Ад залежнасці да цвярозасці: складана, але дасягальна

- 15:42Сацыяльны ракурс

Набыць залежнасць — алкагольную, наркатычную, гульнявую ці яшчэ якую-небудзь — значна прасцей, чым пазбавіцца яе, таму грамадства і ўдзяляе столькі ўвагі, сіл, сродкаў прафілактыцы. Але і для тых, хто даўно і надзейна трапіў у сетку той або іншай залежнасці, выйсце ёсць. Першая з такіх магчымасцей, канечне, лячэнне ў спецыялізаванай установе. Самая вядомая і самая буйная з гэтых устаноў у Беларусі і нават у СНД — Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр псіхічнага здароўя, або ў народзе — Навінкі.

Менш спакус — менш залежнасцей

На дыспансерным уліку, па даных на 1 жніўня бягучага года, знаходзяцца 164,5 тысячы беларусаў з залежнасцямі. Каля 15 тысяч непаўналетніх знаходзяцца пад прафілактычным наглядам наркалагічнай службы. Паменшыць колькасць і тых, хто стаіць на ўліку, і схаваных алкаголікаў, і тых, хто яшчэ толькі ступіў на алкагольны ці наркатычны шлях, можна толькі комплекснымі мерамі.

— Нічога новага прыдумваць не трэба, усё даўно прыдумана, — гаворыць загадчык 21-га наркалагічнага аддзялення РНПЦ псіхічнага здароўя Уладзімір Уладзіміравіч Іваноў. — На алкаголь павінна быць збалансаваная цана, дастаткова высокая, як гэта, напрыклад, было ў Савецкім Саюзе, калі бутэлька гарэлкі каштавала 2 рублі 87 капеек, а кілаграм хлеба — 20 капеек. Паглядзіце, які разрыў цэн. І кілаграм кураціны быў амаль у два разы таннейшы за бутэльку гарэлкі.

Важна таксама скараціць колькасць месцаў ліцэнзійнага гандлю алкаголем, а яшчэ пашыраць санітарную асвету, пачынаючы з дзетсадаўскага ўзросту, лічыць спецыяліст.

— Алкаголь вельмі небяспечны, і ў гэтым трэба пераконваць дзяцей, моладзь, — заўважае У.У.Іваноў.

— Ды і прадаваць алкаголь, лічу, варта людзям, якія дасягнулі 21 года. Калі паслядоўна прымаць гэтыя меры, то за 20—25 гадоў можна выйсці на аптымальны ўзровень ужывання алкаголю, гэта 6—7 літраў на душу насельніцтва, бо ніжэй ён усё роўна не апусціцца. Так у многіх краінах змагаюцца з курэннем, і, напрыклад, у Швецыі курыць у два разы менш людзей, чым у Беларусі. Такога выніку дасягнулі дзякуючы дарагім цыгарэтам, іх малой даступнасці, асвеце і забароне на курэнне практычна ва ўсіх грамадскіх месцах.

З гэтымі аргументамі загадчыка наркалагічнага аддзялення немагчыма не пагадзіцца. Яшчэ пра адзін спосаб скараціць злоўжыванне алкаголем нагадвае галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя Беларусі Іван Іванавіч Канаразаў. Гэта абмежаванне часу продажу алкаголю з 9-ці раніцы да 23 гадзін вечара. Усюды, акрамя кафэ і рэстаранаў, што і прапаноўвае Міністэрства аховы здароўя. Галоўны нарколаг перакананы: гэта варта зрабіць, бо, як паказвае практыка, злачынствы, што адбываюцца ўвечары і ноччу, звязаны менавіта са злоўжываннем алкаголем.

Пры гэтым медыкі адзначаюць, што апошнім часам у Беларусі і ў іншых краінах сярод моладзі з’явілася і развіваецца мода на адмову ад ужывання алкаголю, што, безумоўна, радуе не толькі ўрачоў. Верыцца, што такі вынік дасягнуты прафілактычнымі мерамі, а новы трэнд стане пастаянным спадарожнікам жыцця многіх беларусаў. Тым больш што адзначаецца і зніжэнне колькасці дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам п’яных вадзіцеляў, смяротнасці ад атручэння алкаголем, паляпшаюцца некаторыя іншыя паказчыкі. І наогул, павышаецца цікавасць да здаровага ладу жыцця, у тым ліку дзякуючы шматлікім крыніцам інфармацыі, напрыклад, парталу “Здаровыя людзі” Міністэрства аховы здароўя.

— Гаварыць пра тое, што мы на нацыянальным узроўні перамаглі п’янства і алкагалізм, рана, хаця з 2012 года і бачым зніжэнне агульнага ўзроўню ўжывання алкаголю ў пераліку на абсалютны алкаголь, — заўважае І.І.Канаразаў. — Але ўсё роўна ён застаецца даволі высокім — за 2016 год склаў 8,8 літра.

— Галоўнае — своечасова выявіць праблему, асабліва ў непаўналетніх, каб неадкладна пачаць дапамагаць юнаку ці дзяўчыне, — дадае загадчык сектара наркалогіі арганізацыйна-метадычнага кансультатыўнага аддзела РНПЦ Уладзімір Пятровіч Максімчук. — Працягласць жыцця хворага, які рэгулярна ўжывае наркотыкі, складае 10—12 гадоў. Хворы на алкагалізм жыве больш, але гэта няякаснае жыццё, дэградацыя.

Пад нагляд беларускіх нарколагаў, дарэчы, у адзінкавых выпадках, трапляюць нават дзеці да 10 гадоў, якія маглі паспрабаваць наркотыкі па няведанні, адшукаўшы іх выпадкова. На ўліку стаяць і 22 чалавекі старэйшыя за 60 гадоў, якія ўжываюць наркотыкі. Па даных, што прывёў У.П.Максімчук, школьнікі, якія злоўжываюць псіхаактыўнымі рэчывамі (алкаголь, наркотыкі, курыльныя сумесі), складаюць 3,6% ад усіх, хто знаходзіцца пад урачэбным наглядам. 51% з усіх тых, хто злоўжывае наркотыкамі, мае судзімасць, многія — не адну.

— У свой час мы першыя папярэдзілі МУС аб тым, што на Беларусь наступаюць спайсы (гэта адбылося ў 2013—2014 гадах), сумесна выпрацоўвалі алгарытм дзеянняў, — расказвае У.У.Іваноў. — І як бы там няшчасныя бацькі ні абураліся, што іх дзяцей пасадзілі за наркотыкі, трэба разумець: так, гэта жах, што моладзь трапляе ў турму, але, дзякуючы жорсткім, рашучым дзеянням органаў унутраных спраў, удалося не дапусціць спайсавай эпідэміі ў Беларусі. Выратаваны дзясяткі, а магчыма, і сотні жыццяў нашых дзяцей.

Лячэнне: тэрмінова і паступова

Безумоўна, гаварыць, што кожны чалавек з залежнасцю, які трапіў на лячэнне, пазбавіцца праблемы, наіўна. Спецыялісты РНПЦ, напрыклад, кажуць, што ўстойлівая рэмісія (не меншая за год) у паловы алкаголікаў, якія прайшлі поўны курс лячэння, — выдатны вынік. А ўсяго ў цэнтры амаль 1600 месцаў для пацыентаў і 32 аддзяленні. Некалькі з іх якраз і займаюцца лячэннем хворых з залежнасцямі.

Адно з аддзяленняў — крызіснае, у ім у тым ліку дапамагаюць людзям, якія не бачаць выйсця з пэўнай складанай сітуацыі, пачынаюць залі-ваць гора гарэлкай, у іх з’яўляюцца суіцыдальныя думкі, развіваецца алкагольная інтаксікацыя. У аддзяленні працуе мультыдысцыплінарная брыгада: псіхолагі, псіхатэрапеўты, іншыя спецыялісты. Між іншым у сярэднім суткі лячэння залежнага ў рэанімацыі каштуюць дзяржаве 100 долараў у эквіваленце. Калі ў пацыента ёсць іншыя захворванні, расходы могуць быць значна большымі.

Па дапамогу ў РНПЦ псіхічнага здароўя можна прыйсці і без накіравання і нават ананімна на платнай аснове. Так, у 21-м наркалагічным аддзяленні цэнтра на момант яго наведвання журналістамі ледзь не палова пацыентаў былі якраз тымі, хто самастойна вырашыў лячыцца. А ўсяго ў аддзяленні, разлічаным на 50 ложкаў, знаходзіліся 48 хворых, 11 з якіх — жанчыны. Большасць лечыцца тут ад алкагольнай залежнасці, частка — ад наркатычнай або адначасова ад абедзвюх праблем. Бываюць пацыенты і з гульнявой залежнасцю — усяго больш за 200 гульняманаў паспелі прайсці тут рэабілітацыю. Часцей за ўсё ў аддзяленне трапляюць людзі ва ўзросце 25—45 гадоў.

Лячэнне ўключае як прыём медпрэпаратаў, так і работу з псіхатэрапеўтамі і псіхолагамі. І, што самае цікавае, тут ёсць пазабальнічная частка праграмы рэабілітацыі, якой займаецца грамадскае аб’яднанне “Абуджэнне”, што дзейнічае ўжо 20 гадоў і ў якім працуюць як валанцёры-медыкі, так і былыя пацыенты, што змаглі пераадолець свае залежнасці. Адна з самых вядомых праграм аб’яднання — рэабілітацыйная праграма “Каўчэг”. РНПЦ супрацоўнічае з аб’яднаннем на аснове дагавора.

Ёсць у РНПЦ наркалагічныя аддзяленні, куды паступаюць пацыенты для зняцця запою, асобнае аддзяленне для лячэння наркаманіі. Але асноўны кантынгент, прыкладна 80% ад усіх залежных ад наркотыкаў і алкаголю, якія праходзяць лячэнне ў РНПЦ, — гэта хворыя на алкагольную залежнасць.

— Метад, які вельмі эфектыўна дапамагае вывесці чалавека са стану алкагольнай інтаксікацыі, — гэта метад гіпербарычнай аксігенацыі, калі ў чалавека, канечне, няма проціпаказанняў, — гаворыць Аксана Віктараўна Калбасава, намеснік дырэктара РНПЦ па медыцынскай частцы.

Гіпербарычная аксігенацыя — гэта лячэнне кіслародам пад павышаным ціскам. А поўны курс рэабілітацыі, безумоўна, займае нямала часу (так, у 21-м наркалагічным аддзяленні ён складае 28 дзён).

Важна і тое, што развіваюцца новыя метады дапамогі залежным. У РНПЦ псіхічнага здароўя іх распрацоўвае спецыяльны навуковы аддзел. Тут працуюць як над генетычнымі даследаваннямі, так і над удасканаленнем комплексных метадаў лячэння і рэабілітацыі.

Наогул жа ў краіне дзейнічае шырокая сетка ўстаноў, якія дапамагаюць нарказалежным і тым, хто злоўжывае алкаголем: ад кабінетаў амбулаторнай дапамогі, наркалагічных аддзяленняў дзённага знаходжання да стацыянараў, груп ананімных алкаголікаў і наркаманаў і нават груп дзяцей алкаголікаў, іншых сузалежных. І практычна ва ўсіх рэгіёнах створаны рэабілітацыйныя аддзяленні з мультыдысцыплінарным падыходам. Галоўнае, каб у пацыентаў было жаданне лячыцца. Як гаворыць дырэктар Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя Аляксандр Іванавіч Старцаў, медыкі бяссільныя, калі ім не дапамагае грамадства.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.