Адукацыя будучыні — дапоўненая рэальнасць і воблачныя тэхналогіі

- 14:45Рэспубліканскі педагагічны савет

“Доступ да інфармацыі за апошнія паўтара дзясятка гадоў змяніўся прынцыпова. Для таго каб мець актуальную інфармацыю і валодаць сучаснымі напрацоўкамі, зараз не трэба ісці ў бібліятэку. Распрацоўкі ў сферы штучнага інтэлекту, дапоўненай рэальнасці, смарт-дадаткаў ставяць перад намі сур’ёзныя задачы з пункту гледжання арганізацыі адукацыйнага працэсу”, — сказаў першы намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Вадзім Богуш, адкрываючы секцыю, прысвечаную лічбавай трансфармацыі сістэмы адукацыі.

Выступоўцы і госці секцыі абмеркавалі шырокае кола пытанняў: закранулі праблемы ўкаранення электроннай адукацыі ў нашай краіне, абмеркавалі напрамкі развіцця адукацыі будучыні і прадэманстравалі прысутным устройства дапоўненай рэальнасці, якое прапануецца выкарыстоўваць падчас навучання, разгледзелі перспектывы выкарыстання воблачных тэхналогій у адукацыйнай галіне, а таксама акрэслілі асноўныя задачы развіцця лічбавай трансфармацыі ў адукацыі: прыцягненне вучняў у вучэбны працэс і пашырэнне магчымасцей педагогаў. Апошняе становіцца магчымым за кошт прымянення новых інструментаў, пры дапамозе якіх настаўнікам лягчэй рыхтавацца да правядзення ўрока, прасцей атрымліваць доступ да неабходнай інфармацыі, у патрэбны момант звяртаць увагу на паспяховасць вучняў і эфектыўна ліквідаваць прабелы. Гэтыя моманты цесна пераклікаюцца з аптымізацыяй работы ўстаноў адукацыі і трансфармацыяй вучэбнага працэсу.

Уладзімір Анатольевіч ЖУК, настаўнік інфарматыкі сярэдняй школы № 11 Слуцка:

— Прыемна ўсведамляць, што беларуская адукацыя так актыўна змяняецца ў бок інфарматызацыі. Як настаўнік інфарматыкі адзначу, што з’яўленне воблачных сервераў, пра якія шмат гаварылася на секцыі, — вельмі своечасовая з’ява. Маштабы такіх змен не змогуць не паўплываць станоўча на работу навучальных устаноў: не патрэбны будуць вузкія спецыялісты, якія абслугоўвалі б тэхнічнае абсталяванне — займаліся настройкай школьных сервераў, устаноўкай праграмнага забеспячэння і г.д. Не будзе патрэбы і ў набыцці магутных сервераў — у выніку на тэхнічным абсталяванні школ можна будзе значна сэканоміць, пры гэтым не згубіўшы якасці. Спадзяюся, дзякуючы ўкараненню воблачных тэхналогій, педагогі краіны атрымаюць неабмежаваныя магчымасці ўзаемадзеяння і паміж сабой, і са сваімі вучнямі.

Генеральны дырэктар кампаніі “Майкрасофт Софтвер Бел” Антон Мякішаў прадэманстраваў, якія новыя тэхналогіі дазволяць павысіць зацікаўленасць вучняў педагагічным працэсам. Сярод іншых згадваліся распрацоўкі, звязаныя з выкарыстаннем нейронных сетак, якія дазваляюць індывідуальна ацаніць магчымасці таго ці іншага навучэнца і нават падабраць для яго індывідуальную траекторыю навучання, каб падцягнуць пэўныя ўменні і навыкі. Таксама Антон Мякішаў расказаў пра стварэнне і прадэманстраваў выкарыстанне ў вучэбным працэсе 3D-мадэлей і ўжыванне сістэмы змяшанай рэальнасці.

“Сёння практычна кожная навучальная ўстанова, выкарыстоўваючы сучасныя магчымасці аперацыйнай сістэмы Windows 10, можа ўнесці элементы трохмернага мадэлявання ў адукацыйны працэс. Гэта магчыма дзякуючы выкарыстанню графічнага рэдактара Paint 3D, у якім мадэлі ствараюцца, і ўжыванню сучасных версій PowerPoint, дзе мадэлі можна аніміраваць і наглядна прадстаўляць вучням. Але 3D-мадэлі — толькі першы крок, які набліжае вучня да ўспрымання рэальнага свету. Наступны крок — ужыванне сістэм змяшанай рэальнасці. Тэхналогія дапоўненай рэальнасці дазваляе ў адукацыйным працэсе змяшаць віртуальны свет і фізічны і дапаўняць фізічны свет новымі віртуальнымі элементамі. Акуляры дапоўненай рэальнасці могуць выкарыстоўвацца пры вывучэнні розных школьных прадметаў і тэм — напрыклад, пры вывучэнні перыядычнай табліцы Мендзялеева ў хіміі, разнастайных фізічных працэсаў, навучанні ігры на музычных інструментах і г.д.”, — расказаў генеральны дырэктар кампаніі “Майкрасофт Софтвер Бел” Антон Мякішаў.

Па ацэнках спецыялістаў, ужыванне найноўшых тэхналогій — дапоўненай і віртуальнай рэальнасці, штучнага інтэлекту, нейронных сетак — можа кардынальна змяніць уцягненне ў адукацыйны працэс як педагога, які з лёгкасцю зможа прыдумляць новыя формы ўрокаў, так і навучэнцаў.

Людміла Мікалаеўна ЛАПІНОК, кіраўнік абласнога рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій “Бярэзіна”, намеснік дырэктара ясляў-сада — сярэдняй школы № 24 Барысава:

— Вельмі рада, што трапіла на Рэспубліканскі педсавет: заўсёды больш надзейна з першых вуснаў пачуць, што чакае адукацыю ў найбліжэйшай будучыні. Ад новага навучальнага года заўсёды чакаеш тых змен, якія дапамогуць нам, педагогам, лепш працаваць, а вучню быць больш паспяховым у гэтым зменлівым свеце. У наш час, калі веды абнаўляюцца літаральна кожную секунду, патрэбна навучыць дзіця рэагаваць на гэтыя змены. Кампетэнтнасны падыход, пра які сёння шмат гаварылася, вельмі своечасовы і патрэбны. Нас пазнаёмілі з найноўшымі распрацоўкамі, якія ёсць у сферы інфарматызацыі. Улічваючы, як хутка яна змяняецца, становіцца зразумела, што і акуляры дапоўненай рэальнасці, і распрацоўкі ў галіне штучнага інтэлекту — гэта не казка, а тая рэчаіснасць, якая праз некалькі гадоў прыйдзе ў нашы школы. Першыя крокі да адукацыі будучыні кожнай навучальнай установе трэба рабіць ужо зараз. Напрыклад, складаць своеасаблівыя “дарожныя карты” — якія праекты рэалізоўваць, у якім кірунку рухацца і г.д. У Мінскай вобласці створана 6 рэсурсных цэнтраў інфармацыйных тэхналогій, дзе аб’яднаны настаўнікі розных прадметаў. Асноўнай формай нашай работы заўсёды былі вэбінары. Але, як мы бачым сёння, інфарматызацыя дае нам больш шырокія магчымасці для сеткавага ўзаемадзеяння. Калі раней мы ішлі па шляху пераймання вопыту работы тых раёнаў, куды ўваходзіць наш рэсурсны цэнтр, то зараз стала зразумела, што раённага вопыту ўжо недастаткова. Хацелася б павялічыць маштабы да рэспубліканскага ўзаемадзеяння. Я ўжо ўяўляю, колькі разнастайных праектаў мы можам рэалізаваць!

Але, гаворачы пра інфарматызацыю і лічбавую трансфармацыю, якая чакае нашых педагогаў і вучняў, не магу не нагадаць галоўнае: не трэба забываць, што адукацыйны працэс павінен суправаджацца не толькі тэхнічнымі набыткамі, але і духоўна-маральным выхаваннем. На першае месца павінна выходзіць не тэхніка, а вучань з яго патрэбамі і каштоўнасцямі.

Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Галоўнага інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Дзмітрый Качан падзяліўся вопытам укаранення і эксплуатацыі сучасных сістэм ідэнтыфікацыі для абмежавання доступу ва ўстановы адукацыі асоб, якія не з’яўляюцца ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу. А генеральны дырэктар кампаніі “Беларускія воблачныя тэхналогіі” (beСloud) Сяргей Паблагуеў закрануў тэму воблачных тэхналогій у Беларусі.

Падчас пасяджэння секцыі прайшла прэс-канферэнцыя, дзе быў анансаваны пераход партала Міністэрства адукацыі на рэспубліканскую воблачную платформу кампаніі beCloud. Вопыт пабудовы “адукацыйнага воблака” ёсць у многіх краінах свету. Беларускія спецыялісты прыйшлі да высновы, што прымяненне воблачных тэхналогій у адукацыі мае значныя перспектывы як мінімум да 2030 года.

“Міністэрства адукацыі стала першым міністэрствам у Беларусі, якое размясціла свае інфармацыйныя рэсурсы, уключаючы партал, на рэспубліканскай воблачнай платформе. Гэта дазволіць аптымізаваць выдаткі на ўтрыманне інфармацыйнай інфраструктуры і, галоўнае, забяспечыць карыстальнікам зручны сеткавы доступ да электронных сэрвісаў, паслуг і інфармацыйных рэсурсаў Міністэрства адукацыі. На сённяшні дзень лічбавая трансфармацыя адукацыі з’яўляецца адным з прыярытэтных напрамкаў дзейнасці міністэрства”, — адзначыў першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш.

Калі раней Міністэрства адукацыі было вымушана разгортваць інфраструктуру на сваіх серверах, то зараз у арганізацыі з’явілася магчымасць захоўваць уласныя рэсурсы і рэзервовыя копіі на аддаленай пляцоўцы. Генеральны дырэктар beCloud Сяргей Паблагуеў растлумачыў, што выкарыстанне воблачных тэхналогій дазволіць Міністэрству адукацыі знізіць выдаткі, паколькі яму ўжо не трэба будзе займацца вырашэннем пытанняў, якія патрабуюць высокай IT-кампетэнцыі.

Шмат карыснага плануецца ўвесці на сайце на працягу гэтага і пачатку наступнага года. Супрацоўніцтва beCloud і Міністэрства адукацыі прадугледжвае стварэнне глабальнага рэспубліканскага інфармацыйна-адукацыйнага асяроддзя — высокапрадукцыйных лічбавых рашэнняў і воблачных сэрвісаў, цікавых і патрэбных не толькі педагогам, але і вучням.

“Лічбавая трансфармацыя ўсіх сфер грамадскага жыцця стала асноўным трэндам апошніх гадоў. Падобныя змены не абыходзяць бокам і сферу адукацыі. Міністэрства адукацыі ў партнёрстве з кампаніямі beCloud і Huawei актыўна працуе над стварэннем лічбавых ініцыятыў, якія тычацца развіцця вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў, зручнасці ўзаемадзеяння педагогаў, вучняў і іх бацькоў”, — рэзюмаваў дырэктар Галоўнага інфармацыйнага-аналітычнага цэнтра Міністэрства адукацыі Павел Ліс.

На мерапрыемстве закранулі і пытанне ўкаранення электронных класных журналаў і дзённікаў у рамках праекта “Электронная школа”.

“Папулярнасць электронных дзённікаў у Беларусі расце. Ёсць прыклады школ, якія цалкам перайшлі на электронныя сродкі. У іншых іх выкарыстоўваюць толькі ў некаторых класах. Па апошніх звестках, на спецыяльных анлайн-сэрвісах зарэгістравана больш за 2 тысячы школ (усяго іх каля 3,2 тысячы). Па даных на май гэтага года, было прыкладна 95 тысяч унікальных наведванняў электронных дзённікаў у суткі. Для параўнання: у маі 2016 года гэтая лічба была на ўзроўні 32 тысяч”, — адзначыў Павел Ліс.

Першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш звярнуў увагу прысутных, што Міністэрства адукацыі ніяк не ўплывае на сітуацыю з укараненнем электронных дзённікаў. Гэтае пытанне вырашаюць выключна адміністрацыі школ і бацькі.

Пасля афіцыйнай часткі наведвальнікаў чакала экскурсія па школе, дзе праходзіла пасяджэнне секцыі. Трэба адзначыць, што месца сустрэчы педагагічнай грамадскасці было абрана невыпадкова: сталічная сярэдняя школа № 51 з дня свайго адкрыцця працуе па праграме “Электронная школа”. За чатыры гады ва ўстанове створана сучаснае адукацыйнае асяроддзе, якое дазваляе педагогам і вучням выкарыстоўваць электронныя дапаможнікі, інтэрактыўныя мультымедыйныя схемы і ілюстрацыі, анімацыйныя мадэлі і інш. Настаўнікі і вучні вядуць электронныя дзённікі і журналы. Працуе таксама сістэма электроннага кантролю наведванняў і многае іншае.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара.