Трапіць вучыцца ў жлобінскую сярэднюю школу № 10 мараць многія юныя жыхары райцэнтра і іх бацькі, таму што рэйтынг гэтай установы застаецца нязменна высокім на працягу ўсяго яе існавання, а гэта амаль 35 гадоў.
Гісторыя навучальнай установы звязана з Беларускім металургічным заводам — гэта першая школа Заводскага мікрараёна, заняткі ў якой пачаліся ўвосень 1984 года, калі на прадпрыемстве былі запушчаны ў эксплуатацыю першыя магутнасці.
Сёння сярэдняя школа № 10 займае лідзіруючае пазіцыі ў раёне па асноўных крытэрыях якасці адукацыі: гэта вынікі выпускных экзаменаў, паступленне, алімпіядны рух, вынікі цэнтралізаванага тэсціравання. Другі год установа адукацыі знаходзіцца на інавацыйнай пляцоўцы “Укараненне мадэлі псіхолага-педагагічнага суправаджэння навучання, выхавання і развіцця навучэнцаў з высокім узроўнем вучэбнай матывацыі на I першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі”.
Маладая школа заўсёды была гатова да эксперыментаў і новаўвядзенняў. Працавалі па сістэме Л.Занкова і М.Зайцава, укаранялі “адэскі варыянт” і методыку работы В.Шаталава, у школе функцыянавалі профільныя класы, а таксама тэхнічныя класы, у якіх заняткі праводзілі не толькі настаўнікі, але і выкладчыкі вядучай тэхнічнай УВА краіны — Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Усё самае лепшае і перадавое педагогі збіралі ў метадычную скарбонку школы і выкарыстоўвалі ў працы. Сёння школа № 10 па-ранейшаму адкрыта для эксперыментаў, новых тэхналогій і інавацый, перш за ўсё таму, што тут працуе калектыў наватараў, майстроў педагагічнай працы з высокай тэарэтычнай і метадычнай падрыхтоўкай, настаўнікаў, якія пастаянна ўкараняюць у вучэбна-выхаваўчы працэс інавацыйныя тэхналогіі.
Прафесіяналізм педагогаў пацвярджаюць і веды вучняў. Настаўнік фізікі, член рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”, а з гэтага года дырэктар школы Алег Анатольевіч Купрацэвіч, настаўнік хіміі Ірына Аляксандраўна Карабан падрыхтавалі па два стабальнікі. Стабальныя сертыфікаты атрымалі навучэнцы настаўніка матэматыкі Алены Міхайлаўны Галушкінай, настаўнікаў гісторыі і грамадазнаўства Таццяны Паўлаўны Патапчык і Галіны Васільеўны Гунько. Ды і тое, што кожны год каля 80% выпускнікоў гэтай школы становяцца студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі краіны, таксама гаворыць пра ўзровень прафесіяналізму педагагічнага калектыву.
У школе № 10 арганізавана профільнае навучанне. На павышаным узроўні дзеці вывучаюць рускую і англійскую мовы, фізіку, матэматыку, хімію, біялогію. Запатрабаваныя ў школьнікаў і факультатыўныя заняткі. Усяго ў гэтым годзе факультатыўныя заняткі наведваюць 95% школьнікаў, большасць з якіх аддала перавагу прадметам прыродазнаўча-матэматычнага кірунку. І гэта ня дзіўна. Якраз па згаданых прадметах навучэнцы прыносяць перамогі ў конкурсах і алімпіядах. Так, за апошнія 5 гадоў у сярэдняй школе № 10 Жлобіна было 5 пераможцаў заключнага этапу рэспубліканскай алімпіяды. Высокія веды навучэнцы паказалі па фізіцы, матэматыцы, грамадазнаўстве.
Педагагічны калектыў школы накіраваны на творчую працу, знаходзіцца ў пастаянным пошуку эфектыўных метадаў, сродкаў і форм навучання — адсюль і дасягненні ўстановы. Спыняцца на тым, што ёсць, тут не збіраюцца, тым больш што магчымасці адукацыйнай сферы пастаянна пашыраюцца, заўсёды можна знайсці тое, што дазволіць прасунуць школу далей, падняцца на адну прыступку вышэй.
Наталля ЛУТЧАНКА
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.