Гарант якаснага навучання — педагог

- 11:49Рэспубліканскі педагагічны савет

Сярод выступоўцаў пленарнага пасяджэння Рэспубліканскага педагагічнага савета былі прадстаўнікі агульнай сярэдняй і вышэйшай школы.

Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 1 Лагойска, настаўнік-метадыст Зоя Вінаградава акрэсліла праблемы сучаснай адукацыі. Найперш Зоя Яўгенаўна канстатавала, што з’явілася маладое пакаленне, якое вырасла ў свеце бязмежнай інфармацыі, з новымі адукацыйнымі патрэбамі і запытамі. Цяперашняя моладзь гатова вучыцца па-іншаму. “Але што мы можам прапанаваць ім? — задалася пытаннем настаўніца. — Давайце выбудуем лагічны рад з наступных слоў: настаўнік, вучань, вучэбная праграма, падручнік. Цалкам верагодна, што ён будзе выглядаць так: настаўнік — вучэбная праграма — падручнік — вучань. Зразумела, у гэтым ёсць логіка: ёсць настаўнік, які павінен выканаць вучэбную праграму, ёсць вучань, які павінен яе асвоіць.

Гэта крыху спрошчаны погляд на праблему. Але давайце паглядзім, што зменіцца, калі памяняць элементы месцамі. Выбудаваны намі лагічны рад можа выглядаць і так: вучэбная праграма — падручнік — настаўнік — вучань. Вучэбная праграма, у якой настаўнік будзе бачыць не толькі, ШТО павінна быць вывучана, але і ДЛЯ ЧАГО гэта трэба зрабіць. Праграмы, у якіх будзе адведзена месца на вывучэнне важнага, вырашальнага. Праграмы, якія не “праходзяць”, а дапамагаюць сканструяваць вопыт уласнай вучэбнай дзейнасці навучэнца”.

Змест вучэбнай праграмы рэалізоўваецца ў падручніку. Нацыянальнаму падручніку ўжо больш за 20 гадоў. І калі першыя падручнікі нярэдка былі вялікімі па аб’ёме, складанымі для ўспрымання, не мелі ілюстрацый і карт, то вучэбныя дапаможнікі новага пакалення прыметна змяніліся ў лепшы бок. Яны сталі больш якаснымі ў метадычным плане, з сістэмай пытанняў і заданняў, якія дазваляюць арганізаваць на адпаведным узроўні дзейнасць вучняў па засваенні вучэбнага матэрыялу, улічваюць розныя адукацыйныя магчымасці і запыты дзяцей.

“Удасканальванне зместу адукацыі — працэс пастаянны. У жыццё ўступае новае пакаленне, якое па-іншаму думае, па-іншаму ўспрымае інфармацыю, таму і падручнікі мяняюцца: прыярытэт за кароткімі, добра структураванымі тэкстамі з інфаграфікай, ілюстрацыйным матэрыялам, дадатковым навучальным тэкстам. На сёння змяніліся падручнікі па матэматыцы для 5 класа, алгебры, геаметрыі, фізіцы для 7 класа, дзе ў склад аўтарскіх калектываў увайшлі школьныя настаўнікі. Іх працу складана пераацаніць, як і важнасць экспертызы дзеючых падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў”, — працягвала Зоя Яўгенаўна.

Далей яна звярнула ўвагу на самае важнае: і з вучэбнай праграмай, і з падручнікам працуе настаўнік. Менавіта ад яго прафесіяналізму залежыць, наколькі даступна, цікава і зразумела ён зможа растлумачыць самую складаную тэму. “Сёння важна навучыць дзіця працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі. І калі на кожным уроку вучань будзе асвойваць прыёмы пошуку і працы з інфармацыяй, прыёмы яе апрацоўкі, аналізу, то выпускацца са школы будзе не чалавек-камп’ютар, які трымае ў галаве ўсе факты, лічбы, правілы, а чалавек мабільны, гнуткі, грамадзянін сваёй краіны.

Якія веды неабходны нашым педагогам? Найперш па псіхалогіі. Патрэбны ўменні арганізоўваць работу ў камандзе, веды па арганізацыі работы вучняў, мэтазгоднасці выкарыстання тых ці іншых адукацыйных тэхналогій з пункту гледжання іх уплыву на здароўе навучэнцаў. Напэўна, гэта задача для педагагічных ВНУ і сістэмы павышэння кваліфікацыі. Пры распрацоўцы новых падручнікаў выкарыстоўваюцца сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, з’явіліся падручнікі з інтэрактыўнымі магчымасцямі. Аднак у гэтым пытанні вучні нас ужо абышлі, таму ў сістэме павышэння кваліфікацыі трэба ўдзяліць сур’ёзную ўвагу інфармацыйна-камунікацыйнай дасведчанасці настаўнікаў.

Мы з калегамі абмяркоўвалі прапановы аб зменах у сістэме агульнай сярэдняй адукацыі і, безумоўна, падтрымліваем ідэю ўвядзення абавязковай агульнай сярэдняй адукацыі. Гэта, без сумнення, падыме міжнародны статус рэспублікі, дасць больш магчымасцей для паспяховай рэалізацыі маладых людзей у жыцці. У дакладзе міністра адукацыі прагучала прапанова аб змене выніковай атэстацыі навучэнцаў 9-х і 11-х класаў. У цэлым гэта добрая і своечасовая ідэя, трэба толькі старанна і не спяшаючыся адпрацаваць і механізм правядзення незалежнай атэстацыі і комплекснага тэста, і змест экзаменацыйных матэрыялаў”, — лічыць З.Я.Вінаградава.

***

Пра новыя падыходы ў стварэнні эфектыўнай сістэмы выхавання навучэнцаў гаварыла дырэктар гімназіі № 1 Астраўца Алена Савасцьян. Абапіраючыся на традыцыі, вопыт свайго рэгіёна, у навучальнай установе вызначылі падыходы да выхавання падрастаючага пакалення.

“З пачаткам будаўніцтва першай Беларускай атамнай электрастанцыі наш горад атрымаў унікальную магчымасць паказаць, што гісторыя робіцца сёння рукамі людзей, якія жывуць побач. Гэта велізарны патэнцыял у выхаванні нашых дзяцей і моладзі, калі кожны можа мець дачыненне да сучаснай гісторыі. Першым крокам стала стварэнне віртуальнага музея “Астравец — старажытны і новы”. Яго на сайце нашай установы можа наведаць кожны жадаючы. Ва ўмовах інавацыйнага развіцця эканомікі мы прыйшлі да пераасэнсавання значнасці працоўнага і эканамічнага выхавання дзяцей і падлеткаў. Адкрыты профільны эканамічны 10 клас з вывучэннем матэматыкі і замежнай мовы на павышаным узроўні, уведзены ў практыку школьны факультатыў “Асновы эканамічных ведаў”, рэалізоўваецца праграма школьнай бізнес-кампаніі па вырабе кандытарскіх вырабаў.

Новы імпульс праца атрымала пасля таго, калі ўстановы прафесійнай адукацыі былі сарыентаваны на ажыццяўленне больш змястоўнай прафарыентацыі. І тут спатрэбіўся вопыт нашага 5-гадовага эксперымента па тэме “Выкарыстанне сістэмы прафесійных спроб пры падрыхтоўцы навучэнцаў да выбару прафесіі”. Гэта дало магчымасць на базе гімназіі стварыць абласны рэсурсны цэнтр і актыўна распаўсюджваць вопыт сярод устаноў адукацыі рэгіёна. Важна, што праект напоўніў новым зместам работу ў шосты школьны дзень.У Гродзенскай вобласці педагогі добра разумеюць, як важна школьнікам не толькі ведаць гісторыю сваёй краіны, але і бачыць на свае вочы яе адметнасці, прыгажосць прыроды, дасягненні сучаснай Беларусі — тады з’явіцца і гонар за сваю малую радзіму і за Беларусь. Адсюль нарадзілася ідэя, што кожны школьнік павінен абавязкова наведаць не менш за 4 гістарычныя месцы на працягу года. Сёння яна паспяхова ператвараецца ў жыццё”, — расказала Алена Чаславаўна.

Для забеспячэння інфармацыйнай бяспекі дзяцей педагогамі Гродзеншчыны ўжо тры гады рэалізоўваецца рэспубліканскі інавацыйны праект “Класны кіраўнік у сацыяльнай сетцы”. Класны кіраўнік з’яўляецца ключавой фігурай у стварэнні эфектыўнай сістэмы выхавання, менавіта ён праваднік педагагічных ідэй у сям’ю. Разам з тым не заўсёды дастаткова толькі педагагічнага патэнцыялу, таму актуальным з’яўляецца ўзмацненне міжведамаснага ўзаемадзеяння па гэтым напрамку.

“Варта звярнуць больш пільную ўвагу праваахоўных органаў на стваральнікаў інфармацыйных рэсурсаў, якія нясуць дэструктыўны кантэнт. На жаль, пакуль не ўдалося дабіцца, каб усе педагогі аднолькава якасна і эфектыўна вырашалі задачы выхавання. Сёння для нас відавочна, што неабходна ўзмацненне выхаваўчай функцыі настаўнікамі-прадметнікамі. Хачу выказаць просьбу кіраўнікоў школ пра неабходнасць фарміравання ў студэнтаў педагагічных ВНУ пазіцыі выхавальніка, унутранай псіхалагічнай устаноўкі на вырашэнне выхаваўчых задач. А сучасная школа як цэнтр выхаваўчай работы здольна паспяхова вырашаць задачы па выхаванні годнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь”, — адзначыла дырэктар гімназіі.

***

Рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Андрэй Кароль выступіў з тэмай “Універсітэт як цэнтр устойлівага развіцця рэгіёна”. Універсітэт у рэгіёне — гэта своеасаблівы фарпост краіны на яе межах. У апошнія гады ў суседніх з намі замежных універсітэтах мэтанакіравана адкрываюцца праграмы бясплатнага навучання на рускай мове. У сувязі з гэтым ВНУ, размешчаныя ў рэгіёнах Беларусі, павінны прадухіліць пагрозу адтоку таленавітай моладзі з краіны і стварыць умовы для рэалізацыі кожнага маладога грамадзяніна на радзіме.

Андрэй Дзмітрыевіч падзяліўся ўніверсітэцкімі дасягненнямі, а таксама выказаў прапановы, накіраваныя на павышэнне якасці вышэйшай адукацыі:

“У Рэспубліцы Беларусь створана сістэма практыка-арыентаванага навучання, якая забяспечвае выкананне патрабаванняў арганізацый — заказчыкаў кадраў да якасці падрыхтоўкі спецыялістаў. Напрыклад, у нашым універсітэце паспяхова функцыянуюць каардынацыйныя саветы па падрыхтоўцы кадраў, працу якіх курыруюць намеснікі старшыні аблвыканкама і прарэктары ўніверсітэта. Але ў сучасных зменлівых умовах універсітэты павінны не столькі выконваць знешнія заказы, колькі самастойна фарміраваць пакет такіх замоў, зыходзячы з вынікаў сваёй даследчай дзейнасці, і стымуляваць тым самым рэальны сектар эканомікі да апераджальнага развіцця. У гэтым сутнасць канцэпцыі “Універсітэт 3.0”.

Мы адкрылі ўніверсітэцкі навукова-тэхналагічны парк і ставім задачу развіваць яго дзейнасць не толькі па распрацоўцы і вытворчасці навукаёмістай прадукцыі, але і па прадастаўленні паслуг, заснаваных на распрацоўках нашых даследчыкаў у сферы гуманітарных навук. І першая практыка паказвае, што гэта магчыма. На базе ўніверсітэцкага навукова-тэхналагічнага парка мы створым не толькі практыка-арыентаванае асяроддзе, але і ўмовы для рэалізацыі студэнцкіх навуковых і інавацыйных праектаў.

У вырашэнні задач устойлівага развіцця рэгіёна ва ўсіх яго сферах пазітыўную ролю адыгрываюць выпускнікі магістратуры. У гэтай сувязі даўно наспела неабходнасць унясення змен у Адзіны кваліфікацыйны даведнік пасад служачых. Напрыклад, толькі педагогі, якія маюць ступень магістра, павінны выкладаць у профільных класах, займаць кіраўніцкія пасады.

Робячы акцэнт на якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, а не на колькасці, падтрымліваем меркаванне, што вышэйшая адукацыя ў завочнай форме навучання на аснове агульнай сярэдняй не можа быць масавай. А з другога боку, выпускнікі каледжаў павінны захаваць магчымасць атрымліваць вышэйшую адукацыю без адрыву ад вытворчасці. Пры гэтым варта адзначыць, што ў шэрагу выпадкаў назвы спецыяльнасцей і кваліфікацый сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі дубліруюцца. Напрыклад, настаўнік пачатковых класаў можа мець і сярэднюю спецыяльную, і вышэйшую адукацыю. Прапаноўваем у новай версіі Агульнарэспубліканскага класіфікатара “Спецыяльнасці і кваліфікацыі” такое дубліраванне ліквідаваць.

Якія б структурныя змены мы ні рабілі, усё роўна галоўным гарантам забеспячэння якасці адукацыі з’яўляецца педагог: яго ўменне “запаліць” вучня, дапамагчы навучэнцу любой ступені адукацыі выявіць, раскрыць і рэалізаваць свой патэнцыял. Для гэтага мы распрацоўваем і ўкараняем у вучэбны працэс сучасныя тэхналогіі навучання, арыентаваныя на развіццё пазнавальных, крэатыўных, рэфлексіўных якасцей асобы студэнтаў, паслядоўна рэалізоўваем праграму ўдасканалення педагагічнага майстэрства як для выкладчыкаў універсітэта, так і школьных настаўнікаў праз правядзенне семінараў з агульнай назвай “Як вучыць усіх па-рознаму, але аднолькава”. Яны грунтуюцца не столькі на слуханні, колькі на практыцы, дзе кожны ўдзельнік семінара, зыходзячы з адукацыйных мэт, распрацоўвае ўласны прадукт, напрыклад, праект заняткаў, камплект адкрытых заданняў і г.д.

Зразумела таксама, што якасць падрыхтоўкі спецыялістаў істотна залежыць і ад узроўню падрыхтоўкі і матывацыі абітурыентаў. Лічым, што сістэма цэнтралізаванага тэсціравання значна павысіла аб’ектыўнасць і празрыстасць конкурснага адбору абітурыентаў, але і неабходнасць павышэння якасці тэставых заданняў сёння таксама актуальная”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.