Адчуць сябе сапраўдным бацькам

- 12:29Дашкольная адукацыя, Рознае
Некалькі гадоў назад педагогі ясляў-сада № 4 Нясвіжа пачалі выкарыстоўваць новыя формы ўзаемадзеяння з сем’ямі выхаванцаў. Ва ўстанове былі адкрыты “малышкіна школа”, школа ранняга развіцця і групы кароткачасовага наведвання. А самыя актыўныя бацькі сталі ўдзельнікамі валанцёрскіх атрадаў — асобнага для мам і асобнага для татаў. Іх асноўная задача — распаўсюджваць у сваім рэгіёне ідэі пазітыўнага мацярынства і бацькоўства.
Традыцыі і каштоўнасці сям’і

“Нашы ідэі па далучэнні бацькоў да больш актыўнага выхавання сваіх дзяцей і да ўдзелу ў жыцці сада ўзніклі невыпадкова, — гаворыць загадчык установы Вольга Іванаўна Пуляк. — Мы заўважылі, што бацькі мала часу ўдзяляюць зносінам са сваімі дзецьмі. Асабліва малышам не хапае ўвагі татаў. Адна з прычын — пастаянная занятасць дарослых на рабоце. Але ёсць і іншая прычына: часта жанчыны проста не давяраюць выхаванне дзяцей мужчынам і бяруць усю адказнасць у гэтым плане на сябе. Мы правялі апытанне мам нашай дашкольнай установы. Большасць з іх лічыць, што татам не па сілах разнастайныя абавязкі ў адносінах да сваіх дзяцей, што таты не могуць выконваць іх якасна. Мы, як педагогі, з гэтым не пагаджаемся. Мужчына можа стаць сапраўдным выхавальнікам сваіх дзяцей, памочнікам у іх першых жыццёвых кроках”.
Выхавальнікі сада паназіралі за татамі, якія прыводзяць дзяцей у сад. Аказалася, што толькі трэць іх знаходзіць час для таго, каб і прывесці дзіця ў сад, і забраць яго. Шмат аб чым гаворыць і момант ранішняга развітання дзяцей з татамі. Большасць з іх дапамагае малышам распрануцца, пяшчотна размаўляе з імі, абдымае і цалуе перад адыходам. Некаторыя мужчыны робяць дзецям кампліменты, нагадваюць аб тым, што “тата цябе вельмі любіць”. Ёсць і такія, што нясуць сваіх малышоў у сад на руках або на плячах. Увечары, калі таты забіраюць дзяцей, то, як правіла, дапамагаюць ім апрануцца, цікавяцца, як прайшоў дзень. Толькі ў адзінкавых выпадках таты не праяўляюць эмоцый да малышоў, не дапамагаюць ім распранацца раніцай, і ўвечары сустрэча праходзіць моўчкі. У цэлым жа назіранні былі станоўчыя, яны натхнілі педагогаў на наладжванне больш цесных кантактаў з сем’ямі выхаванцаў, каб аб’яднаць бацькоў у клопаце пра сваіх дзецей.
На занятках “малышкінай школы” выхавальнікі пачалі вучыць мам і татаў больш блізкаму і правільнаму ўзаемадзеянню са сваімі дзецьмі, таму, як больш цікава гуляць з імі, аб чым размаўляць, на што звяртаць асаблівую ўвагу. Педагогі кансультавалі бацькоў па самых розных пытаннях, якія маглі ўзнікнуць падчас зносін з малышамі. Яны пазнаёмілі дарослых са спецыфікай выхавання хлопчыкаў і дзяўчынак, а таксама з тым, як лепш расказваць дзецям аб раўнапраўі ў сям’і, аб сямейных традыцыях і каштоўнасцях. Адна з такіх каштоўнасцей, безумоўна, — сумесная стваральная праца бацькоў і дзяцей.
У садзе быў створаны пакой-музей беларускай нацыянальнай цацкі і беларускай кнігі. У ім размяшчаюцца экспанаты, зробленыя рукамі бацькоў і дзяцей. Асабліва ўражваюць самаробныя лялькі і кнігі па матывах твораў беларускіх класікаў, якія пісалі і для маленькіх дзетак, — Купалы, Коласа і іншых аўтараў. Ва ўстанове ёсць яшчэ адзін незвычайны куточак — пакой маральна-духоўнага выхавання “Калысачка для душы”, які ствараўся сіламі бацькоў і педагогаў. У ім можна ўбачыць прадметы старажытнага побыту беларускага селяніна. Асабліва прыцягваюць увагу прыгожыя ручнікі, у кожнага з якіх сваё прызначэнне і назва: “галава”, “рукабойнік”, “вясельнік”, “немаўлятка”, “хлебнік” і “бажнік” — імі нашы продкі абрамлялі хатнія іконы, якія ў пакоі таксама прадстаўлены. Сюды педагог заўсёды можа прыйсці разам з дзіцем, каб сам-насам пагутарыць з ім, расказаць аб рэчах, якія знаходзяцца ў пакоі, пазнаёміць з асновамі беларускага ручнога ткацтва.
У садзе пастаянна ладзяцца цікавыя мерапрыемствы: акцыі, святы, конкурсы, фестывалі. Іх наведваюць не толькі бацькі і дзеці, але і прадстаўнікі грамадскасці — Нясвіжскай раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа, а таксама прадстаўнікі раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” (пры яе дапамозе для сада былі закуплены беларускія народныя інструменты з мэтай развіцця музычна-сэнсарных здольнасцей дашкольнікаў).
“Асабліва цікава праходзяць сумесныя з сем’ямі калядныя вячоркі за накрытым сталом, — падкрэслівае Вольга Іванаўна. — Педагогі ўзялі пад апеку сям’ю з прыёмнымі дзецьмі, якія жывуць за 30 кіламетраў ад Нясвіжа — іх таксама запрашаюць у сад на святы. Адзначаецца ва ўстанове і Дзень сям’і, інакш яго называюць Дзень Пятра і Феўроніі. Падчас гэтай сустрэчы ўшаноўваем і ўзнагароджваем жанчын і мужчын (як правіла, ужо бабуль і дзядуляў), якія шмат гадоў жывуць у шлюбе. Яны прыходзяць на свята з унукамі і дзеляцца вопытам сямейнага выхавання. Ушаноўваем і мнагадзетныя сем’і — у нашай установе іх 24”.
Частыя госці сада — свяшчэннаслужыцелі Свята-Георгіеўскага храма Нясвіжа. Яны расказваюць бацькам аб духоўных каштоўнасцях, якія павінны быць у сям’і, аб хрысціянскім шлюбе, даюць урокі праваслаўнага выхавання і нават пры неабходнасці наладжваюць добрыя адносіны паміж мужам і жонкай на карысць іх дзяцей. Для малышоў праводзяць заняткі пазнавальнага характару.

Падорым цуд дзецям

З верасня 2012 года педагагічны калектыў ясляў-сада № 4 Нясвіжа пачаў удзельнічаць у рэспубліканскім інавацыйным праекце “Укараненне мадэлі фарміравання культуры гендарных адносін дашкольнікаў на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускай сям’і”. Адным з асноўных кірункаў мерапрыемства стаў міні-праект “За жыццё. Святасць бацькоўства”. У яго межах пры падтрымцы старшыні раённага аб’яднання таварыства Чырвонага Крыжа В.Л.Пратасенка быў створаны дзіцяча-бацькаўскі валанцёрскі атрад “Сэрцайка”. Яго мэта — узмацніць ролю татаў у выхаванні дзяцей. Гэты праект стаў працягам ужо рэалізаванага ў садзе праекта “За жыццё. Святасць мацярынства”, які прадугледжваў стварэнне валанцёрскага атрада мам разам з дзецьмі. За работу ў гэтым праекце ўстанова ў 2011 і ў 2012 г.г. атрымала гранты Еўрапейскай зоны Дацкага Чырвонага Крыжа.
Сваю дзейнасць валанцёрскі атрад бацькаў, у які ўвайшлі 25 чалавек, будаваў па аналогіі з дзейнасцю атрада мам. І пачаў яе з дабрачыннай каляднай акцыі “Падары цуд!”, падчас якой бацькі наведалі выхаванцаў Нясвіжскага ЦКРНіР і ўручылі ім падарункі. Вясной у рамках штогадовага месячніка Чырвонага Крыжа, які праводзіцца ў Беларусі з 8 мая па 1 чэрвеня, бацькі-валанцёры ўдзельнічалі ў яшчэ адной дабрачыннай акцыі “Розныя дзеці — роўныя магчымасці”. Выхаванцы сада выступалі з “Велікоднай казкай” перад дзецьмі цэнтра і ўдзельнічалі разам з імі ў спартыўных спаборніцтвах. У гэты час іх таты займаліся добраўпарадкаваннем тэрыторыі цэнтра: будавалі альтанкі, рабілі пясочніцы, рамантавалі спартыўнае абсталяванне. Выхаванцы карэкцыйнага цэнтра разам з бацькамі і педагогамі таксама прыходзяць у госці ў сад, каб прыняць удзел у розных мерапрыемствах.
З мэтай распаўсюджвання ідэй пазітыўнага бацькоўства ва ўстанове арганізоўваюцца раённыя бацькоўскія сходы, на якіх таты расказваюць аб сваім стаўленні да праблемы мужчынскага выхавання, аб ролі, правах і абавязках мужчыны ў сям’і. На такія сходы запрашаюцца медработнікі, юрысты і г.д. На базе сада працавала таксама секцыя для татаў дашкольнікаў у рамках VI Абласнога сходу бацькоў “Без добрых татаў няма сапраўднага выхавання”. Ключавым момантам мерапрыемства стаў інтэрактыў “Свечка”, падчас якога кожны ўдзельнік змог “запаліць” сваё сэрца і пакінуць пажаданні для ўсіх татаў Беларусі. А старшыня валанцёрскага атрада татаў “Сэрцайка” Дзмітрый Васільевіч Конішчаў удзельнічаў у VI Абласным бацькоўскім сходзе ў Маладзечне, дзе прадставіў вопыт работы валанцёрскага атрада Нясвіжскага раёна.
Міні-праект “За жыццё. Святасць бацькоўства” стаў лаўрэатам сярод 80 работ, прадстаўленых на фестывалі сацыяльных тэхналогій у абарону сямейных каштоўнасцей
“За жыццё”, які праводзіўся пад патранатам Мінскага аблвыканкама, МДФ “Сям’я. Яднанне. Айчына”, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Бацькі падавалі на конкурс метадычныя матэрыялы па арганізацыі і суправаджэнні валанцёрскага руху, у якія ўключалі практычныя парады, і сацыяльны відэаролік па прапагандзе сямейных каштоўнасцей.
Распаўсюджванне ідэй пазітыўнага бацькоўства адбываецца і сярод бацькоў будучых выхаванцаў сада падчас сходаў, якія праводзяцца ў форме студыйных заняткаў. На заняткі прыходзяць сямейныя пары, якія ў хуткім часе плануюць прывесці дзяцей у сад. Падчас правядзення сходу-студыі педагог-псіхолаг стварае ўмовы для актыўнага ўключэння кожнай сямейнай пары ў сумесную дзейнасць па абмеркаванні адзначанай праблемы. Удзельнікі дзеляцца на дзве падгрупы: таты і мамы. У рабоце сходу ўдзельнічаюць таксама незалежныя эксперты: прадстаўнікі царквы і бацькі валанцёрскага атрада.
Адно з практыкаванняў, якое прапаноўвае педагог-псіхолаг, называецца “Далонька”. Перад бацькамі кладуць паперу ў выглядзе далонькі, якая з’яўляецца сімвалам іх сям’і. Кожны палец на гэтай далоньцы — член сям’і. Задача бацькоў — падпісаць і пранумараваць кожны палец, прычым у тым парадку, у якім яны нумаравалі б (па аўтарытэтнасці) членаў сваёй сям’і. Якое значэнне такой методыкі? Яна дапамагае назваць самага аўтарытэтнага, дамінантнага члена сям’і, вызначыць эмацыянальныя сувязі паміж усімі членамі сям’і, выявіць найбольш нязначнага і адзінокага, а таксама дазваляе зрабіць уласную самаацэнку і прааналізаваць, якая яна (адэкватная, завышаная, заніжаная).
У некаторых бацькоў малюнкі па размяшчэнні членаў сям’і супадаюць, а ў некаторых сямейных пар яны зусім не падобныя. Гэта значыць, што бачанне сям’і ў мужа і ў жонкі патрабуе некаторай карэкціроўкі. Малюнкі даюць педагогам першасную і вельмі важную інфармацыю аб тым, што адбываецца ў сям’і. І гэтае практыкаванне — своеасаблівы ключ да вырашэння пытанняў, на якія ў сям’і пакуль не знайшлі адказаў.
“Вопыт стварэння валанцёрскіх атрадаў мы плануем распаўсюдзіць, каб і іншыя адукацыйныя ўстановы прыцягвалі бацькоў да актыўнага ўзаемадзеяння, — падкрэсліла загадчык сада. — Ужо ёсць першыя парасткі: нашы выпускнікі на базе школы № 1 Нясвіжа стварылі валанцёрскі атрад дзяцей і бацькоў. У межах інавацыйнага праекта таксама выдаюцца кансультацыйныя матэрыялы (“Аб сапраўдных татах і не вельмі…”, “Мой вялікі і добры тата”, “Рыхтуецеся стаць татам?” і інш.), якія распрацоўваюць спецыялісты сада. Яны распаўсюджваюцца сярод бацькаў. У гэтых брашурах узнімаецца шмат актуальных пытанняў: аб выхаванні ў няпоўнай сям’і, аб правілах паводзін у крызісных сітуацыях, аб тым, як трэба фарміраваць у дзіцяці вобраз таты (як працаваць над ім), як выхоўваць хлопчыкаў і дзяўчынак, якія першыя навукова-даследчыя эксперыменты і незвычайныя доследы дзіця можа праводзіць толькі з татам, і іншыя цікавыя тэмы”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара і з архіва ўстановы.