Урачыстае адкрыццё юбілейнай, дзясятай па ліку, Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў адбылося ў мінулую пятніцу на Гомельшчыне.
Традыцыя правядзення спартакіяды ўзнікла ў 2006 годзе. Першым юных спартсменаў сустракаў Брэст. З таго часу штогод спаборніцтвы праходзяць па чарзе ў кожным рэгіёне краіны.
Сёлета Гомельская вобласць прымала спартакіяду школьнікаў другі раз. На стадыёне “Цэнтральны” ўмяшчальнасцю больш як 14 тысяч чалавек амаль не было свабодных месцаў. Гледачы з нецярплівасцю чакалі яркіх паказальных выступленняў юніёраў. І вось, нарэшце, прагучалі фанфары, пачаўся марш-парад каманд-удзельніц: навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і лепшыя спартсмены спецыялізаваных вучэбна-спартыўных школ з шасці абласцей і сталіцы прайшліся перад шматтысячнай аўдыторыяй.
З прывітальнымі словамі перад удзельнікамі і гледачамі выступілі намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама У.А.Прывалаў, начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Н.І.Пшанічная, дырэктар Рэспубліканскага цэнтра алімпійскага рэзерву па гульнявых відах спорту У.П.Рассека. Яны адзначылі, што менавіта з тых юнакоў і дзяўчат, што займаюцца ў спецыялізаваных спартыўных школах і секцыях, вырастаюць вялікія спартсмены, якія праслаўляюць нашу краіну на міжнародных спартыўных спаборніцтвах і Алімпійскіх гульнях, як, напрыклад, запрошаныя на цырымонію адкрыцця Рэспубліканскай спартакіяды чэмпіёны і прызёры Алімпійскіх гульняў розных гадоў Леанід Гейштар, Яўген Гаўрыленка, Мікалай Кіраў, Ігар Макараў, Наталля Стасюк, Вячаслаў Макаранка. Іх шлях у прафесійны спорт таксама пачынаўся з заняткаў у спартыўных секцыях і школах. Дарэчы, заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь па дзюдо, чэмпіён Алімпійскіх гульняў 2004 года ў Афінах, кавалер ордэна Мужнасці, ганаровы грамадзянін горада Гомеля Ігар Віктаравіч Макараў узначаліў галоўную судзейскую калегію Рэспубліканскай спартакіяды.
Як паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, удзел у спартакіядзе прымае звыш паўтары тысячы юных спартсменаў — навучэнцаў устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, школ, гімназій і ліцэяў, студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі. І ўся гэтая армія — напэўна, прадстаўнікі ўсіх відаў спорту — выступіла з паказальнымі нумарамі на галоўным стадыёне Гомеля.
На працягу амаль двух тыдняў каманды будуць змагацца за званне лепшых у больш як дваццаці відах спорту: грэка-рымскай барацьбе, баскетболе, боксе, веславанні на байдарках і каноэ, плаванні, фехтаванні, стральбе, футболе і інш. У распараджэнні ўдзельнікаў — спартыўныя аб’екты і пляцоўкі Гомеля і Гомельскага раёна, Жлобіна, Рэчыцы і Лельчыц.Спаборніцтвы па некаторых відах пачаліся яшчэ за некалькі дзён да ўрачыстага адкрыцця спартакіяды. Так, напярэдадні ўжо былі вядомы лепшыя каманды ў веласпорце, лёгкай атлетыцы і кулявой стральбе. Лепш за ўсіх выступілі каманды Гродзенскай і Брэсцкай абласцей і каманда Мінска. У цэлым на мінулым тыдні прайшлі спаборніцтвы па 12 відах спорту. Лідзіруючае месца ў агульнакамандным заліку займае каманда Мінска, на другім — гаспадары, а трэцяе месца трымаецца за камандай Гродзенскай вобласці. Наперадзе яшчэ не адно спаборніцтва, і пакуль цяжка рабіць стаўку на пераможцаў, тым больш што кожная вобласць індывідуальная: калі, напрыклад, на Гомельшчыне рыхтуюць лепшых весляроў, то Брэсцкі рэгіён можа пахваліцца сваімі веласіпедыстамі, а Гродзеншчына — лёгкаатлетамі і г. д.
Вынікі Рэспубліканскай спартакіяды школьнікаў 2015 года падвядуць 26 чэрвеня. Абсалютным чэмпіёнам будзе вызначаны рэгіён, які набраў у агульнакамандным першынстве найбольшую колькасць ачкоў у спаборніцтвах па зімовых і летніх відах спорту. Нагадаем, што ў зімовай спартакіядзе першыя тры месцы занялі адпаведна каманды Мінска, Гомельскай і Магілёўскай абласцей.
Спартакіяда школьнікаў — гэта, па сутнасці, стартавая пляцоўка для спорту найвышэйшых дасягненняў. Акрамя таго, арганізатары мерапрыемства, а гэта Міністэрства адукацыі, Міністэрства спорту і турызму, Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, асноўнымі задачамі ставяць прапаганду здаровага ладу жыцця і павышэнне якасці спартыўна-масавай і вучэбна-трэніровачнай работы ў дзіцяча-юнацкіх спартыўных школах.
Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.