніна Міхайлаўна Коршунава ўручыла валагодскім педагогам сертыфікаты аб праходжанні навучання па тэме “Эфектыўныя кіраўніцкія практыкі кіраўнікоў устаноў адукацыі”.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота з сайта МГІРА.