Адкрываючы новую старонку

- 17:37Планёрка ў рэгіёне, Суразмоўца, Суразмоўца

Поўным ходам вядзецца падрыхтоўка ўстаноў адукацыі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці да новага навучальнага года. Пра гэта расказала начальнік аддзела  па адукацыі  Алена САКОВІЧ.

—Падчас падрыхтоўкі да 2022/2023 навучальнага года вялікая ўвага ўдзяляецца пытанням камфортнага і бяспечнага знаходжання навучэнцаў ва ўстановах адукацыі, умацаванню і развіццю матэрыяльна-тэхнічнай базы, а таксама добраўпарадкаванню прылеглай тэрыторыі, стадыёнаў і спартыўных пляцовак. 

Значная частка фінансавых сродкаў (100 тысяч рублёў) будзе накіравана на рамонт харчаблокаў устаноў адукацыі. Плануюцца рамонт абедзеннай залы з заменай мэблі ў сярэдняй школе № 3 Бярозы і рамонт харчаблока з заменай мэблі ў абедзеннай зале ў Стрыгінскай сярэдняй школе.

Працягнецца работа па стварэнні элементаў безбар’ернага асяроддзя. Яно часткова даступнае ва ўсіх установах адукацыі. У жніўні ў яслях-садзе № 4 Белаазёрска плануецца завяршыць работы па стварэнні безбар’ернага асяроддзя з улікам комплекснага падыходу. У сярэдняй школе № 1 Бярозы імя В.Х.Галаўко і сярэдняй школе в.Здзітава неабходна абсталяваць санвузлы і ўсталяваць поручні для дзяцей з парушэннем апорна-рухальнага апарату.

З мэтай выканання дзяржаўных сацыяльных стандартаў на асаблівым кантролі знаходзіцца пытанне забяспечанасці камп’ютарамі з разліку 1 камп’ютар на 10 навучэнцаў або 2 камп’ютарныя класы на школу. Да 1 верасня будзе закуплена 5 камп’ютарных класаў для сярэдняй школы № 3 Бярозы, гімназіі Белаазёрска, Здзітаўскай, Міжлескай, Кабакоўскай сярэдніх школ.

Значная ўвага ўдзяляецца выкананню мэтавых паказчыкаў Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка”. Ужо сёлета ў верасні кабінеты фізікі Стрыгінскай сярэдняй школы і Нарутовіцкай базавай школы папоўняцца сучасным вучэбным абсталяваннем і сродкамі навучання. Таксама за кошт раённага бюджэту будуць закуплены сучасныя сродкі навучання для ўстаноў дашкольнай адукацыі.

Да новага навучальнага года плануецца закупка школьнага аўтобуса для Міжлескай сярэдняй школы.

— Алена Міхайлаўна, як адпачываюць школьнікі Бярозаўшчыны на летніх канікулах?

— Падрыхтоўка да летняй ­аздараўленчай кампаніі вялася намі на працягу ўсяго навучальнага года. Вялікая ўвага ўдзялялася стварэнню ўмоў для бяспечнага знаходжання дзяцей, падбору кадраў.

Усяго ў раёне арганізавана работа 45 лагераў рознай накіраванасці з ахопам 2791 школьніка. Запланавана работа 28 лагераў з дзённым знаходжаннем, у якіх у першую змену ўжо аздаравіліся 1198 навучэнцаў. Вывучэнне сітуацыі на месцах паказала, што попыт на паслугі лагераў з дзённым знаходжаннем асабліва актуальны для аздараўлення дзяцей малодшага школьнага ўзросту.

Арганізаваны 6 лагераў з кругласутачным знаходжаннем, у якіх плануецца аздаравіць 850 дзяцей. На базе стацыянарнага дзіцячага аздараўленчага лагера “Бярозка” будуць праведзены 4 змены. Вялікай папулярнасцю ў бацькоў і школьнікаў карыстаецца лагер на базе Малецкай санаторнай школы-інтэрната — аздараўленне там прайшлі 172 дзіцяці, 70 з якіх — дзеці педагагічных работнікаў Брэсцкай вобласці. Таксама на працягу летняга перыяду арганізавана работа ў тры змены 3 лагераў з дзённым знаходжаннем на базе спартыўных дзіцячых школ з ахопам 511 навучэнцаў.

Па выніках 2021 года на раённую Дошку гонару занесены Здзітаўская сярэдняя школа і Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, а таксама два прадстаўнікі працоўных калектываў: намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 3 Бярозы Наталля Маслоўская і старшыня раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Святлана Фамюк. Упершыню на раённую Дошку гонару занесена навучэнка — вучаніца 10 класа сярэдняй школы № 2 Бярозы Настасся Мастыка. Яна з’яўляецца актыўнай удзельніцай і пераможцай праектаў Нацыянальнага дзіцячага тэхнапарка.

Карысная занятасць дзяцей ­арганізавана ў 8 лагерах працы і адпачынку на базе 6 гарадскіх школ, Бярозаўскага ліцэя будаўнікоў і Белаазёрскага кале­джа электратэхнікі. Такая форма занятасці вельмі запатрабаваная, таму што дапамагае падлеткам зарабіць першыя грошы.

Для арганізацыі вольнага часу дзяцей на працягу ўсіх летніх месяцаў спланавана работа спартыўных і гульнявых пляцовак, плоскасных збудаванняў устаноў адукацыі з выдачай спартыўнага інвентару, дзе дзеці будуць знаходзіцца пад пільным наглядам педагогаў.

— Ці адчуваеце вы праблемы з педагагічнымі кадрамі? Ці прыходзяць да вас маладыя спецыялісты? Што робіцца для таго, каб пачынаючыя педагогі заставаліся ў школе і пасля адпрацоўкі па размеркаванні? 

— Установы адукацыі раёна ўкамплектаваны педагагічнымі кад­рамі. З мэтай актывізацыі цікавасці школьнікаў да педагагічнай прафесіі на працягу некалькіх гадоў для навучэнцаў ІІІ ступені навучання дзейнічаюць класы (групы) прафесійнай накіраванасці, а таксама штогод праводзіцца конкурс “Хачу быць педагогам”.

Летась у раён прыбыло 26 маладых педагогаў. Замацавальнасць маладых спецыялістаў на месцах складае 65—70%. Для аказання дапамогі пачынаючым педагогам у прафесійным станаўленні створаны шэраг умоў: дзейнічае школа маладога настаўніка, праводзяцца вучэбныя семінары, пасяджэнні раённых вучэбна-метадычных аб’яднанняў па ўсіх вучэбных прадметах (не менш чым чатыры ў год), працуе і школа стажора, мэта якой — стварэнне ўмоў для паспяховага ўваходжання маладога спецыяліста ў прафесійную дзей­насць. У кожнай установе адукацыі загадам кіраўніка за кожным маладым спецыялістам замацоўваецца вопытны настаўнік.

З мэтай замацавання ў школах маладых спецыялістаў у калектыўных дагаворах устаноў адукацыі прадугледжаны меры іх сацыяльнай падтрымкі. Маладым спецыяліс­там пакрываюцца выдаткі на арэнду жылля ў памеры дзвюх базавых велічынь. Пры заключэнні кантракта для работнікаў бюджэтных арганізацый, якія атрымліваюць субсідыі, работнікі якіх прыраўнаваны па аплаце працы да работнікаў бюджэтных арганізацый, ажыццяўляецца надбаўка ў памеры 50% аклада штомесяц і прадастаўляюцца дадаткова 3 каляндарныя дні заахвочвальнага адпачынку.

Для ўдасканалення прафесійнага майстэрства маладых педагогаў праводзіцца раённы фестываль педагагічных ідэй, які стаў ужо традыцыйным. У 2022 годзе ён быў прысвечаны грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення. Падчас фестывалю было праведзена 27 майстар-класаў, прадстаўлена 36 стэндавых прэзентацый, 300 педагогаў прынялі ўдзел у форуме.

— Алена Міхайлаўна, якія пытанні асабліва хвалююць вас як кіраўніка?

— У першую чаргу мяне хвалююць пытанні стварэння ва ўстановах адукацыі бяспечных умоў для навучэнцаў, паспяховага завяршэння летняй аздараўленчай кампаніі, своечасовага заканчэння работ па падрыхтоўцы да новага навучальнага года, а таксама дастойныя вынікі выпускнікоў пры паступленні. Калі гэтыя і іншыя пытанні будуць вырашаны, можна смела адкрываць новую старонку — 2022/2023 навучальны год. 

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.