Аднолькава браць на сябе адказнасць

- 11:09Якасць адукацыі

Аб тым, што рэальны сектар эканомікі ўсё больш і больш ідзе на збліжэнне з сістэмай адукацыі, сведчыць нядаўна праведзены семінар у прафесійна-тэхнічным каледжы РІПА, мэтай якога было вызначэнне канкрэтных шляхоў у стратэгічным партнёрстве па кадравым забеспячэнні айчыннай прамысловасці. Пэўны час пытанне з боку сістэмы адукацыі “Чаму вучыць?” заставалася рытарычным. Але нарэшце адукацыйная галіна стала атрымліваць на яго адказ ад патэнцыяльных заказчыкаў кадраў. На гэты раз больш-менш выразныя меркаванні, як узаемадзейнічаць паміж сабой, прагучалі з боку прамысловай галіны, якая з’яўляецца магутнай асновай нашай эканомікі і якой не пражыць без высокакваліфікаваных кадраў, асабліва цяпер, калі мадэрнізацыя вытворчасці вядзецца найбольш маштабна. Усяляе аптымізм тое, што ў размове нарэшце прынялі актыўны ўдзел наймальнікі кадраў — Міністэрства прамысловасці, вядучыя прадпрыемствы нашай краіны. Адбыўся канструктыўны дыялог адукацыйнай галіны з работадаўцамі аб тым, якія ж кадры рыхтаваць для эканомікі. У ім прынялі ўдзел міністр прамысловасці Віталь Міхайлавіч Воўк, першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Анатольевіч Богуш, рэктар РІПА Аркадзь Ханонавіч Шкляр, кіраўнікі вядучых прамысловых прадпрыемстваў і навучальных устаноў.

У ходзе размовы былі намечаны асноўныя напрамкі супрацоўніцтва ў сферы прафесійнай падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі, перападрыхтоўкі кадраў для прамысловых прадпрыемстваў, сарыентаваныя на атрыманне новых прафесій і павышэнне прафесійнага майстэрства работнікаў згодна з патрабаваннямі наймальнікаў кадраў і ў кантэксце створаных галіновага савета, савета галоўных інжынераў і тэхнолагаў прадпрыемстваў прамысловасці.
Сапраўды, у сучасных эканамічных умовах рынак працы прад’яўляе небывала высокія патрабаванні як да наймальніка кадраў, так і да саміх работнікаў. Ад работніка сёння патрабуецца высокая кваліфікацыя, а ад наймальніка — уменне прыцягнуць на працу высокапрафесійныя кадры, а таксама стварыць гнуткую і эфектыўную сістэму іх матывацыі да высокапрадукцыйнай працы. Практыка ўзаемадзеяння адукацыі і прамысловых прадпрыемстваў ужо мае месца ў эканоміцы нашай краіны, але яна носіць хутчэй ініцыятыўны характар, без выразна выбудаванай сістэмы. Звычайна выказваюць свае памкненні да збліжэння з работадаўцамі толькі прадстаўнікі адукацыйнай галіны. Але ўлічваючы стратэгічнае значэнне прамысловасці ў сацыяльна-эканамічным комплексе, як кажуць, адмаўчацца прамыслоўцам ужо не ўдасца, таму і паўстаюць задачы, як зрабіць узаемадзеянне паміж адукацыйнай і прамысловай галінамі больш цесным, надзейным і трывалым.
Міністр прамысловасці Віталь Міхайлавіч Воўк на сумесным пасяджэнні падтрымаў гэтую думку і паведаміў, што такія сустрэчы яшчэ не сталі традыцыяй, але праводзяцца часцей, чым раней.
— Мы пачалі год з з узмацнення супрацоўніцтва са сферай адукацыі, аб чым сведчыць стварэнне савета галоўных інжынераў і тэхнолагаў прадпрыемстваў прамысловасці і правядзенне гэтага сумеснага мерапрыемства, — заявіў міністр. — Прамысловая галіна ўсё больш дакладна ўяўляе, якім павінен быць спецыяліст для нашай вытворчасці. Галоўнае сёння — знайсці эфектыўны спосаб данесці свае патрабаванні да сістэмы адукацыі.
Першае, на што трэба звярнуць увагу, гэта тое, што нам не патрэбны ўніверсальныя спецыялісты, а тыя, хто здольны працаваць на вызначаным участку работы, хто мае канкрэтныя веды і прафесійныя навыкі для выканання той ці іншай вытворчай аперацыі, і каб багаж ведаў характарызаваўся не аб’ёмам, а якасцю.
Міністр заўважыў, што на сённяшні дзень прадпрыемствы прымаюць у свае калектывы спецыялістаў з, так бы мовіць, неканкрэтнымі, “размытымі” ведамі. Аб чым гэта сведчыць? Аб тым, што ў падрыхтоўцы кадраў пакуль няма цеснай сувязі паміж навучальнай установай і прадпрыемствам. Дачакацца неабходнага спецыяліста вельмі цяжка, і яго прыходзіцца перавучваць пад саму вытворчасць, доўга адаптаваць да месца працы. Напэўна, ужо наспеў час, калі знаёмства будучага спецыяліста з месцам працаўладкавання трэба пачынаць не тады, калі ён размеркаваўся на тое ці іншае прадпрыемства, а намнога раней, магчыма, з першых курсаў навучання ва ўстанове адукацыі.
— Нам хочацца мець такога спецыяліста, які быў бы генератарам ідэй, ініцыятыўным, творчым чалавекам, і выхаваць такога спецыяліста — задача і сістэмы адукацыі, і наймальніка кадраў, — заявіў В.М.Воўк.
Сёння матэрыяльная база прадпрыемстваў больш дасканалая і сучасная, чым у навучальных установах, таму, напэўна, было б мэтазгодным вучыць першасным прафесійным навыкам у самой установе, а ўдасканальваць гэтыя навыкі — на базе вытворчасці. Прадпрыемствы павінны адсочваць узровень сваіх кадраў, пастаянна займацца іх перападрыхтоўкай, весці прагноз фарміравання кадравага рэзерву на доўгую перспектыву, а не толькі на 1—2 гады.
Вадзім Анатольевіч Богуш падтрымаў меркаванне кіраўніка Міністэрства прамысловасці і адзначыў, што трэба паклапаціцца пра тое, каб стварыць агульную вытворчую базу для практычнай падрыхтоўкі кадраў. Падрыхтоўка павінна быць бесперапыннай, кадры павінны пастаянна павышаць сваю кваліфікацыю ў залежнасці ад мадэрнізацыі вытворчасці. Прыкладам гэтага з’яўляецца дзейнасць РІПА, дзе ахоплены розныя ўзроўні прафесійнай адукацыі ў падрыхтоўцы кадраў, па якіх паспяхова вядзецца падрыхтоўка рабочых і спецыялістаў для прамысловасці. Калі браць узровень вышэйшай адукацыі, то там неабходна знайсці аптымальны баланс паміж агульнатэхнічнай, акадэмічнай падрыхтоўкай і фарміраваннем практычных навыкаў, неабходных у той ці іншай сферы або на канкрэтным прадпрыемстве. Важна, каб бесперапынная падрыхтоўка забяспечвалася пачынаючы ад прафесійнага ліцэя і заканчваючы ВНУ тэхнічнага профілю, а далей — за кошт павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі. Такую траекторыю падрыхтоўкі кадраў для прамысловасці неабходна выбудоўваць разам з заказчыкамі кадраў з улікам іх патрабаванняў. Такое супрацоўніцтва, бясспрэчна, стане асноватворным фактарам якасці адукацыі.
— Павышэнне прэстыжу рабочай прафесіі — гэта адзін з найбольш актуальных сёння напрамкаў, — адзначыў першы намеснік міністра адукацыі. — Мы шукаем новыя шляхі прафарыентацыі, новыя формы і метады папулярызацыі прафесіі. Магчыма, і вытворчасць павінна далучыцца да гэтага. Немалаважна тут і тое, што наша краіна мае высокі міжнародны ўзровень па падрыхтоўцы працоўных рэсурсаў і ўжо заслужыла прызнанне іншых краін. Удзел у Міжнародным спаборніцтве WorldSkills паказаў, наколькі эфектыўна вядзецца сёння падрыхтоўка ў сістэме прафесійнай адукацыі Беларусі. Перамогі ўдзельнікаў спаборніцтваў выклікаюць у моладзі цікавасць да прафесійнай адукацыі, жаданне асвойваць рабочыя прафесіі. Магчыма, у працэсе іх папулярызацыі мы павінны аб’ядноўвацца з работадаўцамі і працаваць ва ўнісон.
— Уплыў інфармацыйных тэхналогій на працоўную дзейнасць настолькі імклівы, што сфарміраваць працоўныя навыкі на ўсё жыццё немагчыма і не мае сэнсу, — адзначыў рэктар РІПА Аркадзь Ханонавіч Шкляр. — Трэба пастаянна ўдасканальваць свой прафесійны ўзровень, павышаць сваю кваліфікацыю з улікам патрабаванняў вытворчасці, а менавіта з улікам патрабаванняў заказчыкаў кадраў, а не самім вызначаць, чаму вучыць будучыя кадры.
Як было заўважана, з боку сістэмы адукацыі забяспечваецца фундаментальнасць прафесійнай падрыхтоўкі, а асноўныя кваліфікацыйныя патрабаванні павінны быць галоўным пасылам ад рэальнага сектара, непасрэдна ад работадаўцаў, і фарміраваць іх неабходна ў цесным супрацоўніцтве паміж сістэмай адукацыі і заказчыкам кадраў.
А.Х.Шкляр нагадаў, што сёння вядзецца работа па мадэрнізацыі Нацыянальнай сістэмы кваліфікацый, дзе аб’ядналіся навука, адукацыя і вытворчасць. Магчыма, гэтае адзінства застанецца і яшчэ больш умацуецца ў далейшых кантактах паміж сістэмай адукацыі і галінамі эканомікі.
— Пры падрыхтоўцы кадраў мы павінны з заказчыкамі кадраў ісці не паралельна адзін аднаму, а ў адной каляіне — гэта значыць аднолькава браць на сябе адказнасць за фарміраванне працоўных рэсурсаў.
Пры ўсёй сённяшняй актыўнасці эканамічнай сферы ў падрыхтоўцы кадраў, бясспрэчна, асноватворная роля належыць сістэме адукацыі, якая не толькі выпрацоўвае кірункі і формы ўзаемадзеяння з работадаўцамі, але і фарміруе змест гэтых адносін. Яскравым прыкладам гэтага з’яўляецца прафесійна-тэхнічны каледж РІПА пад кіраўніцтвам В.М.Галубоўскага. Валерый Мікалаевіч паведаміў, што сёння каледж з’яўляецца шматфункцыянальнай установай адукацыі, платформай для ўзаемадзеяння арганізацый — заказчыкаў кадраў і профільных устаноў адукацыі. На базе каледжа сканцэнтравана самае сучаснае вучэбнае і вытворчае абсталяванне з метадычным забеспячэннем прафесій па профілі машынабудавання і аўтасэрвісу.
Вынікам узаемадзеяння навучальнай установы з заказчыкамі кадраў з’яўляецца распрацоўка і ўкараненне адукацыйных праграм па новых спецыяльнасцях. У гэтым працэсе прадпрыемствы прадастаўляюць пэўныя даныя аб змяненні тэхнікі, тэхналогіі, аб прафесійных функцыях работнікаў, ствараюць сучасныя лабараторыі на базе навучальных устаноў, арганізоўваюць практыкі ва ўмовах вытворчасці, удзельнічаюць у сертыфікацыі кваліфікацый.
Прапанавана распрацаваць праграму ўзаемадзеяння савета галоўных інжынераў і тэхнолагаў, навуковых і адукацыйных устаноў сістэмы прафесійнай адукацыі на аснове кластарнага падыходу. Што гэта азначае? Вучэбна-навукова-вытворчы кластар бесперапыннай прафесійнай адукацыі — гэта сукупнасць устаноў адукацыі, якія забяспечваюць падрыхтоўку кадраў для арганізацый станкабудавання і машынабудавання на розных узроўнях адукацыі, навуковых і навукова-метадычных арганізацый, іншых устаноў і арганізацый, прадпрыемстваў, грамадскіх аб’яднанняў, якія добраахвотна ўзаемадзейнічаюць на дагаворнай аснове і ўдзельнічаюць у распрацоўцы інавацыйных адукацыйных і вытворчых тэхналогій для падрыхтоўкі кадраў ва ўмовах навучальных устаноў і на працоўных месцах прадпрыемстваў. Гэта паспрыяе фарміраванню дзяржаўнага заказу на падрыхтоўку, перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі кадраў, стварэнню экспертнай супольнасці ў сферы развіцця інавацыйных вытворчых тэхналогій з улікам сусветнага вопыту, распрацоўцы праектаў прафесійных стандартаў і прыцягненню вядучых экспертаў прамысловай галіны да іх рэцэнзавання.
— Мы чакаем істотных вынікаў ад узаемадзеяння паміж сістэмай адукацыі і прамысловай галіной у рамках функцыянавання кластара, — заўважыў Валерый Мікалаевіч. — Напэўна, з яго дапамогай нам удасца стварыць інфраструктуру для кадравага забеспячэння інавацыйнай эканомікі, павышэння інавацыйнай прафесійнай кампетэнтнасці педагагічных работнікаў устаноў прафесійнай адукацыі, прывабнасці рабочых прафесій, пашырэння інвесціравання сістэмы прафесійнай адукацыі, эканамічнай эфектыўнасці і інвестыцыйнай прывабнасці прамысловага сектара.
В.М.Галубоўскі расказаў, што Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі распрацаваў эксперыментальны праект па апрабацыі новых механізмаў узаемадзеяння адукацыі і прамысловасці на базе каледжа. Напрыклад, у рамках узаемадзеяння з холдынгам “АМКАДОР” распрацаваны кірункі кадравага забеспячэння ва ўмовах інавацыйнай вытворчасці, уключаючы функцыянальны аналіз працоўнай дзейнасці работнікаў, распрацоўку і рэалізацыю гнуткіх адукацыйных праграм, накіраваных на фарміраванне прафесійных кампетэнцый згодна з укараненнем сучасных тэхналогій.
Намеснік генеральнага дырэктара па кадрах прадпрыемства “АМКАДОР” Таццяна Васільеўна Міхеева паведаміла, што прадпрыемства традыцыйна актыўна супрацоўнічае з установамі прафесійнай адукацыі ў пытаннях правядзення тэхналагічнай і пераддыпломнай практыкі студэнтаў і фарміруе сістэмныя доўгатэрміновыя адносіны з навучальнымі ўстановамі краіны для падрыхтоўкі неабходных кадраў згодна з патрабаваннямі прадпрыемства. Важным крокам у гэтай справе стала наладжванне і развіццё супрацоўніцтва паміж Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі і падпісанне мемарандума, згодна з якім партнёры дамовіліся аб стварэнні вытворчага адукацыйнага кластара.
Таццяна Васільеўна паведаміла, што на прадпрыемстве клапоцяцца аб тым, каб студэнты як мага раней “уліваліся” ў калектыў, што ў далейшым дазваляе лягчэй адаптавацца пры працаўладкаванні, таму на прадпрыемстве практыкуецца прыём на працу на 0,5 стаўкі асобных найбольш перспектыўных студэнтаў апошніх курсаў, ствараючы ім умовы для сумяшчэння працы з вучобай. Паступова развіваецца стварэнне філіялаў кафедраў ВНУ на вытворчасці.
Як паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення інавацыйнай і інвестыцыйнай дзейнасці начальнік навукова-тэхнічнага ўпраўлення Міністэрства прамысловасці Валерый Маркавіч Фішман, акрамя холдынга “АМКАДОР” многія іншыя прамысловыя прадпрыемствы прымаюць непасрэдны ўдзел у працэсе падрыхтоўкі спецыялістаў, удзельнічаюць у пасяджэннях дзяржаўных экзаменацыйных камісій у навучальных установах, камісій па размеркаванні, арганізоўваюць усе віды практык, з’яўляюцца інструктарамі на вытворчасці для практыкантаў, вядуць прафарыентацыйную работу.
Але нягледзячы на існуючыя станоўчыя тэндэнцыі ў камплектаванні галіны маладымі спецыялістамі, існуюць недахопы ў прафарыентацыі школьнікаў, назіраецца павелічэнне колькасці студэнтаў і навучэнцаў, вызваленых ад абавязковага размеркавання, выкліканае нізкай прэстыжнасцю працы на перыферыйных прадпрыемствах і жаданнем застацца ў буйных цэнтрах. Акрамя таго, на першым плане стаіць задача адаптацыі маладых спецыялістаў да патрабаванняў сучаснай вытворчасці.
Па даных экспертаў, ведаў маладых спецыялістаў, як правіла, хапае на першыя 4—5 гадоў працы ва ўмовах сучаснай вытворчасці, пасля чаго патрабуецца павышэнне іх кваліфікацыі.
Па меркаванні прадстаўніка Міністэрства прамысловасці, на прадпрыемствах неабходна ствараць такія ўмовы адаптацыі, каб маладыя спецыялісты змаглі з дапамогай сваіх настаўнікаў не толькі арганічна ўліцца ў новы калектыў, але і навучыцца эфектыўна прымяняць атрыманыя веды.
У адаптацыі маладых спецыялістаў важную ролю адыгрывае ўмацаванне цікавасці да працы, стымуляванне да пабудовы прафесійнай кар’еры, прадастаўленне жылля маладым спецыялістам, матэрыяльная дапамога. Для замацавання маладых спецыялістаў выкарыстоўваецца калектыўны дагавор, які прадугледжвае наяўнасць сацыяльнага пакета.
У ходзе нарады былі прыняты рашэнні аб новых напрамках развіцця ўзаемадзеяння адукацыйнай галіны з прамысловасцю з мэтай прафесійнай падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў.

Ала КЛЮЙКО.