Адкрытая для ўсіх завочка — гэта няправільна?!

- 16:50Рэспубліканскі педагагічны савет

Шэраг ініцыятыў па ўдасканаленні сістэмы вышэйшай адукацыі быў агучаны на рабочай сустрэчы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з намеснікам прэм’ер-міністра Васілём Жарко і міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам, а ў гэтыя дні пытанні ўдасканалення і развіцця беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі абмяркоўваюцца на Рэспубліканскім педагагічным савеце.

Адной з прапаноў з’яўляецца перспектыва навучання студэнтаў на завочнай форме толькі на платнай аснове, за выключэннем асобных катэгорый. У сувязі з гэтым мы пацікавіліся меркаваннем рэктараў беларускіх ВНУ і экспертаў па гэтай і некаторых іншых тэмах, прапанаваных для абмеркавання педагагічнай грамадскасцю.

Рэктар Акадэміі кіравання пры прэзідэнце Марат ЖЫЛІНСКІ:
— Лічу мэтазгодным зрабіць завочнае навучанне ў асноўным платным. Далей пакідаць яго такім жа шырокадаступным, захоўваючы завочнае бюджэтнае аддзяленне, — занадта затратна. Адкрытая для ўсіх завочка — гэта няправільна. Ёсць сэнс пакінуць бюджэтнае завочнае аддзяленне для асобных спецыяльнасцей, звязаных, напрыклад, з атамнай энергетыкай. На рабочай сустрэчы з прэзідэнтам абмяркоўвалася і новаўвядзенне, звязанае з тым, што выпускнікі школ змогуць паступаць на завочнае, маючы за плячамі хаця б год рабочага стажу. У Акадэміі кіравання ўжо з 2015 года не набіраюць на завочнае аддзяленне абітурыентаў, якія хочуць атрымліваць вышэйшую адукацыю на базе агульнай сярэдняй. Мы ўжо тады падлічылі, што, хутчэй за ўсё, завочка на базе агульнай сярэдняй будзе адыходзіць.

Рэктар Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава Аляксей ЯГОРАЎ:

— Пытанне неабходнасці змен па гэтай форме навучання наспела. Але змяняць падыходы да яго неабходна паступова і акуратна, без рэзкіх рыўкоў, каб не сапсаваць тое добрае, што цяпер працуе. Ключавая ўвага павінна быць удзелена якасці адукацыі. Сёння ўзровень вочнай і завочнай адукацыі не адпавядае адзін аднаму. Шмат у чым такая сітуацыя абумоўлена тым, што арганізаваць высокаэфектыўны вучэбны працэс на завочнай форме навучання больш складана і затратна, чым на дзённай. Ён патрабуе спецыяльнай падрыхтоўкі педагогаў, распрацоўкі і выдання асобных вучэбных дапаможнікаў, праграм, добрага тэхнічнага забеспячэння ў выпадку работы па дыстанцыйнай форме. Усе мы ведаем, што таннае ў большасці выпадкаў якасным быць не можа і бясплатнага ўжо нічога няма. На дзённай форме навучання расходы за студэнта нясе дзяржава, на платнай завочнай — сам малады чалавек, яго бацькі або арганізацыя, якая яго накіравала. А вучыцца добра трэба і на дзённай форме навучання, і на завочнай.

Рэктар Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П.В.Сухога Сяргей ЦІМОШЫН:

— У цэлым я станоўча стаўлюся да таго, каб завочнае навучанне ў Беларусі ў асноўным стала платным. Гэтая форма існуе даўно, і яе трэба пашыраць далей. Тым не менш пэўная невялікая колькасць бясплатных месцаў павінна застацца. Для самых дастойных. Для тых людзей, якія матываваны, працуюць па роднаснай або блізкай спецыяльнасці, скончылі каледж па сумежнай прафесіі і хочуць атрымаць вышэйшую адукацыю. Існуючую практыку бесперапыннага навучання ў краіне трэба развіваць і далей. А платнае навучанне на завочнай форме можа стаць пэўным фільтрам. Інакш кажучы, вучыцца будуць менавіта тыя працуючыя людзі, якія маюць намер павысіць узровень адукацыі, хочуць кар’ернага росту.

Рэктар Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта Канстанцін ШАБЕКА:

— Я за тое, каб невялікую колькасць месцаў для атрымання бясплатнага завочнага навучання ўсё ж такі пакінуць. Бываюць розныя жыццёвыя сітуацыі. У некага абставіны склаліся так, што неабходна перавесціся з дзённага на завочнае. Ёсць людзі, якія скончылі, напрыклад, сярэднюю спецыяльную або прафесійна-тэхнічную ўстанову. У іх паспяхова складваецца кар’ера, ім трэба расці, павышаць кваліфікацыю. А ім кажуць: “Плаціце”. Чаму? Яны ж карысныя члены грамадства, працуюць, плацяць падаткі, ствараюць штосьці. Чаму не падтрымаць такіх людзей, якія маюць практычны вопыт? Бываюць і проста самародкі. Гэта рэдка, але нельга ім перакрываць кісларод. Калі завочнае навучанне зрабіць толькі платным, мы звузім магчымасці для гэтых людзей. Думаю, не толькі прадпрыемства павінна быць заклапочана падтрымкай такіх работнікаў, але і дзяржава. Гэта ж чалавечы капітал.

Акрамя таго, сучасныя формы адукацыі павінны быць выключна гібкія і ісці ад жыцця, патрабаванняў часу. Я згодны, што завочнае навучанне шмат у чым ператварылася ў прафанацыю. Але, адмовіўшыся поўнасцю ад бясплатнай завочнай адукацыі, як бы нам, як казалі класікі, разам з бруднай вадой не выплюхнуць дзіця. Я не прыхільнік нейкіх крайніх мер. Яны нібыта вырашаюць адну праблему, але ў той жа час ствараюць іншую. Існуюць нейкія больш спакойныя, нерадыкальныя рашэнні, якія больш адаптаваны да жыцця. Напрыклад, пакінуць у ВНУ адну невялікую групу завочнікаў-бюджэтнікаў. Гэтых месцаў і цяпер, у прынцыпе, няшмат. Калі 11 гадоў назад ствараўся Палескі дзяржаўны ўніверсітэт, тры чвэрці нашага кагтынгенту былі завочнікамі і адна чвэрць — студэнтамі дзённай формы навучання. Цяпер усё наадварот: пры той жа колькасці ўжо тры чвэрці студэнтаў вучацца на дзённым і адна чвэрць — на завочным. Паступова мы пазбавіліся тых людзей, якія ішлі ва ўніверсітэт дзеля таго, каб атрымаць толькі пасведчанне аб вышэйшай адукацыі, і былі мала заклапочаны набыццём прафесійных ведаў. Такіх ужо сярод нашых студэнтаў няма.

Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Ігар МАРЗАЛЮК:

— Бясплатным завочнае навучанне можа быць толькі для тых, хто хоча павышаць сваю кваліфікацыю па выбранай прафесіі. Інакш кажучы, калі чалавек вырашыў атрымліваць вышэйшую адукацыю пасля таго, як скончыў, напрыклад, каледж, прыйшоў на вытворчасць, папрацаваў і вырашыў расці ў прафесійным плане далей. Усе астатнія могуць вучыцца на завочным за грошы. Пры гэтым, лічу, кошт павінен быць рэальным, па поўным, што называецца, прэйскуранце. У Беларусі ж, і аб гэтым часта забываюць, няма платнай адукацыі ў чыстым выглядзе, калі гаварыць пра дзяржаўныя ВНУ. Як дзённае, так і завочнае платнае не пакрывае ўсіх расходаў універсітэта, якія ён нясе падчас падрыхтоўкі студэнта. Я не прыхільнік завочнай адукацыі па спецыяльнасцях, не звязаных з асноўнай прафесіяй. Калі параўноўваць дзённае і завочнае аддзяленні па сістэме падрыхтоўкі, то завочка — для самых адказных, добрасумленных і матываваных студэнтаў, якімі і будуць тыя, хто прайшоў ССНУ, мае стаж работы. У астатніх выпадках гэта бывае далёка не заўсёды. Прапанаваныя новаўвядзенні ў пэўнай ступені павінны садзейнічаць павышэнню прэстыжу і якасці вышэйшай адукацыі.

Па матэрыялах БелТА.